Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Smolik_A_I__Kukhto_L_K__Tsobkalo_A_A_Kultur.doc
Скачиваний:
178
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
13.56 Mб
Скачать

6.3. Культура быту

Старажытныя рымляне ў гарадах жылі ў вялікіх шматпавярховых дамах, якія называліся інсуламі. Інсулы складаліся з прасторных шматпакаёвых кватэр. Сям’я займала асобную кватэру − цэнакуле. Найчасцей у інсулах адсутнічалі водаправоды, ванныя пакоі, туалеты, таму людзі вымушаны былі карыстацца грамадскімі ўборнымі, хадзіць у тэрмы. Найбольш забяспечаныя людзі маглі дазволіць сабе жыць ва ўласным доме − домусе. Некаторыя домусы мелі два паверхі і звычайна складаліся з прыёмнай для гасцей (атрый), сталовай (трыкліній), кухні, кабінета (таблін), асобных пакояў. Домус звычайна быў акружаны садам з агароджай − так званая перыстыль. У кожным домусе быў спецыяльны ахвярнік для багоў-ахоўнікаў дома − ларарый, які знаходзіўся ў садзе або ў атрыі. У апісанні Рыма, складзеным у 350 г. да н.э., указаны 1790 домусаў і 46 602 інсулы. Безумоўна, астатнія жыхары горада месціліся ў бедных, цесных каморках. Бедныя рымляне займалі верхнія, як правіла, драўляныя паверхі.

Для абазначэння вясковага дома рымляне выкарыстоўвалі слова віла. Іх уладальнікамі былі багатыя гараджане, якія лічылі вёску месцам прыемнага адпачынку і крыніцай дадатковых даходаў. Асноўныя работы на вілах выконвалі рабы, а кіраваў імі спецыяльна прызначаны аканом. Унутраныя пакоі асобных віл былі ўпрыгожаны каляровымі карцінамі, мазаікай на сценах і падлогах. У садах вакол віл нярэдка знаходзіліся фантаны і статуі багоў, людзей і жывёл. Большасць віл былі цэнтрамі сельскай гаспадаркі.

На чале кожнай сям’і быў бацька, так званы патэр фаміліас. У склад сям’і звычайна ўваходзілі не толькі муж, жонка і іх дзеці, але жонкі, дзеці сыноў бацькі, а таксама рабы. Патэр фаміліас карыстаўся вялікай павагай і пашанай. Ён меў права распараджацца жыццём кожнага члена сям’і, клапаціўся аб іх дабрабыце, кіраваў рэлігійным жыццём усёй сям’і. Пасля смерці патэр фаміліаса кожны з яго сыноў мог стаць главой новай сям’і. Падобная група сямей, звязаная агульным паходжаннем, утварала клан, які меў назву род.

Адзенне старажытных рымлян

Жонку і маці ў рымскіх сем’ях называлі матрона, ёй дазвалялася ўдзельнічаць у званых абедах, свабодна прымаць у якасці гасцей не толькі жанчын, але і мужчын. Вобраз жыцця старажытных рымлянак залежаў ад іх маёмаснага стану. Жанчыны з багатых сем’яў ніколі не займаліся ручной працай, у той час як бедныя жанчыны павінны былі самі выконваць шматлікія абавязкі па хатняй гаспадарцы. У цэлым жанчыны ў Старажытным Рыме маглі займацца земляробствам, промысламі і рамёствамі, гандлярствам, а зрэдку працаваць урачамі, настаўнікамі.

Мужоў і жонак для сваіх дзяцей звычайна выбіралі бацькі, вельмі часта шлюбы адбываліся па разліку, якія мелі на мэце палітычныя, эканамічныя або спецыяльныя выгоды. Шлюб у Старажытным Рыме быў строга эндагамны, гэта значыць, што адзін мужчына мог мець толькі адну жонку. Для заключэння шлюбу патрабавалася згода баць­коў, а ў больш позні час – саміх маладых. Вы­давалі замуж рымскіх дзяўчат вельмі рана – нярэдка да 13–14 гадоў. Традыцыйным было заключэнне шлюбнага дагавору. Падчас вяселля лічылася неабходным дакладна пры­трым­лівацца пэўных звычаяў, абрадаў, напрыклад, маліцца багам і прыносіць ім ахвяры на хатнім алтары, арганізоўваць вясельны пір.

Асноўным адзеннем грамадзян і адначасова своеасаблівым сімвалам іх грамадзянскай годнасці была тога. Яна выраблялася з шарсцяной тканіны, не мела засцёжак ці шпілек, а складкі і драпіроўкі былі зроблены настолькі тонка, што тканіна трымалася на целе сама па сабе. Колер тогі быў пераважна белы, рэдка – чырвоны, карычневы. Асобы, якія займалі больш-менш высокія пасады, насілі тогі ці тунікі белага колеру з пурпурнымі палосамі. Рымлянін, які ўчыніў злачынства, найперш пазбаўляўся права насіць тогу.

