Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Smolik_A_I__Kukhto_L_K__Tsobkalo_A_A_Kultur.doc
Скачиваний:
178
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
13.56 Mб
Скачать

5.3. Мастацтва ў культурным жыцці старажытных грэкаў

Літаратура. Пісьмовыя помнікі антычнай літаратуры ўзніклі не раней VIII ст. да н.э. Ім папярэднічала вусная творчасць. Са стварэннем алфавітнага пісьма ў архаічным перыядзе з’яўляюцца першыя літаратурныя творы, да якіх адносяцца паэмы Гамера “Іліяда” і “Адысея”. У архаічную эпоху ўзніклі лірыка і дыдактычная паэзія. Родапачынальнікам лірычнай паэзіі з’яўляецца Архілох, які ў сваіх вершах з небывалай да таго часу глыбінёй перадаў чалавечыя эмоцыі і пачуцці. Архілох увёў у літаратуру новы вершаваны памер – ямб. Да ліку найлепшых лірычных паэтаў архаічнай эпохі адносіліся два славутыя творцы з вострава Лесбас – паэт Алкей і паэтэса Сапфо.

У Старажытнай Спарце была найбольш развіта харавая лірыка, адной з пашыраных формаў якой лічыўся так званы “дыфірамб” – песня ў гонар бога Дыёніса. Знакамітымі лірычнымі паэтамі таго часу былі Піндар, Тыртэй.

Найбольш яркім прадстаўніком дыдактычнай паэзіі быў Гесіёд, які праславіўся сваімі паэмамі (“Труды и дни”, “Теогония”).

Найвышэйшага росквіту грэчаская літаратура дасягнула ў класічны перыяд. Найбольш знакамітымі старажытнагрэчаскімі драматургамі лічыліся тры “вялікія афінскія трагікі” – Эсхіл, Сафокл і Еўрыпід.

Эсхілам было напісана прыкладна 80 твораў. Сярод яго найбольш вядомых твораў – “Арэстэя”, “Прыкаваны Праметэй”, “Персы”, “Агамемнан” і інш. Увёў у тэатральнае прадстаўленне другога акцёра, што дазволіла стварыць паміж выканаўцамі дыялог у прысутнасці хору. Творчай манеры Эсхіла ўласцівы ўра­чыстасць і велічнасць.

Сафокл стварыў звыш 20 трагедый. Да ліку найлепшых яго п’ес адносяцца “Антыгона”, “Электра”, “Эдып-цар” і інш. Ён заў­сёды імкнуўся паказаць людзей такімі, якімі яны павінны быць; увёў у трагедыю трэцяга акцёра, што дазволіла ажывіць драма­тургічнае дзеянне.

Пяру Еўрыпіда належыць больш за 90 твораў. Сярод яго тво­раў – трагедыі “Медэя”, “Электра”, “Федра” і інш. У адрозненне ад Сафокла ён паказваў людзей такімі, якімі яны былі ў жыцці.

У вытокаў антычнай камедыі стаяў Арыстафан, які напісаў звыш 40 камедый. Сярод яго найлепшых твораў – “Аблокі”, “Жабы”, “Лісістрата”. Для творчасці Арыстафана былі характэрны вострая палітычная накіраванасць, крытыка антычных грамадскіх парадкаў, сатыра на асобных вядомых людзей.

У VI ст. да н.э. аформіўся новы жанр літаратурнай творчасці – байка. Найбольш знакамітым грэчаскім байкапісцам з’яўляўся паўлегендарны Эзоп. Многія сюжэты эзопаўскіх баек выка­рыстоўвалі ў творчасці розныя літаратары наступных гістарыч­ных эпох.

Надзвычай багатая па колькасці твораў, разнастайнасці жанраў літаратура эліністычнай эпохі. Аднак у мастацкім сэнсе яна са­ступала класічнай грэчаскай літаратуры. Яна згубіла сваю непасрэднасць, эмацыянальнасць, глыбіню і стала больш рацыянальнай, павярхоўнай, вытанчанай, вычварнай.

Шырокую папулярнасць у гэты перыяд атрымалі ідыліі, гімны, букалічныя творы, элегіі і эпіліі, аўтарамі якіх з’яўляліся Калімах, Феакрыт, Апалоній Радоскі і інш.

Сярод гараджан былі пашыраны камедыя і мімы. Мім лічыцца адной з формаў народнага тэатра, які ў кароткай бытавой сцэнцы прадстаўляе маналог або дыялог са штодзённага жыцця. Іх змест вызначаўся крайнім натуралізмам і фрывольнасцю. Вядомым аўтарам тагачасных камедый быў Менандр, творы якога карысталіся поспехам у грэчаскай і рымскай публікі, аказалі прыметны ўплыў спачатку на старажытнарымскую камедыю, а пазней праз яе і на ўсю еўрапейскую.

