Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЭУМК История Беларуси. В.Г.Филяков.-2011.docx
Скачиваний:
208
Добавлен:
15.02.2016
Размер:
8.22 Mб
Скачать

Тэма 2. Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае становішча Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай

§1. Беларускія гарады, сельскагаспадарчая вытворчасць

§2. Вызваленчы рух. Паўстанне казакаў, ваенныя дзеянні на Беларусі

§1. Калі да ХVІ ст. толькі 5-6 населеных пунктаў (з названых у крыніцах прыкладна 40-ка), можна было аднесці да гарадоў, то на працягу ХVІ – першай паловы ХVІІ ст. іх стала 37. Горад таго часу – у пэўным сэнсе слова – гэта населены пункт, які з’яўляўся цэнтрам разнастайнага рамяства і гандлю. Гарады налічвалі па 10 тыс. (і больш) насельніцтва. Менавіта да іх адносіліся Віцебск, Полацк. Мінск, Орша мелі да 10 тыс. насельніцтва. На гэты час існавала 350 гарадскіх паселішчаў. Найбольш пашыраным быў у гэты час горад з насельніцтвам ад 5 да 10 тыс. чалавек. Паводле прыблізных падлікаў, у Беларусі да сярэдзіны ХVІІ ст. жыло 2,8 млн. чалавек, у гарадах і мястэчках – 350-370 тысяч (12 % насельніцтва). Цяпер адразу адзначым: у канцы ХVІІІ ст. у Беларусі налічвалася 39 гарадоў і каля 350 мястэчкаў (насельніцтва іх складала прыкладна 250 тыс. чалавек, каля 11 %).

Як бачна, колькасць гарадоў і колькасць мястэчкаў істотна не змянілася. А вось насельніцтва за гэты працяглы час не толькі не павялічылася, а значна зменшылася. Здарылася так, што ў канцы ХVІІІ ст. Віцебск і Магілёў не змянілі колькасны склад насельніцтва. А вось Полацк зменшыўся да 4 тыс. – зраўняўся з Бешанковічамі. Змяншэнне гарадскога насельніцтва і заняпад асобных гарадоў у другой палове ХVІІ – першай палове ХVІІІ ст. выкліканы працяглымі войнамі.

У час вызваленчай вайны, руска-польскай і польска-шведскай войн гарады разбураліся, асобныя амаль знішчаліся зусім. Цярпелі яны ад пастояў войск: паборы, цесната. Асабліва пакутавалі гарады ад грабяжоў і кантрыбуцый шведскіх войск. Толькі адзін прыклад: пры захопе шведскімі войскамі Магілёва з яго жыхароў было ўзята 5 тыс. пудоў збожжа і больш 10 тыс. талераў.

Змяншалася насельніцтва гарадоў і ў выніку эпідэмій. Яны былі частымі. З-за антысанітарнага стану гарадоў хваробы ўносілі сотні тысяч жыхароў. З прычыны войнаў і эпідэмій рэзка скарацілася колькасць насельніцтва Беларусі. Калі ў 1650 г. у Беларусі жыло 2,8 млн. чалавек, то ў 1667–1673 гг. – не больш як 1,4 млн. Да 1700 г. колькасць насельніцтва павялічылася да 2,2 млн. чалавек, але пасля Паўночнай вайны зноў зменшылася да 1,5 млн. У сярэдзіне ХVІІІ ст. наступае глыбокі заняпад беларускіх гарадоў. Зменшылася колькасць жыхароў, знізіўся аб’ём рамеснай вытворчасці і гандлю, узрасло значэнне сельскагаспадарчай працы.

Як самастойны сацыяльны слой грамадства гараджане вылучыліся да сярэдзіны ХVІІ ст. Аб гэтым сведчаць заканадаўчыя кодэксы 1529 і 1566 гг. Статуты разглядалі гарадское насельніцтва як адно з саслоўяў. Грамадскае становішча гарадскога саслоўя ўскладнялася тым, што многія гарады былі ўласнасцю феадалаў, яны маглі перадаваць сваю ўласнасць у спадчыну, здаваць у заклад, арэнду, прадаваць, дараваць цэрквам, манастырам.

