Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Smolik_A_I__Kukhto_L_K__Tsobkalo_A_A_Kultur.doc
Скачиваний:
178
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
13.56 Mб
Скачать

5. Антычныя культуры

5.1. Паняцце антычнасці. Адметныя рысы антычнай культуры

Паняцце “антычнасць” узнікла ў эпоху Адражэння, калі італьянскія гуманісты пачалі выкарыстоўваць тэрмін “антычны” (ад лац. antiquus – старажытны) для вызначэння найбольш старажытнай культуры свету – грэка-рымскай. Дадзены тэрмін ужываецца ў адносінах да старажытнагрэчаскай і старажытнарымскай цывілізацый.

Старажытнагрэчаская цывілізацыя была першай з усіх вядомых высокаразвітых цывілізацый на еўрапейскім кантыненце. Храналагічна і гістарычна названыя цывілізацыі суадносяцца з IX ст. да н.э. і V ст. н.э. Гэтаму параўнальна невялікаму адрэзку гістарычнага часу і адпавядае антычная культура.

Антычная культура – гэта цэласнае ўтварэнне, якое ахоплівае ўсе яе гістарычныя формы быцця – палітыку і права, міфалогію і рэлігію, філасофію і мастацтва Старажытнай Грэцыі і Старажытнага Рыма.

У антычным грамадстве ўпершыню сфарміраваліся адносіны да чалавека як да “меры ўсяго існага”, вышэйшай сапраўднай каштоўнасці. Галоўнымі ідэаламі і каштоўнасцямі антычнай цывілізацыі і культуры былі патрыятызм, вернасць грамадзянскаму абавязку, ушанаванне багоў, павага да продкаў. У антычнай культуры знайшлі падрабязную распрацоўку такія актуальныя і вядомыя сёння паняцці і тэрміны, як грамадзянская свабода і раўнапраўе, грамадзянскі доўг, гарманічнае развіццё асобы.

Практычна да сённяшніх дзён у асноўных рысах дайшла старажытнагрэчаская сістэма адукацыі і выхавання. У антычную эпоху былі створаны практычна ўсе асноўныя жанры літаратуры Сярэдневякоўя, Новага і Навейшага часу: ідылія, трагедыя, камедыя, ода, элегія, сатыра, эпіграма, байка і інш. Антычная міфалогія і літаратура на працягу многіх стагоддзяў з’яўляюцца невычэрпнай крыніцай натхнення паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў. Філасофія аказала надзвычай моцны ўплыў на далейшае развіццё сусветнай філасофскай думкі.

На працягу многіх стагоддзяў антычнае мастацтва было ўзорам для пераймання.

“Грэка-рымская культура, – адзначаў А.Тойнбі, – разлілася ў свой час па Старому Свету нічуць не менш шырока, чым наша заходняя ў цяперашні час. Уздзеянне грэчаскай культуры на свет у перыяд з IV ст. да н.э. і пазней было такім жа рэзкім, як і ўздзеянне сучаснай заходняй культуры з XV ст. да нашых дзён.”

Антычнай культуры ўласцівы шэраг асаблівасцей.

Полісная аснова. Антычная культура ўзнікла і развівалася на аснове гарадскога, ці поліснага, сацыяльнага і духоўнага жыцця. Старажытная Грэцыя практычна ніколі не была адзінай дзяржавай, а складалася з асобных гарадоў-дзяржаў (полісаў), якія ўзніклі ў архаічны перыяд (VIII–VII стст. да н.э.).

Усе свабодныя жыхары горада-дзяржавы і яго наваколля лічыліся грамадзянамі, мелі зямельную ўласнасць, палітычныя правы і прымалі актыўны ўдзел у жыццядзейнасці поліса. На працягу трох стагоддзяў адбываўся паступовы пераход антычнага грамадства ад вёскі да горада, ад родавых і патрыярхальных адносін да адносін класічнага рабства. Рабаўладанне было найбольш распаўсюджаным у эканамічна развітых полісах (Афіны, Карынф і інш.). Вышэйшага ўзроўню свайго развіцця полісы дасягнулі ў класічны перыяд – у V–IV стст. да н.э.