Тэатр. Старажытнагрэчаскі тэатр зараджаецца ў VI–V стст. да н.э. Важную ролю ў яго развіцці адыграў культ бога Дыёніса. У час працэсій у гонар бога вінаробства разыгрываліся сцэнкі з яго жыцця. Вялікія Дыянісіі адбываліся на працягу пяці дзён. У першы дзень, як правіла, адбываліся шэсці і ахвярапрынашэнні, а ў астатнія чатыры дні паказвалі розныя спектаклі. Тэатральныя прадстаўленні нярэдка працягваліся вельмі доўга. Штогод на тэатральныя спаборніцтвы падчас Дыянісій выходзілі 3 аўтары трагедый і 5 камедыёграфаў. Пасля заканчэння прадстаўленняў суддзі называлі лепшыя пастаноўкі і ўручалі прызы, падарункі.

Камедыя нарадзілася з вясёлай карнавальнай часткі гэтых свят, а таксама з фальклорных бытавых і парадыйна-міфалагічных сцэнак. Камедыя вызначалася звычайна вострай палітычнай накіраванасцю, фантастычнымі і рэальнымі сюжэтамі, у якіх дзейнічалі міфічныя персанажы, жывёлы, воіны, палітыкі, дзеячы культуры і інш.

Са свят у гонар Дыёніса вылучалася і сатыраўская драма – вясёлая п’еса са шчаслівым канцом, названая так таму, што хор у ёй складалі сатыры (казланогія спадарожнікі бога вінаробства).

Па меры развіцця тэатра ў трагедыях стала расказвацца не толькі пра Дыёніса, але і аб іншых багах, а пазней і аб героях – Геракле, Эдыпе, Тэсею. Жыццёвыя матывы ўсё больш пранікалі ў трагедыю, а ў камедыі становяцца пераважнымі.

Спачатку ў грэчаскім тэатры дзейнічаў толькі хор з 10–15 чалавек і адзін выканаўца, затым былі ўведзены другі і трэці акцёры, якія падчас прадстаўлення вялі дыялог з хорам. Акцёрамі, танцорамі, удзельнікамі хору ў грэчаскім тэатры маглі быць толькі мужчыны. Галоўным выканаўцам з’яўляўся так званы “протаганіст”. Артысты выступалі ў камедыйных і трагічных масках, якія павінны былі сімвалічна паказваць розныя чалавечыя эмоцыі і пачуцці, а таксама ўзмацняць сілу голасу. У якасці музычнага суправаджэння выкарыстоўвалі флейты, ліры, цытры і іншыя інструменты, адначасова выступалі групы танцораў.

Тэатры будаваліся пад адкрытым небам з дрэва і каменя. Нярэдка яны былі вельмі вялікія – умяшчальнасць асобных з іх дасягала 15–20 тыс. чалавек. Напрыклад, амфітэатр у Афінах мог размясціць 17 тыс. гледачоў, а тэатр Мегалаполі – 44 тыс. чалавек.

На лепшых радах тэатраў звычайна размяшчаліся мясцовыя кіраўнікі, багатыя гараджане, жрацы. Найбольш бедным даваліся бясплатныя месцы, а рабы ўвогуле не мелі права прысутнічаць у тэатры.

Выяўленчае мастацтва. Найвышэйшага росквіту жывапіс, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва дасягаюць у V ст. да н.э. Антычная распісная кераміка зарадзілася ў глыбокай старажытнасці. Яна суправаджала старажытных грэкаў на працягу ўсяго іх жыццёвага шляху. Керамічныя вырабы ў крыта-мікенскі перыяд аздабляліся выявамі розных марскіх жывёл, кветак, траў. Крыху пазней у Грэцыі ўзніклі выявы людзей, геаметрычныя фігуры. Галоўнымі цэнтрамі керамічнай вытворчасці былі Афіны і Карынф. На змену геаметрычнаму стылю прыйшоў “арыенталізуючы”, ці “дывановы”, стыль. Для яго былі характэрны выявы фантастычных жывёл (львы, сфінксы, птушкі з галавой чалавека) і раслін, што разам з вычварным арнаментам пакрывалі паверхню пасудзін пышным дываном. Гэты стыль грэчаскія вазапісцы перанялі ў майстроў з Егіпта, Сірыі, Фінікіі і Персіі. Затым усходнія ўплывы паступова зменшыліся, і прыкладна ў канцы VII – пачатку VI ст. да н. э. узнік больш арыгінальны і самастойны “чорнафігурны стыль”. Выявы на вазах зроблены чорным лакам на чырванаватай гліне. Сюжэты браліся звычайна з грэчаскіх міфаў, а пазней сталі больш выяўляць розныя бытавыя сцэнкі: рынак, пір, спаборніцтвы, карагод, школу. Сярод найбольш вядомых майстроў былі Эўтымід, Андакід, Еўфроній, Палігнот, Апаладор, Парасій і інш. Эліністычнаму жывапісу былі ўласцівы паэтыка, прыхільнасць да бытавых, эратычных і пейзажных сюжэтаў.

