Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЭУМК История Беларуси. В.Г.Филяков.-2011.docx
Скачиваний:
208
Добавлен:
15.02.2016
Размер:
8.22 Mб
Скачать

Раздзел V. Суверэнная рэспубліка беларусь ва ўмовах глабалізацыі сусветных працэсаў.

Глава 1. Нарастанне супярэчнасцей у савецкай сістэме. Распад СССР, стварэнне незалежных дзяржаў.

Тэма 1. Прычыны абвастрэння супярэчнасцей у сярэдзіне 80-х гадоў. Курс на інтэнсіфікацыю

§1. Палітыка перабудовы і яе вынікі

§2. Крызіс аднапартыйнай сістэмы

§1. У сярэдзіне 80-х гг. яскрава праглядалася абвастрэнне супярэчнасцей паміж узросшымі (па маштабах) прадукцыйнымі сіламі і вытворчымі адносінамі, што базіраваліся на строга цэнтралізаванай сістэме.

Пазаэканамічнае прымушэнне людзей да працы, адарванасць іх ад сродкаў вытворчасці не спрыяла развіццю вытворчай ініцыятывы. Вялікія маштабы прыняла безгаспадарчасць: знізіліся якасныя паказчыкі і тэмпы прыросту прамысловай прадукцыі; павялічваўся адрыў краіны ў тэмпах і ўзроўні развіцця ад вядучых дзяржаў свету. Спыніць негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы магчыма было шляхам перабудовы, змен у замацаваўшымся ўкладзе эканамічнага і палітычнага жыцця.

Вось тады зверху (на ХХVІІ з’ездзе) вылучаюцца лозунгі: “Перабудова”, “Дэмакратыя”, “Галоснасць”. Яны знаходзяць водгук у шырокім людскім асяроддзі. Высакародная мэта не магла быць успрынята па-іншаму. У БССР з улікам новых падыходаў распрацавана комплексная праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі на 12 пяцігодку (прынята на ХХХ з’ездзе КПБ). У праграме прадугледжвалася ўвесь прырост у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве забяспечыць за кошт павышэння прадукцыйнасці працы, гэта значыць. на аснове інтэнсіфікацыі.

Больш канкрэтна наконт рэформы выказаўся чэрвеньскі (1987 г.) Пленум ЦК КПСС. Першачарговай задачай рэформы было прызнана стварэнне цэласнай сістэмы кіравання, закліканай уздзейнічаць на ўсе бакі працы і жыцця савецкіх людзей. Правядзенне рэформы ў жыццё павінна было забяспечыць пераход ад цэнтралізаванай, каманднай сістэмы кіравання да дэмакратычнай, заснаванай пераважна на эканамічных метадах, на аптымальным спалучэнні планавага цэнтралізаванага кіраўніцтва з самакіраваннем нізавых звенняў і прадпрыемстваў. Аб пераходзе да рынку пакуль нічога не гаварылася. Шукалі нейкі трэці шлях. Гэты прамежкавы шлях кіраўніцтва Беларусі ўбачыла ў пераводзе галін гаспадарчага комплексу на поўны гаспадарчы разлік і самафінансаванне.

