Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Smolik_A_I__Kukhto_L_K__Tsobkalo_A_A_Kultur.doc
Скачиваний:
178
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
13.56 Mб
Скачать

8. Культура старажытнай індыі

8.1. Асноўныя гістарычныя тыпы індаарыйскай цывілізацыі

Індыйская цывілізацыя пачала складвацца ў сярэдзіне ІІІ тыс. да н.э. Яна адносіцца да ліку найбольш старажытных у свеце. Праіснаваўшы да VI ст. н.э., гэтая цывілізацыя пакінула надзвычай багатую духоўную спадчыну. У развіцці старажытна­індыйскай культуры можна вызначыць шэраг стадый. У перыяд з сярэдзіны ІІІ да першай паловы ІІ тыс. да н.э. сфарміравалася харапская, ці індыйская, культура, для якой характэрна развітая гарадская цывілізацыя ў даліне ракі Інд. Насельнікамі Індыі былі створаны высокамастацкія творы дробнай пластыкі, архітэктуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

З першай паловы ІІ і да сярэдзіны І тыс.да н.э. развіваецца індаарыйская культура, на якую значны ўплыў аказалі качавыя плямёны арыяў. Дарэчы, да XIX ст. індыйскую тэрыторыю называлі краінай арыяў. Гэты тып культуры адзначаны росквітам індаарыйскай міфалогіі, наяўнасцю разнастайных культаў, ахвярапрынашэнняў, стварэннем манументальных эпічных сказанняў.

У V–II стст. да н.э. узнікае культура дынастыі Маур’яў, якая развіваецца ва ўмовах існавання цэнтралізаванай дзяржавы. У гэты перыяд зараджаюцца новыя рэлігійна-філасофскія вучэнні, развіваюцца літаратура, навука і мастацтва.

Нарэшце, у VІ–III стст. да н.э. паўсюдна пануе кушана-гупцкая культура. У дадзеную гістарычную эпоху адбываюцца культурны ўздым, узвядзенне манументальных пабудоў, стварэнне выдатных скульптурных, жывапісных, літаратурных твораў.

Як егіпецкая і месапатамская культуры, духоўная спадчына індаарыяў мае шэраг адметных асаблівасцей.

8.2. Асноўныя рысы культуры

Філасофія. Да важнейшых адметнасцей старажытнай інда­арыйскай культуры патрэбна аднесці разнастайнасць філасофскіх вучэнняў. Галоўная каштоўнасць індыйскай філасофіі заключаецца ў яе накіраванасці да ўнутранага свету чалавека; яна дае шырокія магчымасці для станаўлення маральнай асобы. Гэтым тлумачацца яе прывабнасць і жыццядзейнасць. Старажытна­індыйская філасофія развівалася ў рамках пэўных сістэм, ці школ, і падзялялася на дзве вялікія групы. Да першай групы адносіліся артадаксальныя філасофскія школы, якія прызнавалі аўтарытэт Вед (Веданта), Міманса, Санкх’я, Ньяя, Йога, Вайшэшыка. Другую групу складалі неартадаксальныя школы, якія не прызнавалі аўтарытэтаў Вед (джайнізм), Будызм, Чарвака-Лакаята. Паводле вучэння Веданты, адзіная крыніца боскага пазнання – адкрытасць (шруці), гэта значыць Веды; ісціна – гэта адзінства таго, хто па­знае з Брахмай, свет – эманацыя Брахмы. Веды лічыліся адзіным аўтарытэтам. Чалавек збаўляецца ад зла і пакут не справамі, а пазнаннем боскай спецыфікі Вед. Веданта ў феадальнай Індыі стала асновай філасофіі індуізму. Адметныя рысы ведызму – політэізм. Прыхільнікі ведызму ў якасці галоўных прызнавалі 33 багоў. Багі лічыліся нябачнымі, аднак тыя, пра якіх захаваліся звесткі, былі падобныя на чалавека. Самым магутным бажаством у старажытных арыяў лічылася тое, да якога ў дадзены момант звярталіся з гімнамі. Да ліку галоўных багоў ведызму адносяцца Індра, Варуна, Агні, Сома і інш.

Ідэалістычная школа Веданта карысталася найбольшым уплывам. Значным дасягненнем старажытнаіндыйскай філасофіі было атамістычнае вучэнне школы Вайшэшыка. Прыхільнікі Санкх’я таксама адлюстравалі многія дасягненні ў навуцы. Так, філосаф Начартжуна сфармуляваў канцэпцыю ўсеагульнай адноснасці, заклаў асновы школы логікі Індыі.

