Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ФП дапаможнік.rtf
Скачиваний:
27
Добавлен:
07.07.2019
Размер:
1.63 Mб
Скачать

2. Рытуальна-магічная сфера фальклору

2.1. Замовы

У рытуальна-магічнай сферы замовы стаяць паасобку. Асаблівы статус ім надае той факт, што ў тандэме «дзеянне – слова» менавіта слова выконвае ў замовах вядучую ролю. Трэба мець на ўвазе, што зафіксаваць замовы даволі цяжка. Справа ў тым, што бытаванне твораў гэтага віду мае спецыфічны характар: лічыцца, што носьбітамі замоў з’яўляліся «прафесіяналы», якія па розных прычынах трымалі ў тайне сакрэты свайго занятку.

У в а г а! У кожным населеным пункце ёсць свая «бабка», але верагоднасць таго, што яна можа адмовіцца адказваць на пытанні, даволі высокая. Вашы намаганні прынясуць плён толькі тады, калі вы здолееце ўсталяваць добрыя ўзаемаадносіны з інфармантам. Напрыклад, вопытны фалькларыст ніколі не распачне размову пра замовы ў пачатку свайго знаёмства з выканаўцам; калі ж час настане, трэба пачынаць з пытанняў пра замовы супраць хвароб ці гаспадарчых (напрыклад, паскардзіцца на дрэннае самаадчуванне), і толькі ў апошнюю чаргу распытваць пра любоўныя.

Даведка. Асноўныя групы замоў: 1) замовы, звязаныя з гаспадарчай дзейнасцю чалавека (паляванне, рыбацтва, пчалярства, збор грыбоў, ягад, захаванне жывёлы, ураджаю); 2) замовы супраць хвароб (ліхаманка, зубны боль, пярэпалах, грыжа, сурокі, укус змяі, крывацёк і інш.); 3) замовы, звязаныя з сямейнымі адносінамі і прыватным бытам (засцярогі ад напасці, смерці, злога духа, нячыстай сілы, нагавору ў час вяселля, нараджэння дзіцяці і г. д.); 4) замовы любоўнага прызначэння («прысушкі» і «адсушкі»); 5) замовы, звязаныя з грамадскімі адносінамі (супраць князёў, баяр, памешчыкаў, цароў, няправедных суддзяў, а таксама супраць вайны, супраць кулі на вайне і інш.).

Апытальнік для збору замоў

1. Як у вашай мясцовасці называюць замовы (загаворы, шэпты, нагаворы, словы)?

2. Ці ёсць у вас людзі, што ўмеюць замаўляць? Як іх называюць (знахар, шаптун, чарадзей, вядзьмак, бабка)? Ці вядома, каму і як яны перадавалі свае веды?

3. Ці захаваліся да цяперашняга часу замовы традыцыйныя (кананічныя), з устойлівай формулай і ўсвядомленымі адносінамі выканаўцы да твора?

Узор запісу:

Ва імя Айца і Сына, і Святага Духа. Стану я, раб божы (імя), благаслаўлясь, пайду, перахрышчась, з хаты ў чыста поле. У чыстым полі стаіць хата, у хаце з вугла ў вугал ляжыць даска, а на дошке ляжыць таска. Я той дошке, раб божы (імя), памалюся, пакланюся: о, гэта таска, не хадзі ка мне, рабу божаму (імя); хадзі, таска, навалісь, таска, на красну дзеву, у ясныя вочы, у чорныя бровы, у рэцівае сэрца, распалі ў ёй, рабы божай (імя) рэцівае сэрца, кроў гарачую па мне, рабу божаму (імя), не магла бы ні жыць, ні быць. Уся мая крэпасць. Амінь, амінь, амінь.

4. Якімі словамі звычайна пачыналіся замовы?

Узор запісу:

Першым (другім, трэцім) разам, добрым часам, Благаславі, святая Марыя, Зоры-зараніцы, красныя дзявіцы.

5. Якімі словамі замовы заканчваліся?

