Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ФП дапаможнік.rtf
Скачиваний:
27
Добавлен:
07.07.2019
Размер:
1.63 Mб
Скачать

8. Народна-драматычнае мастацтва

Народна-драматычнае мастацтва ўключае наступныя віды: 1) драматургію фальклорна-этнаграфічных комплексаў, 2) драматургію хрысціннай і вясельнай абраднасцей; 3) драматургію маладзёжных і дзіцячых гульняў; 4) тэатральна-драматызаваныя прадстаўленні ўсенародных гулянняў; 5) батлейку, 6) інтэрмедыі, 7) народную драму. Сярод прадстаўленай класіфікацыі відаў на сённяшні дзень на вёсцы і ў горадзе рэальна зафіксаваць драматургію першых чатырох разнавіднасцей.

Даведка. Фальклорна-этнаграфічнымі комплексамі з’яўляюцца Каляды, комплекс Масленічнага тыдня, «Ваджэнне Куста», «Ваджэнне і пахаванне стралы», Сёмушны тыдзень, Русальны тыдзень, Купалле.

П а р а д а. Паколькі па каляндарнай абраднасці вам прапануецца фіксацыя матэрыялу ў раздзелах «Каляндарна-абрадавая паэзія» і «Каляндарна-святочная проза», а ў сямейнай абраднасці – у раздзелах «Паэзія сямейна-абрадавага комплексу» і «Сямейна-абрадавая проза», у дадзеным раздзеле вы можаце звярнуць увагу інфарманта на рытуальныя і сацыяльныя ролі выканаўцаў абрадаў, песень, танцаў, гульняў, карагодаў. Драматургія падразумявае пэўную тэатралізаванасць, прадстаўнічасць, таму ўсе асаблівасці паводзін, адзенне, абставіны правядзення пэўных прылюдных мерапрыемстваў і прадстаўленняў пажадана акуратна занатаваць. Уявіце, што па вашых запісах абрад ці гульня пасля будуць пастаўлены на сцэне, напрыклад, Дома культуры ці іншай установы. Толькі ад вас залежыць, ці будзе магчымым здзяйсненне такой пастаноўкі з боку дастатковасці матэрыялу. Памятайце, што кожная дэталь у вашых запісах – сапраўдная каштоўнасць.

9. Дзіцячы фальклор

Дзіцячы фальклор аб’ядноўвае даволі вялікую групу твораў. Трэба памятать, што тэксты дзіцячага фальклору складаюцца як дарослымі (калыханкі, забаўлянкі), так і дзецьмі (песні-заклічкі, песні-небыліцы, дакучныя песні, дражнілкі, лічылкі, слоўныя прыгаворы, анекдоты, «страшылкі»). Таму відавочна, што запісваць дзіцячы фальклор можна і ад дарослых, якія, па-першае, лепш ведаюць творы некаторых відаў і жанраў (калыханкі, забаўлянкі), па-другое, самі калісьці былі дзецьмі, таму таксама могуць узгадаць і лічылкі, і дражнілкі, і дзіцячыя песенькі.

П а р а д а. Запісваючы фальклор ад дзяцей, вы павінны быць вельмі назіральнымі і чулымі да выканаўцаў. Перш за ўсё трэба заваяваць іх давер, высветліць, хто больш ведае гульняў і песень. Пажадана са слоў дзяцей запісаць умовы гульні, яе ход з дакладным драматычным тэкстам-«сцэнарыем», а потым папрасіць правесці гэтую гульню, суаднесці з запісаным расказам, удакладніць, адзначыць імправізатарскія моманты.

Апытальнік для збору дзіцячага фальклору

1. Якія творы ў вашай мясцовасці дарослыя выконваюць выключна для дзяцей (калыханкі, уцешкі, забаўкі і інш.)?

2. Ці спяваюць цяпер дзецям калыханкі? Якія?

Узор запісу:

АПСІК, АПСІК, КАТОЧАК…

(калыханка)

Апсік, апсік, каточак,

Злавіў рыбку за хвасточак.

Ці самому есці,

Ці дзіцятку несці?

Еж ты рыбку сам, каток,

Ідзі з хаты за парог.

Не мяшай дзіцяці спаць,

А мне Натку калыхаць.

3. Ці ўмеюць пець калыханкі падлеткі, маладыя маці?

4. Як весяляць дзяцей малодшага ўзросту (аднаго, двух гадоў)? Якімі гульнямі і дзеяннямі суправаджаецца выкананне забаўлянак?