Йога абапіраецца на Веды і з’яўляецца адной з ведычных філасофскіх школ. Йога – значыць “сканцэнтраванне”, яе заснавальнікам лічыцца мудрэц Патанджалі (II ст. да н.э.). Йога – гэта філасофія і практыка. Йога – індывідуальны шлях выратавання, прызначана для дасягнення кантролю над пачуццямі і думкамі, у першую чаргу пры дапамозе медытацыі. У сістэме йогі вера ў бога разглядаецца як элемент тэарэтычнага светапог­ляду і як умова практычнай дзейнасці, накіраваная на вызваленне ад пакут. Яднанне з Адзіным неабходна для асэнсавання асабістага адзінства. Пры ўдалым авалоданні медытацыяй чалавек прыходзіць да стану самадхі (гэта значыць стану поўнай інтраверсіі, які дасягаецца пасля шэрага фізічных і псіхічных практыкаванняў і сканцэнтраванасці). Настаўнікі йогі вялікую ўвагу звяртаюць на неабходнасць выпрацоўкі цярпімасці ў адносінах да іншых вучэнняў.

Супраць пануючай ідэалістычнай філасофіі выступалі старажытныя індыйскія філосафы-матэрыялісты, якія адлюстроўвалі апазіцыйныя да афіцыйнай ідэалогіі погляды свабодных абшчын­нікаў і гарадскіх нізоў. Да іх ліку адносіцца вучэнне Лакаята. Лакаятнікі выступалі супраць галоўных палажэнняў рэлігійна-філасофскіх школ. Асноўнай крыніцай пазнання яны лічылі пачуццёвае ўспрыманне. Да вучэння Лакаята прымыкалі і іншыя матэрыялістычныя філасофскія школы. Так, джайнізм не прыз­наваў аўтарытэтаў Вед, дазваляў уступаць у свае абшчыны мужчынам і жанчынам усіх варнаў і кастаў. Яго паслядоўнікі сцвярджалі, што свет матэрыяльны. Яны адмаўлялі магчымасць паасобнага існавання душы і цела, бессмяротнасці душы і яе перасяленне. Прадстаўнікі вучэння адмаўлялі і высмейвалі брах­манісцкія абрады, ахвярапрынашэнні, вераванні.

Мэтай джайнаў з’яўлялася вызваленне ад пераадраджэнняў і дасягненне дасканалага стану душы, так званай нірваны. Паводле вучэння джайнаў, нірваны можа дасягнуць толькі аскет, які прытрымліваецца строгіх правіл.

У перыяд заняпаду рабаўладання і складвання феадальных адносін узмацняюцца ганенні на апазіцыйныя вучэнні, фармі­руецца шэраг філасофскіх сістэм, звязаных з брахманісцкім і будыйскім багаслоўем. Брахманісцкая філасофія – сумесь розных супярэчлівых поглядаў. Для яе характэрна вучэнне аб пярвічнасці існасці, сусветнай душы – брахме, якая ў працэсе самаразвіцця стварае багоў і ўвесь бачны свет. Для будыйскай філасофіі характэрны вельмі суб’ектыўны ідэалізм: рэальна існуе толькі суб’ект, а ўвесь астатні свет – ілюзія (майя).

Нягледзячы на гэта для ўсёй старажытнаіндыйскай філасофіі характэрны шырыня і глыбіня думкі. Нават філосафы-ідэалісты прызнавалі вечнасць свету, бесперапыннасць яго развіцця, разу­мелі, які грандыёзны Сусвет у часе і прасторы. Гэта абумовіла ўплыў філасофіі Індыі на іншыя народы старажытнасці.

Рэлігія. Тысячагадовая культурная традыцыя Індыі склалася ў цеснай сувязі з развіццём рэлігійных уяўленняў яе народа. Галоўнай рэлігійнай плынню быў індуізм, карані якога знахо­дзяцца ў глыбокай старажытнасці. Індуізм уяўляе сабой комплекс рэлігійна-міфалагічных, сацыяльна-прававых, этычных поглядаў і абрадаў індыйскага народа. У Індыі ўзнікалі, развіваліся і знікалі многія рэлігіі, рэлігійна-філасофскія вучэнні – ведызм, брах­манізм, джайнізм, будызм, крышнаізм. Іх далейшае гістарычнае развіццё прывяло да фарміравання новай рэлігіі – індуізму.