Першыя крокі ажыццяўлення новага курсу прывялі да некаторага ажыўлення і пэўных зрухаў у жыцці краіны. Ужо ў 1988 г. на ўмовах гаспадарчага разліку і самафінансавання працавала ўся прамысловасць, аграпрамысловы комплекс, транспарт, гандаль, большасць будаўнічых арганізацый. Рэспубліканская комплексная праграма “Інтэнсіфікацыя” спрыяла таму, што многія калектывы ўзмацнілі работу па мадэрнізацыі вытворчасці, замене састарэлай тэхнікі на больш дасканалую: станкі з лікавым праграмным кіраваннем, робаты, аўтаматы. З мэтай павышэння якасці прадукцыі была ўведзена дзяржпрыёмка. Але сутыкненне старога і новага ішло балюча. Кіраўнікі цэнтральных міністэрстваў і ведамстваў не жадалі растацца з напрацаванай сістэмай, працягваўся дыктат міністэрстваў ва ўстанаўленні планаў праз дзяржзаказ, які ахопліваў ад 80 і да 100% выпускаемай прадукцыі. З боку цэнтральных органаў партыі дапушчаны сур’ёзные памылкі і пралікі ў распрацоўцы і правядзенні палітыкі перабудовы. Адсутнічала канкрэтная, навукова-абгрунтаваная праграма аднаўлення савецкага грамадства, не былі вызначаны мэты, задачы, канчатковыя вынікі. Няўдачы ў эканамічнай сферы дапоўніліся “рэвалюцыйным” абнаўленнем кадраў высшага эшалона, рэзкім аслабленнем цэнзуры, канфліктамі паміж цэнтральнымі і мясцовымі ўладамі, парушэннем гаспадарчых сувязей.

Крызіс у СССР не мог не адбіцца на становішчы ў краінах сацыялістычнага лагера. Тут прайшлі масавыя мітынгі з патрабаваннем змен у партыйна-дзяржаўных структурах, адраджэння дэмакратычных свабод і правоў чалавека. Распад у краінах сацыялістычнага блока пачаўся з Польшчы. Правячая Польская аб’яднаная рабочая партыя не змагла супрацьстаяць моцнай арганізацыі “Салідарнасць”. У Польшчы пачаўся дэмантаж сацыялізму.

Працэсы, падобныя на польскія, адбываліся ў ГДР (у лістападзе 1989 г. была разбурана і ліквідавана “Берлінская сцяна”), Чэхаславакіі, Румыніі, Югаславіі.

У савецкай Беларусі ў цяжкім становішчы апынуліся мясцовыя кіраўнікі партыйных камітэтаў і гаспадарчых органаў. Кіраўніцтва верхніх эшалонаў рэспублікі, як было прынята ў пяпярэднія гады, самастойных рашэнняў не прымала, чакала ўказанняў з Масквы.

І ўсё ж захады па ўкараненні новага ў спалучэнні са старымі падыходамі давалі магчымасць эканоміцы Беларусі да 1990 г. развівацца адносна высокімі і ўстойлівымі тэмпамі. Сярэднегадавыя тэмпы прыросту нацыянальнага даходу, які ўяўляе сабой наваствораны кошт у галінах матэрыяльнай вытворчасці і з’яўляецца той часткай валавага грамадскага прадукту, якая застаецца за вылікам спажытых у працэсе вытворчасці сродкаў вытворчасці, па сутнасці – адзінай крыніцай расшыранага ўзнаўлення і павышэння дабрабыту людзей, складалі ў 1986-1990 гг. 2,9 %. Асноўныя вытворчыя фонды ў гэты перыяд узрасталі штогод, прыкладна на 6 %, што стварала ўмовы для развіцця як галін матэрыяльнай вытворчасці, так і нарошчвання сацыяльнай сферы. Аб’ём прамысловай прадукцыі за 1986-1990 гг. павялічыўся на 29 %, у тым ліку сродкаў вытворчасці (група А) – на 27 %, прадметаў спажывання (група Б) – на 35 %.

