Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Smolik_A_I__Kukhto_L_K__Tsobkalo_A_A_Kultur.doc
Скачиваний:
178
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
13.56 Mб
Скачать

5.4. Адукацыя, выхаванне і норавы старажытных грэкаў

Адукацыя ў Грэцыі была арыентавана на падрыхтоўку свабодных грамадзян, здольных у поўнай меры ўдзельнічаць у кіраванні дзяржавай. Хлопчыкі да сямі гадоў атрымлівалі традыцыйнае сямейнае выхаванне, а з сямігадовага ўзросту іх аддавалі вучыцца ў школу. Тут іх вучылі чытаць, пісаць, ведаць музычную грамату, авалодваць спартыўнымі навыкамі. Дзяўчынкі атрымлівалі адукацыю дома, дзе іх вучылі маці.

У школах Спарты асноўная ўвага надавалася ўмацаванню фізічнага здароўя. Галоўнымі прадметамі былі атлетыка, танцы і практыкаванні са зброяй. У Спарце нават дзяўчаты павінны былі для ўмацавання свайго цела і для нараджэння здаровых дзяцей пастаянна займацца фізічнымі практыкаваннямі – бегаць, скакаць, кідаць дыск, кап’ё і інш. Сямігадовых хлопчыкаў аддавалі ў спецыяльныя ваенныя лагеры, дзе яны пераносілі надзвычай сур’ёзныя выпрабаванні. Дзяржава выхоўвала маладых людзей да 20 гадоў, пасля чаго яны павінны былі ісці ў армію і ўступіць у якую-небудзь ваенную арганізацыю. Спартанцы звычайна жані­ліся позна – ва ўзросце каля 30 і больш гадоў. Аднак і пасля заключэння шлюбу яны найчасцей большую частку часу праводзілі ў казармах і толькі перыядычна наведвалі сваіх жонак і дзяцей.

Вышэйшая адукацыя, якая ўзнікла на мяжы V–IV стст. да н.э., звязана з рухам сафістаў, якія за плату навучалі майстэрству красамоўства і спрэчак. Платон, Арыстоцель і іншыя філосафы стварылі пастаянныя гімнасіі ў Афінах. У эліністычны перыяд у гімнасіях з’явіліся лекцыйныя залы і бібліятэкі.

У дэмакратычных Афінах грамадзян вучылі, што іх грама­дзянскім абавязкам з’яўляецца стварэнне сям’і і выхаванне сыноў. Сілы рэлігіі, дзяржавы і сям’і былі накіраваны на стымуляванне нараджальнасці, асабліва хлопчыкаў. Калі нараджаўся хлопчык, дзверы дома ўпрыгожвалі аліўкавымі галінкамі, рабілі ахвярапрынашэнні багам, ладзілі святочныя пачастункі для сваякоў. Любімымі забавамі грэкаў былі піры, якія ладзіліся падчас культавых свят. Папулярнымі былі святы Вялікія Панафінеі ў гонар багіні Афіны, Гарадскія Дыянісіі ў гонар бога Дыёніса. Штогод у лютым у Афінах ладзілася вясновае свята анфестэрыі.

Старажытныя грэкі вельмі любілі спорт, існавала мноства спартыўных спаборніцтваў. Папулярнымі былі баі жывёл, гульні накшталт шашак або шахмат. Дарослыя гулялі часта ў косці, папулярнай у жанчын была гульня ў бабкі. Грамадзяне любілі праводзіць свабодны час у тавернах пад адкрытым небам, дзе яны вялі сяброўскія размовы, што-небудзь елі і пілі. Нярэдка насельнікі гарадоў збіраліся на так званыя “агоры” – плошчы ў цэнтры горада, дзе праходзілі сходы ўсіх свабодных грамадзян і вёўся бойкі гандаль.

Усё жыццё грэчаскія жанчыны знаходзіліся ў падпарадкаваным стане – спачатку свайму бацьку, а затым мужу, брату, сыну. Яны большую частку часу праводзілі дома, выконваючы разнастайныя хатнія справы. Яны не лічыліся паўнапраўнымі грамадзянамі і таму не прымалі ўдзел ў грамадскім жыцці гарадоў-дзяржаў. Жанчыны не мелі права атрымліваць у спадчыну маёмасць, а таксама абараняць сябе ў судзе. Яны не маглі валодаць рабамі, зямельнымі надзеламі; іх уласнасцю былі адзенне, асобныя прадметы хатняга ўжытку. Муж разглядаў жонку ў першую чаргу як маці сваіх дзяцей і ахоўніцу хатняга ачага.

Грэкі імкнуліся прытрымлівацца памяркоўнасці ва ўсім, жыць без празмернасцей і надзвычайных узрушэнняў.

Ежа старажытных грэкаў была даволі сціплай. На снеданне найчасцей ужываліся некалькі кавалкаў хлеба, якія апускаліся ў віно. На абед елі пераважна рыбныя блюды, супы, сыр, мяса, яйкі, садавіну і гародніну (вінаград, фінікі, аліўкі, фігі). Вячэра звычайна складалася з ячменнай кашы ці хлеба з гароднінай. У рацыёне старажытных грэкаў важную ролю адыгрывалі раслінная ежа і ўсялякія прыправы.

