Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ФП дапаможнік.rtf
Скачиваний:
27
Добавлен:
07.07.2019
Размер:
1.63 Mб
Скачать

7.3. Жартоўныя песні

Асноўнымі тэмамі жартоўных песень з’яўляюцца сямейна-бытавыя адносіны, маральныя заганы пануючых класаў грамадства і звычайных людзей, узаемныя насмешкі дзяўчат і хлопцаў, кума і кумы, жартоўныя спрэчкі жонкі і мужа, дзеда і бабы, зяця і цешчы, камічныя супярэчнасці ў сям’і, недарэчныя ўчынкі, алагічныя сітуацыі, небыліцы пра жывёл і птушак, неверагодныя гісторыі і інш. Сустракаюцца жартоўныя творы эратычнага зместу.

Узор запісу:

А ШТО Ж ГЭТА ЗА ЧУТКА БЫЛА,

(жартоўная песня-небыліца пра жывёл)

А што ж гэта за чутка была,

Ды што курачка бычка радзіла.

Парасёначак яечка знёс,

А бязрукі яечка ўхапіў

Ды голаму за пазуху заклаў.

А бязногі іх пабег даганяць,

А сляпы на старожках стаяць,

А глухі стаў падслухваць,

А нямы закрычаў: каравул!

У в а г а! Пры запісе жартоўных песень побач з вызначаным відам указвайце тэматычную разнавіднасць песні, напрыклад: жартоўная песня пра хлапечыя заляцанні, пра лянівую жонку, пра насякомых і г. д.

7.4. Жорсткі раманс

Паводле свайго сюжэтыту і тэматыкі жорсткі раманс падобны на баладныя песні пра нешчаслівае каханне, драматычныя ці трагічныя выпадкі ва ўзаемаадносінах паміж дзяўчынай і хлопцам. Асноўнае адрозненне жорсткага раманса ад балады заключаецца ў тым, што ў ім узноўлена псіхалогія маргінальнага асяроддзя, свет сучасных каштоўнасцей, а невырашальны характар канфлікту абумоўлены дэградацыяй маральнага стану грамадства.

Даведка. Гістарычна жорсткі раманс – набытак гарадской культуры, аднак у другой палове ХХ ст. сфера яго бытавання пашырылася. На вёсцы, ды і ў горадзе пры запісе ад інфарманта назвы «жорсткі раманс» можна і не пачуць: і балады, і жорсткі раманс яны могуць назваць як «жаласлівыя песні» пра некага (нешта). Таму правільнае вызначэнне віду твора будзе залежаць ужо ад вашых ведаў.

7.5. Прыпеўкі

Прыпеўкі – самы прадуктыўны песенны жанр. Іх вызначальныя паэтычныя рысы – лаканічная чатырохрадковая форма, наяўнасць рыфмы і харэічнага метру, здольнасць хутка, дасціпна і з гумарам адгукацца на любыя змены ў грамадстве, побыце і прыватным жыцці чалавека.

П а р а д а. Пры запісе прыпевак звяртайце ўвагу на якасць гумару і паэтычнай вобразнасці, на мастацкасць твора. Пры вызначэнні віду ўказвайце не толькі «прыпеўка», але і яе тэматычную разнавіднасць, напрыклад, «прыпеўка пра каханне хлопца да дзяўчыны», «прыпеўка пра мужа-пьяніцу», «палітычная прыпеўка» і інш.

Апытальнік для збору пазаабрадавай паэзіі

1. Якія духоўныя вершы (старэцкія песні) вам вядомы? Якія персанажы ў іх удзельнічаюць: Праўда/Няпраўда (Крыўда), Багародзіца, Ягорый Пераможца, жабрацкая брація, Пятніца, Аляксей, чалавек Божы, ці інш.?

2. Ці чулі вы вершы пра Галубіную кнігу з апавяданнем пра першапачатак Сусвету, стварэнне зямной іерархічнай сістэмы, барацьбу Праўды і Няпраўды?

3. Ці ведаеце вы вершы пра падзвіжнікаў і праведнікаў (Хвёдара Церына, Аляксея, чалавека Божага, Алісахвія-царэвіча і інш.), святых і велікамучанікаў (Ягорыя Пераможцу, Мікіту – Хрыстова мучаніка, Барыса і Глеба, Зміцера Салунскага і інш.)?

4. Ці спяваюць у вас духоўныя вершы на старазапаветныя і евангельскія тэмы: пра Адама, Восіпа Прыгожага, Багародзіцу, Узнясенне Хрыстова, пакуты Хрыстовы, Лазара?

5. Ці ведаеце вы вершы пра Пятніцу, жабрацкую брацію? Пра якія з вершаў старавераў можаце расказаць?

6. Ці вядомы ў вашай мясцовасці псальмы? Пра што ў іх спяваецца?

7. Дзе і калі спяваюцца песні пра каханне і сямейнае жыццё («за кудзеляй», «на бяседзе» і г. д.)? Якія матывы распрацоўваюцца ў такіх песнях: няшчаснага (шчаслівага) кахання (шлюбу), вымушанага расстання, жыцця з нялюбым (нялюбай), прыгнёту ў сям’і мужа і г. д.?

8. Ці ведаеце вы песні пра горкую долю ўдавы, беднай сястры, сіраты, прымака?

9. Ці захаваліся ў вёсцы песні пра казакоў, бурлакоў, батракоў, чумакоў, паноў?

10. Ці спяваюць зараз песні пра службу ў войску (казацкія, рэкруцкія, салдацкія)?

11. Дзе часцей за ўсе можна пачуць жартоўныя песні?

12. Ці вядомы ў вас «жаласныя» песні (пра забойства, атручванне, дачку-птушку, братоў-разбойнікаў, спрэчку каня з арлом, ваўкоў-нянек, заклятае вяселле, смерць, гора, долю, Бандароўну, мужа Дуная, дзяўчыну-ціхоню і г. д.)?

13. Ці ведаеце вы песні з загадкамі?

14. Ці вядомы вам спецыяльныя песні i прыпеўкі да танцаў?