На ўзроўні папярэдняй ХІ пяцігодкі падтрымлівалася вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі. На пачатку 90-х гг. Беларусь па асноўных паказчыках на душу насельніцтва пераўзыходзіла сярэднія паказчыкі СССР і наблізілася да найбольш развітых у эканамічных адносінах прыбалтыйскіх рэспублік. Па вытворчасці нацыянальнага даходу рэспубліка займала 4-е месца пасля РСФСР, Латвіі і Эстоніі. Такое ж месца яна займала і па вытворчасці прамысловай прадукцыі. У 1990 г. было выраблена на душу насельніцтва тавараў народнага спажывання на 2268 рублёў супраць 1598 рублёў у цэлым па СССР. Харчовых тавараў было выпушчана на 622 рублі (СССР – 511 рублёў), нехарчовых тавараў – на 1433 рублі (СССР – 895 рублёў), мяса – 115 кг (у Расіі – 68 кг), малака – 727 кг (у Расіі – 376 кг). Неблагія паказчыкі наглядаліся ў развіцці вышэйшай школы. Колькасць студэнтаў на 10 тыс. чалавек у Беларусі была большай, чым у іншых рэспубліках (акрамя Арменіі, Расіі і Грузіі). Вось такімі вынікамі характарызавалася сацыяльна-эканамічнае становішча рэспублікі да пачатку 90-х гг.

Меліся ўсе эканамічныя перадумовы для далейшага развіцця народнай гаспадаркі, культуры, але гэтага не адбылося. З канца 80-х  гг. пачалі праяўляцца прыметы эканамічнага крызісу. Наглядаецца парушэнне гаспадарчых сувязей у сістэме агульнасаюзнага падзелу працы. У былых саюзных рэспублік выявілася імкненне забяспечваць сыравінай і прадукцыяй перш за ўсё ўласныя патрэбы. Знізіліся капітальныя ўкладанні ў базавыя галіны практычна ўсіх рэспублік, асабліва ў Расійскай Федэрацыі. Гэта прывяло да скарачэння здабычы нафты, вытворчасці металу, лесаматэрыялаў, цэменту. Пачаўся імклівы рост цэн і больш за ўсё на энерганосьбіты. Парушыліся ўзаемаразлікі паміж спажыўцамі. Наступіла разбалансаванасць эканомікі ўсіх рэспублік, адбылося зніжэнне вытворчасці прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі, тэмпы інфляцыі нарасталі.

Вынікі працы народнай гаспадаркі ў 1991 г. сведчылі аб тым, што нацыянальны прыбытак рэспублікі ў параўнанні з 1990 г. скараціўся на 3 %, вытворчасць прамысловай прадукцыі – на 1,5%, сельскай гаспадаркі – на 3 %. У 1992 г. нацыянальны даход знізіўся на 11 % (у параўнанні з папярэднім 1991 г.), пры гэтым выпуск прадукцыі прамысловасці скараціўся на 4,4 %, знешнегандлёвы абарот склаў 1,8 млрд. долараў ЗША, зменшыўся ў параўнанні з папярэднім на палову. У 1992 г. востра праявіліся праблемы ў грашова-фінансавай сферы. Не вызначыўшы самастойнай эканамічнай палітыкі, працягваючы выкарыстоўваць рубель у якасці плацёжнага сродку, рэспубліка трапіла ў поўную залежнасць ад эканамічнай сітуацыі ў Расійскай Федэрацыі.

§2. У СССР і яго рэспубліках з сярэдзіны 20-х гадоў ХХ стагоддзя дзейнічала аднапартыйная сістэма, у якой не было месца для другіх партый. Аднапартыйная сістэма здольна забяспечыць палітычную, сацыяльна-эканамічную і культурна-маральную ўстойлівасць. Такое становішча можа мець месца, калі партыя карыстаецца падтрымкай большасці насельніцтва.

КПБ-КПСС не была ў прынятым на Захадзе сэнсе чыстай палітычнай арганізацыяй. Яна валодала развітой цэнтралізацыяй, згуртаванасцю і дысцыплінаванасцю, супрацьстаяла любой спробе фракцыяніравання, дзейнічала па-за парламенцкім полем. КПСС будавалася як партыя перадавога атрада рабочага класа з намерам трансфармавацца з развіццём грамадства ў партыю ўсяго народа. Як авангарду ёй прызначалася весці за сабой грамадства. Кіраўніцкая роля партыі замацоўвалася, пачынаючы з Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Хоць канкрэтныя спосабы ажыццяўлення вядучай ролі партыі не былі прапісаны сістэмна ні ў адным з дакументаў, партыйныя арганізацыі прымалі рашэнні па кожным важным пытанні; рашэнням дзяржаўнага кіраўніцтва часта папярэднічалі рэзалюцыі цэнтральнага кіраўніцтва партыі ці палітычнага органа, рашэнням мясцовых Саветаў - рэзалюцыі адпаведных камітэтаў партыі і г.д.

