Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ФП дапаможнік.rtf
Скачиваний:
27
Добавлен:
07.07.2019
Размер:
1.63 Mб
Скачать

Апытальнік для збору карагодных песень

1. Ці вадзілі ў вашай мясцовасці карагоды (танкí)? Да якіх свят, падзей, звычаяў яны былі прымеркаваны (Каляды, вясна, Вялікдзень, жніво, вяселле і інш.)? Як яны называліся («Вялікі карагод», «Дажыначны карагод», «Матылёк» і інш.)?

2. Якія карагоды прымеркаваны да Каляд (укажыце назвы такіх карагодаў, форму іх выканання, хто вадзіў, якія песні пры гэтым спявалі)?

3. Якія карагоды лічацца веснавымі («Як пушчу стралу», «Ды ляцела страла ўздоўж сяла», «А ў бару сасна калыхалася», «А мы проса сеялі», «А мы ляда капалі», «Разгуляўся Юр’еў конь», «І да раілася пчолка», «А на дварэ раса», «Ды хадзіў карагод», «Вы кумушкі, галубушкі» і інш.)? Укажыце назвы такіх карагодаў, форму іх выканання, хто вадзіў, якія песні пры гэтым спявалі.

4. Ці вадзілі карагоды на Благавешчанне («А ў нас сёння Благавешчанне»)? Апішыце гэтыя карагоды.

5. Якія карагоды вадзілі на Вялікдзень («Вялікі карагод», «Як на першы дзень, на Вялікадня»)? Якой была форма іх выканання, хто вадзіў, якія песні пры гэтым спявалі?

6. Ці вядомы карагоды, прымеркаваныя да Сёмушна-траецкіх «зялёных» свят: Тройцы («А мы кумушкі, галубушкі»), Куста («Куста вадзіць»), Русальнага тыдня (крывы танок), абраду «Ваджэння і пахавання стралы (сулы)» («Да ляцела страла да ўздоўж сяла»)? Апішыце гэтыя карагоды.

7. Якія карагоды вадзілі на Купалле? Укажыце назвы такіх карагодаў, форму іх выканання, хто вадзіў, якія песні пры гэтым спявалі

8. Якія карагоды былі прымеркаваны да пачатку/канца палявых работ (напрыклад, жніва), часу адпачынку (гулянні моладзі) і інш.? Апішыце гэтыя карагоды.

9. Ці вадзілі карагоды на вяселлях? Суправаджалі карагоды пэўныя этапы вяселля (апрананне маладой, прыезд маладога да маладой і інш.) ці выконваліся безадносна да пэўнага этапу вяселля? Апішыце гэтыя карагоды, запішыце карагодныя песні.

10. Ці вядомы ў вашай мясцовасці так званыя абходныя карагоды (абходы поля, вёскі), якія вадзілі з якой-небудзь прычыны (стыхійнага бедства – засухі, мору, паводкі і інш.)?

Даведка. У якасці падказкі інфарманту вы можаце выкарыстоўваць класіфікацыю карагодаў, заснаваную на крытэрыі тэматычных груп назваў, якія ўключаюць указанне на розныя рэаліі навакольнай рэчаіснасці, характар карагодных рухаў, каляндарна-абрадавую прымеркаванасць і інш. Магчыма, гэтыя назвы дапамогуць інфармантам успомніць вядомае:

1) назвы раслін: дрэў («Бярозка», «Вішанька», «Пад вішняю», «Грушка», «Каліна», «Яблынька», «Явар»), кветак («Васількі», «Мак», «Розачка мая», «Ружа», «Уюн»), зерневых («Жыта», «Зярнятка», «Канапелька», «Проса»), гародніны («Капуста», «Качан», «Крывы агурок»), іншых раслін («Лебяда», «Лён», «Укроп», «Хрэн»);

2) назвы прадстаўнікоў жывёльнага свету: птушак («Птушка», «Верабей», «Зязюля», «Кукушачка», «Каршун», «Пава», «Перапёлка», «Пеўнік»), жывёл, рыб, гадаў, насякомых («Заяц», «Матылёк», «Ёрш», «Вуж»);

3) назвы са згадваннем ракі, вады («На рэчаньку», «На росу», «Рэчанька»);

4) назвы каляндарных свят («Велікодны карагод», «Карагод пасля Калёд», «Купальскі карагод», «Куст», «Ой, у нас сёння Благавешчанне»);

5) назвы пор года («Ой ты, зімушка-зіма», «Веснавы карагод», «Лета»);

6) назвы вясельнай абраднасці: агульныя назвы («Вясельны карагод», «Вяселле», «Сабіралі вяселле»), назвы маладога («Каралёк», «Чарнавусы каралёк», «Цар», «Царэвіч-каралевіч»), назвы паязджан ці маладых («Баяры»);

7) назвы па імені чалавека («Арынка», «Васіль», «Дуня», «Кацярына», «Лука», «Машанька», «Таццянка», «Халімон», «Трухман»);

8) назвы, якія ўказваюць на роднасць («Былі ў бацькі», «Кумка», «Ятэр-матэр»);

9) назвы, якія ўказваюць на працоўны працэс («Проса сеялі», «А мы ляда капалі», «Дзеўкі хмель садзілі», «Мак сеялі», «Як сеюць зелянец», «Ткацтва»);

10) назвы прафесій («Каваль», «Касары», «Малатар», «Трубачыст», «Шэўчыкі»);

11) назвы рэчыўнага свету («Карзінка», «Карагод з паясамі», «Кошык», «Падушка», «Рушнік», «Рагуля», «Сіта»);

12) назвы збудаванняў («Вароты», «Мост», «Пляцень»);

13) рух па крывых лініях («Крывы танок», «Крывы танец», «Крывы агурок», «Крывы Васіль»);

14) рух па крузе («Кола», «Кругавая», «Кружок»);

15) назвы атрыбутаў абраду «Ваджэння і пахавання стралы (сулы)» («Страла», «Сула»);

16) першы радок карагоднай песні («Аддавалі маладу за сівую бараду», «Верабеюшка па сенюшцы паскоквае», «Ішла я вулачкай, перавулачкай», «Ляцелі дзве птушкі»).