Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Smolik_A_I__Kukhto_L_K__Tsobkalo_A_A_Kultur.doc
Скачиваний:
178
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
13.56 Mб
Скачать

10.4. Сярэдневяковая беларуская культура

Духоўна-культурнае станаўленне Беларусi звязана з непасрэдным далучэннем да ўсяго багацця агульначалавечай культуры. Перадумовай узнiкнення старажытнай беларускай культуры мож­на лiчыць шырокiя культурныя сувязі з Вiзантыяй i заходне­еўрапейскiмi краiнамi, якiя асаблiва ўмацавалiся пасля прыняцця хрысцiянства. Увядзенне епархiй i з’яўленне мана­стыроў у Х– ХI стст. на беларускiх землях былi ступенямi ў развiццi лiтаратуры i асветы. Менавiта на светапоглядным падмурку хрысцiянства ўзнiклi культура i фiласофская думка на раннесярэдневяковых беларускiх землях. Хрысцiянскi гуманiзм, паз­баўлены саслоўных абмежаванняў, абумовiў яго духоўную ўплы­вовасць. Кiрыла Тураўскi, Клiмент Смаляцiч i iншыя асветнiкi гэтай эпохi iмкнуц­ца да фiласофскага, рацыяналiс­тычнага асэнсавання рэчаiснасцi. Адметнасцю iх фiласофскiх вучэнняў з’яў­ляецца вера ў маг­чымасцi чалавечага розуму як надзейнага сродку пазнання свету. Маральны пафас хрысцiян­скага гуманiзму дастаткова хутка пранiкае ў старажытнабеларускую лiтаратуру i набывае адзнакi ўстойлiвай нацыянальнай традыцыi, вызначае яе ўзнёслы ўнутраны пафас.

Ефрасіння

Полацкая

Клімент

Смаляціч

Кірыла

Тураўскі

Грыгорый

Цамблак

Кіпрыян

Аўрамій

Смаленскі

Ефрасіння Полацкая (каля 1104–1173). Беларуская святая, была адной з першых асветнiц. Прадслава (свецкае iмя) з’яўлялася дачкой малодшага сына Усяслава Чарадзея, Святасла­ва (у хрышчэннi Георгiя).

Ефрасіння

Полацкая

Нарадзiлася яна, як мяркуюць, у 1104 г. У юнацтве стала манашкай, прыняўшы імя Ефрасiннi. Пачатак свайго манаскага жыцця Ефрасiння правяла ў келлi Полацкага Са­фiйскага сабора, дзе займалася перапiскай царкоўных кнiг. Па iнiцыятыве Ефрасiннi была пабудавана царква Спаса – унiкальны помнiк мураванага дойлiдства Беларусi.

Потым яна заснавала каля Полацка жаночы манастыр Св.Спаса, пры якiм адкрыла школу для навучання дзяцей грамаце. Ефра­сiння заснавала i мужчынскi Багародзiцкi манастыр. Гэтыя манастыры сталi асяродкамi асветы ў Полацкiм княстве, пры якiх працавалi вучэльнi, бiблiятэкi, iканапiсная i ювелiрная майстэрнi. Сама Ефрасiння складала i запiсвала малiтвы i дыдактычныя пропаведзi. Пад канец жыцця яна адправiлася ў паломнiцтва да гроба Гасподняга ў Iерусалiм. Там i памерла ў 1173 г.

У 1187 г. мошчы Ефрасiннi Полацкай былi перавезены ў Кiева-Пячэрскую лаўру, а ў пачатку ХХ ст. – у полацкую царкву Спаса.

Пасля смерцi Ефрасiннi невядомы аўтар склаў “Жыццё Ефрасiннi Полацкай”. Гэта адзiн з вельмi нямногiх помнiкаў лiтаратуры старажытнага Полацка, якi дайшоў да нас. Аўтар услаўляе настойлiвую i самаахвярную жанчыну, яе iмкненне да ведаў i духоўнай дасканаласцi. “Жыццё...” прасякнута пафасам сцвярджэння хрысцiянскiх светапоглядных уяўленняў i iмкнен­нем да праўдзiвасці. Актыўным суб’ектам сцвярджэння праў­дзiвасцi выступае ў творы Ефрасiння.

