Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Smolik_A_I__Kukhto_L_K__Tsobkalo_A_A_Kultur.doc
Скачиваний:
178
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
13.56 Mб
Скачать

Уводзіны

З самых ранніх этапаў культурагенезу зямная цывілізацыя ўяўляла полікультурную прастору. Дыялог культур розных эпох і этнасаў адбываўся як у сіметрычных, так і асіметрычных інтэракцыях. У выніку сіметрычнага дыялогу ўзнікла вялікая культурная разнастайнасць, якая ахапіла розныя рэгіёны нашай планеты. У працэсе сацыякультурнага развіцця народамі шэрага краін былі створаны самабытныя гістарычныя тыпы культур, якія з'явіліся падмуркам сучаснай сусветнай культуры.

Культурная дынаміка ажыццяўляецца не толькі лінейна, па ўзыходзячай ступені, нярэдка асіметрычны міжкультурны дыялог можа прывесці да асіміляцыі, знікнення цывілізацый і культур.

Знаёмства з тыпамі, відамі і формамі культуры паказвае, што культурны свет тысячагоддзяў – багатая разнастайнасць, шматварыянтнасць самабытных унікальных культурных адзінак. Яны часам існавалі не сутыкаючыся, маючы сваю прастору і свой час. Некаторыя з іх функцыянавалі па некалькі тысячагоддзяў, пакінулі глыбокі след і перайшлі нават у пазнейшыя культуры.

Аднак у разнастайнасці сацыякультурнага свету можна прасачыць адзіную лінію развіцця чалавецтва, якая вядзе да стварэння агульначалавечай культуры. Кожны народ, кожная цывілізацыя ў пэўны час зрабілі свой уклад.

Вучэбны курс “Культуралогія: гісторыя культуры” ставіць сваёй мэтай паказаць адзінства разнастайнасці культур, вылучыць некаторую агульнасць усіх непаўторных элементаў, адметную асаблівасць мноства культур у адрозненне ад іншага мноства.

У дадзеным вучэбным дапаможніку робіцца асэнсаванне важнейшых гістарычных тыпаў культур, вызначаецца іх статус, паказваецца іх сэнсавае напаўненне, выяўляюцца найбольш агуль­ныя якасныя рысы. Выкарыстанне шэрага прынцыпаў тыпала­гізацыі культур дазволіў аўтарам паказаць уплыў на культуру пануючых у грамадстве спосабу вытворчасці, светапогляду, рэлігіі, прыродна-геаграфічнага фактару.

У дапаможніку прасочваецца вялікі шлях чалавечай культуры – ад каменнага тапара да камп’ютэра, ад даскальных малюнкаў да мноства кірункаў сучаснага мастацтва. Культура паўстае як дынамічная сістэма, якая ніколі не заставалася нерухомай. Яна развівалася і змянялася ў часе і прасторы разам з грамадствам, якое яе стварае.

1. Тыпалогія культуры

1.1. Паняцці тыпу, тыпалогіі і тыпалагізацыі культур

У працэсе вывучэння абазначанай тэмы неабходна асэнсаваць вытокі праблемы тыпалагічнай класіфікацыі культуры, у выніку чаго яна ўзнікае, фарміруецца і займае пэўнае месца ў культуралагічным праблемным полі. Знаёмства з відамі, формамі культуры паказвае, што сацыякультурны свет паўстае перад намі не як нешта аднароднае, а як багатая разнастайнасць, мноства, шматварыянтнасць самабытных унікальных культурных адзінак. Яны часам існуюць не сутыкаючыся, маюць сваю прастору і свой час. Так, нямецкі даследчык О.Шпенглер лічыў, што кожная культура жыве прыкладна адну тысячу гадоў, а яго англійскі калега А.Тойнбі сцвярджаў, што існаванне культур не мае выразных часавых меж.

Перад сучаснымі культуролагамі паўстала пытанне: асобныя сацыякультурныя з’явы існуюць як абсалютна незалежныя адна ад адной, абсалютна непаўторныя, унікальныя ці паміж імі існуе нейкае падабенства, нейкая агульнасць? Адказ на пастаўленае пытанне мае два варыянты. Шэраг культуролагаў (М.Данілеўскі, А.Тойнбі, Э.Трольч) лічаць, што няма адзінай культурнай гісторыі чалавецтва; гісторыя, па іх меркаванні, уяўляе змену культур, кожная з іх жыве сваім уласным самадастатковым і адасобленым ад іншых культур жыццём. Яны перакананы, што адналінейнасці працэсу культурнага і гістарычнага жыцця няма, лініі развіцця культуры разыходзяцца.

Вальтэр, Ш.-Л.Мантэск’ё, Г.Э.Лесінг, І.Кант, І.Гердэр, У.Салаўёў, К.Ясперс зыходзяць з ідэі аб універсальнасці сусветнай гісторыі. Па іх меркаванні, у разнастайнасці сацыякультурнага свету можна прасачыць адзіную лінію развіцця чалавецтва, якая вядзе да стварэння агульначалавечай культуры. Асноўным аргументам гэтай пазіцыі з’яўляецца прызнанне таго, што культура ёсць змест чалавечага жыцця і чалавек усюды і заўсёды думае аб тым, як уладкаваць сваё жыццё і жыццё іншых людзей найлепшым чынам.

Разыходжанні па пытанні аб адзінстве сусветнай культуры, аб агульначалавечай культуры звязаны з розным разуменнем агульнага ў сусветнай культуры і розным тлумачэннем адзінства.

