Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Smolik_A_I__Kukhto_L_K__Tsobkalo_A_A_Kultur.doc
Скачиваний:
178
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
13.56 Mб
Скачать

12.2. Філасофска-рэлігійныя канцэпцыі

Перыяд праўлення французскага караля Людовіка XV, які працяг­ваўся 59 гадоў, быў сапраўдным “залатым стагоддзем” для раз­віцця духоўнай культуры Францыі – галоўнага цэнтра тагачаснай еўрапейскай цывілізацыі і культуры. Тады практычна ўся Еўропа глядзела на Францыю як на цэнтр духоўнага жыцця. Менавіта Францыя была заканадаўцай моды ў розных жанрах культуры – найперш у галіне філасофіі, архітэктуры, навукі, літаратуры, выяўленчага мастацтва. Аднак найбольшую вядомасць і папулярнасць набылі французскія філосафы-асветнікі, многія з якіх з’яўляліся таксама вучонымі, пісьменнікамі.

Філосафы-асветнікі распрацавалі даволі стройную канцэпцыю мінулага, сучаснага і будучага чалавецтва. Аснову дадзенай канцэпцыі склалі паняцці “натуральнага стану”, “натуральнага права”, “грамадскага дагавору”, “прыроды чалавека”, розуму, прагрэсу. Паводле гэтай канцэпцыі, эвалюцыя чалавецтва пачалася з “натуральнага стану”, заснаванага на “натуральным праве”, якое, у сваю чаргу, адпавядала “прыродзе чалавека”. Асветнікі разглядалі “прыроду чалавека" ў якасці своеасаблівай сукупнасці такіх псіхалагічных якасцей і маральна-духоўных каштоўнасцей, як свабода, роўнасць, братэрства, любоў, міласэрнасць, справяд­лівасць, што ўласцівы толькі чалавеку і выдзяляюць яго з жывёльнага свету. Названыя якасці з’яўляюцца натуральнымі, бо яны нараджаюцца разам з чалавекам і адначасова выступаюць яго неад’емнымі, натуральнымі правамі. Без іх і без права на іх чалавек перастае быць сапраўдным чалавекам.

Перыяд “натуральнага стану”, які ахопліваў час існавання першабытнага грамадства, асветнікі называлі “залатым векам”, бо тады, на іх думку, меў месца найвышэйшы росквіт свабоды, роўнасці, братэрства, справядлівасці і інш. Аднак гэтыя прын­цыпы не былі поўнасцю гарантаваныя, нярэдка яны парушаліся з-за недахопу любові і з-за ўзмацнення суперніцтва паміж людзьмі. Неабходнасць урэгулявання такой сітуацыі прывяла да ўзнік­нення дзяржавы, а разам з ёй – улады, права і законаў. Прычым усё гэта ўзнікла не па волі Бога, а ў выніку “грамадскага дагавору” – свядомага пагаднення паміж людзьмі. Менавіта дзяржава павінна была гарантаваць захаванне прынцыпаў і нормаў “натуральнага права”. Так узніклі першыя цывілізацыі. Праўда, дзяржава найчасцей дрэнна спраўлялася з такімі абавязкамі і таму ў грамадстве паступова ўзмацняліся розныя несправядлівасці, несвабода, няроўнасць. Асветнікі лічылі, што феадальны лад несумяшчальны з прынцыпамі розуму і “натуральнага права”, а таму яго павінен замяніць больш справядлівы і гуманны дзяржаўны лад. Яны прапаноўвалі праграму пабудовы такога новага грамадства ў “светлай будучыні”, калі зноў расквітнеюць свабода, роўнасць, справядлівасць, братэрства паміж людзьмі. На шляху да такой “светлай будучыні” асветнікі бачылі дзве галоўныя перашкоды – дэспатызм (найперш у форме абсалютнай манархіі) і абскурантызм (крайне негатыўнае стаўленне да асветніцтва і навукі).

На думку асветнікаў, да ліку асноўных сродкаў пабудовы новага грамадства адносіліся адукацыя і выхаванне, а галоўнай прычынай чалавечых няшчасцяў было невуцтва. Таму надзвычай важная роля надавалася навучанню, выхаванню людзей, іх асветніцтву, а таксама кіраўніку дзяржавы – “гасудару-філо­сафу”, “мудрацу на троне”. Асветнікі распрацавалі таксама канцэпцыю правоў чалавека. Яе асноўныя ідэі знайшлі адлюстраванне ў знакамітай “Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна” (1789), якая была прынята ў пачатку Вялікай французскай рэвалюцыі. У дадзенай дэкларацыі неад’емнымі правамі чалавека былі абвешчаны свабода асобы, слова, сумлення, зафіксавана роўнасць усіх людзей перад за­конам і права чалавека на барацьбу супраць прыгнечання.

XVIII ст. нярэдка называюць “стагоддзем філасофіі”, бо ў тагачасны перыяд менавіта яна займала адно з вядучых месцаў у духоўным жыцці грамадства. Сфарміраваўся своеасаблівы тып філосафа-асветніка, у якім адначасова сумяшчаліся асобныя рысы як філосафа, так і звычайнага асветніка, а нярэдка і пісьмен­ніка, грамадскага дзеяча. Да ліку найбольш знакамітых і папулярных філосафаў-асветнікаў адносяцца Вальтэр, Ж.-Ж.Русо, Д.Дзідро, Ш.Мантэск’ё і інш.

