Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЭУМК История Беларуси. В.Г.Филяков.-2011.docx
Скачиваний:
208
Добавлен:
15.02.2016
Размер:
8.22 Mб
Скачать

Глава 2. Нараджэнне індустрыяльнай цывілізацыі і яе ўплыў на Беларусь

Тэма 1. Беларускія землі ў складзе Расійскай імперыі

§1. Развіццё прадукцыйных сіл Беларусі ў новых умовах

§2. Напалеонаўскія войны і Беларусь

§1. У канцы XVIII – пачатку XIX ст. найбольш значнай падзеяй у Еўропе быў пераход ад рамесна-мануфактурнай вытворчасці, заснаванай на ручной працы, да фабрычна-завадской, заснаванай на выкарыстанні машын. Гэта прывяло да паскоранага развіцця многіх галін і перш за ўсе металургічнай. Ідзе ўдасканальванне наземнага і марскога транспарту, вядзецца будаўніцтва чыгункі, што садзейнічае фарміраванню ў Заходняй Еўропы і ЗША ўнутраных рынкаў і хуткаму развіццю вытворчых сіл і вытворчасці, значнаму росту прадукцыйнасці працы. Наглядаўся высокі рост аб’ему сельскагаспадарчай прадукцыі. З канца XVIII ст. у Еўропе наступіла другая дэмаграфічная рэвалюцыя. Ад 1800 да 1850 гг. прырост насельніцтва ў еўрапейскай частцы склаў больш за 65 млн. чалавек (у 1850 г. у Еўропе пражывала 266 млн. чалавек). У асобных краінах (Англія, Уэльс) высокага ўзроўню дасягнула урбанізацыя (амаль палова насельніцтва пражывала ў гарадах).

У выніку росту капіталістычных адносін, прамысловай буржуазіі і рабочага класа ў 1848 – 1849 гг. у многіх краінах Еўропы (Францыя, шэраг германскіх і італьянскіх дзяржаў, Аўстрыйская імперыя) успыхнулі буржуазныя рэвалюцыі.

Рэвалюцыі сталі вынікам унутраных супярэчнасцей і праходзілі ва ўмовах эканамічнага крызісу і рэзкага абвастрэння барацьбы рабочага класа як супраць старых феадальных парадкаў, так і за свае правы на працу, на ўдзел у грамадска-палітычным жыцці.

Нягледзячы на паражэнне, рэвалюцыі 1848-1849 гг. прынеслі рабочаму класу вопыт і вымусілі пануючыя класы пайсці на рэформы, на палітычную мадэрнізацыю, Канстытуцыі ўведзены ў Прусіі, Аўстрыйскай імперыі і П’емонце. Адбылося аслабленне залежнасці сялян ад памешчыкаў. У шэрагу краін Еўропы і ЗША ствараюцца выбарчыя установы пры арганізацыі новай дзяржаўнай сістэмы. Узнікла буржуазная палітычная і ідэалагічная плынь – лібералізм.

Менавіта ў гэтую эпоху Беларускія землі з насельніцтвам больш за 4 млн. чалавек адышлі да Расійскай імперыі.

Далучэнне Беларускіх зямель да Расійскай імперыі адбылося пры Кацярыне ІІ. Яе палітыка ў адносінах да новых зямель і яе насельніцтва заключалася ў тым, што рабіць асобых выключэнняў для беларусаў няма патрэбы: новы край – рускі край. Так глядзела на беларусаў сама Кацярына, так разумелі гэтую справу яе губернатары. Яны кіраваліся тэорыяй пра аднароднасць беларускага і велікарускага плямёнаў, падмацаванай гістарычнымі даведкамі. Усім насельнікам беларускага краю абвяшчалася, што яны цяпер маюць усе тыя правы і вольнасці, каторымі карыстаюцца старыя падданыя Расійскай імперыі. У новай дзяржаве магнаты Вялікага княства Літоўскага страцілі права трымаць свае войскі і крэпасці, шляхта – ствараць узброеныя саюзы. Шырокі расійскі рынак, вялікія запасы мінеральнай сыравіны паскаралі развіццё Беларусі ў прагрэсіўным напрамку.

