Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Smolik_A_I__Kukhto_L_K__Tsobkalo_A_A_Kultur.doc
Скачиваний:
178
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
13.56 Mб
Скачать

9.2. Філасофія і тэалогія

Да ліку асноўных ідэйна-тэарэтычных крыніц візантыйскай філасофіі адносяцца Біблія і грэчаская класічная філасофія (найперш Платон, Арыстоцель, стоікі). У першыя стагоддзі існавання Візантыйскай імперыі ў развіцці філасофскай думкі яшчэ адыгрывалі даволі значную ролю ідэі неаплатанізму. Аднак пазней візантыйскія імператары пачалі актыўна змагацца з разнастайнымі перажыткамі язычніцтва, сярод якіх аказаўся і неаплатанізм. Імператар Юстыніян у 529 г. закрыў афінскую школу, падверг моцнаму асуджэнню і крытыцы спадчыну старажытнагрэчаскіх філосафаў Арыгена, Платона, Арыстоцеля. Прыхільнікамі неалатанізму былі такія вядомыя тагачасныя філосафы, як Прокл (каля 410–485), Псеўда-Дыянісій Арэапа­гіт (V ст.), Юліян Адступнік. Паводле Прокла, усё ў прыродзе і грамадстве ў той ці іншай іпастасі з’яўляецца ўвасабленнем Дабра, або Бога. Прадстаўнікі неаплатанізму прытрымліваліся ўяўлення аб гарманічным адзінстве Сусвету.

Св. Дзмiтрый Салунскi

Пошукі арыгінальных філасофскіх і багаслоўскіх рашэнняў пачыналіся ўжо ў другой палове VII ст., хаця найбольш выдатныя працы ў гэтай сферы былі створаныя ў наступным стагоддзі.

Іаан Дамаскін

Візантыйская філасофія была даволі цесна звязана з тэалогіяй (багаслоўем). Найбольш яркімі фігурамі філасофска-тэалагічнай думкі былі Максім Спадведнік і Іаан Дамаскін. Багаслоў і філосаф Максім Спадведнік, якому адсеклі правую руку і саслалі за свае погляды аб рэальнасці чалавечай волі Ісуса Хрыста, разглядаў чалавека як мікракосм – мініяцюрны адбітак Сусвету. Іаан Дамаскін (каля 675 – каля 749) нарадзіўся ў г. Дамаск, пазней стаў манахам. Ён быў адным з сістэматызатараў грэчаскай філасофіі, логікі і візантыйскай тэалогіі, актыўна абараняў ушанаванне абразоў, з'яў­ляўся аўтарам грунтоўнай працы “Крыніца ведаў” (энцыклапедычнага зводу філасофскіх і багаслоўскіх ідэй).

Характэрны ў дадзенай сувязі той факт, што на агульным фоне заняпаду культуры ў сярэдзіне VII ст. па сутнасці толькі тэалогія мела пэўны ўздым: гэтага патрабавалі на­дзённыя інтарэсы кіруючай эліты, якія выдаюцца за вострую патрэбу самых шыро­кіх колаў грамадства. Незалежна ад таго, што Максіма Спадведніка падвергнуў ганенням сам імператар Канстант II, тэарэтычныя шуканні гэтага тэолага адказвалі патрабаванням пануючага класа; без іх, дарэчы, было б немагчымым з’яўленне і “Крыніцы ведаў” Іаана Дамаскіна.

Асновай багаслоўскіх пабудоў Максіма Спадведніка складае ідэя ўз’яднання чалавека з Богам (праз пераадоленне разрыву між духоўным і цялесным) як уз’яднання першапрычыны ўсяго існага, цэлага з яго часткай. Ва ўзыходжанні да духоўнага актыўную ролю Максім адводзіў самому чалавеку, яго вольнай волі.

Іаан Дамаскін паставіў перад сабой і выканаў дзве асноўныя задачы: ён востра крытыкаваў ворагаў прававер'я (нестарыян, маніхееў, іканаборцаў) і сістэматызаваў багаслоўе як света­сузіранне, як адмысловую сістэму ідэй аб Богу, стварэнні свету і чалавека, ён вызначыў яго месца ў замагільных мірах. Кампіляцыя (у адпаведнасці з дэвізам І. Дамаскіна “Не люблю нічога свайго”) на аснове арыстоцелеўскай логікі ўяўляла асноўны метад яго працы. Ён выкарыстоўваў і прыродазнаўчыя веды старажытных навукоўцаў, але дакладна адбіраў з іх, як і з дагматаў сваіх папярэднікаў-багасловаў, толькі тое, што ні ў якім разе не пярэчыла канонам сусветных сабораў.

