Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ФП дапаможнік.rtf
Скачиваний:
27
Добавлен:
07.07.2019
Размер:
1.63 Mб
Скачать

7. Пазаабрадавая лірыка

У навуковай літаратуры існуе праблема класіфікацыі пазаабрадавай лірыкі. І гэта зразумела: у жанравым плане фальклор вельмі багаты; прапанаваць ідэальную класіфікацыю, у якую б укладваліся абсалютна ўсе творы, складана. У сувязі з гэтым мы паспрабавалі ўлічыць усе вядомыя падыходы да класіфікацыі пазаабрадавай паэзіі і прапануем вам наступны варыянт:

7.1. Бытавыя песні

У іх складзе вылучаюцца наступныя разнавіднасці твораў, звязаных з пазаабрадавай сферай жыцця чалавека: любоўныя, элегічныя, сямейныя, сіроцкія, удовіныя, прымацкія

У в а г а! У зводзе беларускага фальклору (БНТ: Беларуская народная творчасць) названыя разнавіднасці песень пададзены крыху інакш: асобнымі тамамі прадстаўлены любоўныя і сямейна-бытавыя песні. Да апошніх аднесены ўласна сямейныя, сіроцкія, удовіныя творы. У плане класіфікацыі гэта тыя ж творы, якія мы прапануем пад агульнай назвай «Бытавыя песні». Прымацкія песні ў зводзе змешчаны ў томе «Сацыяльна-бытавыя песні».

Кожная з тэматычных разнавіднасцей песень мае свае характарыстыкі, таму іх можна лёгка распазнаць і правільна вызначыць.

Любоўныя песні (ці песні пра каханне).

Прысвечаны тэме кахання – шчаслівага, нешчаслівага, ідэальнага і г. д. У цэнтры твораў – лірычны герой (дзяўчына ці хлопец), яго эмацыянальна афарбаваныя роздумы, пачуцці і перажыванні. Формай іх перадачы, як правіла, з’яўляюцца маналагічныя споведзі-прызнанні, споведзі-скаргі, дыялогі. Важны момант у перадачы псіхалагічнай карціны любоўнага перажывання належыць пейзажным замалёўкам.

Узор запісу:

ОЙ, РЭЧАНЬКА, РЭЧАНЬКА…

(любоўная песня)

– Ой, рэчанька, рэчанька,

Чаму ж ты не поўная?

Ай, люлі, люлі, люлі, люлі,

Чаму ж ты не поўная?

Чаму ж ты не поўная,

З беражком не роўная?

Ай, люлі, люлі, люлі, люлі,

З беражком не роўная?

– А як жа мне поўнай быць,

Ясь млоды каня паіць.

Ай, люлі, люлі, люлі, люлі,

Ясь млоды каня паіць.

Ясь млоды каня паіць,

Кася воду чэрпаіць.

Ай, люлі, люлі, люлі, люлі,

Кася воду чэрпаіць.

– Ах, Ясенька, Ясенька,

Чаму ж ты не жэнішся?

Ай, люлі, люлі, люлі, люлі,

Чаму ж ты не жэнішся?

Чаму ж ты не жэнішся,

На каго надзеішся?

Ай, люлі, люлі, люлі, люлі,

На каго надзеішся?

– Ой, рэчанька, рэчанька,

Чаму ж ты не поўная?

Ай, люлі, люлі, люлі, люлі,

Чаму ж ты не поўная?

У в а г а! Часта ў якасці аб’екта кахання дзяўчыны выступае хлопец-казачэнька. У традыцыйнай лірыцы гэта тыповы вобраз маладога нежанатага хлопца, а не ўказанне на сацыяльную прыкмету: казакі як асобная група з’яўляюцца цэнтральнымі вобразамі-персанажамі ў сацыяльных казацкіх песнях. Каб не заблытацца ў вызначэнні віду песні, уважліва прачытайце тэкст твора, вызначце яго тэму і калізію. Калі твор пра дзяўчыну і хлопца-казачэньку – перад вамі тыповая любоўная песня.

Элегічныя песні (паводле класіфікацыі В. Гусева). Падобныя на песні пра каханне, таму што вызначаюцца такім жа лірызмам, перадачай пачуццяў і настрояў. Іх адрозненне – у вобразнай сістэме твора: у элегічных песнях суб’ект перажывання (хлопец, дзяўчына) не прадстаўлены, акцэнт робіцца на апісанні прыроды (пейзажныя малюнкі), радзей – на інтэр’ер хаты. У іх перадаецца агульны характар перажывання.

Узор запісу:

СТАІЦЬ ГАРА ВЫСОКАЯ…

(элегічная песня)

Стаіць гара высокая,

А над гарою гай,

Зялёны гай, красівенькай,

Не йначай праўда рай.

Прыпеў: Зялёны гай, красівенькай,

Не йначай праўда рай.

А ў том гаю цячэ рэчка,

Як шкло вада блішчыць.

Далінаю шырокаю

Куды яна бяжыць?

Прыпеў: Далінаю шырокаю

Куды яна бяжыць?

Бяжыць яна край берага,

Дзе вяжуцца галіны.