Памяркоўную, талерантную палітыку заняла новая ўлада да католікаў, зусім іншую да уніятаў (у канцы ХVІІІ ст. да 75 % беларускага насельніцтва прытрымлівалася уніяцтва). Іх у масавым парадку пераводзілі ў праваслаўе. У Беларускіх губернях было ўведзена рускае заканадаўства, адміністрацыйны падзел на рускі ўзор, руская мова, за гарадамі захавана магдэбургскае права. Дваранству захаваны ўсе былыя прывілеі.

Пры Паўле (сын Кацярыны ІІ) Указам 1797 г. на Беларусі і Літве ўведзены ўсе мінулыя судовыя законы, у т.л. адноўлены Літоўскі трыбунал і Задворны суд. Павел падтрымліваў каталіцызм і нават езуітаў. І гэта прывяло да новага ўзмацнення паланізацыі края.

Пры пераемніку Паўла – Аляксандру І – на Беларусі меўся таксама моцны польскі ўплыў. Гэта эпоха абыякавага стаўлення да Беларусі з боку цэнтральнага ўрада. Як гэта не дзіўна, але ні абставіны 1812 г., ні адкрыццё польскіх тайных таварыстваў (1821 г.) не паўплывалі (у значнай ступені) на характар рускай палітыкі.

Такая палітыка працягваецца да 1830 г. У гэтым годзе група малодшых польскіх афіцэраў (падхаружых) распачала паўстанне ў Варшаве. Іх падтрымалі рабочыя, рамеснікі і студэнты. Быў утвораны Часовы Урад, фармавалася паўстанцкая армія. Польскі сейм, які сабраўся ў студзені 1831 г., аб’явіў дэтранізацыю (пазбаўленне польскага прастола) Мікалая І і незалежнасць Польшчы.

Кіраўнікі паўстання імкнуліся распаўсюдзіць яго на Літоўскія, Беларускія і Украінскія землі. Аднак польскае паўстанне 1830–1831 гг. не атрымала падтрымкі сярод шырокіх мас і сярод шляхты таксама. Прычына гэтага – вузкапалітычныя мэты, якія ставілі кіраўнікі паўстання (захаваць Рэч Паспалітую ў межах 1772 г). Царскі ўрад, каб не дапусціць паўстання ў Беларусі, Літве і на Украіне, пасля чуткі аб паўстанні ў Варшаве аб’явіў гэтыя тэрыторыі на ваенным становішчы, затым увёў войска, за насельніцтвам быў устаноўлены палітычны нагляд.

Для агульнага кіраўніцтва паўстаннем у Літве і Беларусі ў пачатку 1831 г. быў створаны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт. У красавіку паўстанне з Польшчы перакінулася ў заходнія ўезды Беларусі: Ашмянскі, Браслаўскі, Вілейскі, Дзісненскі. У ім прыняло ўдзел прыкладна 10 тыс. чалавек. Асноўную масу паўстанцаў складала шляхта, навучэнцы, афіцэры-палякі. Сяляне, пераканаўшыся, што кіраўнікі паўстання не ставяць перад сабой мэты вызвалення ад улады польскіх памешчыкаў, пакідалі атрады. А царскі ўрад для адцягнення сялянства ад паўстання абяцаў памілаванне і вызваленне ад польскіх памешчыкаў.