Па сутнасці творчасць І. Дамаскіна нават па сярэднявечных мерках пазбаўленая арыгінальнасці. Яго працы адыгралі вялікую ролю ў ідэйнай барацьбе з іканаборствам, але не таму, што ўтрымлівалі новыя доказы ў абарону традыцыйных уяўленняў і рэлігійных абрадаў, а дзякуючы адхіленню з царкоўных дагматаў супярэчнасцей, прывядзенню іх у стройную сістэму.

Значны крок наперад у развіцці багаслоўскай навукі, у распрацоўцы новых ідэй, якія тычацца праблем суадносін духу і матэрыі, выражэння думкі і яе ўспрымання, дачынення Бога і чалавека, быў зроблены ў час спрэчак паміж іканаборцамі і іконапаклоннікамі. Але ў цэлым аж да сярэдзіны IX ст. філосафы і багасловы заставаліся ў коле традыцыйных ідэй познеантычнага хрысціянства.

Ідэйная барацьба эпохі іканаборства, якая прыняла вострую палітычную форму, распаўсюджанне паўліканскай ерасі зрабілі відавочнай неабходнасць павышэння адукаванасці духавенства і прадстаўнікоў вышэйшых колаў грамадства. У час агульнага ўздыму духоўнай культуры новы напрамак у навуковай і філасофскай думцы Візантыі пазначыўся ў творчасці патрыярха Фоція, які зрабіў больш, чым хто-небудзь іншы да яго, для адраджэння і развіцця навук у імперыі. Фоцій даў новую ацэнку навуковым і літаратурным працам папярэдняй эпохі і сучаснасці, грунтуючыся пры гэтым не толькі на царкоўным веравучэнні, але і на меркаваннях рацыяналізму і практычнай карысці і імкнучыся з дапамогай прыродазнаўчых ведаў патлумачыць прычыны прыродных з’яў. Уздым рацыяналістычнай думкі ў эпоху Фоція, які суправаджаўся новым нарастаннем цікавасці да Антычнасці, стаў яшчэ больш адчувальным у XI–XII стст. Характэрна, што адначасова з гэтай тэндэнцыяй, як вельмі часта бывала ў Візантыі, распрацоўваліся і паглыбляліся асабліва містычныя багаслоўскія тэорыі. Адна з такіх тэорый, створаных на мяжы X–XI стст., якая не атрымала шырокага прызнання ў XI–XII стст., легла ў аснову магутнай плыні ў праваслаўнай царкве ў XIV–XVI стст. – ісіхазму. Гаворка ідзе аб містыцы Сімеона Новага Багаслова, які развіў тэзіс аб магчымасці для чалавека рэальнага адзінства з бажаством, злучэння пачуццёвага і разумнага (духоўнага) міру шляхам містычнага самасузірання, глыбокай пакоры і “разумнай малітвы”.

У часы Фоція ярка выявіліся супярэчнасці ў інтэрпрэтацыі ідэалістычных канцэпцый Антычнасці паміж прыхільнікамі Арыстоцеля і Платона. Пасля эпохі доўгай перавагі, якая была адда­дзена візантыйскімі тэолагамі вучэнню Арыстоцеля, з XI ст. у развіцці філасофскай думкі азначыўся паварот да платанізму і неаплатанізму. Яркім прадстаўніком менавіта гэтага напрамку быў Міхаіл Псел. Пры сваёй павазе да антычных мысліцеляў і пры ўсёй сваёй залежнасці ад цытуемых ім палажэнняў класікаў старажытнасці Псел заставаўся тым не менш вельмі самабытным (“арыстакратычным”) філосафам; ён умеў, як ніхто іншы, злучаць і прыміраць тэзісы антычнай філасофіі і хрысціянскага спірытуалізму, падпарадкоўваць артадаксальнай дагматыцы нават таямнічае ганьбаванне акультных навук.

Аднак колькі ні асцярожнымі і адмысловымі былі спробы інтэлектуальнай візантыйскай эліты зберагчы і культываваць рацыяналістычныя элементы антычнай навукі, вострае сутыкненне было немінучым: прыклад таму – адлучэнне ад царквы і ганьбаванне вучня Псела філосафа Іаана Італа. Ідэі Платона былі загнаныя ў жорсткія рамкі тэалогіі. Рацыяналістычныя тэндэнцыі ў візантыйскай філасофіі ўваскрэснуць зараз не хутка, толькі ў час нарастаючага крызісу XIII–XV стст., асабліва ва ўмовах барацьбы з містыкамі-ісіхастамі.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]