Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Smolik_A_I__Kukhto_L_K__Tsobkalo_A_A_Kultur.doc
Скачиваний:
178
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
13.56 Mб
Скачать

9. Культура візантыі

9.1. Хрысціянскі характар культуры

Першая культура, якая мела амаль выключна хрысціянскі характар, склалася на тэрыторыі Візантыйскай імперыі (Усходняй Рымскай). Яна ўтварылася ў выніку распаду раней адзінай Рымскай імперыі ў 395 г. Візантыя праіснавала каля аднаго тысячагоддзя пасля распаду Рымскай імперыі – да заваявання сталічнага горада Канстанцінопаля туркамі ў 1453 г. Перыяд існавання Візантыйскай імперыі ў цэлым супадае з храналагічнымі межамі сярэдніх вякоў. Назва імперыі паходзіць ад старажытнага грэчаскага партовага гарадка "Візантый" (паводле падання гэты горад быў заснаваны грэчаскімі каланістамі пад кіраўніцтвам воіна Візанта) на беразе Чорнага мора, які пазней, у 330 г. н. э., стаў сталіцай Візантыйскай імперыі і ў гонар імператара Канстанціна быў перайменаваны ў горад Канстанцінопаль. Ён быў адным з найбольш багатых, моцных і культурных гарадоў у тагачасным свеце. Невыпадкова ў Сярэдневякоўі яго называлі Другім Рымам. Самі візантыйцы называлі сябе рамеямі (гэта значыць рым­лянамі), а дзяржава называлася “Імперыяй рамеяў”. Слова “Візантыя” канчаткова замацавалася толькі ў эпоху Адраджэння. Так гэтую дзяржаву пачалі называць тагачасныя італьянскія гуманісты.

Усю тысячагадовую гісторыю Візантыі можна ўмоўна падзя­ліць на тры перыяды:

1. Сярэдзіна IV – першая палова VII ст. – перыяд разлажэння ра­баўладальніцкага ладу, станаўлення сярэдневяковага грамадства.

2. Сярэдзіна VII – пачатак XIII ст. – з'яўленне і развіццё феадалізму ў Візантыі.

3. XII – сярэдзіна XV ст. – апошні перыяд, які характарызуецца далейшым развіццём феадалізму і пачаткам яго разлажэння.

Дзяржава і права. У перыяд росквіту Візантыйская імперыя займала тэрыторыю Балканскага паўвострава, Малой Азіі, Сірыі, Палесціны, Егіпта, Італіі, астравоў Міжземнага мора, часткі Перынейскага паўвострава, Паўночнай Афрыкі, Закаўказзя, Крыма. Яна была палітычнай дзяржавай, на яе тэрыторыі пражывалі грэкі, сірыйцы, армяне, яўрэі, грузіны, арабы, славяне, ілірыйцы, дакі, готы і інш. Аднак вядучая роля ў сацыяльна-эканамічным, грамадска-палітычным і культурным жыцці належала грэчаскаму насельніцтву. На працягу IV–VI стст. дзяржаўнай мовай была лацінская, а з VII ст. – грэчаская. У Візантыі была большай (у параўнанні з краінамі Заходняй Еўропы) колькасць свабоднага сялянства і адпаведна меншай – колькасць рабоў. У канцы І тыс. н. э. уся імперыя была падзелена на ваенна-адміністрацыйныя акругі – фемы, у якіх улада належала камандзіру фемнага войска – страцігу.

Малы сiён. Масква, 1486 г.