Да нас дайшлі роспісы Кноскага палаца, які быў пабудаваны на Крыце. Пакоі палаца былі ўпрыгожаны роспісамі, якія адлю­строўвалі жыццё насельнікаў Кноса. Так, на сценах доўгага калі­дора намалявана шэсце даннікаў, якія неслі падарункі правіцелю. У адным пакоі – кампанія святочна апранутых мужчын і жанчын, якія з захапленнем назіралі за акрабатычнымі гульнямі з быком. У роспісах нярэдка сустракаюцца выявы раслін і жывёл. У Кносе знойдзена шмат фрэсак, якія здзіўляюць жывапіснасцю, натуральнасцю і дакладнасцю.

Зараджэнне пластычнага мастацтва адбывалася да VIII ст. да н.э. Самымі старажытнымі скульптурнымі творамі з’яўляюцца статуэткі жанчын са змеямі, якія знойдзены ў пахаваннях ахейскіх цароў.

У архаічны перыяд узніклі два асноўныя тыпы грэчаскіх скульптурных твораў – “кора” і “курас”, якія павінны былі ўслаў­ляць фізічную і духоўную прыгажосць чалавека. Кора – статуя дзяўчыны ў доўгай вопратцы, курас – статуя аголенага юнака-атлета. Выявы такога тыпу мелі сакральнае значэнне (служылі ахвярнымі дарамі, якія прыносілі ў свяцілішча), а таксама маглі выкарыстоўвацца ў якасці архітэктурнай вертыкальнай апоры замест калон у храмах. Для пластыкі гэтага перыяду былі характэрны абагульненасць формаў, дакладная франтальнасць пастаноўкі фігуры, слаба акрэсленая ўсмешка, прамы стан, шырока раскрытыя вочы, тонкая дэкаратыўная апрацоўка паверхні мармуру, размалёўка статуй. Да нашага часу захавалася шмат фігур “курасаў” і “кор”. Ужо ў гэтых ранніх фігурах грэкі імкнуліся перадаць прыгажосць аголенага цела, моцнага, прапарцыянальна складзенага. Галоўным аб’ектам грэчаскай скульптуры быў чалавек. Спачатку скульптурныя творы былі недасканалыя, аднак да канца VI ст. да н.э. грэчаскія скульптары пачалі пераадольваць першапачаткова ўласцівыя іх работам статычнасць і застыласць. І ўжо на фрызах храма Афіны Афайі на востраве Эгіна воіны паказаны ў руху.

Жаночая галава з Мілета

У класічны перыяд грэчаская скульп­тура дасягнула найвышэйшага ўзроўню свайго развіцця. Для яе былі характэрны ўраўнаважанасць, строгая сіметрыя, гар­манічнасць, статычнасць. Шматлікія скульптары працавалі ў V ст. да н.э. Сярод іх выдзяляліся Міран, Паліклет, Фідзій і інш. Найбольш вядомым творам Мірана з’яўляецца бронзавая статуя “Дыскабол”, дзе ўпершыню быў выяў­лены вобраз чалавека ў хуткім руху. Ён канчаткова пераадолеў застыласць і нерухомасць формаў. Паліклет стварыў статую багіні Геры, “Параненую амазонку”, а таксама “Дарыфора” (Кап’яносца). Ён упершыню дакладна сфармуляваў законы прапорцый ідэальнай чалавечай фігуры.

Міран і Паліклет сталі славутымі, дзякуючы стварэнню статуй атлетаў-пераможцаў.

З творчасцю Фідзія звязана паняцце аб “высокім стылі” ў грэчаскім мастацтве.