У кіраўніцтве краінай дзейнасць партыі і грамадства цесна перапляталіся, але дамінуючай сілай у іх сумеснай працы з’яўлялася партыя. Яна была арганізацыяй, якая на працягу доўгага перыяду выконвала функцыі гаспадарчага кіравання. Лічылася, што для КПСС, створанай эканамічна выдзеліўшыміся і ідэалагічна памацнелымі грамадскімі класамі і сацыяльнымі групамі, альтэрнатывы не патрабуецца.

КПСС прыняла на сябе адказнасць за ўсё, што адбывалася ў краіне. Яна была поўная рашучасці ўтрымліваць уладу і ніколі і ні пры якіх абставінах не адмаўляцца ад яе, знаходзіцца ў авангардзе, заставацца кіруючай і накіравальнай сілай грамадства. Такі падыход патрабаваў ад кіруючай партыі павышэння ўзроўню і ўдасканальвання форм і метадаў сваёй дзейнасці: развіцця ўнутрыпартыйнай дэмакратыі і самадзейнасці камуністаў, строгага захавання норм і прынцыпаў унутрыпартыйнага жыцця, падняцця ідэйна-тэарэтычнага ўзроўню членаў партыі, правядзення шырокай выхаваўчай працы ў масах, удасканальвання метадаў кіраўніцтва дзяржаўным, гаспадарчым і культурным будаўніцтвам, стылю сваёй працы. Гэта значыць, КПБ-КПСС як урадавая партыя павінна была ўдасканальвацца ў адносінах да грамадства апераджальнымі тэмпамі, перш за ўсё ў тэарэтычнай і арганізацыйна-ідэалагічнай дзейнасці. Яе задача займацца распрацоўкай новых ідэй з вызначэннем перспектыў развіцця грамадства, разгортвання ўнутраных, уласцівых яму сацыяльных сіл і патэнцыяльных магчымасцей; паказваць прыклад грамадству ў прынцыпах, формах і сродках арганізацыі свайго ўнутрыпартыйнага жыцця і ўнутрыпартыйных адносін; паслядоўна выступаць супраць аджыўшага, старога, прывіваць членам партыі і праз іх усім працоўным творчыя і ініцыятыўныя адносіны да працы. Аднак у сярэдзіне 70-х гадоў становіцца прыкметным адставанне кіруючай партыі: неспрыяльныя тэндэнцыі, якія праяўляюцца ў эканоміцы, сацыяльна-палітычнай сферы, былі напрамую звязаны са станам самой партыі. існуючыя ўнутрыпартыйныя адносіны, формы і метады кіравання развіццём народна-гаспадарчага комплексу патрабавалі карэнных змен.

КПСС не ўсвядоміла таго, што адбывалася ці магло адбыцца ў грамадстве пры яго далейшым развіцці. Спазненне з ацэнкай асудзіла яе на адствананне. Прычыны тут розныя, але часцей за ўсё яны былі звязаны з недаацэнкай тэарэтычнай дзейнасці, з парушэннем свайго якаснага складу, зместам і метадамі працы.

Не садзейнічалі падтрымцы аўтарытэту КПБ-КПСС шырокае распаўсюджванне бюракратызму, праяўленні недэмакратызму ў кадравай палітыцы, грубае падаўленне іншадумства. Усё гэта выкарыстала для дыскрыдытацыі партыйных кадраў апазіцыя. Памылкі асобных кіраўнікоў (больш за ўсё ў Палітбюро ЦК КПСС) выдаваліся за ўсеагульную некампетэнтнасць і бяздарнасць партыйных работнікаў, а недахопы ў развіцці сацыяльна-эканамічнай і духоўна-маральнай сфер - за катастрофу краіны.

