Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЭУМК История Беларуси. В.Г.Филяков.-2011.docx
Скачиваний:
208
Добавлен:
15.02.2016
Размер:
8.22 Mб
Скачать

Тэма 3. Супярэчнасці і канфлікты сярод еўрапейскіх дзяржаў у хvііі стагоддзе. Падзелы Рэчы Паспалітай

§1. Галоўныя рысы эканамічнага, сацыяльнага і палітычнага развіцця заходнееўрапейскіх краін у пачатку ХVІІІ ст.

§2. Унутраныя прычыны палітычнага крызісу і эканамічнага заняпаду Рэчы Паспалітай

§3. Паўстанне Т. Касцюшкі. Канец Рэчы Паспалітай

§1. Магутныя раней дзяржавы Іспанія, Францыя і Рэч Паспалітая ў пачатку XVIII ст. прыходзяць у заняпад. Арыентацыя ў гэтых краінах на сельскагаспадарчы сектар робіць іх адсталымі ў параўнанні з Англіяй. У Англіі наглядаецца паскоранае прамысловае развіццё і яна праяўляе сябе на еўрапейскім кантыненце ў якасці патэнцыяльнага лідэра. У час вайны за “іспанскую спадчыну” Англія захапіла важную крэпасць Гібралтар, пашырыла свае ўладанні ў Паўночнай Амерыцы і выцесніла сваіх канкурэнтаў Іспанію, Францыю са сферы гандлю рабамі.

У сваю чаргу Расія, Прусія, Аўстрыя і Швецыя таксама праз агрэсіўную палітыку імкнуліся ўмацаваць свае пазіцыі на міжнароднай арэне.

Перадзел сферы ўплыву ў рэгіёне Балтыйскага мора прывёў да пряцяглай Паўночнай вайны (1700-1721). Вынікам гэтай вайны стала перамога антышведскага Паўночнага саюза (Расія, Данія, Саксонія, Прусія, Рэч Паспалітая), заняпад Швецыі і яе праціўнікаў Даніі, Саксоніі, Рэчы Паспалітай. І ў далейшым краіны, незадаволеныя вынікамі ранейшых ваенных і палітычных падзей, імкнуліся ўзмацніць свае пазіцыі, рыхтаваліся да новай вайны. У 1756-1763 гг. паміж Аўстрыяй, Францыяй, Іспаніяй, Расіяй, Швецыяй з аднаго боку і Прусіяй, Англіяй, Партугаліяй і шэрагам германскіх дзяржаў з другога ўспыхнула Сямігадовая вайна.

Вынікамі Сямігадовай вайны стала пашырэнне каланіяльнай экспансіі Брытанскай імперыі. Палітыка англійскага ўрада ў дачыненні да сваіх шматлікіх калоній насіла выразна эксплуататарскі характар. Сярод іншых калоній, якія давалі найбольшыя даходы, займалі англійскія ўладанні ў Паўночнай Амерыцы. Цяжкае становішча каланістаў дадзенай часткі свету падняло іх да масавых узброеных выступленняў за свае правы і свабоды.

У ходзе вайны каланісты здолелі атрымаць шэраг перамог над рэгулярнай брытанскай арміяй. Мірныя дамовы, заключаныя ў 1783 г. у Версалі, прызналі суверэнітэт ЗША. У 1787 г. Кантынентальны кангрэс ЗША прыняў Канстытуцыю, якая падцвердзіла федэратыўны статус краіны.

У Францыі ў гэты час адзначалася паступовае нарастанне крызісу абсалютнай манархіі. Рэзкае абвастрэнне грамадска-сацыяльных адносін пры адначасовым аб’яднанні інтарэсаў шырокіх народных мас і буржуазіі стала напрыканцы XVIII стагоддзя галоўнай прычынай Вялікай Французскай рэвалюцыі (1789-1794 гг.). Спачатку да ўлады ў гэтай краіне прыйшлі прадстаўнікі буйнай буржуазіі і ліберальнага дваранства. Але летам 1792 г. улада перайшла да жырандыстаў. Яны абвясцілі Францыю Рэспублікай, правялі жорсткія рэпрэсіі супраць былой правячай эліты, пакаралі смерцю караля Людовіка XVI. У 1799 г. у Францыі адбыўся дзяржаўны пераварот, пасля якога ўсталявалася асабістая дыктатура генерала Напалеона. Пры ім у Францыі ўзрасла роля арміі, краіна праводзіла агрэсіўную знешнюю палітыку.