Паступова ў полісах узмацнялася барацьба паміж рознымі сацыяльнымі катэгорыямі насельніцтва: арыстакратамі, алігар­хамі і “дэмасам”. У выніку гэтай барацьбы ў розныя часы ўзнікалі, змяняліся разнастайныя формы дзяржаўнага праўлення: манархія, алігархія, арыстакратыя, тыранія, дэмакратыя.

Касмалагізм антычнай культуры даволі дыферэнцыраваны. Антычнасць пабудавана на матэрыяльна-пачуццёвым і адушаўлёна-разумным касмалагізме. Космас выступае абсалютам культуры. Касмагонія старажытных грэкаў і рымлян дастаткова складаная і ў агульных рысах можа быць зведзена да наступных палажэнняў.

Спачатку існаваў вечны і бясконцы Хаос – першапачатак усяго існага ў свеце. Пазней з гэтага Хаосу ўзніклі багі, якія сатварылі людзей і іх навакольнае асяроддзе. Космас ва ўяўленні грэкаў і рымлян гэта не толькі свет, але і парадак, сусветнае цэлае, якое супрацьстаіць Хаосу з прычыны ўпарадкаванасці і прыгажосці.

Антычная культура шмат у чым мела пераймальны характар, гэта значыць многае пераняла ў культуры суседніх народаў. Так, грэкі многае перанялі ў егіпцян, вавіланян, аднак змаглі давесці гэтыя навацыі да класічных формаў і вышэйшай дасканаласці.

Рымляне ставарылі свой уласны пантэон багоў у значнай ступені на аснове грэчаскага. Яны нярэдка капіравалі найлепшыя творы грэчаскага выяўленчага мастацтва. Моцным быў уплыў грэчаскай культуры на развіццё рымскай літаратуры, філасофіі, навукі.

Сярод іншых адметных рыс антычнай культуры неабходна выдзяліць антрапацэнтрызм. Космас пастаянна суадносіўся з чалавекам, прыродныя аб’екты – з чалавечым целам. Антрапацэнтрычнасць гэтай культуры прадугледжвала культ цела чалавека; ідэалізуючы багоў, грэкі надзялялі іх чалавечымі якасцямі, вышэйшай цялеснай прыгажосцю. У іх склаліся ўяўленні пра тое, што багі дзейнічалі амаль як звычайныя людзі, жылі сярод лю­дзей, мелі розныя чалавечыя слабасці, адмоўныя рысы. Для старажытных грэкаў і рымлян асоба – гэта добра арганізаванае і жывое цела.

Антычная культура фарміравалася на аснове пантэізму. Антычныя багі ўяўляліся як ідэі, законы, якія ўвасабляліся ў космасе. У старажытнасці законы прыроды называліся багамі. Яны – гэта і ёсць сама прырода, ёсць боскі космас як абсалют, які можна ўбачыць, пачуць, адчуць на дотык. Таму ўсе недахопы, перавагі, якія ёсць у чалавеку і прыродзе, усе яны ёсць і ў божаствах. Пантэон агульнагрэчаскіх багоў сфарміраваўся, верагодна, у архаічны перыяд. Звычайна іх называлі Алімпійскімі багамі, бо яны пастаянна пражывалі на вяршыні самай высокай у Грэцыі гары Алімп. Гэтыя божаствы складалі адзіную вялікую іерархічную сям’ю. Да ліку галоўных адносіліся 12 багоў-алімпійцаў. Вярхоўным богам быў бог грому і маланкі Зеўс.

Антычная культура мела відавочную дэмакратычнасць. У старажытным грэчаскім і рымскім грамадствах існавала практыка вырашэння найбольш важных праблем на агульных народных сходах, у якіх мелі права ўдзельнічаць усе паўнапраўныя свабодныя грамадзяне. Гэтага права былі пазбаўлены рабы, жанчыны, іншаземцы.

Антычная культура на працягу ўсяго часу свайго існавання заставалася ў абдымках міфалогіі. Больш за тое, яна ўвабрала і перапрацавала племянныя міфы, зліла іх у адзіную рэлігійна-міфалагічную сістэму. Ужо ў VIII–VII стст. да н.э. у паэмах Гамера “Іліяда” і “Адысея” і Гесіёда “Тэагонія” гэта сістэма набывае той від, у якім яна становіцца асновай усяго антычнага светапогляду.