Для Візантыі быў уласцівы культ імператарскай улады. Паводле тагачасных ідэалагічных уяўленняў, якія канчаткова склаліся да сярэдзіны І тыс. н.э., візан­тыйскі імператар лічыўся ўсемагутным, ідэальным, Божым абраннікам. Ён быў уладаром свяшчэннай, адзінай імперыі, меў права на сусветнае ўладарства. Спачатку ўладары Візантыі называліся “імператарамі рамеяў”, а пазней атрымалі назву “васілеўс” (гэта значыць цар). У Візантыйскай дзяржаве імператар меў свяшчэнны статус (лічыўся нават намес­нікам Бога–Хрыста на зямлі), валодаў усёй паўнатой грамадзянскай, рэлігійнай, судовай, заканадаўчай улады. Васілеўс меў права караць сваіх падданых, канфіскоўваць маёмасць, прызначаць на дзяржаўныя пасады, вызначаць знешнюю палітыку сваёй дзяр­жавы. У правінцыях уладу ажыццяўлялі саноўнікі імператара. Дарадчым органам пры імператары быў сенат. У сярэдзіне І тыс. н. э. немалую ролю пачалі адыгрываць своеасаблівыя палітычныя партыі – дзімы.

Пры ўваходзе ў імператарскі палац людзі павінны былі падаць ніц перад васілеўсам. У прысутнасці імператара трэба было не сядзець, а ўсім стаяць. Сам імператар сядзеў на высокім троне. Спачатку імператара абвяшчалі прадстаўнікі арміі і народа на іпадроме. Пазней яго пачалі вянчаць на царства ў галоўным храме краіны – храме святой Сафіі. Вялізнымі былі імператарскія палацы, якія займалі нярэдка цэлыя кварталы горада. Тут размяшчаліся разнастайныя пабудовы для свецкіх і рэлігійных патрэб. У адпаведнасці з усходняй традыцыяй памяшканні палацаў падзяляліся на дзве часткі – мужчынскую і жаночую.

Асаблівасці культуры. Візантыйская культура была спадкаемцам антычнай культуры. Яе архітэктура, жывапіс, філасофія, тэалогія, навука выступалі ў якасці недасягальнага ўзору (прынамсі да ХІІ–ХІІІ стст.) для народаў як мусульманскага, так і хрысціянскага свету. У перыяд існавання Візантыйскай імперыі культура перажывала сапраўдны росквіт.

Трыумфальная арка

Паколькі Візантыйская імперыя знаходзілася на перакрыжаванні Захаду і Усходу, то яе культура ўяўляла своеасаблівы сінтэз грэ­- ка-рымскай і ўсходняй культур, прычым дамінавалі ў ёй віда­вочныя антычныя традыцыі, рысы. Асобныя элементы візан­тыйскай культуры нагадвалі антычную (найперш рымскую) куль- туру, напрыклад, адміні­стра­цыйная сістэма, ваенная магутнасць, моцная армія, хрысціян­ская рэлігія, рымскае права, дзяржаўная лацінская мова (пазней яе замяніла грэчаская мова), іпадромы. У эпоху Сярэднявечча візантыйская цывілізацыя і культура займалі (разам з кітайскай) вядучае месца ў сусветным цывілізацыйна-культурным працэсе. Найбольшай магутнасці Візантыя дасягнула ў другой палове І – пачатку ІІ тыс. н. э. Яе культура мела відавочна рэлігійны і толькі ў вельмі невялікай ступені свецкі характар. Асновай візан­тыйскай культуры было хрысціянства ў форме ўсходняга артадаксальнага (ці праваслаўнага) веравызнання. Візантыйская імперыя (пачынаючы з Юстыніяна I) прытрымлівалася ў сваёй дзейнасці красамоўнага прынцыпу "адна дзяржава – адна рэлігія". Рэлігійныя і культурныя традыцыі Візантыі былі пераняты сярэдневяковымі грэкамі і славянамі.

Рэлігія і царква. Ужо ў ІV ст. хрысціянства стала ў Візантыі дзяржаўнай рэлігіяй, аднак язычніцкія культуры, рытуалы сярод часткі мясцовага насельніцтва (пераважна вясковага) працягвалі існаваць у наступных стагоддзях. Хрысціяне нярэдка знішчалі язычніцкія помнікі. Напрыклад, у канцы ІV ст. у егіпецкай Алек­сандрыі быў разбураны "Серапіум" – цэнтр язычніцкага культу, а таксама спалена знакамітая бібліятэка. Ад натоўпу фанатыкаў-хрысціян загінула жанчына-філосаф Іпація (370–415 гг.).