Фідзіем створаны скульптурны дэкор Парфянона ў афінскім крамлі – Акропалі. На доўгай, каля 160 метраў, стужцы фыза размешчаны звыш 500 фігур людзей і жывёлы, і ніводная не паўтарае другую. Асабліва прыгожая статуя адпачываючага бога Дыёніса. Да ліку яго найлепшых твораў адносяцца бронзавая статуя Афіны Прамахас, зробленая каля 460 г. да н.э. на афінскім Акропалі ў памяць пра перамогу грэкаў над персамі, а таксама дзве грандыёзныя статуі – Зеўса Алімпійскага ў храме Зеўса ў Алімпіі і Афіны Парфенас у храме Парфянон.

У канцы V ст. да н.э. грэчаская скульптура стала больш вытанчанай, грацыёзнай, засяроджанай на псіхалагічным стане чалавека. Акрамя таго, у скульптурных творах часцей пачалі сустракацца бытавыя сцэны, што паступова адцяснялі на другі план рэлігійныя і грамадзянскія матывы. Так, скульптар першай паловы IV ст. да н.э. Скопас паказвае параненых воінаў з пакутлівымі тварамі. Яго статуя Менда вызначаецца драматызмам, экспрэсіяй, дакладнай перадачай усёй гамы чалавечых пачуццяў. У творах Праксітэля багі, страціўшы велічнасць і магутнасць, набылі рысы зямной, чалавечай прыгажосці. Ім створаны пераважна вобразы алімпійскіх багоў і багінь. Сярод яго асноўных твораў – “Гермес з дзіцянём Дыёнісам”, “Апалон”, але найбольш вядома “Афрадыта Кнідская”, якая стала першай выявай багіні кахання ў аголеным выглядзе.

Скульптар другой паловы IV ст. да н.э. Лісіп стварыў новы вобраз юнака-атлета. У яго статуі Апаксіямена падкрэслены не гонар пераможцы, а стомленасць і ўсхваляванасць пасля спабор­ніцтваў. Лісіп праявіў свой надзвычайны талент у бюсце Аляксандра Македонскага.

Эліністычнай скульптуры ўласціва цікавасць да асобы канкрэт­нага чалавека, да падзей паўсядзённага жыцця. Тагачасныя скульптары дасягнулі нечуванага майстэрства ў апрацоўцы мармуру. Многія скульптурныя творы адзначаны драматызмам, адчуваннем трагічнасці чалавечага жыцця. Прыкладам твора, які захаваў прыгажосць і яснасць класічных вобразаў, з’яўляецца статуя Афрадыты Мілоскай, створанай скульптарам Аляксандрам каля 120 г. да н.э.

Да ліку самых знакамітых эліністычных скульптур традыцыйна адносяцца “Ніка Самафракійская”, а таксама праслаўленая скульптурная група “Лаакаон”, створаная скульптарамі Аляксандрам, Афінадорам і Палідорам.

Статуя Нікі з Дэласа

Адным з “сямі цудаў свету” лічылася 36-метровая статуя бога Геліёса (“Калос Радос­кі”). Гэтая статуя была зроблена з бронзы, жалеза і каменя, а зверху пакрыта пазалотай. Яе аўтарам з’яўляўся скульптар Харэт.

Пластычнае мастацтва эліністычнай эпохі вызначалася імкненнем да грандыёзнасці, патэтыкі, эфектнасці і паказной пышнасці.

Гармонія і мера выражаны ў грэчаскай архітэктуры з незвычайнай сілай. Асноўным тыпам тагачасных пабудоў быў храм, які служыў своеасаблівым жыллём бажаства. Су-

размерны чалавеку, пластычны ў разліках пабудовы і візуальнага ўспрымання, грэчаскі храм адрозніваецца знешнімі характа­рыстыкамі.

Унутраная прастора храма не мела ні ўнутранага, ні мастацкага сэнсу, асноўнае сілавое семантычнае поле яго сканцэнтравана на цэласнай структуры архітэктурнага збудавання і яго візуальным вобліку. Яшчэ ў архаічную эпоху ўзнікла так званая “ордэрная сістэма”. Ордэр – гэта адмысловы парадак сувязі нясучых (калоны) і нясомых (антаблемент) частак будынкаў. Грэчаская калона (у адрозненне ад егіпецкай) была сувымерная чалавеку і ўпадаблялася яго фігуры. Памеры капітэляў (верхніх частак калон) і баз (асноў) таксама зыходзілі з прапорцый чалавечага цела. Таму адной з вызначальных рыс грэчаскай архітэктуры быў антрапамарфізм, што адлюстравалася ў атаясамліванні розных ордэраў з чалавечымі фігурамі. Існавалі тры асноўныя архітэктурныя ордэры – дарычны, іянічны і карынфскі.

