Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЭУМК История Беларуси. В.Г.Филяков.-2011.docx
Скачиваний:
208
Добавлен:
15.02.2016
Размер:
8.22 Mб
Скачать

Тэма 2. Уплыў рэфармацыйнага руху на культурнае развіццё Беларусі

§1. Літаратура, мастацтва, тэатр

§2. Школьная адукацыя

§1. Ва ўсіх праявах Адраджэння маюцца свае ідэолагі. Прызнаным вяшчальнікам ідэі гуманізму і рэнесанснай культуры канца хv і амаль усёй першай паловы хvі ст. З’яўляецца Францыск Скарына.

Яго вальнадумства і адначасова гуманістычныя ідэі заключаюцца ў тым, што ён выказвае пратэст перадавой часткі гараджан і прагрэсіўных слаёў грамадства супраць пануючага феадальна-царкоўнага светапогляду. “Зямля жывых” абвяшчаецца ім адзіным вартым чалавека лёсам, а чалавечае жыццё на зямлі – вышэйшай каштоўнасцю.

Ён прыцягвае ўвагу сучаснікаў да свецкага жыцця, спрабуе развіць у народзе прагу да ведаў: удасканаленне чалавека неабходна для ўдасканальвання грамадскай сістэмы ў цэлым. Свае ідэі ён праводзіць праз 25 кніг “Бібліі”.

Выдатны дзеяч беларускай культуры ХVІ ст. Скарына з’яўляецца заснавальнікам беларускага кнігадрукавання. Нарадзіўся ён каля 1485 г. у Полацку ў збяднелай купецкай сям’і. Вучыўся ў Кракаўскім універсітэце, дзе атрымаў першую вучоную ступень – бакалаўра. У 1512 г. ён бліскуча вытрымаў у Падуанскім універсітэце (Італія) экзамены на вучоную ступень “у лекарскіх навуках доктара”.

У 1517 г. Скарына пачаў друкаваць кнігі ў Празе. Затым ён пераехаў у Вільню і там заснаваў друкарню, а з 1525 г. разгарнуў шырокую кнігавыдавецкую дзейнасць. Друкаваў Скарына перакладзеныя ім на беларускую мову царкоўныя кнігі (Біблію і інш.). Але ў адрозненні ад царкоўнікаў ён імкнуўся зрабіць тыя ж самыя кнігі каштоўнымі: у прадмовах да іх ён пісаў, што кнігі трэба выкарыстоўваць так, каб набыць звесткі па гісторыі, геаметрыі, геграфіі, арыфметыцы, прыродазнаўстве. Свае кнігі ён прызначаў не толькі беларускаму народу, але і на карысць “Братии своей Руси”.

На гэты ж час прыпадае і дзейнасць М. Гусоўскага (1430 – пасля 1533), якога можна разглядзець у якасці пачынальніка свецкай літаратуры. У 1523 г. ён выдаў паэму “Песня пра зубра”. Змест твора, заснаваны на асабістых уражаннях і перажываннях аўтара вызначаўся самабытнасцю. Зубр у паэме ўвасабляе алегарычны вобраз магутнасці роднага краю, гераічна падаецца мінулае продкаў. З вялікім мастацтвам тут апісваецца прырода і паляванне на зубраў.

Пачынае развівацца ў ХVІ ст. таксама разнастайная літаратура ў выглядзе гістарычных аглядаў: дзённікаў, мемуараў. У іх падзеі і факты мінулага і сучаснасць выкладаюцца ў строга храналагічным парадку, шмат увагі надаецца апісанню стыхійных бедстваў і значным грамадска-палітычным падзеям.

Так, невядомы нам аўтар “Баркулабаўскай хронікі” засведчыў 45-гадовы перыяд жыцця шырокіх слаёў насельніцтва, дае цудоўныя замалёўкі падзей, якія адбываюцца ў самой вёсцы і яе ваколіцах у другой палове ХVІ – пачатку ХVІІ ст. Піша аб неўраджайных і галодных гадах (1601–1603 гг.), аб уцёках сялян у Запарожскую Сеч. Аднак аўтар яшчэ не задумваецца над сацыяльнымі прычынамі гаротнага становішча сялян.

