Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЭУМК История Беларуси. В.Г.Филяков.-2011.docx
Скачиваний:
208
Добавлен:
15.02.2016
Размер:
8.22 Mб
Скачать

§2. У сувязі з падзеламі Рэчы Паспалітай неабходна разгледзець, што ж рабілася ў самой Рэчы Паспалітай.

Рэч Паспалітая з другой паловы ХVІІІ ст. паступова адставала ад суседніх краін і, нарэшце, апынулася ў становішчы глыбокага заняпаду. Краіна перажывала стан грунтоўнага развалу. У гэтай краіне палітычная ўлада знаходзілася ў руках аднаго класа – шляхты. Іншыя класы і нават кароль не мелі ўлады, ніякіх правоў. Справа дайшла да таго, што шляхта мела права складаць у дзяржаве ваенныя саюзы для абароны сваіх класавых інтарэсаў і правоў (т.зв. канфедэрацыі) і законна падымаць бунт супраць караля, калі ён не ішоў насустрач шляхецкім патрабаванням і “парушаў”, як ім здавалася, яе правы. Кароль шукае выйсце, звяртаецца па дапамогу да чужаземных двароў, што давала апошнім повад для ўмяшання ва ўнутраныя справы Польшчы.

Сеймы ў апошнія гады існавання Рэчы Паспалітай не маглі прыняць карыснае для дзяржавы рашэнне ў сувязі з існуючым прынцыпам аднагалоснасці. Адзін пасол Сейма сваім liberum veto – “не дазваляем” – прыпыняў любое рашэнне Сейма. Магнаты вялі паміж сабой сапраўдныя войны, крыўдзілі шляхту (драбнейшую) і іншыя станы. Шляхта здзекавалася з мужыкоў і мяшчан. Каталікі чынілі ўціск дысідэнтам (некаталікам). Дысідэнты, не маючы абароны ад сваёй дзяржавы, стваралі канфедэрацыі і звярталіся па дапамогу да чужаземных улад.

У 1767 г. утварылася дысідэнцкая (праваслаўна-пратэстанцкая) канфедэрацыя ў Слуцку (Слуцкая). Яе падтрымалі дзяржаўныя прадстаўнікі Расіі, Прусіі, Аўстрыі. Калі Сейм адмовіўся ўхваліць пастановы, якіх дамагаліся чужаземныя паслы і Слуцкая канфедэрацыя, то ў Варшаву былі ўведзены рускія войскі, арыштаваны правадыры крайне каталіцкай партыі Сейма. Толькі тады Сейм здаўся і (у 1768 г.) прыняў пастанову аб тым, што ўсе дысідэнты ў Польшчы не павінны прыгнятацца за рэлігійныя перакананні і маюць тое ж самае права, што і католікі. Расійскаму ўраду было дадзена права аберагаць правы дысідэнтаў і сачыць за недатыкальнасцю асноўных законаў Рэчы Паспалітай. Такім чынам, Расія атрымала як бы пратэктарат над Польшчай.

У адказ на гэта ўтварылася працілеглая канфедэрацыя ў г. Бары, каторая паставіла мэтай абарону паменшаных, на яе погляд, праў каталіцтва і незалежнасці Сейма. Стварэнне Барскай канфедэрацыі выклікала даволі шырокія паўстанні запарожскіх казакаў, т.зв. гайдамакаў (мужыкоў, што казакавалі ў правабярэжнай Украіне). Да мужыкоў далучылася і дробная праваслаўная шляхта. На чале паўстанцаў стаяў Максім Жалязняк. Найкрывавейшым эпізодам паўстання была разня ва Умані (Уманьская разня).

Выразны сацыяльны кірунак паўстання прывёў да часовай згоды паміж рускім урадам і Барскай канфедэрацыяй. Абодва бакі ўзяліся за паўстанцаў. Расправіўшыся з паўстанцамі, рускія рукамі Суворава прыкончылі і барскіх канфедэратаў. Вось тады ў 1772 г. і адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай. Да Расіі адышлі Віцебскае, Магілёўскае, Мсціслаўскае і частка Полацкага ваяводстваў. Насельніцтва адносна спакойна ўспрыняла далучэнне да Расійскай імперыі, прыгонныя сяляне ведалі сваіх паноў, а тыя ў асноўным захавалі свае ўладанні. З дзяржаўнай уладай яны сустракаліся рэдка.