З iмем Ефрасiннi звязаны крыж, зроблены на яе замову ў 1161 г. полацкiм майстрам Лазарам Богшам, якi з поўным правам можна назваць шэдэўрам сваёй эпохi. Праўда, месцазнаходжанне яго пакуль невядома.

Духоўны ўплыў беларускай асветнiцы Ефрасiннi Полацкай адчуваўся на ўсiх землях старажытнай Русi. Яе iмя i справы, воб­раз падзвiжнiцы сталi шырока вядомыя ў ХVI ст., калi мiтрапалiт Макарый уключыў яе “Жыццё...” ў “Мiнеi-чэццi”. Найпадобнейшую Ефрасiнню Полацкую глыбока шануюць ва ўсiм хрыс­цiянскiм свеце.

Кірыла Тураўскі (каля 1130 – пасля 1190). Вядомы беларускi пiсьменнiк, прапаведнiк, царкоўны дзеяч.

Кірыла Тураўскі

Нарадзiўся i выхоўваўся ў г.Тураве. Сын заможных бацькоў. Атрымаў добрае хатняе выхаванне, пазней спасцiг вышэйшыя тагачасныя навукi ад грэчаскiх настаўнiкаў. Добра валодаў народнай вобразнай i стараславянскай мовамi, глыбока ведаў вiзантыйскую культуру, асаблiва паэзiю i красамоўства. Рана стаў паслушнiкам аднаго з тураўскiх манастыроў. Каля 1123 г. пайшоў у Нiкольскi манастыр, быў iераманахам i настаяцелем гэтага манастыра. У 1159 г. прыняў епiскапства. Сваю пасаду разглядаў як нялёгкi абавязак хрысцiянiна i асветнiка.

На думку даследчыкаў, да лiтаратурнай спадчыны Кiрылы Ту­раўскага адносіцца больш за 70 твораў розных жанраў. Захавалiся 8 слоў-казанняў, 2 прытчы, 2 казаннi, 2 пасланнi да Васiля – iгу­мена Пячэрскага, 2 каноны i каля 30 спавядальных малiтваў. Яго творы набылi вялiкую папулярнасць на Русi. У iх ён тлумачыў сiмволiку бiблейскiх кнiг. Ён прапаведаваў евангельскую боскую ласку, радасць адчування духоўнага нараджэння ў Хрысце.

Для хрысцiянскай культуры таго часу багаслоўская паэтычная, красамоўнiцкая i асветнiцкая творчасць Кiрылы Тураўскага была сапраўдным адкрыццём красы i мастацкай выяўленчай сiлы роднай мовы.

Творы Кiрылы Тураўскага набылi вялiкую папулярнасць на Русi i распаўсюджвалiся ў спiсах на працягу многiх стагоддзяў. Пазней яго малiтвы, казаннi, прытчы неаднойчы друкавалiся рознымi выдаўцамi. Фiласофскiя i маральна-этычныя погляды пiсьменнiка раскрываюцца ў яго творах у форме прытчаў, з выкарыстаннем мастацкiх вобразаў i сiмвалаў. Так, у спавядальных малiтвах, створаных К.Тураўскiм, яскрава адчуваецца шчырае лiрычнае самараскрыццё душы чалавека перад Богам. Праблема чалавека ў яго грамадскiм быццi сiмвалiчна раскрываецца ў некаторых прытчах. Шэраг твораў К.Тураўскага прысвечаны раскрыццю сацыяльна-этычнага сэнсу манаскага жыцця. Духоўная мiсiя манахаў, лiчыў К.Тураўскi, заключаецца ў тым, каб даць чалавеку i грамадству ўзоры быцця з Богам, жыцця ў чысцiнi i ў адпаведнасцi з Боскай праўдай.

У асобных творах красамоўнiцкага жанру выкрываецца недасканаласць дзяржаўнага ладу, зямной улады, якая служыць грахоў­най прыродзе чалавека, а не яго духоўнаму ўдасканаленню.