У канцы мая 1831 г. паўстанне ў Віленскай і Мінскай губернях было разгромлена, а ў Гродзенскай губерні яно толькі пачыналася. У гэты час Варшаўскі нацыянальны ўрад прыняў рашэнне аб пасылцы ў Літву і Беларусь польскага войска для дапамогі паўстанцам. У канцы мая атрад з 820 чалавек пад кіраўніцтвам генерала Хлапоўскага, прайшоўшы праз Гродненскую губерню, прыбыў у Літву, дзе злучыўся з мясцовымі паўстанцкімі атрадамі і 12-тысячным польскім корпусам, прыбыўшым сюды раней. 19 мая каля Вільні адбылася бітва, у якой паўстанцы пацярпелі паражэнне.

Улетку 1831 г. пачалося паўстанне на поўдні Мінскай губерні (Мозырскі, Рэчыцкі, Пінскі ўезды). Аднак, пазбаўленае дапамогі другіх тэрыторый, яно не мела належнага размаху і да канца ліпеня было падаўлена.

Пасля паўстання 1830–1831 гг. пачынаецца паварот у палітыцы царызму да Беларусі. Барацьба з польскім духам цяпер пачала весціся без уліку асаблівасцей Беларусі. У 1831 г. скасаваны дзеянні Літоўскага Статута для Віцебскай і Магілёўскай губерняў. 14 кастрычніка 1831 г. выйшаў царскі ўказ, згодна з якім усе, хто называў сябе шляхтай, павінны былі прад’явіць у адпаведныя ўстановы дакументы аб шляхецкім паходжанні. У 1832 г. пры ўрадзе створаны “Асобы камітэт па справах заходніх губерняў”. У гэтым жа годзе закрыты Віленскі універсітэт. У сярэдніх навучальных установах пашыралася вывучэнне рускай мовы, гісторыі і геаграфіі. Гімназіі Магілёўскай і Віцебскай губерняў пераведзены цалкам на рускую мову. 12 лютага 1839 г. на Полацкім царкоўным саборы прынята рашэнне аб далучэнні уніятаў да праваслаўнай царквы. У чэрвені 1840 года выйшаў указ аб адмене дзеяння ў беларуска-літоўскіх губернях Статута Вялікага княства Літоўскага. Пачалося ўвядзенне ў поўным аб’ёме расійскага заканадаўства.

Пасля ўключэння Беларускіх зямель у склад Расіі наступіла стабілізацыя абстаноўкі і паскарэнне эканамічнага развіцця. Пашыраюцца пасяўныя плошчы пад збожжа, тэхнічныя культуры (лён, каноплі, бульбу). Усё гэта дыктуецца патрэбамі Расійскага рынку. Напрыклад, вялікая колькасць беларускай пянькі ішла на задавальненне патрэб будаваўшагася ў той час Чарнаморскага флоту. Вялікая армія Расіі (яе патрэбы ў адзенні) – стымул для павелічэння колькасці палатняных, парусінавых, суконных, канатных і іншых мануфактур. Вялікі попыт на хлеб маецца ў Заходняй Еўропе. Асновай сельскай гаспадаркі становіцца земляробства, у прыватнасці вытворчасць збожжа. Хутка расце таварнасць памешчыцкіх гаспадарак, асвойваюцца нават пустэчы, ідзе высечка лясоў. Частка памешчыкаў пашырае свае землі за кошт сялянскіх угоддзяў.

Сярод сельскагаспадарчых культур у першай чвэрці ХІХ ст. вядучае месца дзеляць паміж сабой жыта і авёс. Яны займаюць да 90 % ад агульнай плошчы пасеяных збожжавых культур (па 45 % на культуру). Прыстасоўваючыся да патрэб рынку, усё больш уцягваючыся ў таварна-грашовыя адносіны, памешчыкі Беларусі перабудоўваюць гаспадарку, засяваючы больш выгадныя ў таварных адносінах культуры. У выніку сталі больш выразна акрэслівацца раёны з тым ці іншым напрамкам спецыялізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці.

