Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ФП дапаможнік.rtf
Скачиваний:
27
Добавлен:
07.07.2019
Размер:
1.63 Mб
Скачать

Паэзія перыяду Вялікадня (Пасхі)

Валачобныя песні – адметная з’ява беларускага фальклору. Час спявання валачобных песень – Вялікдзень (Пасха). Свята гэта перасоўнае, адзначаецца ў перыяд з 4 красавіка да 8 мая: у каталікоў – у нядзелю пасля поўні, якая наступае следам за 21 сакавіка, а ў праваслаўных – пасля 21 сакавіка адлічваецца ўперад 13 дзён і таксама вызначаецца нядзеля пасля поўнага месяца.

Валачобныя песні выконваліся падчас падворных абходаў, пераважна дарослымі мужчынамі. Падобна калядкам прысвячаліся гаспадару, гаспадыні, дарослай паненцы, нежанатаму сыну, бабцы, арандатару, дзяўчыне-падлетку, дзецям-сіротам і інш. Валачобныя песні маюць важнае адрозненне ад калядных – адмысловыя прыпевы «Хрыстос уваскрос, Сын Божы!», «Слава табе, Божа, на ўвесь свет!», «Да й віно ж, віно зеляно!», «Вясна красна, зялёна!» і інш.

Узор запісу:

ОЙ, ЦІ ДОМА ПАНЕ ГАСПАДАРУ?

(велікодная песня ў гонар гаспадара)

Ой, ці дома пане гаспадару?

Ой, віно ж, віно зеляно!5

А хоць дома не акажацца,

У казловыя боты абуваецца,

Пойдзе ў поле жыта глядзець.

А на гарэ – пахілілося,

А ў даліне – у трубы павілося.

Густа, часта, як на небе зоркі.

Дай табе Божа ў добрым здароўі

Дамоў звазіць і ў тарпы злажыць.

А дай Божа ў тарпе – прыкладна,

На таку – прысыпна,

У млыне – прымольна,

У дзяжы – падыходна,

У печы – румяна,

На стале – сятна,

У сям’і – змірна.

Пане гаспадару!

Не тамі гасцей,

А дары іх барздзей:

З вялікіх паноў – па сто рублёў,

З меншых паноў – хоць па трыццаць,

Пачынальніку – па па дзесятнічку,

Механошы – па тры грошы,

А музычыне – кварту гарэлкі,

Сыру – на тарэлку, пірог – на закуску.

Гаспадыня! Твая рэч – скавародку ў печ,

А па сланіку – у клець.

Парада. Як правіла, валачобныя песні вельмі доўгія, таму пры запісе не трэба спяшацца: старайцеся зафіксаваць увесь тэкст.

Апытальнік для збору прозы Вялікадня (Пасхі)

1. Як святкуюць у вас Вялікдзень? Чаму ён так называецца? Ці гушкаецца моладзь на арэлях?

2. Што робяць з яйкамі-крашанкамі? Як іх выкарыстоўваюць, напрыклад, гуляюць у біткі, качаюць з горкі або з жолаба, кладуць разам з золатам і серабром у ваду, якой умываюцца на першы дзень Вялікадня; маці гладзілі чырвонымі яйкамі па тварыках усіх сваіх дзяцей і г. д.)?

3. Якія прыкметы звязаны з валачобнай ноччу? Ці назіралі за «ігрой» сонца?

У в а г а! Звесткі пра валачобніцтва можна рэальна запісаць на тэрыторыі Мінскай, Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай, а таксама ў Ганцавіцкім, Пружанскім і Столінскім раёнах Брэсцкай, Акцябрскім, Мазырскім, Рагачоўскім і Светлагорскім раёнах Гомельскай абласцей.

4. Ці ходзяць у вашай мясцовасці на Вялікдзень валачобнікі? Як іх у вас называюць? Можа, інакш (напрыклад, ралёшнікі, лалоўнікі, лалыншчыкі, кукольнікі, ранцавальнікі, валоўнікі і г. д.)?

5. З каго складаўся гурт валачобнікаў (выключна мужчын, адных жанчын ці толькі дзяўчат)? Ці мог быць валачобнікам любы жыхар вёскі? Ці былі абмежаванні на ўдзел у валачобным абходзе? Якімі якасцямі павінны валодаць валачобнікі? Ці хадзілі валачобнікі ў мястэчках і гарадах? Што пра гэта вам казалі вашы бацькі і дзяды? Колькі чалавек бывае ў валачобным гурце (пяць, восем, пятнаццаць, дваццаць)?

6. Як размяркоўваліся ролі ў валачобным гурце? Як называліся яго ўдзельнікі (пачынальнік, запявала, падхватнічкі, музыка, механоша і г. д.)? Якую ролю адыгрываў пачынальнік? Якімі якасцямі ён павінен быў валодаць? Як яго ў вас называлі? Што рабілі падхватнічкі і як іх называлі ў вашай мясцовасці?

7. Якія музычныя інструменты былі ў валачобнікаў і з якімі яны ходзяць цяпер (гуслі, дуда, скрыпка і г. д.)? Як называўся выканаўца музыкі (скамарох, музычын, музычына)?

8. Што ўваходзіла ў абавязкі механошы і як яго ў вас называлі (механоша, механошы, кашаноша і г. д.)? Ці хадзіў механоша з высокім шастом у руках, на якім быў кавалак ці некалькі кавалкаў сала?

9. Чаму песні называюцца валачобнымі? Адкуль паходзіць гэта назва? Як яшчэ называюць у вашай мясцовасці валачобныя песні (велікодныя, валачэнныя, валачэдныя, валоўніцкія, лалынкі, ралёшныя, ральцавальныя і г. д.)? Каму спяваюць валачобныя песні (гаспадару, гаспадыні, дарослай незамужняй дачцэ (паненцы), нежанатаму сыну (панічу), бабцы, арандатару, дзяўчыне-падлетку, гаспадыні-ўдаве)?