Клімент Смаляціч (?–пасля 1161) вядомы як пiсьменнiк i царкоўны дзеяч. Верагодна, што адукацыю атрымаў у Канстан­цiнопалi. Быў спачатку манахам Зарубскага манастыра непадалёку ад Кiева, сем гадоў з’яўляўся мiтрапалiтам Кiеўскiм i ўсяе Русi. Даследчыкi сведчаць, што Клiмент Смаляцiч дасканала ведаў антычную лiтаратуру. У Iпацьеўскiм летапiсе пра яго сказана, што ён “быў кнiжнiк i фiлосаф, якiх у рускай зямлi не бывала”. Гэтая характарыстыка, бясспрэчна, вельмi справядлiвая. Клiмент быў пладавiты пiсьменнiк, але да нашага часу захаваўся толькi адзiн яго твор – “Пасланне Фаме прэсвiтэру”. Гэтае “Пасланне...” раскрывае кругагляд i iнтарэсы вучонага, царкоўнага дзеяча. З паслання бачна, што К.Смаляцiч дазваляў iншаска­зальнае тлумачэнне Свяшчэннага Пiсання. Паводле меркаванняў Клiмента, важныя не толькi лiтаральнае, але i сiмвалiчнае разуменне бiблейскiх тэкстаў, iх творчая iнтэрпрэтацыя. Для распрацоўкi i выкладання сваiх думак ён шырока выкарыстоўваў працы Гамера, Платона i Арыстоцеля.

Значнае месца ў светапоглядзе К.Смаляцiча належыць iдэi антрапацэнтрычнасцi. Разглядаючы чалавека як вянец тварэння, як асноўны цэнтр Сусвету, створаны па ўзоры i падабенстве боскiм, Клiмент падкрэслiвае, што чалавеку належыць iмкнуцца да маральнага ўдасканалення, услаўляць Бога i дзякаваць яму. У “Пасланнi...” ён адзначае духоўна-маральную прыроду чалавека. К.Смаляцiч адстойвае маральную чысцiню думак i ўчынкаў, падтрымлiвае духоўнае памкненне да найвышэйшых каштоў­насцей быцця. Ён заклiкаў людзей сканцэнтраваць сваю дзейнасць на духоўным, вечным, адмовiцца ад матэрыяльных даброт, уключаючы царкоўную маёмасць.

Вышэйшы сэнс чалавечага iснавання К.Смаляцiч бачыць у разуменнi пабудовы свету, боскай арганiзацыi быцця. Зразу­меўшы гэта, чалавек становiцца, такiм чынам, на шлях пазнання Бога i сваiмi ўчынкамi можа далучыцца да Творцы цi, наадварот, аддалiцца ад яго.

Аўрамій Смаленскі

Аўрамій Смаленскі (сярэдзіна ХІІ ст. – 1224). Асветнiк, рэлiгiйны i грамадскi дзеяч. Нарадзiўся ў Смаленску. З дзяцiнства выхаваны ў духу строгай хрысцiянскай маралi i прывучаны да сiстэматычных кнiжных заняткаў. У сталым узросце ён вырашыў прысвяцiць сябе справе рэлiгiйнага служэння i асветы. Раздаў усю сваю маёмасць манастырам, цэрквам i бедным, а сам пайшоў у манастыр, размешчаны ў вако­лiцах Смаленска. Тут ён старанна вывучаў творы Iаана Златавуста, Яфрэма Сiрына, жыцii святых i займаўся зборам i перапiсваннем кнiг. Пасля 30 гадоў манаскага служэння ў 1198 г. ён прыняў сан прэсвiтэра i стаў шырока вядомы як прапаведнiк i настаўнiк не толькi манаскай брацii, але i свецкiх асоб. Да яго прыходзiлi за духоўнай парадай, настаўленнем.

Аўрамiй заклiкаў смалян няўхiльна прытрымлiвацца маральных прынцыпаў хрысцiянства, клапацiцца пра духоўнае ўдаска­наленне жыцця, увесь час памятаць пра Бога, малiцца дзень i ноч, каб не быць асуджаным на Судзе потым. Памёр ён прыкладна ў 1224 г., пражыў ў манастве 50 гадоў. Пасля смерцi, як i пры жыц­цi, Аўрамiя шанавалi смаляне як нястомнага прапаведнiка рэлi­гiйнага пакаяння i непазбежнасцi Страшнага Суда. За актыўнае прапаведаванне хрысцiянства i ўзорнае жыццё праваслаўная царква кананiзавала яго. “Жыцiе прападобнага Аўрамiя Смаленскага” распавядае пра падзвiжнiцкую дзейнасць асветнiка.