Кіраўніцтва КПСС, навуковыя ўстановы партыі на змаглі аб’ектыўна асэнсаваць сітуацыю, знайсці шляхі пераадолення крызісных з’яў. Маруднасць і непаслядоўнасць у вырашэнні палітычных пытанняў у цэнтры і на месцах, растучая разбалансаванасць гаспадаркі, спазненне з вырашэннем сацыяльных праблем у ходзе перабудовы, недастатковы аўтарытэт часткі партыйных кадраў спрыялі ўзмацненню настрою незадаволенасці ў грамадстве. Ва ўмовах палітычнага крызісу КПБ-КПСС яе камітэты і радавыя камуністы аказаліся не гатовымі для барацьбы за захаванне партыі, дзяржаўнага і грамадскага ладу.

Кіраўнікі Вярхоўнага Савета БССР і народныя дэпутаты Беларусі, большасць з якіх з’яўляліся камуністамі, не праявілі прынцыповасці. Яны прынялі пастанову аб прыпыненні дзейнасці Кампартыі Рэспублікі. У выніку адбыўся зыход з арэны КПБ-КПСС як палітычнага кіраўніка краіны.

У заключэнне трэба адзначыць, што нядаўняя гісторыя з манаполіяй КПСС не павінна стаць перашкодай для правільнага ў’яўлення і разумення ролі і значэння палітычных партый. Палітычныя партыі – гэта сіла, якая больш дасканала рэарганізуе дзяржаву, надае ёй новую форму, у якой задачы і мэты дзяржаўнай палітыкі вызначаюць волю арганізованага народа.

Такім чынам, у 70-80-я гады адбывалася паступовае зніжэнне тэмпаў сацыяльна-эканамічнага развіцця СССР і саюзных рэспублік. Патрабаваліся перамены, перабудова сацыялізму, наданне яму новага дыхання, вывад яго на вышэйшы ўзровень. Гэта і прадугледжвала палітыка перабудовы, якая пачала праводзіцца з другой паловы 80-х гадоў. У час яе правядзення не былі вызначаны мэты, задачы, канчатковыя вынікі, адсутнічала навукова абгрунтаваная праграма абнаўлення грамадства.

У СССР і яго рэспубліках з сярэдзіны 70-х гадоў ХХ ст. існавала аднапартыйная сістэма. Манапольнае становішча КПБ-КПСС ператварыла яе ў галоўнага суб’екта кіравання, яна пачала функцыянаваць як вышэйшы суб’ект дзяржаўнай улады, займалася ўсімі пытаннямі, замыкала на сабе ўсе праблемы. Вынікам гэтага стала ўзрастаючае дубліраванне і выцясненне выканаўчай улады. Так, у краіне склалася адміністрацыйна-камандная сістэма. Непадзельнае аднаўладдзе прывяло КПБ-КПСС да паслаблення крытычнага аналізу стану развіцця эканомікі, сацыяльнай і духоўнай сферы краіны і прафесійнага амярцвення вышэйшага эшалону партыйнага кіраўніцтва. Да 1991 года ў КПБ-КПСС наступіў палітычны крызіс, яе камітэты і радавыя камуністы аказаліся не гатовымі для барацьбы за захаванне партыі, існуючага дзяржаўнага і грамадскага ладу.

Пытанні і заданні: 1. Якімі прычынамі абумоўлена палітыка перабудовы? Пакажыце этапы яе ажыццяўлення, прамежкавыя і канчатковыя вынікі. 2. Чаму, на Ваш погляд, КПБ-КПСС не справілася з негатыўнай сітуацыяй, склаўшайся ў краіне ў другой палове 80-х – пачатку 90-х гадоў?