Асноўнай крыніцай фарміравання гарадскога насельніцтва з’яўлялася сялянства. Перш наперш тут сяліліся вольныя людзі. Вярхоўная ўлада гэтаму садзейнічала (іх вызвалялі на некалькі гадоў ад падаткаў) па той прычыне, што асобныя гарады выконвалі ролю крэпасцяў, плацдармаў для разгортвання ваенных дзеянняў і г.д. У ХVІ ст. феадалы сталі пасяляць у гарадах сваіх прыгонных і з мэтай павелічэння ўласных даходаў, “набыўшы ў горадзе пляц, подданых сваіх там асадзілі, каторыя вялі таргоўлю усялякіх пажіткаў мястэцкіх”.

Прыкметнай групай гарадскога насельніцтва на захадзе і ў цэнтры Беларусі ў ХVІ ст. былі яўрэі і татары. Да таго ж адметнай з’явай быў пастаянны рост гарадскога насельніцтва за кошт прытоку яўрэяў з Украіны і Польшчы. Да канца ХVІІІ ст. доля яўрэйскага насельніцтва ў гарадскім складала да 20-30 %. А ў цэнтры і на захадзе − яшчэ больш: каля 30-40 %.

У другой палове ХVІ ст. большая частка насельніцтва беларускіх гарадоў займалася рамяством. Дакументы нагадваюць больш за 100 прафесій і спецыяльнасцей рамеснікаў. У пачатку ХVІІ ст. колькасць рамесных прафесій і спецыяльнасцей падвоілася. Асноўнай стала для рамесніка работа не на заказ, а на продаж. З’яўляецца і шмат скупшчыкаў, якія яе арганізоўваюць. У буйнейшых гарадах рамёствамі займалася да паловы жыхароў. У структуры рамяства прыкметна вылучаецца выраб прадметаў шырокага ўжытку і прылад працы: здабыча і апрацоўка металаў (тут у крыніцах упамінаецца прыкладна 41 прафесія), апрацоўка дрэва (27), скураная і футравая вытворчасць (25), апрацоўка валакністай сыравіны і пашыў адзення (26), вытворчасць прадуктаў харчавання і напояў (21), апрацоўка мінеральнай сыравіны (12). З апісанняў і сведчанняў, якія захаваліся і дайшлі да нас, відаць, што беларускія рамеснікі былі добрымі знаўцамі сваёй справы. Іх вырабы вызначаліся высокай трываласцю, тонкасцю аздобы і дакладнасцю.

Структура рамёстваў у асобных гарадах адрознівалася паміж сабой. Калі, напрыклад, для Гродна былі характэрны будаўнічыя прафесіі (каменячосы, брукоўшчыкі, вапнякі, мялоўнікі і кафельнікі), то ў Полацку і Віцебску былі пашыраны прафесіі па абслугоўванні рачных партоў (кормчыя, судкоўшчыкі, бічаўнікі, палатняншчыкі) і ваенных крэпасцяў (кавалі-пішчальнікі, булатнікі, стрэльнікі). У Слуцку, Магілёве і Мінску рамеснікі больш за ўсё займаліся вырабам са скур, іх апрацоўкай (выдзелкай і афарбоўкай). Такім чынам, мы бачым тэрытарыяльны падзел працы.

Тут жа адзначым і такую дэталь: на працягу ХVІ – першай паловы ХVІІ ст. адбываецца яшчэ большае драбленне многіх прафесій. Напрыклад, у рамястве адзін шавец рабіў жаночы абутак, другі – мужчынскі, трэці – толькі для войска і г.д.

Промыслы з’яўляюцца ўласнасцю магістратаў і феадалаў. І тут ёсць свае асаблівасці. Так, млыны і цагельні часта належылі майстрам, а кузні, руднікі – феадалам. Але і тыя і другія здаваліся ў арэнду. Як бачна, ужываецца наёмная праца.