Вольнадумны погляд усталёўвае і Сымон Будны (1530–1593 гг.). Вядомы яго твор на беларускай мове “Катэхізіс”, (г.зн. “наука стародавняя християнская от святого письма”). Тут ён крытыкуе царкоўныя дагматы, большую частку царкоўных абрадаў, інстытут духавенства, які вялікім цяжарам ляжаў на плячах працоўнага люду. Рэзка бічуе свавольства і прыгнёт. Падкрэслівае значэнне рамяства як важнай крыніцы жыцця, а навучанне дзяцей рамяству лічыць абавязкам бацькоў. Патрабуе ў князёў і магнатаў, каб яны клапаціліся аб адукацыі народных мас, распаўсюджвалі навуку, будавалі школы. Патрабуе законнасці ў судах.

Як бачна, Сымон Будны па рэлігійным пытанні займае радыкальныя пазіцыі. А вось у пытаннях сацыяльных ён памяркоўны і асцярожны: крытыкуе толькі крайнасці прыгонніцкага ладу.

Палітычным ідэалам дзяржавы Буднага была асветніцкая манархія. Кароль, на яго думку, павінен быць гуманным, адукаваным чалавекам, кіравацца не асабістымі, а грамадскімі інтарэсамі, строга выконваць законы дзяржавы. Гасудару трэба акружаць сябе вучонымі-асветнікамі.

Пасля Скарыны найбольш моцна гучала тэма Радзімы, беларускай культуры, роднай мовы яшчэ ў аднаго вядомага прадстаўніка інтэлігенцыі Васіля Цяпінскага.

У ХVІ ст., дзякуючы актыўным зносінам з паўднёва-заходнімі славянскімі краінамі, з’явіліся творы перакладной літаратуры як царкоўнага, так і свецкага зместу. Значнае месца тут займаюць “жыція”. Напрыклад, “Жыціе Аляксея, чалавека Божага”, “Жыціе пратапопа Авакума”.

З канца ХVІ ст. пад уплывам барацьбы з сацыяльна-эканамічным і нацыянальна-рэлігійным прыгнётам нараджаецца палемічная рэлігійна-палітычная публіцыстыка. Гэтая літаратура была больш за ўсё ананімная ці пад псеўданімамі. Пісалася яна адукаванымі і эрудзіраванымі людзьмі і наносіла трапныя ўдары па ідэйных праціўніках праваслаўя, уніятах і каталіцкай царкве.

Значнае месца сярод твораў такой тэматыкі займаюць працы Мялеція Сматрыцкага (1572–1630 гг.). Лепшы яго твор “Фрынас” спалохаў караля, і той загадаў забараніць пад пагрозай штрафу ў 3 тыс. чырвоных злотых продаж і куплю кнігі Тэафіла Арталога (псеўданім Сматрыцкага), друкарню за гэта канфіскаваць, кнігі сабраць і спаліць, а наборшчыкаў, карэктараў і аўтара “Трынаса” арыштаваць і трымаць у турме да асобага распараджэння.

Сапраўдным прадстаўніком дэмакратычнага крыла ў палемічнай літаратуры быў Афанасій Філіповіч (1597–1648 гг.). У сваіх артыкулах, аб’яднаных у адзіны звод пад назвай “Дыярыуш”, ён паказвае, што нясе палітыка польскай шляхецкай дзяржавы беларусам і ўкраінцам.

У літаратуры рэфармацыйнага часу рэзка асуджаецца мясцовая феадальная знаць і шляхта, якая ў пагоні за ўсім іншаземным, нават у быце, разбурае свае нацыянальныя норавы, звычаі і традыцыі. Назавем тут самы ранні верш Яна Казіміра Пашкевіча “Польска квітней лацінаю”. У ім падкрэсліваецца моўная самабытнасць беларускага народа і гаворыцца, што беларуская мова – гэта будучая слава народа.

З новай сілай загараюцца іскры вальнадумства ў другой палове ХVІ–ХVІІ ст. Адзін з вальнадумцаў гэтага часу − Казімір Ляшчынскі (1634–1684), як і другія гуманісты, выступае супраць царквы, прыгнечання. Вядомы яго трактат − “Аб неіснаванні бога”. Бог ў яго ўяўленні – гэта фантазія людзей. Пануючы клас свядома выкарыстоўваў царкву для падтрымкі свайго панавання. Толькі розум чалавека – найвышэйшы суддзя ўсяго навакольнага, на яго і павінен спадзявацца чалавек. Ляшчынскі падзяліў лёс Джардана Бруна. Ён спалены на вогнішчы.