Першыя храмы былі пабудаваны ў дарычным ордэры. Ён склаўся ў мацерыковай частцы Грэцыі і назву атрымаў ад мужнага, ваяўнічага грэчаскага племені – дарыйцаў. Гэтыя храмы пабудаваны ў выглядзе перыптэра – будынка, акружанага каланадай. Фрызы храмаў упрыгожваліся рэльефамі; рэльефы або статуі размяшчаліся ў франтонах – плоскіх трохвугольніках, утвораных двухскатным дахам. Дарычны ордэр – самы трывалы і цяжкі на выгляд з усіх грэчаскіх ордэраў. Калоны дарычнага ордэра былі больш тоўстыя ў параўнанні з іянічным ордэрам; у іх адсутнічала база. Прыблізна ў 460 г. да н.э. у Алімпіі быў пабудаваны дарычны храм у гонар Зеўса. Узоры дарычных пабудоў – храм Апалона ў Карынфе і Пасяйдона ў Пестуме.

Калоны дарычнага ордэра храма Афіны Парфенас

Іянічны ордэр па ступені цяжкасці і лёгкасці займае ся­рэдняе (прамежкавае) стано­віш­ча паміж магутным, цяжкім да­рычным і лёгкім, зграбным ка­рынфскім ордэрамі. Іянічную калону параўноўвалі з вобра­зам прыгожай жанчыны, а сам іянічны ордэр – як выражэнне яе грацыі. Сярод найбольш вя­домых іянічных пабудоў можна назваць храм Артэміды ў Эфесе, храм Геры на востраве Самас, храм Апалона ў Дзідзімах і інш.

Калона іянічнага ордэра

Рэканструкцыя карынфскай калоны

Карынфскі ордэр – самы лёгкі, стройны і вытанчаны сярод усіх архітэктурных ордэраў. Часам ён разглядаецца як разнавіднасць іянічнага ордэра. Карынфскую калону інтэрпрэтавалі як вобраз чароўнай дзяўчыны, а сам ордэр – як выражэнне яе пяшчотнасці і чысціні. Заўсёды карынфская калона мела базу, а яе капітэль вызначалася пышнай формай.

Архітэктура дасягнула найвышэйшага ўзроўню развіцця ў класічны перыяд. У гэты час архітэктарамі Калікратам, Ікцінам і Палікратам пабудаваны храм Нікі Бяскрылай у Афінах, храм Пасяйдона – Эрэхтэя, храм багіні мудрасці і вайны Афіны – Парфянон, храм і тэатр Дыёніса і інш.

У IV ст. да н.э. цэнтр манументальнай архітэктуры пера­мясціўся з Афін на тэрыторыю Малой Азіі, якая перажывала тады перыяд сапраўднага росквіту. Тут быў найбольш распаў­сюджаны іянічны стыль. Вядомы тагачасны архітэктар Піфей стварыў у г. Прыене храм Афіны, а затым адно з “сямі цудаў свету” – маўзалей у г. Галікарнасе. Ён уяўляў трох’ярусную мармуровую піраміду вышынёй 49 м, на версе якой знаходзілася так званая “квадрыга” – статуя чатырох коней. Яшчэ адным “цудам свету” лічыўся храм Артэміды ў г. Эфес.

У эліністычную эпоху ў архітэктуры пачалі адыгрываць вядучую ролю не храмавыя (культавыя) пабудовы, а разнастайныя будынкі свецкага характару – тэатры, стадыёны, гімнасіі, палестры, пабудовы для правядзення сходаў і інш.

У IV–III стст. да н.э. былі пабудаваны першыя бібліятэкі, прычым найбольш буйная сярод іх знаходзілася ў Александрыі, узнікла мноства новых гарадоў. Гарады звычайна мелі прама­вугольную форму і рацыянальную планіроўку. Узорам горада эліністычнай эпохі з’яўляецца архітэктурны ансамбль у г. Эпі­даўр, у які ўваходзілі храм, стадыён, гімнасій, канцэртная зала, спецыяльны дом для гасцей, а таксама вялікі тэатр з выдатнай акустыкай і гарманічнасцю ўсіх яго прапорцый.

Мастацтва гэтага перыяду вызначалася цягай да каласальнасці, гігантаманіі. Найбольш яскравым прыкладам адзначанай тэндэн­цыі можа лічыцца 120-метровы трох’ярусны маяк у Фаросе, які ўказваў шлях у порт Александрыі Егіпецкай, лічыўся адным з “сямі цудаў свету”.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]