Адзенне старажытных грэкаў было даволі простым, сціплым і ў той жа час надзвычай зручным. Асноўнымі відамі жаночага адзення былі хітон і гіматый, якія абарочваліся вакол цела ці проста накідваліся на плечы. Мужчыны насілі звычайна кароткія ці доўгія тунікі, а таксама гіматыі, хламіды. Сярод абутку – жаночыя і мужчынскія сандалі, чаравікі. Жанчыны выкарыстоўвалі разнастайныя ўпрыгажэнні – завушніцы, каралі, бранзалеты.

Жыллё грэчаскіх грамадзян звычайна ўяўляла сабой адна-, двухпавярховы дом з унутраным дворыкам. Перад уваходам у дом нярэдка ставілі статую бога Гермеса – так званую “герму”. Такія дамы падзяляліся на жаночую і мужчынскую часткі, якія былі аддзелены паміж сабой дзвярыма з засовам. Тут меліся пакоі для рабоў, для прыняцця ванны, кухня і інш. У двары дома знаходзіліся калодзеж і хатні алтар, перад якім маліліся і прыносілі ахвярапрынашэнні.

Такім чынам, антычнасць – той асаблівы спосаб адносін чалавека да космасу і да самога сябе, які прадвызначаў лёс заходняга свету. Менавіта дзякуючы гэтаму спосабу адносін чалавека да свету антычнасць разумеецца як сінонім класічнага ўзору ў філасофіі, мастацтве, аратарскім майстэрстве і іншых сферах творчай дзейнасці.

Заданні

1. Стварыце радаслоўную багоў старажытнагрэчаскай міфа­логіі, прапануйце да ўключэння ў электронны дапаможнік.

2. Пазнаёмцеся са спадчынай вялікіх трагікаў Грэцыі – Эсхіла, Сафокла, Еўрыпіда, вызначце агульныя ідэі іх твораў, прапануйце да ўключэння ў электронны дапаможнік.

3. Вызначце літаратурныя жанры Старажытнай Грэцыі, іх прадстаўнікоў; паспрабуйце выявіць іх уплыў на сучасную літа­ратуру.

4. Стварыце мультымедыйныя прэзентацыі “Навука антычнай Грэцыі” (матэматыка, астраномія, медыцына).

5. Стварыце і прапануйце да ўключэння ў электронны дапа­можнік табліцы “Крыта-мікенская культура (канец ІІІ–І тыс. да н.э.), “Культура гамераўскага перыяду” і інш.

6. Падбярыце асноўныя архітэктурныя і скульптурныя помнікі Грэцыі класічнага перыяду (V–IV вв. да н.э), стварыце электронную прэзентацыю.

7. Падрыхтуйце невялікі тэкст да ўключэння ў электронны дапаможнік “Уплыў філасофскай думкі Старажытнай Грэцыі на развіццё сучаснай культуры”.

Літаратура

1. Боннар, А. Греческая цивилизация: в 2 т. / А.Боннар. – Ростов н/Д: Феникс, 1994. – 2 т.

2. Древняя Греция: книга для чтения / под ред. С.Л.Утченко, Д.П.Каллистова. – М.: Госучпедгиз, 1954. – 232 с.

3. Дюрай, В. Жизнь Греции: история греческой цивилизации от самых ее истоков и ближневосточной цивилизации от смерти Александра до римского завоевания, предваряемая введением в доисторическую культуру Крита / В.Дюрай; пер. с англ. В.Федорина. – М.: Изд. дом ”Крон-Пресс”, 1997. – 703 с.

4. История Древней Греции: учебник для вузов по направлению и специальности “история” / Ю.В.Андреев [и др.]; под ред. В.И.Кузищина. – М.: Высш. шк., 2003. – 399 с.

5. Йегер, В. Пайдейя. Воспитание античного грека / В.Йегер; пер. с нем. А.И.Любжина. – М.: Греко-латин. каб. Шичалина, 2001.

6. Культурология: учебник для студ. тех. вузов / Н.Г.Багдасарьян [и др.]; под ред. Н.Г.Багдасарьян. – 5-е изд., испр. и доп. – М.: Высш. шк., 2006. – 709 с.

7. Мировая художественная культура: в 2 т. Т.1:учеб. пособие / Б.А.Эренгросс [и др.]; под ред. Б.А.Эренгросс. – 2-е изд., перераб. и доп. – М.: Высш. шк., 2005. – 447 с.

8. Мифы Древней Греции / сост. И.С.Яворская; предисл. М.Н.Ботвинникова; худож. А.С.Скалозубов. – Л.: Лениздат, 1990. – 365 с.

9. Немировский, А.И. Мифы древности: Эллада: науч.-худож. энцикл. / А.И.Немировский. – М.: Лабиринт, 2001. – 412 с.

10. Петров, М.К. Античная культура / М.К.Петров. – М.: РОССПЭН, 1997. – 352 с.

11. Тахо-Годи, А.А. Греческая культура в мифах, символах и терминах: сб. / сост. и общ. ред. А.А.Тахо-Годи. – СПб.: Алетейя, 1999. – 716 с.

12. Тойнби, А. Дж. Цивилизация перед судом истории: сб. / А.Дж.Тойнби; пер. с англ.; под ред. В.И.Уколовой, Д.Э.Харито­новича. – М.: Айрис-пресс: Рольф, 2002. – 588 с.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]