Віцебская губерня канцэнтруе ўвагу на льнаводстве. Гэта ж культура пануе і ў паўночных паветах Мінскай, Віленскай, Магілёўскай губерняў. Раёнам найбольшага распаўсюджання пасеваў канапель былі цэнтральныя і паўднёвыя паветы Магілёўскай і ўсходнія Мінскай губерняў. Бульба з агароднай культуры ператвараецца ў палявую. Яе выкарыстоўваюць як сыравіну ў вінакурнай прамысловасці. Да 40-х гадоў бульба стала адной з найважнейшых даходных культур у памешчыцкай гаспадарцы.

Важнейшай галіной многіх памешчыцкіх гаспадарак стала вінакурэнне. У пачатку 40-х гг. ХІХ ст. у Магілёўскай, Віцебскай, Мінскай, Гродзенскай губернях дзейнічала больш за 3 тыс. вінакурных заводаў. Яны выраблялі да 6,5 млн. вёдраў гарэлкі ў год. А ў пачатку ХХ ст. у Беларусі налічвалася больш за 6 тыс. вінакурняў, або 25 % ад агульнай іх колькасці ў цэлым па Расіі. Даход ад продажу гарэлкі і спірту складаў 50-60 %, а часам і больш за усе даходы маёнтка.

Жывёлагадоўля ў гэты час не стала таварнай галіной, яна займала другараднае месца. Затое таварны характар набывае танкарунная авечкагадоўля. У памешчыка Паўлоўскага (Гродненская губерня) ферма мела амаль 40 тыс. авечак. Воўна вывозілася ў Польшчу, Рыгу, Данцыг, Маскву, Пецярбург, паступала на мясцовыя суконныя прадпрыемствы. З другой чвэрці ХІХ ст. у Беларусі пачала развівацца таварная свінагадоўля. У паўднёвых паветах Магілёўскай, Мінскай губерняў з пачатку 40-х гг. сталі сеяць цукровыя буракі і адкрываць цукраварныя заводы. Крыніцай даходаў асобных памешчыцкіх гаспадарак з’яўляецца продаж лесу.

Многія памешчыкі ў гэты час зацікаўлена адносяцца да навейшых рацыянальных спосабаў вядзення гаспадаркі. Шырока выкарыстоўваюць машыны (малатарні, веялкі і г.д.), укараняюць агратэхнічныя навінкі (шматпольныя севазвароты), робяць пераход да наёмнай працы. Уладальнікі буйных маёнткаў, пераконваючыся ў большай эфектыўнасці наёмнай працы, пераводзяць свае гаспадаркі на гэтую форму адносін.

Удасканаленню сельскагаспадарчай вытворчасці садзейнічала заснаванае ў 1826 г. “Беларускае вольнае эканамічнае таварыства”, якое праіснавала 15 год. Гэтаму ж самаму падпарадкавана і ўтварэнне Горы-Горацкага земляробчага інстытута. Акрамя асноўнай функцыі – падрыхтоўкі спецыялістаў сельскай гаспадаркі – інстытут узяў на сябе абавязкі збору і праверкі перадавога вопыту вядзення сельскай гаспадаркі, яго прапаганды, наладжвання сельскагаспадарчых выставак, выпуск інфармацыйных запісак і г.д. Аднак новыя з’явы ў першай палове ХІХ ст. захапілі не ўсе маёнткі. Частка памешчыкаў гаспадарылі па-старому. Панавала прымусовая праца, рост таварнасці дасягаўся за кошт павелічэння паншчыны.

Вялікая ўвага надаецца будаўніцтву шляхоў зносін. У 1797 г. пачалося будаўніцтва Бярэзінскага канала. Ён злучыў басейны Дняпра і Заходняй Дзвіны. Судаходныя зносіны па канале былі адкрыты ў 1806 г. У 1803 г. закончана рэканструкцыя Агінскага канала (ён злучыў басейны Дняпра і Нёмана). Пачалося паскоранае ўзвядзенне паштовых станцый. Назіраецца прыкметны рост гарадоў і гарадскога насельніцтва. Так, за 10 год (1776–1786 гг.) у Віцебску насельніцтва павялічылася амаль у 2 разы: з 5500 да 10300 чалавек.