Падзеі 1772 г. прабудзілі рэфармацыйны рух сярод адукаваных слаёў шляхты Рэчы Паспалітай. Праз Сейм былі праведзены новыя дзяржаўныя законы, вядомыя пад назвай Канстытуцыя 3 мая 1791 г.. У ёй было запісана, што заканадаўчая ўлада належыць двухпалатнаму Сейму, які выбіраецца на 2 гады. Выканаўчую ўладу мае кароль, не выбраны, як гэта было раней, а наследны. Пастановы ўхваляюцца не аднагалосна, а большасцю. Было скасавана liberum veto, права шляхты на ўтварэнне канфедэрацый. Мяшчанам давалася права пасылаць у Сейм сваіх паслоў. Пану дазвалялася вызваляць мужыка ад прыгону, калі ў яго была на гэта добрая воля. Абвешчана была свабода веры, але каталіцтва прызнана пануючай рэлігіяй.

Хоць законы прымаліся пад уплывам Французскай буржуазнай рэвалюцыі, яны былі далёкія ад буржуазных запатрабаванняў. Да таго ж і такія невялікія змены ў заканадаўстве не спадабаліся большасці шляхецтва. Таму для абароны сваіх правоў магнаты і шляхта ўтварылі (у маі 1992 г. у м. Тарговіце, Украіна) Тарговіцкую канфедэрацыю пад патранатам рускага ўрада. Рускія войскі ў падтрымку Тарговіцкай канфедэрацыі занялі Варшаву. Прускі кароль як бы для спынення безуладдзя ў Польшчы заняў яе заходнія вобласці. Адбыўся другі падзел (1793 г.).

З боку патрыятычнага руху Польшчы ўзнікаюць арганізацыі, якія выступаюць за непадзельную і незалежную Рэч Паспалітую з Канстытуцыяй 1791 г. Такія арганізацыі былі створаны ў Літве і на Беларусі (яны працавалі сярод шляхты і мяшчан, да сялянства амаль не даходзілі).

§3. Прагрэсіўныя колы польскай шляхты, прадстаўнікі нараджаючайся буржуазіі зрабілі спробу захаваць нацыянальную самастойнасць Польшчы і ў сакавіку 1794 г. паднялі паўстанне. Цэнтр яго быў у Кракаве, правадыром – генерал Тадэвуш Касцюшка (1746–1817).

Выдатны дзеяч польскага нацыянальна-вызваленчага руху Т.Касцюшка нарадзіўся ў сям’і сярэднепамеснага шляхціча ў Слонімскім павеце (зараз Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці). Адукацыю атрымаў у Варшаўскім кадэцкім корпусе. Як адзін з лепшых яго выпускнікоў быў накіраваны ў Францыю, дзе прабыў 4 гады. Там ён і азнаёміўся з прагрэсіўнымі тэорыямі французскіх матэрыялістаў і асветнікаў, што аказала значны ўплыў на фармаванне яго светапогляду.

У 1776 г. Т. Касцюшка накіраваўся ў Амерыку, дзе ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць Паўночнай Амерыкі. Там ён зарэкамендаваў сябе добрым ваенным стратэгам. У 1784 г. Касцюшка вярнуўся на радзіму ў чыне брыгаднага генерала і стаў адным з кіраўнікоў патрыятычных сіл, якія выступалі за адраджэнне сваёй краіны. Вясной 1794 г. (12 сакавіка) Т. Касцюшка стаў кіраўніком паўстання, а 4 красавіка 1794 г. паўстанцкая армія пад яго кіраўніцтвам атрымала перамогу над рускім войскам генерала Дзянісава пры Рацлавіцах. Паўстанне распаўсюдзілася на другія ваяводствы Польшчы. 17 красавіка пачалося паўстанне ў Варшаве, дзе размяшчаўся буйны гарнізон рускіх войск. Хутка паўстанне перакінулася на тэрыторыю Беларусі і Літвы. У ноч з 22 на 23 красавіка пачалося паўстанне ў Вільні. Кіраўніцтва паўстаннем, якое ўзначаліў інжынер-палкоўнік Якуб Ясінскі, абнародавала маніфест, у якім быў заклік да насельніцтва далучыцца да паўстанцаў. Аднак у Беларусі да паўстання далучыліся толькі шляхта і частка гарадскога насельніцтва.