Храм Св. Сафii у Канстанцiнопалi, 532–537 гг.

Імператар Канстанцін I Вялікі забараніў праследаванні і ганенні на хрысціян, якія мелі месца пры яго папярэдніках. Затым у 313 г. ён выдаў Міланскі эдыкт аб верацярпімасці, а пасля Нікейскага сабора ў 325 г. хрысціянства было абвешчана дзяржаўнай рэлігіяй і пачалося будаўніцтва хрысціянскіх храмаў. У жыццё людзей паступова ўводзілі новыя рэлігійныя святы – Раство, Хрышчэнне і Уваскрэсенне Хрыстова, Раство Багаро­дзіцы, Тройца, дні святых і інш. Узніклі царкоўныя таінствы – хрышчэнне, пакаянне, прычашчэнне, вянчанне.

Фарміраванне хрысціянскай царквы як асобай арганізацыі адбывалася на працягу першых стагоддзяў нашай эры, найперш у ІІ–ІІІ стст. У гэты перыяд ішоў працэс утварэння так званага "кліра" (свяшчэннаслужыцеляў) у супрацьвагу простым вернікам – міранам. У ІV ст. зарадзілася манаства, якое адыграла ў пазнейшы час прыметную ролю ў захаванні і развіцці еўрапейскай культуры. На працягу першай паловы І тыс. н. э. вялося мноства багаслоўскіх спрэчак, што ў выніку прыводзіла да ўзнікнення розных сектаў, напрамкаў і плыняў у хрысціянстве. Царкоўныя гісторыкі налічвалі да 150 розных хрысціянскіх сектаў. Дарэчы, у Арменіі хрысціянства стала дзяржаўнай рэлігіяй яшчэ ў 301 г. – раней, чым у якой-небудь іншай краіне тагачаснага свету.

Мацi Божая Адзiгiтрыя

У Візантыі ў VIII–IX стст. ішла вос­трая барацьба “іканаборцаў” і “ікона­па­клоннікаў”. Сутнасць іканабор­ства заключалася ў адмаўленні культа святых абразоў і крыжа як своеасаблівай формы ідалапаклонства. Гэты рух распачалі ві­зантыйскія імператары ў пачатку VIII ст. Напрыклад, імператар Леў III у 726 г. забараніў пакланенне абразам, канфі­скоўваў царкоўныя землі і маёмасць. Іканаборцы знішчалі хрысціянскія свя­тыні (найперш абразы), замазвалі фрэскі і мазаікі, разбуралі храмы, манастыры, жорстка распраўляліся з нязгоднымі прадстаўнікамі духавенства і манаства, канфіскаваныя царкоўныя і манастырскія землі раздавалі прадстаўнікам ваенна-служылага саслоўя. У перыяд іканаборства загінулі тысячы твораў тагачаснага рэлігійнага мастацтва. Візантыйскі імператар тады стаяў на чале права­слаўнай царквы. Больш чым стагоддзе з пераменным поспехам вялася гэтая барацьба, якая ў рэшце рэшт скончылася перамогай іконапаклоннікаў. У 843 г. было адноўленна іконашанаванне. Іконапаклоннікі разглядалі іконы як матэрыяльныя вобразы вышэйшага нябеснага свету.

У межах раней адзінага хрысціянства ўзніклі розныя ерытычныя рухі (ерасі), сярод якіх найбольш буйным можна лічыць арыянства і монафізіцтва. Паслядоўнікі арыянства прызнавалі дваісную прыроду – боскую і чалавечую – Ісуса Хрыста, а таксама лічылі, што паколькі Бог-Бацька папярэднічаў Богу-Сыну, то Святая Тройца не можа разглядацца як адзінасутнасная, а Ісус Хрыстос займае падначаленае месца ў дачыненні да Бога-Бацькі. Прыхільнікі монафізіцтва прызнавалі толькі адну – боскую – прыроду Хрыста.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]