Узор запісу:

Тым маім словам і прамовам ключавыя словы, Слова маё крэпка. Амінь, Ва, ва, ва, ва, няхай будзе на ўвесь свет мая слава. Перад сонейкам стаю, Госпада Бога прашу: Госпадзі Божа, спасі і дапамажы мне.

6. Ці існуюць у вашай мясцовасці «механістычныя» замовы – традыцыйныя па форме, але з бяссэнсавым ужываннем асобных слоў або выразаў.

Узор запісу:

Пусіха, Расіха, Сохва-Сарохва! Ты яравая, гнаявая, гнілавая, калодная, балотная. Узнімі жыгала сваё.

7. Якія замовы супраць хвароб часцей за ўсё згадваліся ў вашай мясцовасці (ад зубнога болю, ліхаманкі, укусу змяі, грыжы, кровацёку і інш.)?

Узор запісу:

На сінім моры стаіць дуб на дванаццаць карней, на дванаццаць какатоў. У тых какатах гняздо, у тым гняздзе сядзіць змяя Салахвея. «Салахвея! Сунімай сваіх дзяцей, не пускай на нас яду!

8. Ці захаваліся замовы, звязаныя з паляваннем, рыбацтвам, пчалярствам, зборам грыбоў, ягад, захаваннем жывёлы, ураджаю і г. д.? Якія прадметы выкарыстоўваліся ў час замаўлення?

Узор запісу:

На жывёлу казалі так: «Зара-зараніца, ты ёсць адзініца. Я з малітваю тваёю, а ты з помашчу. Рабая кароўка глазлівая. Глаза сінія, глаза чорныя, глаза касыя-раскосыя, вам у маёй кароўцы не стаяць, цела яе не прымячаць, крыві яе не співаць. Ідзіце да мха на балота – там вам стаяць столікі засціланыя, кубкі наліваныя, там вам піць-гуляць, у маёй кароўкі не стаяць.

9. Як замаўлялі, каб засцерагчы ад смерці, напасці, злога духу, нячыстай сілы, бяссонніцы?

10. Ці выконваліся ў вашай мясцовасці спецыяльныя замовы падчас нараджэння дзіцяці, хрэсьбінаў, вяселля? Якія?

11. Калі і як выконваліся любоўныя «прысушкі» і «адсушкі»? Хто гэта рабіў?

Узор запісу:

На моры-акіяні, на востраве на Буяне, там стаяў дуб, пад тым дубам сто карней, на тым дубе сто кашчэй, на тых кашчах сто чарцей. Дзярыце, дзярыце, чэрці, душу Івана, ды ўкладзіце яго душу ў душу Соніну.

12. Ці існавалі ў вашай мясцовасці спецыяльныя замовы супраць вайны, кулі; замовы грамадскага прызначэння?

Узор запісу:

Іду я на суд, цягну нагу за нагою, увесь суд за мною. Вужам еду, гадзюкаю паганяю, злачынцу губы і зубы замаўляю. А ты, суддзя, лезь на печ, замаўляю табе губы, зубы і рэч. Мая цоля, мая і воля. На моры, на акіяні на востраве на Буяне там сядзяць паны радамі. А вы, панікі, сэрца рэжце, а мяне не трогайце.

13. Якія дзеянні неабходна было рабіць у час замовы (абліцца, павярнуцца тварам на ўсход, узяць у рукі хустку або хлеб, перахрысціцца і інш.)?

У в а г а! Нагадаем, што ўсе дзеянні і каментарыі, што суправаджаюць выкананне замоў, таксама трэба старанна і дакладна запісаць.

14. Ці ёсць у вашай мясцовасці замовы новаствораныя, якія ўзніклі ў больш познія часы, у сувязі з імкненнем выканаўцы прыблізіць, прыстасаваць кананічны тэкст замовы да новых з’яў жыцця (замова супраць ДАІ, замова ад крадзяжу і інш.)?

15. Ці ўзнікаюць замовы ў наш час? Якія? Хто іх складае?