Хатнім адзеннем старажытных рымлян была туніка. Жанчыны дзеля захавання ўласнай прыгажосці ўкрашалі сябе разна­стайнымі каралямі, выкарыстоўвалі касметычныя сродкі, духмя-ныя рэчывы, мазі, бінтавалі спецыяльнай тканінай грудзі і бёдры.

У старажытны перыяд бацькі самі займаліся адукацыяй сваіх дзяцей. Затым (прыблізна з ІІ ст. да н.э.) пачала складвацца рымская сістэма адукацыі. У яе ўваходзілі пачатковая школа (у якой вучылі пісьму і лічэнню, уменню выразна дэкламаваць творы знакамітых аўтараў, веданню асноўных законаў), сярэдняя школа (граматыкаў) і вышэйшая школа (рытараў).

У пачатковай школе, у якой вучыліся дзеці з 6 да 11 гадоў, настаўнікамі нярэдка былі адукаваныя рабы-грэкі, захопленыя ў палон рымскай арміяй. Вучні вучыліся пісаць спецыяльнымі палачкамі на гліняных чарапках або на драўляных дошчачках, пакрытых воскам. У сярэдняй школе вывучаліся такія прадметы, як гісторыя, філасофія, геаграфія, геаметрыя, музыка і астра­номія. Адным з найбольш важных прадметаў лічылася грэчаская мова, паколькі большасць лепшых кніг па розных галінах ведаў былі напісаны менавіта грэкамі. Своеасаблівым працягам сярэдняй адукацыі лічыліся заняткі з настаўнікам красамоўства – так званым рытарам. Лічылася, што кожны падлетак, які марыў стаць палітычным дзеячам ці юрыстам, павінен умець прыгожа выступаць перад публікай. Падобная вучоба пачыналася звычайна ў 13–14 гадоў і магла працягвацца даволі доўга, часам многія гады.

Дзеці найбольш бедных рымлян, а таксама дзяўчаты не маглі атрымаць нават пачатковую адукацыю і таму звычайна былі непісьменнымі. Багатыя рымляне маглі на свае сродкі ўтрым­ліваць асобага раба – педагога, які меў абавязкі праводзіць дзяцей у школу і назіраць там за іх вучобай, паводзінамі.

Грамадскія забавы і відовішчы ў Старажытным Рыме насілі назву лудзі (гульні). Рымляне вельмі любілі разнастайныя масавыя відовішчы і гульні. Сярод найбольш папулярных відовішчаў былі гонкі на калясніцах, гладыятарскія баі і зводжванне звяроў. Такія гонкі, у якіх прымалі ўдзел некалькі камандаў і дзесяткі калясніц, праходзілі на спецыяльнай арэне пад назвай цырк (ці іпадром). Першапачаткова гладыятарскія баі таксама адбываліся ў цырках, але пазней для іх правядзення пачалі ўзводзіць асобныя каменныя пабудовы – амфітэатры. Гладыятарамі найчасцей станавіліся ваеннапалонныя, злачынцы, рабы, а зрэдку і вольнанаёмныя воіны. Асобныя гладыятарскія баі працягваліся шмат дзён, у іх удзельнічалі сотні, нават тысячы байцоў, якія змагаліся не на жыццё, а на смерць. Праўда, часам публіка магла дараваць пераможанаму гладыятару жыццё. Найбольш моцныя гладыятары атрымлівалі спецыяльныя ўзнагароды, мелі ўсеагульную павагу і маглі разлічваць на атрыманне асабістай свабоды. Мноства гледачоў збірала і зводжванне звяроў, падчас якога на арэну выпускалі розных больш-менш экзатычных жывёл (быкі, мядзведзі, пантэры, ільвы і інш.). Іх нацкоўвалі адно на аднаго, арганізоўвалі на іх паляванне спецыяльна падрыхтаваных страл­коў з лука або нават выпускалі дзікіх звяроў на безабаронных людзей. Пасля падобных жорсткіх і крывавых прадстаў­ленняў звычайна пачыналі выступаць комікі, мімы, камедыянты, наладж­валіся пацешныя баі.

У старажытных рымлян было мноства свят, якія мелі рэлігійны ці грамадскі характар. Падчас найбольш важных агульна­дзяржаўных свят забаранялася працаваць і займацца іншымі справамі. Агульная колькасць святочных і выхадных дзён была даволі вялікай. Пры некаторых імператарах іх колькасць дасягала каля 200 дзён.

Многія святы прысвячаліся найбольш паважаным старажытна­рымскім багам – Юпітэру, Сатурну, Апалону, Марсу, Весце, Меркурыю і іншым, якім прыносіліся ахвярапрынашэнні ў выглядзе жывёл, віна, прадуктаў харчавання і ў гонар якіх устрой­валіся шыкоўныя піры пад адкрытым небам з песнямі, танцамі, вясёлымі забавамі. У дні свят праводзіліся разнастайныя гульні, музычна-танцавальныя і тэатралізаваныя прадстаўленні, скачкі на конях, піры.

