Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЭУМКД Беларуская мова (Культура маўлення).docx
Скачиваний:
674
Добавлен:
11.05.2015
Размер:
1.32 Mб
Скачать

2.3. Нарматыўнае беларускае маўленне

У выніку беларуска-рускай інтэрферэнцыі парушаюцца нормы абедзвюх моў. Важным з’яўляецца высвятленне пытання пра паняцце моўнай нормы.

Норма – адна з істотных прыкмет літаратурнай мовы. Беларуская літаратурная мова – асноўная, вышэйшая форма нацыянальнай мовы. Яна апрацоўвалася і творча ўзбагачалася многімі пакаленнямі пісьменнікаў, навукоўцаў, дзеячаў культуры і асветы. Літаратурная мова ўжываецца ў розных сферах жыцця і дзейнасці беларускага народа, у ёй выпрацавана разгалінаваная сістэма функцыянальных стыляў.

Для стабільнага і надзейнага функцыянавання літаратурнай мовы ў ёй замацаваны нормы - сукупнасць найбольш устойлівых, традыцыйных элементаў мовы, гістарычна адабраных і замацаваных грамадскай моўнай практыкай у якасці агульнапрынятых правілаў [43, с. 83]. Такім чынам, наяўнасць моўных нормаў забяспечвае ўстойлівасць літаратурнай мовы.

Моўная норма – гэта катэгорыя аб’ектыўная, не ствараецца асобнымі навукоўцамі, адлюстроўвае сучасны стан беларускай літаратурнай мовы, падтрымліваючы выпрацаваныя ў ходзе працяглай маўленчай практыкі набыткі. Такім чынам, моўная норма – гэта яшчэ і гістарычная катэгорыя. Таму норме ўласціва стабільнасць, якая дыктуецца патрэбай у захаванні цэласнасці моўных сродкаў і ўстойлівасці правілаў іх выкарыстання. Аднак гэта не азначае, што норма статычная і нязменная. Змены моўнай нормы адбываюцца паступова – афіцынаму замацаванню папярэднічае перыяд варыянтнасці (суіснаванне “старых” і “новых” форм, якія не адрозніваюцца ўжываннем, выкарыстоўваюцца абсалютна тоесна). Варыянты існуюць на ўсіх моўных узроўнях: напрыклад, на лексічным (адзенне адзежа, Благавешчанне Дабравешчанне), сінтаксічным (ісці па лесе ісці лесам, глядзець і ўсміхацца глядзець, усміхаючыся) і г.д Такім чынам, нормы мовы адносна ўстойлівыя, стабільныя і адначасова гнутнкія і зменлівыя.

Адбор моўных сродкаў займае працяглы час і можа завяршыцца або знікненнем аднаго з варыянтаў, або іх размежаваннем (калі кожны мае статус нормы, аднак функцыянуе як асобная адзінка). Трэба адрозніваць дапушчальныя варыянты літаратурнай нормы ад памылак (напр.: дзіця - дзіцё, паўтара кілаграма паўтары кілаграмы, раба рабыня – раўнапраўныя варыянты; а пачнем замест пачнём, у паліце замест у паліто, сабака пабегла замест сабака пабег – памылкі). Для выбару нарматыўнага варыянту неабходна карыстацца адпаведнымі слоўнікамі.

Беларуская літаратурная мова, як і іншыя мовы, мае свае нормы:

- арфаэпічныя/фанетычныя (правільнае вымаўленне гукаў і іх спалучэнняў);

- акцэнталагічныя (правільная пастаноўка націску);

- арфаграфічныя (правільнасць перадачы вуснага маўлення згодна з правапісам);

- лексічныя (правільны выбар слова для пэўнага паняцця ў адпаведным кантэксце);

- фразеалагічныя нормы (традыцыйнае, замацаванае практыкай ужыванне ўстойлівых моўных адзінак);

- словаўтваральныя (веданне і ўжыванне нарматыўных словаўтваральных мадэляў);

- граматычныя (правільнае ўтварэнне словаформ, спалучэнняў слоў і пісьменная пабудова сказаў);

- пунктуацыйныя нормы (правільная пастаноўка знакаў прыпынку);

- стылістычныя (выкарыстанне моўных адзінак у адпаведнасці з пэўным стылем).