У другой палове ХVІІІ ст. адбываецца ўзмацненне знешніх пазіцый Расіі. Яе галоўны праціўнік Францыя не змагла супрацьстаяць ёй і стварыць дзеяздольны “Усходні бар’ер” (у склад бар’ера ўваходзілі Швецыя, Рэч Паспалітая, Асманская Імперыя). Тут заслуга самой Расіі. Яна мела перамогі і над Швецыяй, і над Асманскай Імперыяй. Расія займае вядучае становішча ў Еўропе.

Пасля таго, як у 1733 годзе памёр кароль Аўгуст ІІ, у Рэчы Паспалітай пачалося бескаралеўе. Францыя падтрымлівала свайго стаўленіка Станіслава Ляшчынскага, з прыходам якога магла разлічваць на стварэнне паслухмянага для сябе блока дзяржаў супраць Расіі ў складзе Рэчы Паспалітай, Швецыі і Асманскай імперыі.

Расія разам з Аўстрыяй падтрымлівала свайго прэтэндэнта – сына Аўгуста ІІ. Пасля выбрання каралём Ляшчынскага прыхільнікі Аўгуста звярнуліся да Расіі, Аўстрыі і Прусіі з “Дэкларацыяй”, у якой прасілі абараніць польскую форму кіравання ад умяшання Францыі. Гэта дало повад для пачатку вайны, якая працягвалася з 1733 па 1735 год. Пасля перамогі рускіх войск каралём стаў Аўгуст ІІІ. Затым у 1735 (па 1739 г.) пачынаецца Руска-Турэцкая вайна, а з 1741 г. па 1743 г. Расія ўступае ў вайну са Швецыяй, дзе поспехі былі на баку рускіх войск. Актыўны ўдзел прыняла Расія і ў іншых агульнаеўрапейскіх канфліктах сярэдзіны ХVІІІ ст. У Сямігадоваю вайну (1756 – 1763) Расія ўступіла ў 1757 г., кульмінацыяй гэтай кампаніі было ўзяцце Берліна (28 верасня 1760 г.).

Другая палова ХVІІІ ст. таксама насычана войнамі. Рускія войскі нанеслі паражэнне Асманскай імперыі. У выніку Крым, адкуль на працягу многіх стагоддзяў ханы рабілі грабежніцкія набегі, перастаў быць васалам Асманскай імперыі. 8 красавіка 1783 года па Указе Кацярыны ІІ Крым быў уключаны ў склад Расіі. З 1788 года Расія вяла вайну са Швецыяй і Асманскай імперыяй, і тут яна мела бліскучыя перамогі. Апошнім важным дзеяннем Расіі ў другой палове ХVІІІ ст. сталі паспяховыя выступленні супраць Францыі ў Італіі, Аўстрыі, Паўночнай Італіі.

Дзяржавай, якая стала месцам сутыкнення супярэчлівых інтарэсаў Францыі, Аўстрыі і Расіі, да гэтага часу была Рэч Паспалітая. Менавіта на глебе інтарэсаў уключэння ў сферу ўплыву (палітычнага і ваеннага) Рэчы Паспалітай і стварыўся саюз Расіі і Прусіі. Праўда, мэты гэтых краін у адносінах Рэчы Паспалітай былі розныя. Кацярына ІІ аддавала перавагу захаванню Рэчы Паспалітай як цэласнай дзяржавы з расійскім уплывам на яе. Фрыдрых ІІ, прускі манарх, меў на мэце тэрытарыяльны падзел Рэчы Паспалітай і далучэнне яе тэрыторыі да Прусіі.

Былі і аднолькавыя мэты ў гэтых дзяржаваў: мець шырокія магчымасці для ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай. Саюзны дагавор паміж Расіяй і Прусіяй уключаў рашучыя супрацьдзеянні ўсялякім спробам ліквідаваць “liberum veto” (вольнасці шляхецкія) і дабіцца ўраўнавання правоў праваслаўных і католікаў. Але справы (знешнія) складваліся так, што Расія павінна была ўступіць Аўстрыі, пагадзіўшыся на падзел Рэчы Паспалітай, на якім настойвалі Прусія і Аўстрыя яшчэ з 1768 г.