Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ФП дапаможнік.rtf
Скачиваний:
27
Добавлен:
07.07.2019
Размер:
1.63 Mб
Скачать

1.7. Смехавая проза

Гэты раздзел фальклорнай прозы вельмі слаба прадстаўлены ў нашым архіве, таму на яго трэба звярнуць асаблівую ўвагу.

Жанры смехавай прозы скіраваны на тое, каб выклікаць у слухача ўсмешку. Да іх ліку адносяцца небыліцы, анекдатычныя казкі, анекдоты, жарты, досціпы (гумарэскі).

У дадзеным выпадку наша задача будзе скіравана на тое, каб адшукаць і запісаць беларускія анекдоты, якія ў сваёй тэматыцы і стылістыцы маюць нацыянальныя рысы, расказваюцца па-беларуску, лічацца сваімі. Даследчыкі фальклору слушна падкрэслівалі, што ў анекдотах своеасаблівасць нацыянальнага і мясцовага матэрыялу праяўляецца значна вастрэй, чым, напрыклад, у казках. Нярэдка на адзін і той жа сюжэт бытуюць уласна анекдоты і анекдатычныя казкі. Як іх адрозніваць? Практычна па колькасці эпізодаў. Анекдот – гэта часцей за ўсё аднаэпізоднае апавяданне пра смешную падзею, сітуацыю, рысу характару чалавека ці ўчынак, якое мае неспадзяваную камічную развязку. Анекдатычныя казкі звычайна не абмяжоўваюцца адным эпізодам, імкнуцца да разгорнутасці, сюжэтнасці, «абрастання» трапнымі мастацкімі дэталямі.

Некаторыя беларускія вёскі, як і балгарскі горад Габрава, славіліся сваімі анекдотамі. Вёска Маркавічы, што на Гомельшчыне, напрыклад, карысталася ў беларусаў тою ж славай, як Пашахонне ў рускіх. У 30-я гг. ХХ ст. фалькларысты запісалі анекдоты аб хваенцах (в. Хвойня Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці), якія нібыта цягнулі вяроўкай вала на дуб, каб прымерыць кульбаку, усцягвалі на страху карову паесці зялёнае жыта, якое парасло з нявымалачанай саломы, і інш.

Жарты і гумарэскі амаль не адрозніваюцца ад анекдотаў. Аснова жарту – смешнае здарэнне, дасціпная насмешка над паасобнымі рысамі і якасцямі людзей. Яго найбольш папулярная форма – дыялог з нечаканай завяршальнай фразай. У адрозненне ад анекдота ў гумарэсцы можа адсутнічаць нечаканая камічная развязка. Гумарэска характарызуецца незласлівасцю і добразычлівасцю насмешкі з прыватных з’яў.

Трэба сказаць, што і прафесійныя фалькларысты з цяжкасцю адрозніваюць жарты і гумарэскі ад анекдотаў, таму ў выданнях змяшчаюць іх пад агульнай назвай «Жарты, анекдоты, гумарэскі», а ў каментарыях не пазначаюць жанравую прыналежнасць таго ці іншага твора.

Апытальнік для збору смехавай прозы

1. Ці ведаеце вы такія смешныя расказы, дзе ўсё парушана, адбываецца навыварат? Вось як у гэтым: «Наняўся я ў аднаго гаспадара пчол пáсціць – пяцьдзесят раёў пчол. Кожны дзень трэба было іх сашчытаць і выпусціць за пажыўнасцю. Вернуцца – трэба пералічыць іх, выдаіць і ў вуллі пазаганяць...»

2. Ці ведаеце вы розныя смешныя кароткія гісторыі пра:

  • паноў, папоў, ксяндзоў, аканомаў, войтаў, наглядчыкаў і г. д., пра іх махлярствы і любоўныя пахаджэнні;

  • кемлівых мужыкоў;

  • хітрых і разумных жонак;

  • кемлівых салдат, жабракоў, зладзеяў;

  • ашуканага мужыка;

  • цыганоў, яўрэяў, ліцвінаў, палешукоў, мазураў, ляхаў, маскалёў, хахлоў, немцаў, жыхароў пэўнай мясцовасці, мястэчка, вёскі, членаў сям’і з пэўным прозвішчам, мянушкай і г. д.;

  • мужыка і жонку, пра бацькоў і дзяцей;

  • дурняў, хітруноў, п’яніц, гультаёў, абжор, жулікаў і г. д.?

Узор запісу:

а) Поп, едучы ў дарогу, схаваў пад сядзенне перакуску, што пападдзя яму падрыхтавала. Мужык, які вёз папа, намацаў яе ды з’еў. У дарозе, захацеўшы перакусіць, поп падняў сядзенне, але нічога там не знайшоў.

– Ох, Цімох, Цімох, я гэтага не люблю, – сказаў ён з дакорам мужыку.

– Я ж ведаў, бацюшка, што не любіце, таму сам і з’еў, – адказаў кемлівы мужык.

б) Поп: Скажы, Данілка, хто на свеце самы весялейшы?

Данілка: Вы, бацюшка!

Поп: Чаму ж гэта я?

Данілка: Таму што калі мая мама памёрла, дык усе плакалі, а вы спявалі.

в) Аднае нядзелі пазбіраліся палешукі і няма ім з чаго які смех зрабіць, так узялі ката, прывязалі да яго гарошыну дый запалілі. Кот як ні пойдзе, крычачы, паміж гумен, тут неяксь страха загарэлася, дый ляснула ўся вёска, як свечка. От як палешукі ўмеюць смех зрабіць!

г) – Не, – кажа цыган дзецям сваім, лежачы ў цяньку, – я пайду на кірмаш, куплю кабылу. Кабыла прывядзе нам жарэбчыка...

– А я буду ездзіць на ім! – крычыць цыганоў сын.

Цыган плясь яму па мордзе!

– А заездзіш?!

д) Крычыць Кастусь з печы:

– А ну, падай, жонка, пірог!

– Да ты хоць вочы прадзяры!

– Дык рукі ж заняты: якраз чарку наліваю!