7 мая 1794 г. Т. Касцюшка выдаў Паланецкі універсал, у якім абяцаў вызваліць сялян, зменшыць баршчыну, вызваліць усіх удзельнікаў паўстання ад подацей. Сяляне браліся пад апеку дзяржавы і маглі пакідаць свайго памешчыка пасля поўнага разліку з ім і выплаты дзяржаўных подацей (падаткаў). Але універсал не быў ажыццёўленны, шляхецкае кіраўніцтва паўстаннем адмовілася ад знішчэння прыгоннага права і перадачы зямлі сялянам. У выніку сяляне адышлі ад руху, гэта і з’явілася асноўнай прычынай яго паражэння.

10 кастрычніка ў бітве пры Мацеевічах былі разгромлены галоўныя сілы паўстанцаў, паранены Касцюшка трапіў у палон. Народна-вызваленчы рух у Польшчы, нягледзячы на яго часовыя поспехі, меў паражэнне. Падавіўшы паўстанне Т.Касцюшкі (восень 1794 г.), Расія, Аўстрыя, Прусія зрабілі трэці падзел Рэчы Паспалітай.

У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай да Расіі адышлі беларускія землі з насельніцтвам 4 млн. чалавек. Паводле першапачатковага адміністрацыйнага падзелу (1772 г.) паўночная (прыдзвінская) частка беларускіх зямель увайшла ў Пскоўскую, а паўднёвая (прыдняпроўская) – у Магілёўскую губерні. З гэтых дзвюх губерняў было ўтворана Беларускае генерал-губернатарства. Першым генерал-губернатарам Кацярына ІІ прызначыла графа, віцэ-прэзідэнта ваеннай калегіі З.Г.Чарнышова.

У 1776 г. з беларускіх і латгальскіх паветаў, якія да гэтага знаходзіліся ў Пскоўскай губерні, была ўтворана Полацкая губерня. У 1793 г. (пасля ІІ падзелу) утворана Мінская губерня, у 1795 г. – Слонімская і Віленская губерні. У 1796 г. (12 снежня) – указам Паўла І – лік расійскіх губерняў быў скарочаны. Да 1801 г. на землях Беларусі існавала тры губерні: Беларуская (у яе ўваходзілі Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы з насельніцтвам, прыкладна, 1500 тыс. чалавек, губернскі горад Віцебск), Мінская з колькасцю насельніцтва больш за 800 тыс., Літоўская з цэнтрам у Вільні, дзе пражывала, прыкладна, 1600 тыс. чалавек.

Але затым паводле ўказа Аляксандра і да 9 верасня 1801 г. быў зроблены новы губернскі падзел усей Расіі. На тэрыторыі Беларусі ўтварылася 5 губерняў: Магілёўская, Віцебская, Гродзенская, Віленская, Мінская. Першыя 2 губерні ўвайшлі ў Беларускае, а наступныя 3 – у Літоўскае генерал-губернатарсва. Такі падзел праіснаваў да 1915 г.

Як разглядаць падзел Рэчы Паспалітай? Разглядаць далучэнне Беларускіх зямель да Расійскай імперыі толькі станоўча (як гэта рабілі раней) ці адмоўна (што робяць сёння некаторыя навукоўцы, а больш за ўсё публіцысты) – нельга. Як і ва ўсялякай з’яве, у падзеле Рэчы Паспалітай і ўключэнні беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі – шмат супярэчнасцей, ёсць плюсы, ёсць мінусы. Тут прысутнічае і палітыка, і мараль.

Пагадзіцца можна толькі з тым, што разлажэнне Рэчы Паспалітай было з’явай больш не знешняга, а ўнутранага характару. Рэзка вызначаны сацыяльны антаганізм, палітычная анархія, нацыянальныя і рэлігійныя спрэчкі руйнавалі гэту дзяржаву. Існаваць так далей яна не магла, і было б дзіўным, каб яна не развалілася. Рэч Паспалітая, якая знаходзілася ў стане ўпадку і страціла сэнс суверэннай дзяржавы, ў 60-х гг. ХVІІІ ст. стала лёгкай здабычай у палітычных гульняў Аўстрыі, Прусіі, Расіі, а таксама Францыі і Асманскай Імперыі.