Для абароны сваіх інтарэсаў рамеснікі, па прыкладзе Заходняй Еўропы, з другой паловы ХVІ ст. удасканальваюць свае цэхавыя аб’яднанні. Цэхі прымалі рамеснікаў адной ці некалькіх сумежных спецыяльнасцей і абаранялі іх ад канкурэнцыі з боку прышлых сельскіх рамеснікаў, а таксама іншагародніх.

Цэхі складаліся прыкладна з 60-70 чалавек. Гэта былі майстры, чаляднікі (падмайстры), вучні. Майстры мелі ва ўласнасці прылады працы і майстэрні, дасканала валодалі прафесіяй. У якасці падручных у іх працавалі чаляднікі.

Жыццё цэхаў праходзіла ў адпаведнасці з трывалымі традыцыямі, якія старанна захоўваліся. Цэхі былі трох тыпаў: спецыялізаваныя (уваходзілі рамеснікі адной прафесіі), аб’яднаныя (дзвюх і больш блізкіх прафесій), зборныя (розных прафесій). Кожны цэх меў пісьмовы статут - сістэму правіл, якія рэгламентавалі вытворчую дзейнасць, парадак найму вучняў, чаляднікаў, пераход з разраду вучняў у чаляднікі і з чаляднікаў у майстры. Цэхавыя статуты строга патрабавалі ад майстра вырабляць прадметы высокай якасці і толькі свайго рамяства. У Полацку рамеснікаў, якія жылі ў горадзе, але не ўступалі ў цэх, называлі пакутнікамі. У другіх гарадах за імі замацавалася назва “партачы”.

У далейшым развіццё рамеснай вытворчасці, характарызуецца ростам спецыялізацыі. Так, у Віцебску ў 70-х гг. ХVІІІ ст. каля ¾ цэхавых рамеснікаў было занята апрацоўкай скуры, футра, дрэва і каменю, а таксама вырабам керамічнага посуду. У Оршы – краўцы складалі больш за 30 %, шаўцы – больш за 20 %, кавалі – прыкладна 15 % ад усіх цэхавых майстроў.

Рост спецыялізацыі тлумачыцца тым, што рамяство ў гэты час развівалася пераважна як таварная вытворчасць. Вось цяпер і пачынаецца эканамічная дыферэнцыяцыя рамеснікаў: з аднаго боку вылучаліся больш багатыя прамыслоўцы, якія мелі па некалькі вучняў, і чаляднікаў, і нават наёмных работнікаў, з другога – павялічваецца колькасць збяднелых. Рамяство хоць і працягвае развівацца ў асноўным у рамках цэхавай сістэмы, аднак ужо ўзмацняюцца прыметы яго разлажэння, ідзе развіццё капіталістычных адносін.

Войны і эпідэміі, змяншэнне насельніцтва абумовілі ў канцы ХVІІ ст. скарачэнне аб’ёму сельскагаспадарчай вытворчасці. Пуставала больш палавіны ворных зямель. Палі зараслі лесам. Некаторыя вёскі былі такія бедныя, што не маглі плаціць натуральны падатак. Трэць гаспадарак у Берасцейскім і Наваградскім ваяводствах засталіся без гаспадароў. Ва ўсходніх Беларускіх ваяводствах – Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім – 65-70% сялянскіх хат стаялі пустымі. У радзівілаўскім маёнтку Смалявічы з 1087 дамоў, якія налічваліся на 1664 г., засталося толькі 216. Колькасць закінутых, неапрацоўваемых валок павялічылася за часы ліхалецця з 9 да 362. Амаль тры чвэрці сялянскай зямлі пуставала ў вялікай Гарадзенскай эканоміі. Такая сітуацыя абавязвае многіх феадалаў раздаць зямлю сялянам і абмежавацца грашовымі і натуральнымі аброкамі. Вызваленыя ад паншчыны сяляне здолелі даволі хутка (ужо да 40-м гг. ХVІІІ ст.) узняць сельскую гаспадарку. З гэтага ж прыкладна часу больш прыкметна ідзе працэс аднаўлення фальваркаў. Як і раней, цяпер сеялі пераважна азімае і яравое жыта. На агародах адной з найважнейшых культур быў хмель (неабходны для піваварэння).