Узор запісу:

ІШЛІ КОЗЫ РАГАТЫЯ, БАГАТЫЯ…

(забаўлянка)

Ішлі козы рагатыя, багатыя:

– Каго пападу, таго забаду!

Аксютку папалі,

Аксютку забадалі:

Будык – будык – будык!

5. Ці ведаюць дзеці ў вашай мясцовасці калядкі, вяснянкі, іншыя абрадавыя песні?

6. Хто выконваў песні-небыліцы? Каму яны прызначаліся?

Узор запісу:

РАБА КУРАЧКА БЫЧКА ПРЫВЯЛА…

(дзіцячая песня-небыліца)

Раба курачка бычка прывяла,

Парасёначак яечак нанёс,

А бязрукі яечкі пабраў,

Да іх голаму за пазуху паклаў.

Сляпы прыгледзеўся,

Глухі прыслухаўся,

Нямы «каравул» закрычаў,

Бязногі бегам пабяжаў.

7. Які ўзроставы рэпертуар гульняў у дзяцей 7–10, 12–14 гадоў? Хто ўдзельнічае ў гульнях? Ці існуюць гульні толькі для дзяўчынак ці толькі для хлопчыкаў?

8. Якія гульні суправаджаюцца выкананнем песень, разыгрываннем роляў?

Узор запісу:

СЛЕПА БАБУЛЕЧКА

(гульня)

Усе дзеці ходзяць па кругу. Выбіраецца слепа бабулечка. Ёй завязваюць вочы. Яна ходзіць у сярэдзіне круга. Усе пяюць:

Наша слепа бабулечка

Па вошчупу ходзіць,

Шукае каго-небудзь,

Хто яе асвабодзіць.

Бабулечка, хадзі бліжэй,

Усе цябе просяць.

Даткні каго, угадай, хто ён,

А мы асвабодзім.

Яна падыходзіць да каго-небудзь, датыкаецца, адгадвае, хто гэта. Калі адгадае, той становіцца слепай бабулечкай.

9. Якія лічылкі ведаюць дзеці? Калі яны выконваюцца?

Узор запісу:

ЦЫКАЎ, ЦЫКАЎ…

(лічылка)

Цыкаў, цыкаў

Матацыкл.

Усе дарогі перацыкаў.

Ён паехаў у Ленінград

Выбіраць сабе нарад:

Красны, жоўты, галубой –

Выбірай сабе любой.

10. Якія існуюць песенькі-заклічкі? Каму яны адрасаваны?

Узор запісу:

ІДЗІ, ІДЗІ, ДОЖДЖЫКУ…

(дзіцячая песня-заклічка)

Ідзі, ідзі, дожджыку,

Звару табе боршчыку,

Пастаўлю пад елкаю,

Накрыю талеркаю,

Сама пакаштую,

Цябе пачастую.

11. Якія дражнілкі існуюць у вашай мясцовасці? Чым тлумачыцца паходжанне тых ці іншых дражнілак?

Узор запісу:

ІВАН-БАЛВАН… ДОКТАР ПЕНКІН…

(дражнілка) (дражнілка)

Іван-балван, Доктар Пенкін

На сасне дран, Лечыць блох

На ліпінке луплен, З дзесяці

За тры грошы куплен. Да чатырох.

Доктар Пенкін

Лечыць дарам,

Мажа плечкі

Скіпідарам.

12. Ці захаваліся ў вашай мясцовасці жартоўныя песні, галоўнымі персанажамі якіх з’яўляюцца жывёлы, птушкі, насякомыя?

Узор запісу:

У НАС У НЯДЗЕЛЮ СВАДЗЬБА БУДЗЕ…

(дзіцячая жартоўная песня)

У нас у нядзелю свадзьба будзе, Камар злосці напітаўся,

Камар муху сватаць будзе, Ад травіны адарваўся.

У нас, у нас. Уцёк, уцёк, уцёк!

Прыляцелі стары мухі, Паляцеў ён у лясочак,

Узялі камара на рукі, Сеў на зялёненькі лісточак.

Прыляцелі. Сеў, сеў, сеў!

Да панеслі ў даліну, Захадзілася фура-бура,

Прывязалі за травіну. Камарочка з дуба здула.

Стой, стой, стой! Упаў, упаў, упаў!

Упаў камар з высакосці,

Паламаў робры і косці.

Забіўся!

13. Якія «страшныя гісторыі» («страшылкі») расказваюць дзеці? Як гэтыя гісторыі называюць у вашай мясцовасці?