На Беларусі ідэйныя вытокі Асветніцтва бяруць пачатак у духоўна-культурным развіцці грамадства эпохі Адраджэння, у творчасці мысліцеляў канца XVII – пачатку XVIII ст. Прад­стаўнікі ранняга перыяду Асветніцтва (Б.Дабшэвіч, К.Нарбут, М.Пачобут-Адляніцкі і інш.) сцвярджалі гуманістычныя ідэі павагі да чалавека, выхавання і адукацыі на аснове свабоды перакананняў, высокай грамадзянскасці і адказнасці. Гісторык-асветнік А.Нарушэвіч адводзіў розуму галоўную ролю ў гіста­рычным працэсе, а прадметам навуковага даследавання лічыў не толькі дзеянні кіраўнікоў і ваеначальнікаў, але і жыццё простага народа. Г.Каніскі прапагандаваў неабходнасць усталявання ў краіне парадку і законнасці, крытыкаваў духоўнае ўбоства тых, хто меў уладу. М.Матушэвіч у сваіх творах асуджаў самавольства пануючых класаў, абараняў чалавечую годнасць простых людзей. Фізіякраты (Г.Млоцкі, М.Страйноўскі, І.Хра­п­товіч і інш.) разглядалі грамадства як натуральны арганізм, што складае част­ку прыроды; лічылі, што адыход чалавека ад разумных законаў прыроды непазбежна выкліча няшчасці, бедствы і беспарадкі. П.Бжастоўскі, М.Карповіч, І.Яленскі развівалі тэндэн­цыі прыро­дазнаўчага матэрыялізму, радыкальныя сацыяльна-утапічныя ідэі. Для пашырэння ідэй Асветніцтва ў Беларусі шмат зрабіла Камісія народнай адукацыі Рэчы Паспалітай, якая па сутнасці была першым у Еўропе міністэрствам асветы, а таксама вык­ладчыкі Віленскага універсітэта, народных вучылішчаў. Прагрэ­сіўныя асветніцкія тэндэнцыі адлюстраваны ў літаратуры і мастацтве, кнігавыдавецкай, культурна-асветнай і навукова-педага­гічнай дзейнасці.

Галоўную ролю ў рэлігійным жыцці еўрапейскіх краін на працягу XVIII ст. адыгрывалі каталіцтва і пратэстантызм, які існаваў у выглядзе розных плыняў і кірункаў ― лютэранства, кальвінізму, англіканства, анабаптызму і інш. У XVIII ст. прыметна актывіза­валася дзейнасць каталіцкага ордэна езуітаў, аднак у 1773 г. паводле рашэння папы рымскага Клімента ХIV ён быў забаронены на “вечныя часы”. На працягу XVII–XVIII стст. у краінах Еўропы набылі вядомасць такія рэлігійна-містычныя вучэнні, як “янсенізм” і “квіетызм”. Янсенізм быў распрацаваны ў першай палове XVII ст. прафесарам Карнеліем Янсеніем. Ён адмаўляў свабоду волі і прадвызначанасць да выратарання або пагібелі (рай або пекла), што па сутнасці адвяргала царкоўнае вучэнне аб выратаванні “добрымі справамі”. Квіетызм (ад лац. quietus – спакойны, безмяцежны) узнік у XVII ст. унутры каталіцызму і быў афіцыйна асуджаны царкоўнымі інстанцыямі. Гэты кірунак быў распрацаваны іспанскім багасловам Малінасам, які таксама выступаў супраць тэзіса аб выратаванні “добрымі справамі” і патрабаваў містычнага зліцця чалавечай душы з Богам.

На працягу XVIIІ ст. у розных краінах свету даволі шырока распаўсюдзіліся ідэі скептыцызму і атэізму. Пачаўся навуковы аналіз Бібліі, што стварыла тэарэтычны фундамент для крытыкі рэлігіі. Вялікая французская рэвалюцыя канца XVIIІ ст. прывяла не толькі да звяржэння абсалютызму, але і да канфіскацыі царкоўных, манастырскіх зямель, адмены царкоўнай дзесяціны. У выніку рэвалюцыі святары атрымалі статус дзяржаўных чыноў­нікаў і павінны былі прыносіць клятву на вернасць рэвалюцыйнай уладзе. Спецыяльныя дэкрэты Канвента (1793) увогуле скасавалі ў Францыі каталіцкую царкву як самастойны інстытут. Рэвалю­цыянерамі-атэістамі была нават зроблена няўдалая спроба ўвесці новую спецыфічную рэлігію – “Культ Розуму”. Прыхіль­нікі дэізму – вучэння, паводле якога Бог прызнаецца Сусветным Розумам, які калісьці стварыў усё існае, а пазней ніколі не ўмеш­ваўся ў развццё свету і чалавецтва, паспрабавалі стварыць “Культ Вярхоўнай Істоты”. Аднак абедзве гэтыя спробы скончыліся беспаспяхова.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]