Схіліліся тры дзераўца

Тай журацца яны.

Прыпеў: Схіліліся тры дзераўца

Тай журацца яны.

Пройдзець вясна, за ім лецейка,

Наступяць халада.

Асыпяцца з іх лісцейка,

Да й панясе вада.

Прыпеў: Асыпяцца з іх лісцейка,

Да й панясе вада.

Асыпецца з іх лісцейка,

Да й панясе вада.

А маладосць не вернецца,

Не вернуцца гада.

Прыпеў: А маладосць не вернецца,

Не вернуцца гада.

Сямейныя песні.

Распрацоўваюць тэмы сямейнага дэспатызму і жаночай долі. Асноўныя матывы – сум па роднай хаце і бацьках (праз успаміны і звароты да братоў і родных), скаргі, слёзы і праклёны прыгнечанай нявесткі, папрокі зяцю ад цешчы і г. д. Сустракаюцца, хоць і рэдка, песні, дзе гаворыцца аб добрым і чулым свёкры. Асобную групу складаюць песні-аповеды пра ўзаемаадносіны жонкі і мужа, жыццё з нялюбым (нялюбай) ці старым мужам, нявернасць мужа (радзей – жонкі) і г. д. Названыя творы ў большасці сваёй спяваліся жанчынамі.

Узор запісу:

КАЛІНА-МАЛІНА, НЕ СТОЙ НАД ВАДОЮ… ЧЫЙ СВЁКАР БЛАГІ…

(сямейная песня пра родную хату) (сямейная песня аб добрым свёкры)

Каліна-маліна, не стой над вадою Чый свёкар благі,

Да не раўнуйся са мною. А мой свёкар добры,

Было табе тады раўнавацца, Ён мяне не судзіць,

Як я ў роднай мамкі жыла: Раненька не будзіць,

Бялей твайго цвету цвіла, Ён сам устаніць,

Чырваней ягодак была. А мяне накрываіць:

Як стала ў свёкаркі жыць – – Спі, спі, нявехначка,

Стала жоўта, як ліпінька, Спі, маё дзіцятка,

Стала тонка, як былінка. Тваё дзіця мала,

Ночкі не даспала,

Усю ночку сядзела,

Свечачка гарэла.

Сіроцкія і ўдовіныя песні.

Прысвечаны тэме няшчаснага, складанага лёсу дзяцей і ўдавы пасля страты бацькоў і мужа. Для іх характэрны матывы скаргаў на долю, слёз, пакут у перадачы шчымлівага болю, звароты да памерлых, долі, Бога (напрыклад, Гасподзь Бог навучае сірату, як і дзе знайсці сваю мамку, і г. д.). Форма арганізацыі твора, як правіла, аповедна-дыялагічная.

Узор запісу:

ОЙ, НА ГАРЫ, ОЙ, НА КРУТОЙ… КУВАЛА ЗЯЗЮЛЯ…

(сіроцкая песня) (удовіная песня)

Ой, на гары, ой, на крутой, Кувала зязюля,

Хадзілі-варкавалі пара галубоў, Цераз сад летучы,

Адкуль ні вазьміся ахотнік прыйшоў, Плакала сіротка,

Разбіў, разлучыў пару галубоў. На службу ідучы.

Галубка забіў, галубку злавіў, – Не кувай, зязюля,

Узяў пад полу, прынёс дадому. Цераз сад летучы,

Прынёс дадому, дый кінуў да долу. Не плач ты, сіротка,

Наліў ёй з крыніцы студзёнай вадзіцы, На службу ідучы.

Поўна карытца насыпаў пшаніцы. Маеш ручкі, ножкі,

Галубка не есць, галубка не п’е, Светленькія вочкі –

На тую круту гору ўсё плакаць ідзе Будзеш ты рабіці

<…>. Да цямненькай ночкі <…>.

Прымацкія песні.

З’яўляюцца люстраным адбіткам сямейных жаночых песень, з той толькі розніцай, што ў іх жаліцца на свой лёс прымак, які жыве ў хаце жонкі. Часам сярод прымацкіх песень сустракаюцца творы жартоўна-гумарыстычныя.

Узор запісу:

ЯК ПАЕХАЎ НАШ ПРЫМАК У ПОЛЕ АРАЦІ…

(прымацкая песня)

Як паехаў наш прымак у поле араці,

Ой, забыўся ж наш прымак хлеба, солі ўзяці.

Гарэ прымак, гарэ прымак з гары ў даліну,

Яго жонка гаварыла: «Я цябе пакіну!»

Аж прыходзіць яго жонка на другі дзень рана,

Настукала, нагрукала: наараў прымак мала.

А ён кажа: «Не дзівіся, дзе саха арала,

А дзівіся, мая міла, дзе скрыпачка грала.

Скрыпачка з ліпанькі, а струны із руты,

Як зайграе – сэрца вяне, па Украіне чуці».

Прыехаў прымак з поля і не ўспеў сесці,

Яго цешча загадала: «Нясі свінням есці!»

– Бадай, свінні паздыхалі, а хата згарэла,

Як мне гэта прымацкае жыццё надаела!