Гарадская прамысловасць у першай палове ХІХ ст. фактычна знаходзілася на стадыі дробнатаварнай рамеснай вытворчасці. У канцы 20-х гг. ХІХ ст. колькасць дробных прамысловых прадпрыемстваў нязначна скарачаецца: 1796 г. – іх было 8844, у 1828 г. – 6681 (пераважна вінакурні і млыны). За гэты ж час лік мануфактур вырас амаль удвая, з 58 да 104. У 1860 г. – мануфактур стала ўжо 127. Пачынаецца пераход ад ручной працы да машыннай, утвараюцца першыя фабрыкі. Пачатак фабрычнай вытворчасці быў пакладзены ўсталяваннем у 1825-1827 гг. паравых рухавікоў на суконных прадпрыемствах у мястэчках Косава Слонімскага і Хомск Кобрынскага павету. У 1850 г. на Беларусі налічвалася 13 фабрык, у 1860 г. – 30. Фабрыкі пераўзышлі па вытворчасці (у рублях) прадукцыі мануфактуры, хоць мануфактур у гэты час было больш. Але ж дробная прамысловасць пераважае, у 1860 годзе яна выпускала прадукцыі ў 2 разы больш, чым мануфактурная і фабрычная разам узятыя.

Усё ж час бярэ сваё. Паступова развіваюцца капіталістычныя адносіны (праўда, больш марудна, чым у цэнтральных раёнах Расіі). Узрастае колькасць капіталістычных прадпрыемстваў, заснаваных на вольнанаёмнай працы. У сярэдзіне ХІХ ст. трэцяя частка прадпрыемстваў, мануфактур, фабрык належала капіталістам і была заснавана на працы вольнанаёмных рабочых. Праўда, і тут таксама пераважала дробная вытворчасць: з 4020 прамысловых прадпрыемстваў 3860 уяўлялі сабой дробныя майстэрні, у кожнай з іх працавала не больш за 16 рабочых. На ўсіх прамысловых прадпрыемствах працавала 17 тыс. рабочых. З іх вольнанаёмных было прыкладна 6 тыс. Самымі буйнымі прадпрыемствамі былі металаапрацоўчае прадпрыемства Бенкендорфа ў маёнтку Старынцы Чэрыкаўскага павета (600 рабочых) і цукровае прадпрыемства князя Паскевіча ў мястэчку Гомелі Беліцкага павета (прыкладна 200 рабочых).

У гарадах і мястэчках Беларусі ў 1850 г. налічвалася 272 прадпрыемствы. Падзяліліся яны на такія тыпы, як рамяство (да 5 рабочых), простая кааперацыя (5-15 рабочых) і адзінкавыя мануфактуры (больш за 15 рабочых). Усе гарадскія прадпрыемствы належалі мяшчанам і купцам. У 30-50-я гг. узрастае (з 6,4 тыс. да 13,5 тыс.) колькасць рамесніцтваў, якія займаюцца вырабам абутку і адзення, апрацоўкай скур, дрэва, металу, будаўнічымі і рамонтнымі работамі. Да пачатку 50-х гг. большасць гарадскіх рамеснікаў уваходзіла ў цэхі і дзяліліся яны на майстроў, чаляднікаў, вучняў.

У гэты час пераважае тып вывазнога гандлю. З Беларусі ў іншыя рэгіёны краіны вывозілася гарэлка, хлеб, лён, пянька, алей, сала, лес, лесаматэрыялы, увозіліся соль, металы, цукар, тканіна, рыба, гарбата, сельскагаспадарчая тэхніка, абсталяванне. Знешні гандаль ажыццяўляўся ў асноўным па рачных сістэмах. Ва ўнутраным гандлі важную ролю адыгрывалі кірмашы. Паступова эпізадычны кірмашовы гандаль пачаў замяняцца пастаянным магазінным.

