Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ФП дапаможнік.rtf
Скачиваний:
27
Добавлен:
07.07.2019
Размер:
1.63 Mб
Скачать

Песні, якія выконваліся на Стрэчанне (Грамніцы)

Гэта зімовае свята прыпадае на 2 лютага ў каталікоў і 15 лютага ў праваслаўных. Па народных меркаваннях, у гэты дзень зіма сустракаецца з летам. З архіўных матэрыялаў вядомы адзінкавыя запісы твораў, дзе зіма малюецца ў выглядзе старой хворай асобы, а лета, наадварот, маладым і поўным энергіі:

Узор запісу:

А Ў НАС СЁННЯ СТРЭЧАННЕ, СТРЭЧАННЕ…

(стрэчаньская песня)

А ў нас сёння Стрэчанне, Стрэчанне,

Зіма з летам стрэлася, стрэлася.

Лета зіму піхнула, піхнула

І ножачку звіхнула, звіхнула.

Зіма пайшла плачучы, плачучы,

Лета пайшло скачучы, скачучы.

У в а г а! У некаторых рэгіёнах Беларусі (Кармянскі, Чачэрскі, Добрушскі раёны Гомельскай вобласці) мясцовыя жыхары адносяць Стрэчанне да вясенніх свят. Пры запісе стрэчаньскіх песень ці прозы абавязкова звярніце ўвагу на гэту часавую акалічнасць.

Апытальнік для збору паэзіі зімовага цыкла

1. Калі адбывалася калядаванне і шчадраванне? Чым яны адрозніваюцца? Хто хадзіў калядаваць і шчадраваць? Ці хадзілі «засяваць»? Якія песні спяваліся падчас калядавання, шчадравання і «засявання»: велічальныя, рытуальныя, заклінальныя? Ці адрозніваюць калядкі ад шчадровак? Калі так, то якім чынам?

2. Ці пераапраналіся падчас калядавання і шчадравання? Як? Што рабілі пераапранутыя? Якія песні пры гэтым спявалі? Што казалі?

3. Ці носяць у вас «зорку» («звязду», «гвязду»)? Ці паказваюць батлейку? Як гэта адбываецца? Якімі віншавальнымі песнямі, прыгаворамі суправаджаўся абрад калядавання з зоркай?

4. Як прасілі дазволу пакалядаваць, пашчадраваць? Выконвалася адна песня ці больш? Якія песні былі для гаспадара, гаспадыні, іх дачкі, сына, старой бабкі, немаўляці, для каня, каровы, авечак, быка, вала? Якімі словамі дзякавалі гаспадароў за пачастункі? Ці пагражалі за сквапнасць?

5. Як адбывалася «ваджэнне казы»? Што пры гэтым казалі і спявалі? Як «гуляла каза» (падскоквала, паварочвалася з боку на бок, лажылася)? Запішыце песні пра казу, казла.

6. Ці спраўлялі на Каляды ігрышчы (у першы, другі, трэці дзень каляд, на Новы год, у праводзіны Каляд на Вадохрышча)? Як да гэтага рыхтаваліся? Якія забавы ладзіліся на ігрышчах (песні-танцы, песенныя карагоды, карагоды-гульні, народныя танцы, напрыклад «Мяцеліца», «Барыня», «Верабей», «Чыжык», «Кадрыля», «Полька» і інш.)?

7. Якія традыцыйныя гульні былі на ігрышчах («Цярэшка», «Яшчур», «Падушачка»)? Якімі прамовамі, песнямі, танцамі, карагодамі яны суправаджаліся?

8. Ці існаваў у вашай мясцовасці звычай на Вадохрышча «адпраўляць каляду на дуба»? Калі так, апішыце яго. Якімі абрадавымі песнямі, карагодамі, гульнямі ён суправаджаўся?

9. Як называўся першы дзень Новага года? Што казалі і спявалі «засявальнікі»?

10. Ці ведаеце вы песню «А ў нас сёння Стрэчанне»? Што ў вас кажуць пра свята Стрэчанне? Якія прыкметы існавалі на гэты дзень?

У в а г а! Абавязкова адзначайце сучасны стан традыцыі. Задавайце пытанні тыпу: «Ці адбываецца “ваджэнне казы” цяпер?».

ВЕСНАВЫ ЦЫКЛ ЗЕМЛЯРОБЧАГА КАЛЕНДАРА

1. Проза і паэзія масленічнага комплексу.

2. Проза і паэзія перыяду гукання вясны.

3. Проза і паэзія перыяду вялікадня (пасхі).

4. Проза і паэзія юраўскага абрадавага комплексу.

5. Проза абрадава-святочнага комплексу «Ваджэння і пахавання стралы» і паэзія абраду «Ваджэння і пахавання стралы».

6. Проза і паэзія траецка-русальнага комплексу.