Індуізм адрозніваецца аморфнасцю, у ім няма набору догмаў, арганізаванай царквы, сукупнасці рэлігійных уяўленняў, звычаяў. Яго аснову складае вучэнне аб перараджэнні душ. Згодна універсальнаму закону кармы, любая матэрыяльная дзейнасць, праведная ці грахоўная, вядзе да наступстваў. Толькі акарма, служэнне богу, не мае кармічных наступстваў. У межах індуізму складваецца іерархія чатырох каст (варн): брахманы (жрацы), кшатрыі (воіны), вайш’я (гандляры) і шудры (слугі). Правільныя паводзіны – абавязак сваёй касты; яны ўзнагароджваюцца набыццём больш высокай касты ў наступным жыцці. І наадварот, дрэнныя паводзіны вядуць да больш нізкай касты і нават стану жывёлы. Вышэйшай мэтай чалавечых імкненняў і дзеянняў становіцца вызваленне ад матэрыяльнага існавання і ад бясконцага ланцуга пераўтварэнняў; лічыцца, што гэтага можа дасягнуць толькі брахман.

Трыяду вышэйшых багоў індуізму складаюць Брахма, Шыва і Вішну.

Брахма – гэта бог, які стварыў свет. Паводле рэлігійных паданняў, ён нарадзіўся з вялікага яйка, што плавала ў першабытным акіяне. Затым падзяліў гэта яйка на дзве палавінкі, з якіх ўзніклі неба і зямля, а пазней і ўвесь астатні свет: богі, людзі, жывёлы, расліны. Брахма зрабіў са свайго цела сабе жонку Савітры – багіню навукі і мастацтва. Брахма меў выгляд чатырох- ці васьмівугольнага, чатырохгаловага чалавека, які сядзіць на лебедзі.

Вішну – адзін з галоўных багоў, бог-стваральнік свету і яго ахоўнік. Ён увасабляе творчую касмічную энергію. Меў выгляд або дзіцяці, што сядзіць на лісцях лотаса, або прыгожага чатырохрукага юнака, які ляжыць на плывучым па касмічным акіяне тысячагаловым цмоку. Быў таксама заступнікам пакрыўджаных і прыгнечаных, змагаром супраць усякага зла і несправядлівасці. Ён мог прымаць розныя абліччы, сярод якіх найбольш вядомымі можна лічыць Раму і Крышну – бога-пастуха, мудрага цара-воіна. Яго жонкай была багіня прыгажосці і шчасця Лакшмі, якая паўсюды суправаджала свайго мужа.

Вішну. Барэльеф з храма ў Дыягархі

Шыва ўвасабляў адначасова як стваральны, так і разбуральны пачаткі. Ён разбурае чалавечыя ілюзіі, вораг дэма­наў. Меў розныя выгляды: Шыва-Натараджа, ці цар танца, які творыць свет сілай свайго танца; трохлікі Шыва; ён жа ў саюзе з Брахмай і Вішну, разам з жонкай Пар­ваці. Парваці нарадзіла яму двух сыноў: Ганеша – бога мудрасці – і Карцікее. Уяўленне аб яго стваральнай энергіі ўвасоблена ў асноўным сімвале-лінгаме-фаласе. Таму галоўным прадметам культа Шывы сталі каменныя калоны з выявай лінгама, якія стаяць на так званым “йоні” – адмысловым жаночым сімвале. Пасярэдзіне лба Шывы змешчана трэцяе вока, якім ён можа спапяліць любога чалавека.

У індуізме існуюць дзве асноўныя плыні – вішнуізм і шываізм. Вішнуізм, які сфарміраваўся ў сярэдзіне І тыс. да н.э., прызнае ў якасці вярхоўнага бога Вішну. Шываізм, які аформіўся ў І ст. н.э., сцвярджае верхавенства Шывы. Яго характэрная рыса – культ шакці, творчага пачатку. У шываізме доўгі час захоўваліся крывавыя ахвярапрынашэнні.

Аснова індуісцкага культу – ахвярапрынашэнні. У якасці дароў выступаюць кветкі, фрукты, грошы; у некаторых выпадках магчыма прынясенне ў ахвяру жывёл. Праводзяць абрады ў храмах, каля мясцовых ці дамашніх алтароў, у святых месцах (некаторыя гарады, напрыклад, Бенарэс). Індуісты пакланяюцца выявам багоў, акрамя таго, маглі прымаць розную форму – сапраўдны вобраз бога недаступны.

Сістэма абраду індуізму ўключае рытуалы, звязаныя з асквярненнем ці ачышчэннем; каляндарныя святы; пасты і абмежаванні; рытуалы, прысвечаныя продкам і мясцовым божаствам; палом­ніцтвы. Спецыяльныя абрады-санскары адзначаюць нараджэнне, навучанне, вяселле, смерць. Мова храмавага культу – санскрыт.