§2. Да пачатку ХІХ ст. Расія ўяўляла сабой вялікую кантынентальную дзяржаву: стала ўплывовай на міжнароднай арэне. Выйграла цэлы шэраг бітваў: з Асманскай Імперыяй, Швецыяй. У яе ўвайшла спачатку Усходняя Грузія, а ў 1803–1804 гг. – яе астатняя тэрыторыя (Менгерэлія, Гурыя, Імерэція). У 1812 г. да Расіі была далучана Малдавія. Побач з Расіяй, Англіяй, Прусіяй значную ролю ў Еўрапейскай палітыцы адыгрывала Францыя.

Да гэтага часу міжнародныя абставіны ў Еўропе рэзка абвастыріліся. Пачынаецца паласа напалеонаўскіх войнаў, у якія былі ўключаны ўсе еўрапейскія краіны, у тым ліку і Расія. У Францыі зацвердзіліся капіталістычныя адносіны. Да пачатку ХІХ ст. пад уладаю Напалеона знаходзілася амаль уся цэнтральная і паўднёвая Еўропа. У маі 1803 г. Напалеон аб’явіў вайну Англіі. І гэта краіна распачала дыпламатычныя дэмаршы пры дварах еўрапейскіх манархаў з мэтай стварэння кааліцыі супраць Францыі. 2 красавіка 1805 г. была заключана Англа-Руская ваенная канвенцыя, да яе далучыліся Аўстрыя, Швецыя і Неапалітанскае каралеўства. Расія таксама ўцягнулася ў вайну. Супраць Напалеона было накіравана руска-аўстрыйскае войска (430 тыс.). Напалеон атрымаў над ім перамогу пры Аўстэрліцы (20 лістапада 1805 г.). Асобна разбіў Аўстрыйскае, затым і Расійскае войска.

Пасля перамогі пад Аўстэрліцам Напалеон летам 1806 г. захапіў Галандыю, моцная пагроза навісла над Аўстрыяй. Да сярэдзіны 1806 г. склалася 4-я кааліцыя супраць Францыі. Аднак Напалеон пры Іэне і Аўэрштадцы разграміў прускія войскі. Значныя бітвы ён правёў з рускімі 26-27 студзеня пры Прэйсіш-Эйлаў і 2 чэрвеня пад Фрыдландам.

У ходзе гэтых бітваў Напалеон пацясніў рускіх да Нёмана і сам прапанаваў згоду. 25 чэрвеня 1807 г. была заключана Тыльзіцкая згода. На яе глебе з тых памесцкіх зямель, якія знаходзіліся ў складзе Прусіі, утвараецца Вялікае Герцагства Варшаўскае. У 1809 г. да Герцагства Варшаўскага далучаны Польскія землі, адабраныя ў Аўстрыі (заходняя Галіцыя, Кракаў, Вялічка). 24 чэрвеня 1812 г. 450-тысячная французская армія перайшла граніцу з Расіяй. 28 чэрвеня французы занялі Вільню. 1 ліпеня 1812 г. Напалеон выдаў дэкрэт аб утварэнні Вялікага княства Літоўскага, уключыўшы ў яго Віленскую, Гарадзенскую губерні, Беластоцкую вобласць. Утвораны Галоўны камітэт кіраўніцтва княствам (часовы ўрад). Такім чынам, Напалеон разлічваў зрабіць больш прыхільнай да сябе шляхту.

У межах Літвы, Беларусі і Паўночнай Украіны войску французаў у чэрвені 1812 года супрацьстаялі тры рускія арміі. 1-я – генерала М.Б.Барклая дэ Толі, 2-я – генерала П.І. Баграціёна, 3-я – генерала А.П.Тормасава.

