Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ФП дапаможнік.rtf
Скачиваний:
27
Добавлен:
07.07.2019
Размер:
1.63 Mб
Скачать

1.2. Каляндарна-святочная проза

Каляндарна-святочная проза існуе ў дзвюх формах – натуральнай і штучнай. У натуральным выглядзе яна ўяўляе сабой бытавы аповед у адказ на пытанне аднавяскоўца, што там было на Купаллі, як вадзілі Куста, ці калядавалі на іх вуліцы і г. д., або, напрыклад, эмацыянальнае выказванне наконт таго, што моладзь цяпер не так весяліцца, як раней (і далей расказваецца, як хадзілі на вячоркі, спраўлялі дажынкі, гулялі пасля шчадравання і г. д.). Звычайна ў гэтых аповедах фігуруюць канкрэтныя асобы, сітуацыі, згадваюцца канкрэтныя выпадкі, смешныя здарэнні, прыклады недарэчных паводзін і г. д. У штучным выглядзе каляндарна-святочная проза паўстае ў адказах на пытанні збіральнікаў.

Мэтазгодна задаваць інфарманту пытанні агульнага характару, а пасля – удакладняльныя. Калі інфармант не схільны да доўгага аповеду, то трэба весці дыялог з ім. У такім выпадку пры афармленні справаздачы неабходна пазначаць пытанні і адказы.

Узор запісу:

З б і р а л ь н і к: Што вы казалі, як зажынаць пачыналі?

І н ф а р м а н т: Зажон, Прачыстая Маці,

Памажы нам жыта жаці.

А як табе памагала,

Дай і жыта не ляжала.

А як будзе ляжаць,

То не буду памагаць.

З б і р а л ь н і к: Вы «бараду» завівалі?

І н ф а р м а н т: Завівалі.

З б і р а л ь н і к: А выполвалі яе ці не?

І н ф а р м а н т: Палолі, чысцілі.

З б і р а л ь н і к: А чым вы завязвалі зверху?

І н ф а р м а н т: А ўсякімі кітайкамі красівымі, усякімі трапачкамі. Сем каласкоў і дзевяць каласкоў – бараду дзелалі. І вот эта здзелаеш, каласочак той, штоб ужо, вот, на саламніцы, дзе ўжо вышэ каленца, штоб чысценька была саломка.

У в а г а! Класіфікацыю каляндарна-святочнай прозы глядзіце ў раздзеле 2.2. Каляндарна-абрадавая паэзія.

1.3. Сямейна-абрадавая проза

Сямейна-абрадавая проза – вельмi шырокi пласт народнай культуры, звязаны з радзiнамi, хрысцінамi, вяселлем i пахаваннем. Яна добра знаёма вясковым жыхарам, таму знайсцi дасведчаных iнфармантаў зусiм нескладана. Жанчыны здольны падрабязна расказаць, як адбываецца, напрыклад, вяселле, якiх правiлаў прытрымлiваюцца пры пахаваннi набожчыка, а вось запiсваць аповеды «ўручную» вельмi цяжка. Лепш за ўсё карыстацца тэхнiчнымi сродкамi. Калi вы не ўсё паспелi запiсаць дакладна i вымушаны пераказваць сваiмi словамi, то пры афармленнi гэту частку трэба пазначыць квадратнымi дужкамi. А калi ўвесь запiс з’яўляецца вашым уласным пераказам, то ён цалкам падаецца ў квадратных дужках.

У в а г а! Класіфікацыю сямейна-абрадавай прозы глядзіце ў раздзеле 2.3. Паэзія сямейна-абрадавага комплексу.

1.4. Народна-хрысціянская проза

Адразу пасля ўвядзення хрысціянства ў беларускай народнай культуры пачаўся працэс асіміляцыі і трансфармацыі хрысціянскіх уяўленняў, што і прывяло да зараджэння народна-хрысціянскай прозы.

Народна-хрысціянская проза – гэта аповеды, якія датычацца народных уяўленняў пра Госпада Бога, Ісуса Хрыста, Божую Маці (Прачыстую), святых прападобных, хрысціянскія святы і звязаныя з імі агульнабеларускія і мясцовыя звычаі, прыкметы, павер’і, прыказкі, забароны, перасцярогі, дазволы і г. д. Часам гэтыя ўяўленні вельмі арыгінальныя, фантастычныя і далёкія ад хрысціянскіх. Вось што, напрыклад, расказвала палеская жанчына пра Іллю: «Ілля громамэ, хмарамэ владэе. До Ллі хмара, кудэ надумае, ідэ. Она борэтца з вітром. Мы думалэ, Лля дэ Лля, А він нэ жэнчына, а мужчына. А после Ллі він хмарамэ не нэ владэе. Его просять: «Ілля-пророк, розжэнэ гэты оболок!»

З цягам часу працоўны каляндар селяніна пачаў сувымярацца з хрысціянскім, адсюль, напрыклад, такі мікольскі звычай: «Затыкаюць тычкамы, дэ косыты траву, шоб ны ходылы там коровы. «Мыкола – пыдуть тычкы окола».

Свяціцелям надаюцца нязвыклыя ім рысы і функцыі. Напрыклад, 31 студзеня, дзень, прысвечаны свяціцелю Афанасію, у народнай традыцыі атрымаў розныя назвы – Апанасся, Апанас, Апанасій і, акрамя таго, Гусінае свята, Гусеўнік. Паколькі на гэты час прыпадалі маразы, то папярэджвалі: «Хавай нос у апанасаўскі мароз». З другога боку, Апанас пачаў лічыцца абаронцам жывёлы ад марозу, яго прасілі аб захаванні жывёлы: «Святы Уласій, Ахванасій, саблюдзі, божа, красуль нашых». Лічылі, калі на Апанасся мяцельца, то выведзецца многа гусянят, г гэтага дня гусей кармілі «зірнятамі ў абручыку».

Дзень прападобнай Еўдакеі (14 сакавіка атрымаў ў народным календары шэраг жаночых і мужчынскіх назваў: Яўдоха, Аўдоння, Аўдуська – Галдакей, Аўдакей, Аўдокій. Аўдоццю называлі вясноўкай і лічылі, што гэтае свята трымае ў руцэ лета. Па гэтаму дню прыкмячалі надвор’е, лічылі, калі Галдакей цёплы,то вясна і лета будуць цёплымі, спрыяльнымі для сенакосу, а калі ідзе дождж, то чакай ураджай нп жыта. Дзень Аўдоцці называўся яшчэ «бабскім святам», таму жанчыны «не пралі, не снавалі».

У мясцовай традыцыі святы могуць называцца так, што іх нават бывае цяжка ідэнтыфікаваць. Напрыклад, 15 лютага, вядомае як Грамніцы, Стрэчанне, у Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці мае назву «Ровнэцэ». І толькі пасля аповеду можна здагадацца, якое агульнабеларускае народнае свята маецца на увазе: «Святэлэ свічку в цэрквэ. Проходэлэ до хатэ і спірша подпалювалэ косэ крэшку у каждого в своюй сымні, шоб ны боелыс грому. Потом віпалювалэ крэжа на стэлі, на бальцэ. Гэто тожэ, шоб грім в хату ны влэтяв.

На Ровнэцэ нап’ецца півінь водэцэ,

А на Юрія найісця він травэцэ».

З прыведзеных прыкладаў бачна, які багаты матэрыял назапашаны народна-хрысціянскай прозай. Справа за малым – паспрабаваць запісаць больш-менш складныя апавяданні на адпаведныя тэмы, пазначаныя ў апытальніку.