Міфы злучалі старажытных грэкаў і рымлян з культурай продкаў. Адносіны да іх былі прасякнуты асаблівай верай. Так, грэкі захоўвалі прадметы, помнікі, гістарычныя месцы, звязаныя з міфамі і якія даказвалі іх верагоднасць. Міфы аб’ядноўвалі ў сабе прадукты народнай творчасці і фантазію, стваралі цэласную карціну свету, у якім усё мела сваё значэнне, месца і тлумачэнне.

Аднак росквіт міфалогіі ў антычную эпоху суправаджаўся барацьбой супраць архаічных традыцый міфалагічнага пазнання, якое стрымлівала свабоду думкі, рост ведаў, развіццё працоўнай дзейнасці. Імкненне вырашыць гэту ўнутраную супярэчнасць антычнай культуры складала рухаючую сілу яе развіцця. Міф быў падмуркам антычнай цывілізацыі, які вызначаў лад жыцця, паво­дзіны чалавека, прыкладное мастацтва, літаратуру, філасофію.

Антычная культура заснавана на прынцыпе аб’ектывізму. У адрозненне ад новаеўрапейскай культуры, якая абапіраецца на прыватную ўласнасць, дзе індывід, асоба і яе інтарэсы стаяць на першым месцы, у антычнай культуры асобе не надаецца такое вялікае і абсалютызаванае значэнне, хаця яе разуменне ў антычнай культуры вельмі спецыфічнае.

У антычнай культуры заўсёды надзвычай моцным быў эстэ-тычны пачатак, які пранізваў розныя сферы жыццядзейнасці.

Адной з асаблівасцей антычнай культуры з’яўляецца аганаль-насць, якая была характэрная амаль для ўсіх сфер грамадскага жыцця – палітычнай, ваеннай, культурнай, судовай, спартыўнай.

Найбольш знакамітымі і вядомымі спартыўнымі спабор­ніцтвамі, якія адначасова былі і агульнаэлінскім святам, у Стара-жытнай Грэцыі з’яўляліся Алімпійскія гульні. Яны адбываліся адзін раз у чатыры гады на працягу пяці дзён у канцы чэрвеня – пачатку ліпеня. На час правядзення Алімпійскіх гульняў заключаўся так званы “свяшчэнны мір” і спыняліся любыя ваенныя дзеянні. Да ўдзелу ў гульнях дапускаліся толькі свабодныя грэкі, якія прадстаўлялі ўсе грэчаскія гарады-дзяржавы.

Сярод іншых відаў гульняў да ліку найбольш вядомых і папулярных адносіліся таксама Піфійскія, Істмійскія і Нямейскія.

У Старажытнай Грэцыі былі папулярнымі тэатральныя спаборніцтвы, у якіх аўтары выносілі на суд публікі свае творы.

У Старажытным Рыме найбольш распаўсюджанымі былі гонкі на калясніцах і гладыятарскія паядынкі, якія праводзіліся ў цырках і амфітэатрах.

Антычная культура развівалася даволі хутка і дынамічна. Напрыклад, у Грэцыі за некалькі стагоддзяў культура прайшла шлях ад архаікі да класікі. Яе імклівы росквіт складае аснову так званага “грэчаскага цуду”. Сутнасць гэтага цуду складае той унікальны факт, што толькі грэчаскаму народу амаль адначасова і практычна ва ўсіх галінах культуры ўдалося дасягнуць небывалых вышынь.

Галоўнымі ідэаламі і каштоўнасцямі антычнай цывілізацыі і культуры былі патрыятызм і гераізм. “Гераічнае жыццё, – пісаў Г.В.Ф.Гегель, – ёсць сапраўдны юнацкі ўчынак. Яно адкрываецца Ахілесам, паэтычным юнаком, а рэальны юнак Аляксандр Вялікі заканчвае яе. Яны абодва выступаюць у барацьбе з Азіяй”. Асноўныя каштоўнасці – вайсковая доблесць, яе дасягненне – рэгламентаваліся “гераічным кодэксам”, дасягненнем славы. Вынікі доблесці – гонар, які меў не толькі духоўны, але і матэрыяльны сэнс: гэта права на пэўныя даброты, гэта гонар і павага, звязаныя з высокім грамадскім становішчам і матэрыяльнымі дабротамі.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]