Рускія арміі ўхіляліся ад рашаючых бітв. Яны адступалі з мэтай злучэння, каб пазбегнуць разгрому паасобку. Адступалі з баямі (буйнейшыя – пад Кобрынам, Мірам, Салтынаўкай, Полацкам). Французы занялі Магілёў і падрыхтавалі пазіцыі для сустрэчы рускіх ля вёскі Салтанаўка ў 11 км. ад Магілева. Тут адбыліся жорсткія баі. Корпусу генерала Раеўскага ўдалося на суткі скаваць значныя сілы французаў, што дазволіла Баграціёну пераправіцца з асноўнымі сіламі праз Днепр.

Каля мястэчка Клясніцы генерал Кульнёў атрымаў перамогу над войскамі маршала Удзіно, які страціў амаль увесь абоз і 900 палонных, быў вымушаны адступіць да Полацка. У раёне Віцебска рускім арміям аб’яднацца не ўдалося. З 16 ліпеня да 1 жніўня 1812 г. Напалеон знаходзіўся ў Віцебску. Наступленне яго арміі было прыпынена. Намер Напалеона на перамовы аб пагадненні не апраўдаўся.

Пасля таго як 22 ліпеня 1812 г. арміі Баграціёна і Барклая дэ Толі злучыліся пад Смаленскам, 5 жніўня адбылася Смаленская бітва. Пасля Смаленска рускую армію ўзначаліў М.І. Кутузаў, 26 жніўня адбылася генеральная бітва ля в. Барадзіно. Захапіўшы спаленую Маскву і не дачакаўшыся адказу рускага цара аб міры, Напалеон у пачатку кастрычніка пачаў адступаць з Масквы на Смаленск. 7 кастрычніка 1812 года рускія войскі вызвалілі Полацк, 26 кастрычніка – Віцебск, 4 лістапада – Мінск. Завяршальны ўдар рускія войскі нанеслі французам пры пераправе праз Беразіну каля в. Студзенка, што недалёка ад Барысава. 30 тысяч іншаземных захопнікаў знайшлі тут сваю гібель.

Вайна з Напалеонам нанесла беларускаму народу велізарныя бедствы. Многія гарады і вёскі былі разбураны, а некаторыя ўвогуле знішчаны. “Праедзеш Оршу, Дуброўна, Барысаў, Мінск, - пісаў Ф. Глінка, - і нічога не заўважыш, апрача... паўсюднага разбурэння – немінуючага выніку вайны”.

У выніку вайны рэзка скарацілася сялянскае і гарадское насельніцтва. У Віцебску мужчынская частка зменшылася амаль што ў 3 разы (7808 (на пачатак 1812 г.) – 2415 (1813 г.)). Прыйшло ў заняпад земляробства, у 1813 г. пасяўная плошча складала толькі 50 % даваеннай.

Такім чынам, далучэнне Беларускіх зямель да Расіі дало імпульс паскоранаму развіццю яе эканомікі, садзейнічала кансалідацыі беларускага народа, росту яго самасвядомасці, узаемаабагачэнню культур, знаёмству беларусаў з лепшымі ўзорамі рускай і сусветнай культуры, у горадзе і ў вёсцы ідзе развіццё новых капіталістычных адносін.

Велізарныя страты нанесла Беларусі вайна 1812 г. Многія гарады і вёскі былі разбураны і знішчаны. Голад, хваробы прывялі да масавай гібелі людзей. У гарадах насельніцтва зменшылася ў 2-3 разы. Прыйшла ў заняпад сялянская гаспадарка.

Пытанні і заданні: 1. Якімі прычынамі абумоўлены буржуазныя рэвалюцыі 1848-1849 гг. у краінах Еўропы? 2. Вызначце становішча беларускіх зямель у складзе Расійскай імперыі ў канцы ХVІІІ – сярэдзіне ХІХ стст. 3. Пакажыце ход вайны з войскамі Напалеона на тэрыторыі Беларусі. Прааналізуйце значэнне вынікаў вайны для беларускага насельніцтва.