Кіпрыян (1330–1406). Па паходжаннi серб або балгарын. Некаторыя даследчыкi называюць яго ўраджэнцам Лiтвы. Займаў пасаду iераманаха пры Канстанцiнопальскiм патрыярху. З 1373 г. знаходзiўся ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм у якасцi ўпаўнаважанага прадстаўнiка патрыярха. Быў прыхiльнiкам незалежнасцi Лiтоў­скай мiтраполii ад маскоўскага рэлiгiйнага цэнтра. Па прапанове вялiкага князя Альгерда заняў кафедру Лiтоўскага мiтрапалiта i ўзначальваў мiтраполiю да 1389 г. Iм было шмат зроблена па ўмацаваннi ролi Лiтоўскай мiтраполii ў рэлiгiйным жыццi ўсходнiх славян. Мiтрапалiт Кiпрыян як мага стрымлiваў экспансiю каталiцкай царквы, шмат увагi надаваў духоўнай асвеце насельнiцтва ВКЛ. Кiпрыянам зроблены многiя пераклады богаслужэбных кнiг на старабеларускую мову. У сваiх блiскучых прамовах i пасланнях мiтрапалiт заклiкаў народ ВКЛ да маральнага i рэлiгiйнага ўдасканалення, падкрэслiваў велiч i выратавальную сiлу хрысцiянскай веры.

Кіпрыян і Юстына

Даследчыкi лiчаць Кiпрыяна аўтарам “Ле­тапiсу аб пачатку зямлi рускай”. У гэтым творы ён паказаў гiсторыю Маскоўскага княства з пункту гледжання адзiнства ўсiх славян. У летапiсе ёсць звесткi па гiсторыi ВКЛ. Адзначаецца ваенны талент Альгерда.

Кiпрыян напiсаў таксама “Жыццё св.мiт­ра­палiта Пятра”, “Зводную кормчую”, не­калькi пасланняў Сергiю Раданежскаму, шэраг грамат i малiтваў.

Грыгорый Цамблак

Цамблак Грыгорый (1364–1450). Па паходжаннi балгарын. У канцы ХIV ст. вёў прапаведнiцкую дзейнасць у манастырах Вiзантыi, Сербii, Малдавii. У 1406 г. пасялiўся ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм. Па прапанове вялiкага князя Вiтаўта ў 1415 г. быў абраны мiтрапалiтам на Наваградскiм саборы епiскапаў без згоды патрыярха.

Будучы мiтрапалiтам Лiтоўскiм i Кiеўскiм, Цамблак працягваў i развiваў традыцыi ўрачыс­тага красамоўства, закладзеныя К.Тураўскiм. Ён з’яўляўся аўтарам больш за 40 твораў. Яго про­паведзi, дыдактычна-панегiрычныя словы, паву­чаннi, жыцii напiсаны вобразнай мовай, насычаны метафарамi, параўнаннямi. У сваiх працах Г.Цамблак узнiмаў пытаннi шырокага грамадскага значэння, абараняў праваслаўную веру i культуру, услаўляў нацыянальна-культурных дзеячаў.

Пропаведзi i жыціi, складзеныя Г.Цамблакам, распаўсюджвалiся ў беларускiх манастырах, з’яўлялiся ўзорам для мясцовых кнiжнiкаў i духоўна ўзбагачалi чытачоў ВКЛ. Яго лiтаратур­ная спадчына станоўча паўплывала на развiццё беларускай лiтаратуры, а творы ўключалiся ў шматлiкiя рукапiсныя зборнiкi ХV−ХIХ стст.

Такiм чынам, старажытныя беларускiя землi мелi багатую лiтаратурную спадчыну. Лiтаратурная дзейнасць беларускiх мыслiцеляў высока ацэньвалася ў Старажытнай Русi. Багатая лiтаратура Полацкай, Тураўскай, Смаленскай i Навагарадскай земляў садзейнiчала станаўленню i развiццю беларускай мовы. Старажытныя беларускiя гарады мелi школы, у якiх грунтоўна вывучалiся грэчаская i лацiнская мовы, дзе можна было атрымаць шырокую адукацыю. Сапраўдныя лiтаратурна-асветнiцкiя школы iснавалi ў манастырах, якiя выхавалi славутых мыслiцеляў i асветнiкаў.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]