Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЭУМКД Беларуская мова (Культура маўлення).docx
Скачиваний:
674
Добавлен:
11.05.2015
Размер:
1.32 Mб
Скачать

1.4. З гісторыі беларускай графікі

Графіка (грэч. graphike – намаляваны; graphо – пішу) – сукупнасць сродкаў пісьма, якія выкарыстоўваюцца для фіксацыі мовы. Графікай таксама называюць раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца пісьмовыя знакі і суадносіны паміж літарамі і гукамі, а таксама абрысы літар, знакаў.

Асноўнымі сродкамі графічнай сістэмы беларускай мовы з’яўляюцца літары.

У гісторыі беларускага пісьменства вядомыя наступныя графічныя сістэмы: кірылічная (кірыліца1[1]), лацінская (лацініца2[2]) і арабская (кітабы) графіка.

На землі ўсходніх славян кірыліца прыйшла ў канцы Х – пачатку ХІ ст. з прыняццем хрысціянства (988 г. – Кіеў, 992 г. – Полацк, 1005 г. – Тураў). Старажытная беларуская мова карысталася традыцыйным кірылічным алфавітам, які ўключаў 43 літары.

Да ХVІ ст. кірылічнае пісьмо было толькі рукапісным. У ХVІ ст. (1517 г.) Ф. Скарынам быў пакладзены пачатак кнігадрукавання ва ўсходніх славян. На аснове кірыліцы Ф. Скарына стварыў шрыфт, у якім былі загалоўныя (вялікія) і радковыя (малыя) літары. З гэтага часу пачынаюць выкарыстоўвацца рукапісныя і друкаваныя літары.

Разам з тым, у ХVІ ст. кнігі на беларускай мове пісаліся і арабскім пісьмом. Яны ствараліся татарамі, што пасяліліся на Беларусі ў ХІІ- ХV стст. і паступова забыліся на татарскую мову, але ведалі беларускую і выкарыстоўвалі арабскае пісьмо. Свяшчэнныя кнігі беларускіх татараў – “кітабы” – вельмі дакладна адлюстроўвалі фанетычныя, граматычныя і лексічныя асаблівасці тагачаснай беларускай мовы, нашмат паслядоўней, чым нават тагачасныя помнікі пісьменства, напісаныя на кірыліцы.

Аднак найбольш распаўсюджаным на Беларусі было кірылічнае пісьмо, якім карысталіся да канца ХVІІ-пачатку ХVІІІ стст.

Пасля забароны (1696 г.) польскім сеймам выкарыстоўваць беларускую мову у справаводстве афіцыйнай становіцца польская мова, у аснове графічнай сістэмы якой ляжыць лацінскае пісьмо. Такім чынам, побач з кірыліцай з канца ХVІІ ст. на Беларусі ўжываецца лацінская графіка ў польскім яе варыянце. Беларускія пісьменнікі, што стаялі ля вытокаў новай (нацыянальнай) літаратурнай мовы – В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч, пісалі свае творы лацінскімі літарамі. Першая нелегальная беларуская газета “Мужыцкая праўда”, якую выдаваў напярэдадні паўстання 1863 г. Кастусь Каліноўскі, таксама друкавалася лацінкай. Першыя легальныя беларускія газеты “Наша доля” і “Наша ніва” выкарыстоўвалі дзве графічныя сістэмы: кірыліцу і лацінку. Лацінка ў беларускім пісьменстве праіснавала да 20-х гадоў ХХ ст., а ў Заходняй Беларусі да 1939 г. Сёння беларускую лацінку мы можам бачыць на надрукаваных новых схемах мінскага метрапалітэна ў назвах станцый (Plošča Jakuba Kolasa, Hrušaŭka і г.д.)

Дзве графічныя сістэмы – лацінка і кірыліца – выкарыстоўваліся да самага пачатку ХХ ст. Аднак традыцыйная кірыліца да гэтага часу моцна змянілася. Загадам Пятра І ў 1708 г. была праведзена рэформа кірылічнага пісьма. Рэфармаваная кірыліца атрымала назву грамадзянскай азбукі. З узорамі літар грамадзянскага алфавіта, якія на той час ужо ўжываліся ў Вялікім Княстве Літоўскім, пазнаёміў Пятра І беларус Ілья Капіевіч – манах, асветнік, кнігавыдавец.

У выніку рэформы графікі былі выкінуты некаторыя літары (юсы, амега, ксі, псі і інш.), спрошчаны знешні выгляд літар, якія па форме набліжаны да лацінкі, прынятыя і лацінскія назвы літар (а, бэ, вэ) замест кірылаўскіх (азъ, буки, веди). У рускім алфавіце было ўведзена некалькі новых літар: э (узаконена Пятром І), літара й (зацверджана ў 1735 г. Расійскай Акадэміяй навук (у беларускіх тэкстах яна выкарыстоўвалася з ХVІ ст.), і літара ё, якую ўвёў у 1797 г. пісьменнік М. Карамзін (замест спалучэння іо) [41].

У канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. у беларускай графіцы сталі ўжывацца літары дз, дж, спалучэнні шч (на месцы щ), ц (на месцы [т’]) ё, і, ў, раздзяляльны знак – апостраф (’). Былі выдаленыя з беларускага пісьма літары ѣ (яць), и, щ, ъ.

Такім чынам, на пачатку ХХ ст. у практыцы кнігадрукавання на аснове грамадзянскага шрыфту склалася ўласная графічная сістэма, якая захавалася да нашых дзён.