Асаблівае месца ў грамадска-палітычных поглядах гэтага часу займае плынь, накіраваная супраць нацыянальнага прыгнёту, супраць каталіцызму, за збліжэнне з Расіяй. Яе прадстаўнікамі былі такія вядомыя пісьменнікі і грамадскія дзеячы, як Сімяон Полацкі, Ілля Капіевіч (1657–1747), Георгій Канінскі (1717−1745).

С.Полацкі блізка стаяў да матэрыялізму. Напрыклад, прыроду ён параўноўваў з кнігай, якую ахоплівае чалавек сілай свайго розуму. Асвета, на яго думку, заклікана ўдасканальваць норавы, яна – лепшы сродак для знішчэння сацыяльных бед.

З імем Сімяона Полацкага (1629–1680) звязана развіццё паэзіі як самастойнага віду літаратуры (поўнае імя – Самуіл Емяльянавіч Пятроўскі-Сітніяновіч). С.Полацкі – таленавіты паэт і драматург, педагог і перакладчык, ён склаў Статут Славяна-грэка-лацінскай акадэміі – першай у Расіі вышэйшай навучальнай установы. Яна была адкрыта ў 1687 г. у Маскве. У гэтай акадэміі вучыўся Ламаносаў.

Паэтычная спадчына С.Полацкага перш за ўсё адлюстроўвала яго імкненне і, як ён пісаў, імкненне беларускага народа да ўз’яднання Беларусі з Расійскай дзяржавай. Цікавыя ў гэтых адносінах яго так званыя “метры” (дэкламацыі), напісаныя для публічнага чытання перад царом Аляксеем Міхайлавічам у час яго знаходжання ў Полацку.

Сімяон Полацкі вітае цара “от востока к нам пришедшего, белорусский же от нужды народ весь освобождшаго». Цар для паэта як “праведное солнце”, да якога “здавна бовем прагнули... души наши и сердца”. Паэт выказвае надзею, што цяпер цар будзе “по нас ревновати”, а народ беларускі будзе “под твою милость всегда прибегати”.

У 1661 г. паэт пакінуў Полацк і пераехаў у Маскву. Там ён разгарнуў актыўную педагагічную, палітычную, літаратурную і выдавецкую дзейнасць. С.Полацкі шмат зрабіў для развіцця культуры і навукі, збліжэння Рускай дзяржавы з Беларуссю і Украінай. У Маскве ён разгарнуў вялікую дзейнасць як выдавец кніг, узначаліў крамлёўскую друкарню.

І.Капіевіч адлюстроўвае інтарэсы людзей, якія імкнуліся да збліжэння з Расіяй. У сваіх творах (“Словарь”, “Руковедение во грамматику” і інш.) ён паказвае агульнасць мовы і культуры двух народаў, вітае ўмацаванне Расіі, бачыць у гэтым працэсе гарантыю збліжэння і аб’яднання рускіх, беларусаў, украінцаў. Усімі сродкамі ён імкнецца садзейнічаць развіццю і пашырэнню асветы сярод іх. Капіевіч упершыню ў Расіі выдае падручнікі па арыфметыцы, астраноміі, навігацыі, па замежных мовах, піша кнігі па гісторыі. “Вывучэнне гісторыі, - піша ён, - не з’яўляецца пустым інтарэсам, яно дае карысць як ва ўзаемаадносінах людзей (польза дамавая), так і ва ўзаемаадносінах дзяржаў (польза сусветная)”.

З Беларуссю звязана дзейнасць і Георгія Канінскага, пра якога Пушкін сказаў: “Георгі ёсць адзін з самых дабрапамятных мужоў мінулага стагоддзя. Жыццё яго належыць гісторыі”. У сваіх шматлікіх прамовах, адозвах, пропаведзях ён абараняў правы беларусаў размаўляць і пісаць на роднай мове, прытрымлівацца сваіх нацыянальных звычаяў. А калі Беларусь была ўключана ў склад Расіі, ён прыступіў да стварэння тут рускіх школ, распаўсюджваў рускую мову і культуру. У філасофіі Канінскі – прыхільнік Арыстоцеля. Ён даказвае існаванне бога як канечнай прычыны ўсяго існуючага, лічыць, што матэрыяльны свет складаецца з формы і матэрыі.