Будызм узнік у VI–V стст. да н.э., яго заснавальнікам лічыцца Сідхартха Гаутама. Ён дасягнуў прасвятлення – вышэйшай ісціны, веданне якой дае магчымасць вызваліцца ад цыкла пераўтварэнняў. Гаутама лічыў, што ведае шлях да памяншэння чалавечых пакут, ён вырашыў пазбавіць людзей ад іх. У будызме адсутнічае ўяўленне аб Богу як творцы-выратавальніку, вышэйшай істоце, у сувязі з чым чалавек, канчатковай мэтай якога становіцца дасягненне нірваны, павінен ачысціць сваю свядомасць медытацыяй, а таксама разважаннямі на асаблівыя тэмы.

Гаутаме адкрыліся чатыры ісціны, якія складаюць ядро будыйскай філасофіі.

Першая заключаецца ў веданні пакут. Гэта значыць, што ўсякае індывідуальнае існаванне – гэта няшчасце і боль.

Другая тычыцца прычын пакут. Крыніца пакут заключаецца ў жаданні і невуцтве.

Трэцяя ісціна звязана з вызваленнем ад пакут. Яны павінны быць знішчаны. Асноўная мэта будызму – канчатковае вызваленне ад пакут шляхам пазбаўлення ад жаданняў.

Чацвёртая ісціна паказвае шлях выратавання. Дзеля гэтага трэба прытрымлівацца “высакароднага васьмярычнага шляху”, які складае аснову вучэння Буды і вызначае будыйскі спосаб жыцця.

У аснове будыйскай этыкі ляжыць прынцып так званага сярэдзіннага шляху, што рэкамендуе вернікам пазбягаць крайнасцей – як цягі да пачуццёвай асалоды, так і яе поўнага падаўлення.

Этычнае вучэнне будызму грунтуецца на пяці запаветах: не забіваць, не хлусіць, не красці, не пралюбадзейнічаць, не ўжы­ваць спіртных напояў. Канчатковага выратавання можна дасягнуць толькі тады, калі чалавек пагружаецца ў нірвану. Нірвана азначае поўную адасобленасць ад знешняга свету, адсутнасць усякіх жаданняў, унутраную прасветленасць і абсалютны спакой.

Адзінае вучэнне Буды ўжо ў першыя стагоддзі існавання падзялілася на 18 плыней. Вядомы дзве асноўныя плыні будызму: Хінаяна (Малая калясніца) і Махаяна (Вялікая калясніца).

У аснове Хінаяны ляжыць дактрына Тхеравады (шлях старэйшых), якая прэтэндуе на дакладнае выкладанне пачатковага вучэння Буды. Тхеравада прапаведуе індывідуальнае выратаванне, якое магчыма толькі для членаў манаскай абшчыны. Акцэнт робіцца на дысцыпліну; распаўсюджана аскетычная практыка. З цягам часу Хінаяна стала расцэньвацца як вельмі абмежаваная, эгацэнтрычная, фармальная плынь будызму.

У рамках Махаяны развіваецца ідэя, згодна з якой прасвятлення могуць дасягнуць і простыя людзі, калі яны будуць дзейнічаць пад кіраўніцтвам бадхісатвы. Акцэнт робіцца на веру ў Буду. Альтруізм, спачуванне, міласэрнасць – асноўныя этычныя каш­тоўнасці Махаяны. Ідэалам з’яўляецца бадхісатва, які, маючы магчымасць стаць Будай і ўвайсці ў нірвану, адмаўляецца ад гэтага, каб дапамагчы іншым дасягнуць прасвятлення; гэта ідэал спачування і самаахвяравання. Махаяна не абмяжоўваецца пакланеннем Будзе Гаутаме, усхваляюцца таксама розныя буды, бадхісатвы, багі, святыя.

У будыйскім пантэоне налічваецца мноства Будаў. У больш вузкім значэнні гэтага слова Буда – гэта імя, дадзенае індыйскаму прынцу Сідхартхе. У ходзе гістарычнага развіцця ў будызме паступова склаўся культ Буды і бадхісатваў (прасветленых істот, рэлігійных настаўнікаў), а таксама ўзніклі рэлігійны рытуал і “сангхі” (манаскія абшчыны).

Будыйскія рэлігійныя святы адзначаюцца згодна з месячным календаром. У красавіку – маі адзначаецца трайное свята Буды – у гонар яго дня нараджэння, прасвятлення і смерці. У дзень памінання памерлых запальваюць факелы, праводзяць малебны, наведваюць магілы продкаў, прыносяць дары манастырам. У пачатку сезона дажджоў па традыцыі адзначаецца адыход у сангху. У чэрвені – ліпені адзначаецца прыход Майтрэйі – будучага Буды. У лютым – дзень Усіх Святых, да якога прыўрочваецца закладка новых культавых пабудоў.