Важнае эканамічнае значэнне мела вінакурэнне. Феадалы шырока ўжывалі манапольнае права на выкурку і продаж гарэлкі залежнаму ад іх насельніцтву (права прапінацыі). Яны пераганялі на гарэлку і піва значную частку збожжа, пазбаўляючыся ад рызыкі, звязанай з ваганнямі попыту і рыначных цэн на збожжа. Гандаль збожжам вёўся не толькі на ўнутраным рынку. Буйныя феадалы арыентаваліся пераважна на замежны рынак.

У сувязі з “Уставай на валокі” сяляне падзяляліся на дзве катэгорыі – “цяглыя” і “асадныя”. За сялянскі кошт жылі і карміліся дзяржава, шляхта, войска, царква. На іх карысць прыгонныя адпрацоўвалі шматлікія павіннасці. Цяглыя сяляне павінны былі адбываць 2-х дзённую баршчыну з валокі, даваць натуральны і грашовы аброк і выконваць працоўную павіннасць у замках князя. Асадныя сяляне плацілі “чынш” у памеры ад 66 да 106 грошаў у год.

З цягам часу павіннасці сялян павялічваліся. Ужо ў пачатку ХVІІ ст. баршчына дасягнула 4-6 дзён у тыдзень. На працягу ХVІІ – ХVІІІ ст. норма прымусовай працы ў гаспадарцы феадала павялічвалася. Асабліва добра можна гэта адчуць, калі супаставіць дадзеныя аб памерах паншчыны ў адных і тых жа ўладанняў за розныя гады. Так, у маёнтку Радзівілаў Карэлічы цяглыя сяляне ў 1672 г. адбывалі паншчыну 4 дні з валокі і 5-ы дзень з “дыма” на тыдзень. Да 1746 г. паншчына тут павялічылася да 12 дзён на тыдзень. Павялічыліся аброк і грашовая рэнта. Цяжкая і без таго становішча сялян пагоршылася. Назіраецца масавы голад. Але ў цяжкія часы і ў гады пасляваеннага аднаўлення феадалы, каб прыцягнуць ці ўтрымаць у сваім маёнтку сялян, ішлі на пэўныя палёгкі і ў павіннасным рэжыме.

На захадзе і ў цэнтры Беларусі асноўнай формай гаспадарчай арганізацыі феадальнага ўладання як дзяржаўных, так і прыватнаўладальніцкіх маёнткаў да гэтага часу стаў фальварак. Ва ўсходняй частцы арганізацыя фальварачна-паншчыннай гаспадаркі зацягнулася да другой паловы ХVІІ ст.

Фальварак уяўляў сабой комплекс жылых і гаспадарчых пабудоў, вакол якіх размяшчаліся агароды, ворныя землі, сенажаці і лясы. Пры іх звычайна былі пасекі і сажалкі (для развядзення рыбы), вадзяныя млыны. Прычым будаваць млыны меў права толькі феадал. Была тут і карчма, таксама належала пану. Спіртныя напоі сяляне маглі купіць толькі ў карчмах. Парушэнне дадзенага правіла каралася штрафамі.

Такім чынам, нягледзячы на тое, што аграрная рэформа была накіравана на нівеліроўку сялянскіх павіннасцей і надзелаў, яна не спыніла рост маёмаснай дыферэнцыяцыі сялянства. Дзяржаўная ўлада старалася на працягу ўсяго часу заканадаўчымі мерамі задаволіць усё ўзрастаючае імкненне пануючага класа павялічыць колькасць прыгонных. Таму ўжо ў сярэдзіне ХVІІІ ст. пахожыя сяляне як гаспадары амаль поўнасцю знікаюць. Юрыдычная аформленасць закабалення сялян набліжалася да завяршэння. Гэта знайшло сваё адлюстраванне ў Статуце 1588 года. Статут павялічыў тэрмін вышуку беглых сялян да 20 гадоў.

