Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ФП дапаможнік.rtf
Скачиваний:
27
Добавлен:
07.07.2019
Размер:
1.63 Mб
Скачать

1.1. Міфалагічная проза

Да сферы міфалагічнай прозы адносяцца міфалагічныя ўяўленні, якія датычацца вышэйшай і ніжэйшай міфалогіі беларусаў, міфалагічнай семантыкі прыродных з’яў і стыхій. Па сутнасці, гэта не сюжэтныя аповеды, а тлумачэнні і апісанні. Напрыклад: «Мароз – стары сівы дзед з сінім або чырвоным носам. Замест вусоў і барады спускаюцца саплякі аж да долу, на галаве ўся гіра пакрыта белым інеем. Ён заўжды любіць дужацца з сонейкам, але не мажэ яго пабароць. Сонейка шуткуе з Марозам, а ён злуе да кліча сабе да памогі вецер...» Або: «Кожная дзеўка, што памрэ ў русальным тыжні, на том свеце жыве Русалкаю, а ходзіць з вянком на галаве голая, штоб відна было, што яна яшчэ не саграшыла...» Ці: «Халера – то чорная, худая, страшная баба, яна зусім бы то з імглы злеплена была: дзе яна пяройдзе, то там зараз народ пачне ўміраць».

ВЫШЭЙШАЯ МІФАЛОГІЯ

Даведка. Персанажы вышэйшай міфалогіі: Дзіў, Бог, Род, Сварог, Дажбог, Пярун, Вялес, Мокаш, Лада, Юрыла, Белбог (Бялун), Чарнабог.

Лічыцца, што ў народнай свядомасці амаль не захавалася ўяўленняў, звязаных з вышэйшай міфалогіяй. Можа яно і так, ва ўсякім разе звестак аб ёй занатавана няшмат. Але трэба мець на ўвазе і тое, што маштабных росшукаў у гэтым кірунку не праводзілася. Як гэта ні дзіўна, толькі апошнім часам фалькларысты быццам схамянуліся і пачалі мэтанакіравана шукаць усё, што яшчэ засталося.

П а р а д а. Перш-наперш высветліце, ці ведае або ці чуў інфармант пра Бога, Рода, Сварога і г. д. Любы адказ, станоўчы і адмоўны, мае навуковую каштоўнасць. У выпадку станоўчага адказу ўдакладніце, што ведае інфармант аб тым ці іншым персанажы: хто ён такі, які мае выгляд, дзе знаходзіцца, чым займаецца, у якіх ён стасунках з людзьмі і іншымі персанажамі, што ад яго залежыць і г. д.

Узор запісу:

а) Біг ны тылько на нэбы, бігэ всюды. І тут коло нас він е, і дэсь далёко, і там, і там, і в гэтый траві (паказвае мне купіну травы), і в гэтый (паказвае іншы й кусцік травы), і всюды. Мы ёго ны бачымо і ны можымо бачыты. А він нас бачыць, він всэ бачыць. Біг – добрый.

б) Перуну пакланяліся, яго стрэлам – каменным і жалезным рэчам. Жанкі закопвалі стралу на полі, каб яно радзіла, каб маланак не было.

Ніжэйшая міфалогія Даведка. Апекуны зямнога жыцця: Лада, Дзявоя (Сава), Ярыла, Цёця, Ляля, Жыцень і Жытняя Баба, Зюзя, Мароз, Шчадрэц.

Духі культурнай прасторы: дамавік (хатнік), дамавуха, хут, змей, валасень, злыдні, кікімара, чур, хлеўнік, лазнік, палявік, спарышка і інш.

Духі прыроды: лясун, купальскі дзядок, вадзянік, русалкі, сарэны (фараонкі), балотнік, багнік, кадук, лазавік, лойма (чарціха), хапун і інш.

Насельнікі неба і паветра: грамаўніца, гарцук, паветрыкі.

Жыхары падземнага свету і пекла: ох, кладнік, жыжаль (зніч), чорт (д’ябал, сатана, бес, нячысты дух, Люцыпар), пякельнікі, прахі і да т. п.

Шкоднікі: цмок, шатаны, паралікі, шэшкі, стрыга і інш.

Нечысці: Баба Яга (Ягіня, Юга), ведзьмакі і чараўнікі, вупыр, ваўкалак, дзікія людзі.

Хваробы і насланні: Паморак, Ліхаманка (Трасца), Халера, Чума (Мор), Воспа, начніца, Мара, падвей і інш.

Смерць: Смерць, Марэна, Паляндра.

П а р а д а. Таксама, як пры збіранні звестак аб персанажах вышэйшай міфалогіі, запішыце тлумачэнні, адносна прадстаўнікоў ніжэйшай міфалогіі: хто яны такія, адкуль узяліся, чаму так называюцца, дзе жывуць, які маюць выгляд, чым займаюцца, які ў іх характар, як ставяцца да людзей, чаму спрыяюць або шкодзяць, як да іх ставяцца людзі, калі яны з’яўляюцца і куды знікаюць і г. д.

Узор запісу:

а) І ў хлеві, і ў хаті е домовік. От прікінеца – іде чэловек які, а ун жэ не чэловек, а бо яо зна што такее. Он і собакой мо скінуца ці котом;

б) Дамавік і ласачка – то адінакаво;

в) Расказувалі: десь у лесе буў пень такі. Пойде перекуліца і стане воўкам, а назад перекуліца – ізноў хлопцам;

г) У лесе е дзед такій, у него баба Марына. Хадзяін леса – буйный, губы велікіе, нос велікій, сам агромный. Барада па пояс, барада і вусы;

д) Як деўка ўродыть деўку, а вона тыж деўкою ўродыць деўку, так третья будэ вэдьмоў.