Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ФП дапаможнік.rtf
Скачиваний:
27
Добавлен:
07.07.2019
Размер:
1.63 Mб
Скачать

Апытальнік для збору калядна-навагодняй прозы

1. Як у вашай вёсцы адбывалася калядаванне? шчадраванне? навагодняе засяванне?

Абавязкова ўдакладніце, хто ўваходзіў у склад гуртоў (напрыклад, у некаторых вёсках існавалі свае правілы і абмежаванні: калядавалі мужчыны, а шчадравалі змешаныя гурты моладзі або хлопцы і дзяўчаты хадзілі асобна)? Ці захаваліся святочныя абходы цяпер і ў якім выглядзе?

Засяродзьце ўвагу на тым, якія маскі былі ў пераапранутых (напрыклад, Каляда, Шчодра (Шчадрэц), каза, конь, мядзведзь, воўк, журавель, бусел, тур, бык, вол, заяц, дзед, баба, анёл, чорт, ведзьма, цыган, смерць, каваль, салдаты, цары, каралі), як яны вырабляліся, што рабілі пераапранутыя, ці насілі з сабою зорку, які яна мела выгляд. Калі ёсць магчымасць, знайдзіце маскі і зорку, сфатаграфуйце (замалюйце) іх.

Узор запісу:

а) Бацька казла спляце з саломы, куль саломы падвяжуць, ды рогі сплятуць, ды хвост сплятуць, ды бубенчыкаў начапляюць на тога казла. І кажух такі яму падбяруць, цвет ці чорны, ці сівы, ці белы ўжо такі, але падбіраюць кажух, каб быў аднаго цвету;

б) ... строілі маску ваўка, убіралі аднаго парня, штоб шчодры сабраць і малышэй у хаце пужаць, штоб ім страшна была.

А як шчадруюць? Весела ды па-разнаму. Шчадруюць 6 январа – вечар перад Калядамі. Моладзь ідзе ў шчодры, а то і старыя, перадзеюцца, бывала, шчокі буракамі мазалі, пераапранаюцца мужчына ў жэншчыну і наадварот, сажай мазаліся, а то, бывала, вадзілі, помню, ката на вяроўцы. Ат, дурэлі, весяліліся. Хадзілі пад вокнамі, пелі песні, славілі хазяіна і яго хазяйства дамашняе. А пелі такое:

Шчадрую, шчадрую,

У клеці сала чую...

Звярніце ўвагу на нумарацыю твораў. Проза ідзе пад асобным нумарам. Калі ў прозе з’яўляецца песня, яе трэба дакладна запісаць і прысвоіць асобны нумар. У такім выпадку на картцы будуць пазначаны два нумары або некалькі, калі песень больш. Напрыклад, 16 17 18. У правым баку карткі запіс будзе мець наступны выгляд: шчадраванне + 1 (2, 3, 4) шчадрэцкая песня.

в) Молодэнько конэ запрагалэ в санкэ, то хутко бэжыть! Звэзду дэлалэ малые. Колэсцэ вырізвають, конікі уставляють, вонэ крутэтца. Ходыв стары чоловік со звэздой, научылэс од нэго. Як нэма дэтэй, то пелі «застылай столы, клады пэрогы» (далей падаецца поўны тэкст песні).

2. Як і колькі разоў спраўлялі куццю?

Удакладніце, з якіх круп яна варылася, якія існавалі правілы прыгатавання і наступны рэгламент спажывання, каго і якім чынам запрашалі на куццю, што рабілі з рэшткамі, як варажылі аб будучым ураджаі і г. д.

Узор запісу:

а) Стол ставілі пад абразамі, а на стол пад вечар лажылі небагата сена і на яго ставілі гаршчок з куццёй. Куццю елі самі і давалі курам, каб добра несліся.

б) На багатую куццю гатовяць ежу разную, гасцей обязацельно завуць і крычаць у акно «Мароз, мароз, ідзі куццю есці!». І даўжны обязацельно выстраліць із ружжа.

3. Ці ведаеце вы гульні і прадстаўленні, што ладзіліся на Каляды? Як яны называліся? Хто ў іх удзельнічаў, ці былі сярод гульцоў пераапранутыя? Ці былі сярод гульняў такія, калі кагосьці жартам хавалі або жанілі?

Майце на ўвазе, што калядных гульняў было шмат, але фалькларысты звычайна проста самі апісвалі іх. Пры збіранні фальклорнай прозы трэба даваць дакладны запіс.

Узор запісу:

Вечарам збіраемся ў адной хаце і гуляем у розныя гульні. У хванты, у жмуркі ці ўздумаем жаніць каго-небудзь, выбіраем жаніха і нявесту, садзім іх у вазок, самі ўпрагаемся і хутка вязем іх вянчацца. І вось у хаце мы гуляем вяселле, пажэнім, а тады радзілі яны ўжо. Яна платочак на жывот пакладзе – ужо пузаценькая ходзіць. Кукалку скруцім, мордачку нарысуем. Радзіла – надо ў адведкі ісці, хлеба і сала несці.

Даведка. Прыкладныя назвы калядных прадстаўленнях і гульняў: «Яшчар», «Жаніцьба Цярэшкі», «Пава з павуком», «Каза», «Кабыла», «Цыганы», «Маланка», «Памярла наша Мальвіна», «Мядзведзь», «Пекчы ката», «Гульня ў нябожчыка», «Стукач», «Стук», «Сарві вішню», «Жаніць Бахара (Бахурку) », «Бахар», «Верабей», «Тры каралі», «Цары», «Шчодра», «Шчадрацы», «Падушачка», «Рэдзька», «Зязюля».

4. Як у вас варажылі на Каляды (Новы год)?

Узор запісу:

а) Дзеўкі хадзілі варажыць з блінамі. А першы жа блін маці на скаварадзе спячэ, дык з першым жа блінам бегаем. Каго ўстрэця? Як устрэця мужчыну старога, то так будзе там ці Мікалай, ці Пятро, ці Апанас, так будуць яе мужыка зваць.

Хадзілі ў баню, каменне кідалі ў пельку. Як каторая ўжо ўпусце камень, да не забурчыць, дык свякруха будзе харошая. А як у каторай забурчыць ужо, то свякруха будзе буркатлівая, не дай бог.

б) Сіялэ сімне зо льну кай калодзеза і прыказувалы: «Дай божэ знаты з кім на шлюб статы». Увечыры той завжды прысныцца. Гадалы на Крышчэнне, 19 январа.

5. Ці чыніліся ў вас на Каляды свавольствы? Якія? Хто гэта рабіў? Чаму? Як ставіліся да калядных свавольстваў вяскоўцы?

6. Што рабілі на заканчэнне Каляд?