§2. З другой паловы ХVІ ст. сталі больш частымі антыфеадальныя выступленні сялянства і гарадской беднаты. Яны набываюць разнастайныя формы: уцёкі сялян ад сваіх уладальнікаў, супраціўленне зямельным рэформам (так было пры прыняцці “павалочнай памеры”), адмовы ад выканання паншчыны. Ёсць ужо асобныя выпадкі ўзброеных выступленняў. Атрады казакаў, што складаліся з выхадцаў з Беларусі, часта прыходзілі ў паўднёвыя раёны Беларусі і грамілі маёнткі свецкіх і царкоўных феадалаў.

У 1595 г. успыхнула буйное антыфеадальнае паўстанне пад началам Севярына Налівайкі. Яно пачалося на Украіне, а потым ахапіла частку Беларусі. Калі Налівайка з атрадам казакаў прыйшоў на тэрыторыю Беларусі, сяляне і гарадская бедната адразу ж пачалі да яго далучацца. Першым горадам, які паўстанцы занялі ў Беларусі, быў Петрыкаў. Адсюль Налівайка патрабаваў не перашкаджаць пастою казакаў у Слуцку. І Слуцк апынуўся ў руках паўстанцаў. У снежні 1595 г. Налівайка захапіў Магілёў. Супраць яго было накіравана войска. Але казакі і сяляне паспяхова адбілі ўсе атакі. Затым паўстанцы рушылі на Рэчыцу, Тураў, Пінск. На ўсім шляху яны разбуралі маёнткі, палілі прыгонніцкія дакументы. У гэты ж час казацка-сялянскія атрады Мацея Шувалы грамілі магнатаў і шляхцічаў каля Гомеля і Прапойска (сучасны Слаўгарад). У час паўстання Налівайкі на барацьбу ўздымаліся і польскія сяляне. У 1596 г. феадалам Рэчы Паспалітай удалося перамагчы паўстанцаў.

Свайго вышэйшага размаху антыфеадальны рух беларускага і ўкраінскага народаў дасягнуў у 40-50-я гг. ХVІІ ст. Цэнтрам барацьбы стала Запарожская Сеч. У складзе ўкраінскага казацтва было шмат казакаў – беларусаў, выгнаных з роднай беларускай хаты. Таму нярэдка паўстанні на Украіне адгукаліся паўстаннямі на Беларусі.

Пасля перамог Багдана Хмяльніцкага пры Жоўтых Водах і Карсуні (1648 г.) на Беларусі ўспыхнула моцнае паўстанне пад кіраўніцтвам Антона Нябабы. Да яго прымкнулі паўстанцкія групы іншых атаманаў (Галавацкага, Няпаліча, Хвэсько). Супраць паўстанцаў выступіў літоўска-беларускі гетман Януш Радзівіл. З боку паўстанцаў была немалая сіла – прыкладна 30 тысяч чалавек, ва ўрадавай арміі – не менш. Абодва лагеры біліся бязлітасна. Паўстанцы авалодалі Гомелем, Лоевам, Брагінам, Пінскам. У Пінску яны загубілі ўсіх шляхцічаў, палякаў, не шкадуючы нават старых, малых, жанчын. Балоты і лясныя гушчары дапамагалі паўстанцам. Але ўрэшце рэшт урадавыя войскі прыступам узялі Пінск, які быў зруйнаваны і заліты крывёю. Задушана паўстанне і ў іншых месцах.

Праз некалькі месяцаў Беларусь зноў запалілася полымем паўстанняў у Слуцку, Быхаве, Чарнобылі, Магілёве, Рэчыцы, Мазыры, Бабруйску і інш. У колькасных адносінах паўстанцы мелі перавагу (а калі яшчэ сюды далучыць спачуваючых, дык – шматразова). Не было ў гэты час ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім, мабыць, павета, якога нельга прылічыць да ліку мяцежных. Такі паварот падзей (калі перамогі былі на баку паўстанцаў) занепакоіў кіруючыя колы Рэчы Паспалітай. Каралеўская ўлада прымае захады, каб ізаляваць беларускія землі ад казацкага пранікнення, а затым задушыць выступленні.