У многіх рымлян было шмат свабоднага часу, паколькі замест іх працоўныя абавязкі выконвалі рабы. Найлепшымі месцамі адпачынку і забаў, акрамя амфітэатраў і цыркаў, лічыліся грамад­скія сады, паркі, тэрмы. Багатыя грамадзяне маглі дазволіць сабе займацца паляваннем і рыбнай лоўляй. На спецыяльных пляцоў­ках асобныя рымляне займаліся разнастайнымі фізічнымі прак­тыкаваннямі і спаборніцтвамі (барацьба, бег, кіданне кап’я), іншыя аддавалі перавагу больш спакойным заняткам: гульням у шашкі, даміно і інш. Сусветна вядомы выраз “Хлеба і відові­шчаў” адлюстроўваў сутнасць спецыфічнага ладу жыцця рымлян, у якім на першае месца паступова выходзіць імкненне да забаў і грубай асалоды. Гэта, безумоўна, садзейнічала крызісу рымскага грамадства і заняпаду высокаразвітой цывілізацыі, якая ў рэшце рэшт пад націскам варвараў у V ст. н.э. перастала існаваць.

Заданні

1. Стварыце мультымедыйную презентацыю на тэму “Сем цудаў свету – найбуйнейшыя дасягненні культуры Антычнасці”.

2. Падбярыце выказванні рымлян, якія ў далейшым сталі крылатымі, прапануйце да ўключэння ў электронны дапаможнік.

3. Вызначце архітэктурныя і скульптурныя помнікі Рыма перыяду Імперыі (І–ІV стст.), стварыце мультымедыйную прэзентацыю.

4. Вывучыце рэлігійныя погляды рымлян, высветліце прычыны элінізацыі рымскай рэлігіі, стварыце невялікі гіпертэкст, прапануйце да ўключэння ў электронны дапаможнік.

5. Стварыце табліцу “Развіццё навукі і тэхнікі ў рымскім грамадстве”, прапануйце да ўключэння ў электронны дапаможнік.

6. Дакажыце праз стварэнне мультымедыйнай прэзентацыі, што “залаты век” развіцця рымскай культуры супадае з праў­леннем Аўгуста.

7. Вызначце агульныя і адметныя рысы, якія ўласцівы старажытнагрэчаскай і старажытнарымскай культуры паводле Г.В.Ге­геля, П.П.Гнедзіча, В.Дзюранта, стварыце табліцу да ўключэння ў электронны дапаможнік.

Літаратура

1. Античная культура. Литература, театр, искусство, философия, наука: словарь-справочник / сост. и общ. ред. В.Н.Ярхо. – 2-е изд., испр. и доп. – М.: Лабиринт, 2002. – 351с.

2. Аммиан, М. Римская история / М.Аммиан; вступ. ст., науч. ред. Л.Ю.Лукомского. – СПб.: Алетейя: ЧАИ “Олимп”, 1994. – 567с.

3. Гегель, Г.В. Лекции по философии истории: перевод / Г.В.Гегель; вступ. ст. К.А.Сергеева, Ю.В.Перова. – СПб.: Наука. С.-Петерб. изд. фирма, 1993.

4. Гнедич, П.П. Всемирная история искусств / П.П.Гнедич. – М.: Современник, 1996. – 494 с.

5. Древний Рим: книга для чтения/ под ред. С.Л.Утченко. – М.: Госучпедгиз, 1950. – 334 с.

6. Зелинский, Ф.Ф. История античной культуры / Ф.Ф.Зе­линский. – 2-е изд. – СПб.: Марс, 1995. – 380с.

7. История Древнего мира: Древний Рим / А.Н.Бадак, И.Е.Вой­нич, Н.М.Волчек [и др.]. – Мн.: Харвест; М.: АСТ, 2001. – 860 с.

8. Культура Древнего Рима: в 2 т. / отв. ред. Е.С.Голубцова [ и др.]. – М.: Наука, 1985. – 432 с.

9. Куманецкий, К. История культуры Древней Греции и Рима: в 2 т. / К.Куманецкий; пер. с польск. В.К.Ронина. – М.: Высш. шк., 1990. – 350 с.

10. Мень, А. История религии: учеб. пособие: в 2 кн. / А.Мень. – М.: Инфра-М., 2005. – 221 с.

11. Моммзен, Т. История Рима: в 4 т. (перевод) / Т.Моммзен; вступ. ст. С.С.Казарезова. – Ростов н/Д: Феникс; М.: Зевс, 1997. – 4 т.

12. Чанышев, А.Н. История философии Древнего мира: учебник для вузов / А.Н.Чанышев. – М.: Академический Проспект, 2005. – 608 с.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]