Канінскі выказвае ўпэўненасць у здольнасці людзей пазнаваць навакольны свет, таму што прырода чалавека такая, што ён жадае ўсё ведаць. Высока цэніць Канінскі прыродазнаўчыя навукі, іх ролю ў пазнанні свету, з павагай гаворыць пра тэорыю Каперніка, выказвае думкі пра незнішчальнасць розных формаў матэрыі, іх ўзаемапераўтварэнні. “З нічога нішто не ўзнікае”, – паўтарае Канінскі.

У выяўленчым мастацтве ХІV – першай паловы ХVІІ ст. найбольш пашыраным з’яўляецца станковы жывапіс (іконы), насценныя роспісы і дэкаратыўная скульптура палацаў і культавых пабудоў.

Пашыраецца кніжная графіка. Кнігі ўпрыгожваюцца мініяцюрамі апосталаў, застаўкі і загалоўныя літары скампанаваны са стылізаваных малюнкаў чалавечых фігур, звяроў і расліннага арнаменту. Напрыклад, літара “Д” мае выгляд чалавека, які сядзіць на плеценым крэсле і іграе на цымбалах.

У далейшым (другая палова ХVІІ – ХVІІІ ст.), як і ў папярэднія стагоддзі, галоўная ўвага ў выяўленчым мастацтве звярталася на стварэнне вобразаў, насценных роспісаў і скульптур для цэркваў, касцёлаў, палацаў і гравюр для ўпрыгожвання кніг.

З жанраў жывапісу паспяхова развіваўся партрэт. На партрэтах і гістарычных карцінах малявалі, як правіла, феадальную знаць і вышэйшае духавенства.

У пачатку ХVІ ст. асаблівае развіццё ў Беларусі атрымліваюць школьныя тэатры. Яны ўзнікаюць пры праваслаўных брацтвах. У іх паказваюць п’есы рэлігійнага зместу, а таксама велікодныя і калядныя драмы, п’есы на гістарычныя тэмы. З гістарычнага мінулага Польшчы і Беларусі вядома п’еса “Уладзіслаў Ягайла, кароль польскі і разгром ім крыжаносцаў пад Грунвальдам” і драма “Пра Барыса і Глеба”. П’есы ў асноўным ішлі на польскай мове, на беларускай пісаліся інтэрмедыі, якія выконваліся паміж актамі драм. Інтэрмедыі пісаліся на матэрыяле з народнага жыцця.

Пачынаючы з ХVІ ст., у Беларусі развіваецца лялькавы тэатр “батлейка”. Тварэннем школьнага і лялькавага тэатра з’яўляецца беларускі весялун і жартаўнік, народны заступнік - Несцерка.

У ХVІ ст., асабліва ў другой яго палове, у Беларусі развіваюцца так званыя прыгонныя тэатры: буйныя магнаты заводзілі ў сябе аркестры, хары, балетныя і оперныя трупы, выкарыстоўваючы для гэтай мэты сваіх прыгонных. Дамінуючае месца ў такіх тэатрах займалі п’есы Мальера, камедыі Вальтэра. Прыгонны тэатр – своеасаблівая пераходная форма ад школьнага да прафесійнага прыватнага. Радзівілы пасылалі вучыцца сваіх прыгонных акцёраў нават у Італію. Прыгонныя тэатры былі ў Віцебску, Полацку, Дуброўне.

Як бачна, у геапалітычнай прасторы Еўропы ў эпоху новага часу Беларусь уяўляла сабой рэгіён не толькі адкрыты для знешняга ўздзеяння, але і сама мела здабыткі для пераймання іншымі народамі. Беларусь мела кантакты з краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. Па запрашэнню на Беларусь прыезджалі замежныя дойліды, жывапісцы, майстры-рамеснікі. З іх дапамогай былі ўзведзены магутныя замкі ў Гродне, Навагрудку, Лідзе, Міры і іншых мясцінах. Італьянскія майстры ажыццявілі амаль поўную перабудову Нясвіжа. Абавязковымі былі выезды беларусаў і дойліды на вучобу ва ўніверсітэты Італіі, Францыі, Германіі.

Першай праявай міжнародных кантактаў ВКЛ з іншымі дзяржавамі стала кнігадрукаванне і напісанне арыгінальных твораў. Станоўчым вынікам кантактаў з замежжам, з’яўляецца стварэнне ў Беларусі пратэстанцкіх і кальвінісцкіх абшчын, якія і спрыялі развіццю тут адукацыйнай справы.