Навуковыя дасягненні. Адкрыцці старажытных індыйцаў у галіне дакладных навук уражваюць сучаснікаў. Старажытныя трактаты па астраноміі сведчаць аб высокім узроўні развіцця гэтай навукі, якая фарміравалася незалежна ад іншых народаў.

Назiраннi за рухам сонца па небасхiле, за фазамi i рухам месяца, а таксама за знаходжаннем месяца ў пэўных сузор’ях i над зорным небам дазволiлi старажытным iндыйцам устанавiць фазы месяца, задыяк i стварыць своеасаблiвую форму календара. Сонечны год падзяляўся на 12 месяцаў па 30 дзён у кожным, праз пяць гадоў далучаўся трынаццаты месяц. У годзе было 360 дзён, затым 366 i толькi ў VI ст. н.э. устанавiлi больш дакладную працягласць года. Менавiта да гэтага часу адносiцца значны прагрэс у астраномii. У трактаце Ар’япхаты сцвярджаецца факт шарападобнасцi зямлi, якая рухаецца вакол сваёй асi, гаворыцца, што месяц пераймае сваё святло ў сонца, што выклікала незадавальненне жрацоў.

Храм Сонца ў Канараку

Значны ўклад у сусветную культуру ўнеслі стара­жытнаіндыйскія матэматыкі. Яны стварылі незалежна ад іншых народаў дзесятковую сістэму лічэння, якая стала вядомай насельніцтву Паў­ночна-Заходняй Індыі яшчэ ў перыяд культуры Харапы (III ст. да н.э.). Ганаровае месца ў гісторыі матэматыкі займаюць вучоныя Ар’япхата і Вараміхіра. З іх трактатаў вынікае, што ў V ст. н.э. індыйцы ведалі квадратныя і кубічныя карані. Незалежна ад іншых народаў яны заклалі аснову алгебры і з’явіліся ў гэтых адносінах настаўнікамі арабаў і народаў Сярэдняй Азіі. Вучоныя ведалі значэнне “пі”, прапанавалі неардынарнае рашэнне лінейнага ўраўнення. Акрамя таго, менавіта ў Старажытнай Індыі ўпершыню сістэма лічэння стала дзесятковай. Увядзенне гэтай сістэмы садзейнічала дакладным астранамічным разлікам, хаця абсерваторый і тэлескопаў не існавала.

Першыя звесткі пра медыцынскія веды сустракаюцца ў “Рыгведзе” i “Атхарваведзе”. З цягам часу старажытны лекар-знахар (бхiшадж – “якi выганяе бесаў”) пераўтвараецца ў лекара. Яны карысталiся асобнымi тэрмiнамi i мелi некаторыя анатамiчныя веды, асаблiвую ўвагу надавалi мозгу, спiнному хрыбту, грудной клетцы. У названых творах узгадваюцца хваробы: суставаў, галавы i iнш. Уводзяцца абагульняючыя паняццi для падобных вiдаў хвароб. Для прыгатавання лекаў часта выкарыстоўвалi раслiны. З’яўляюцца нават асобныя медыцынскiя спецыялiзацыi (хiрургiя, хваробы вачэй i інш.). У брахманскiх кнiгах узгадваюцца хiрургiчныя iнструменты. Індыйцы маглi не толькi аперыраваць, але i рабiць пратэзы. Назапашванне медыцынскiх ведаў прывяло да з’яўлення першых навуковых трактатаў па медыцыне, якiя адносяцца да пачатку новай эры. Аўтар трактата Самхiта Чарака быў, магчыма, прыдворным урачом цара Канiшкi (I ст. н.э), а час­тка трактата Сушрута ўзыходзiць да V ст. н. э. У Яджурведзе захавалiся ўзгадваннi пра асноўныя сокi арганiзма: вецер, жоўць, флегму. У медыцыне выкарыстоўвалi мiнеральныя рэчывы (ртуць, нашатыр і iнш.). Хiрургi Iндыi былi вядомыя далёка за межамi краiны, нягледзячы на тое, што рэлігія стрымлівала развіццё медыцыны, лічачы яе грахоўнай.

Абагульняючы вышэйпералічаныя факты, неабходна адзначыць, што імкненне да ведаў – адметная рыса індыйскай культуры. У шэрагу гарадоў старажытнай краіны функцыянавалі універсітэты, у якіх вывучаліся рэлігійна-філасофскія тэксты, астраномія, астралогія, матэматыка і санскрыт. Вучыцца ў Індыю прыязджалі спецыялісты з многіх краін.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]