Узнікненне і працяглае існаванне такой дзяржавы, як Рэч Паспалітая, патрабуе яшчэ навуковага асэнсавання. Расійская, а затым савецкая гістарыяграфія трактавалі стварэнне Рэчы Паспалітай як польскую экспансію, падпарадкаванне Беларусі Польскай дзяржаве. Гістарыяграфія Польшчы таксама пераацэньвала значэнне польскага фактару ў грамадскім развіцці Беларусі таго часу. Тут Рэч Паспалітую атаясамліваюць з Польшчай. На наш погляд, Люблінскую унію нельга трактаваць як растварэнне Вялікага княства Літоўскага ў Рэчы Паспалітай. Гэта федэрацыя дзвюх дзяржаў, двух народаў (польскага і ліцвінскага), прыцірка якіх ішла на працягу ўсіх 200 год гісторыі.

Становішча Вялікага княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай не было трагічным. Знаходзячыся ў Рэчы Паспалітай, Вялікае княства Літоўскае захавала аўтаномію і нават незалежнасць. Адсутнасць моцнай цэнтралізаванай улады ў Польшчы не дазволіла інкарпараваць цалкам Беларуска-Літоўскую дзяржаву ў склад Польшчы.

Самым моцным пацвярджэннем гэтага з’яўляецца правядзенне на працягу 70-80-х гг. ХVІ ст. агульнадзяржаўных сеймаў Вялікага княства Літоўскага, дзейнасць дзяржаўнага апарату, наяўнасць сваёй арміі, фінансаў, заканадаўства. Статут 1588 г. па сутнасці скасаваў многія палажэнні Люблінскай уніі. У ім нават не ўпамінаецца аб ёй.

Уваходжанне Беларусі ў склад Рэчы Паспалітай прывяло да павелічэння сіл для зняцця знешняй пагрозы, беларусы адчулі сваю прыналежнасць да еўрапейскай цывілізацыі, наладзіліся цесныя сувязі з заходнееўрапейскай культурай.

Аднак нельга не заўважыць і іншых працэсаў. У выніку збліжэння беларуска-літоўскай шляхты з польскай з мэтай набыцця “залатых вольнасцяў”, паступова сфарміравалася такая саслоўна-палітычная агульнасць, як “польскі народ шляхецкі”, якая базіравалася на рэлігійна моўна-карпаратыўным адзінстве.

У беларускага насельніцтва пры ўтварэнні Рэчы Паспалітай пагоршылася сацыяльна-эканамічнае становішча, узрос палітычны і адміністрацыйны ўціск з боку шляхты, адбываецца паланізацыя, духоўная экспансія народа, страчваецца яго нацыянальная самасвядомасць.

Такім чынам, у ХVІІІ ст. адбываецца ўзмацненне міжнародных пазіцый Расійскай дзяржавы. Атрымаўшы перамогі над Швецыяй і над Асманскай імперыяй, яна займае вядучае становішча ў Еўропе.

Адсутнасць у Рэчы Паспалітай моцнай цэнтральнай улады, залежнасць караля ад магнатаў і шляхты, наяўнасць “залатых шляхецкіх вольнасцей” разбалансавалі цэнтральную ўладу Рэчы Паспалітай, прывялі гэтую дзяржаву да феадальнай анархіі і да страты нацыянальнай самастойнасці.

Пытанні і заданні: 1. Прасачыце змены ў расстаноўцы сіл у свеце на працягу XVIII ст. 2. Ахарактарызуйце становішча беларускіх зямель падчас войнаў XVIII ст. 3. Адзначце прычыны і вынікі вайны за незалежнасць у ЗША і Вялікай французскай рэвалюцыі. 4.Назавіце прычыны ўзмацнення міжнародных пазіцый Расіі ў другой палове ХVІІІ ст. 5.Назавіце фактары эканамічнага і ўнутрыпалітычнага аслаблення Рэчы Паспалітай. 6. Ахарактарызуйце дзейнасць Расіі, Прусіі і Аўстрыі ў ходзе трох падзелаў гэтай дзяржавы.