Увосень 1648 г. 12-14-тысячная армія пад агульным кіраўніцтвам Януша Радзівіла, яго стражнікаў (Мірскі, Горскі, Валовіч, Пац) накіравалася на выкананне каралеўскага загаду. Яны адваявалі Пінск, Бярэсце, Чарнігаў, Стары Быхаў, Слуцк. У першай палове 1649 г. войскі Вялікага княства Літоўскага здолелі ўзяць пад свой кантроль поўдзень Беларусі. Да восені 1651 г. ішла бесперапынная барацьба, але затым казацкія атрады былі выведзены з Беларусі. Спад, наступіўшы ў сувязі з паражэннем паўстанцаў, не прыпыніў зусім барацьбы, якая і надалей працягвалася ў розных формах.

Пасля Пераяслаўскай рады, калі Б. Хмяльніцкі прызнаў пратэктарат Расіі над Украінай (1654 г.), Масква аб’явіла вайну Рэчы Паспалітай. Напачатку ваенных дзеянняў поспех быў на баку Расіі. У маі 1654 г. 100-тысячная руская армія пачала наступленне на Рэч Паспалітую.

Да лета 1658 года расійскія войскі занялі Смаленск і яшчэ 33 гарады Беларусі, цэнтральную і значную частку Заходняй Беларусі, а таксама сталіцу ВКЛ – Вільню.

Летам 1655 года на Рэч Паспалітую напалі войскі Швецыі. Яны даволі хутка занялі вялікую частку тэрыторыі Польшчы і Жамойцію. 24 кастрычніка 1656 г. паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай было заключана Віленскае перамір’е, у адпаведнасці з якім Польшча і Расія спынялі ваенныя дзеянні паміж сабой і аб’ядноўваліся для барацьбы са шведамі. Да іх далучыліся Аўстрыя і Данія. Сумеснымі намаганнямі шведскія войскі былі выціснуты з захопленых зямель. Але ў 1658 г. баявыя дзеянні паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай узнавіліся. У асобных гарадах супраць расійскіх гарнізонаў выступіла насельніцтва. Вайна вялася з пераменным поспехам і скончылася падпісаннем Андрусаўскага перамір’я (1667 г.), згодна з якім Беларусь заставалася ў складзе Рэчы Паспалітай. Смаленскае ваяводства, левабярэжная Украіна і Кіеў адыходзілі да Расіі.

Усе гэта прывяло да крызіснага стану сельскай гаспадаркі, рамяства і гандлю Рэчы Паспалітай. Краіна страціла міжнароднае значэнне.

Такім чынам, сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў ХVІ – ХVІІІ стст., як і грамадска-палітычнае жыццё, не адзначалася стабільнасцю. У гэты час наглядаецца бурны рост гарадоў, павелічэнне гарадскога насельніцтва, а таксама і глыбокі заняпад гарадского жыцця. Аграрная рэформа другой паловы ХVІ – першай паловы ХVІІ стст. прывяла да ўсталявання фальварачнай сістэмы гаспадарання, канчатковага запрыгоньвання сялян і значнага павелічэння іх прыгонніцкага ўціску.

Барацьба за пазбаўленне ад нацыянальна-рэлігійнага прыгнёту беларусаў і ўкраінцаў часам перарастала ў нацыянальна-вызваленчы рух, у 1648 годзе запарожскае казацтва ўзнялося на паўстанне, якое затым перакінулася на Беларусь. Адзін за другім прыходзілі сюды казацкія загоны. Каля іх гуртаваліся паўстаўшае беларускае сялянства і нізы мяшчан. Новы ўздым барацьбы з прыгнятальнікамі пачаўся вясной 1649 г. і працягваўся ў 1650 і 1651 годзе.

Пытанні і заданні: 1. Пакажыце прычыны бурнага росту гарадоў і іх заняпаду ў асобныя перыяды ХVІ - ХVІІІ ст., рост і спецыялізацыю рамесніцтва. 2. Абазначце на карце месцы найбольш значных антыфеадальных выступленняў на Беларусі ў канцы ХVІ - першай палове ХVІІІ ст. 3. Якія вынікі для Беларусі мела вайна 1654-1667 гг.?