Разабрацца ў адзінстве разнастайнасці культур магчыма з дапамогай тыпалагізацыі. Справа ў тым, што ў межах аднаго мноства можна вылучыць некаторую агульнасць усіх непаўторных элементаў, асобных культурных адзінак і абазначыць гэту агуль­насць як адметную асаблівасць мноства культур у адрозненне ад іншага мноства. З гэтым і звязана паняцце тыпу культур.

Тыпалогія культуры – гэта колькасна-зместавая характа­рыстыка канкрэтна-гістарычных формаў бытавання культуры (этнанацыянальных, рэлігійных, рэлігійна-тэрытарыяльных і інш.). Праблема тыпалогіі культуры з’яўляецца адной з актуальных і дыскусійных у сучаснай тэорыі культуры. Асэнсаванне тыпу культуры, вызначэнне яго статусу, сэнсавага напаўнення дэтэрмінаваныя асноватворным прынцыпам, у адпаведнасці з якім аналізуецца культурны кантэкст і выяўляюцца найбольш агульныя якасныя рысы. Тыпалагічны прынцып задае даследчыку шлях тэарэтычнага руху, вызначае яго ракурс і вектар у адборы і пабудове канкрэтнага матэрыялу. У гісторыі развіцця тэарэтычнай думкі аб культуры вядомыя розныя тыпалогіі. Іх аўтарамі былі філосафы, этнографы, сацыёлагі, гісторыкі, дзеячы мастацтва. Вядомыя тыпалогіі О.Шпенглера, Ф.Ніцшэ, М.Данілеўскага, М.Бярдзяева. У наш час можна назваць больш дзесяці прынцыпаў тыпалагізацыі культуры, якія сустракаюцца ў тэарэтычнай літаратуры. Да іх адносяцца фармацыйны, цывілізацыйны, канцэптуальны, культурна-гістарычны, рэгіянальна-тэрытарыяльны, каланізацыйны, этнанацыянальны, дэмаграфічны, тыпалагізацыі паводле духоўна-каштоўнасных арыентацый чалавека, рэлігіі, у адносінах да прыроды і інш.

У гуманітарнай навуцы найбольш вядомы наступныя прын­цыпы. Фармацыйны ўстанаўлівае залежнасць тыпу культуры ад пануючага спосабу вытворчасці (першабытна-абшчынны, раба­- ў­ла­дальніцкі, феадальны, капіталістычны).

Цывілізацыйны прынцып сустракаецца ў многіх аўтараў, але трактуецца ў залежнасці ад разумення цывілізацыі. Аналізуючы культуру з улікам дасягненняў і недахопаў цывілізацыі, многія даследчыкі прыйшлі да змястоўна блізкіх вынікаў аб адмоўным уздзеянні цывілізацыйных працэсаў на культуру, таму што яны параджаюць непрымальныя ёй з’явы і бяздушны інтэлект, духоўную бясплоднасць (О.Шпенглер), масавасць, перавагу утылітарна-прагматычных установак, дыктат тэхнікі (М.Бярдзяеў).

Канцэптуальны прынцып дае магчымасць асэнсаваць культуру з улікам пануючага ў грамадстве светапогляду. Канцэптуальна-светапоглядныя ўяўленні аб свеце, месцы і ролі ў ім чалавека, аб значнасці яго дзеянняў, аб узаемаадносінах з іншымі даюць шырокі матэрыял для пабудовы пэўнай культурнай мадэлі свету.

Рэлігійны прынцып дазваляе класіфікаваць культуру ў залежнасці ад тыпу рэлігійнага светапогляду. Гэты прынцып дае магчымасць падзяліць культуру на язычніцкую (старажытную) і культуру, у якой пануе адна з формаў так называемых сусветных рэлігій: хрысціянская, мусульманская, будыйская і інш.

Этнанацыянальны прынцып вызначае тыпалагічны аналіз культуры з улікам агульнасці этнанацыянальных характарыстык. Нацыянальныя культуры існуюць, як правіла, на вызначанай тэрыторыі лакальнага рассялення этнасу.

Дэмаграфічны прынцып тыпалагізацыі культуры арыентуецца на выяўленне асаблівасцей і супольнасцей узроставых і палавых прымет, дэтэрмінуючых якасць культурных арыентацый. У сувязі з гэтым істотнае значэнне набываюць шчыльнасць насельніцтва, яго колькасць, склад, сацыяльная занятасць.

Культурна-гістарычны прынцып з’яўляецца найбольш распаў­сюджаным і ўстойлівым для выкарыстання пры вызначэнні культурнага кантэксту сацыяльнага развіцця. Ён акцэнтуе духоўныя дамінанты гістарычных перыядаў і эпох, у рамках якіх узніклі і функцыянуюць канкрэтна-гістарычныя тыпы культуры.

Канкрэтна-гістарычны тып культуры – гэта форма быта­вання найбольш істотных, агульных, канцэптуальных духоўных каштоўнасцей. У сучаснай культуралогіі вылучаюць наступныя гістарычныя тыпы еўрапейскай культуры: прыродна-сімвалічны (старажытныя формы культуры), антрапакасмаганічны (Антыч­насць), хрысціянска-рэлігійны (Сярэднявечча), пратэстанцка-рэ­фармісцкі (Рэфармацыя), рацыянальна-нарматыўны (абсалютызм), крытыка-асветніцкі (Асветніцтва), рамантычна-утапічны (рамантызм), індывідуальна-прагматычны (другая палова XVIII ст.), таталітарна-бюракратычны і дэмакратычна-тэхнатронны, а таксама гуманістычны (XX ст.).

Да прыродна-сімвалічнага тыпу культуры адносяцца раннія формы культуры, якія характарызуюцца прадметнасцю культур­ных каштоўнасцей у прыродных з’явах.

Антрапакасмаганічнаму тыпу культуры належаць антычныя формы культуры, якія выяўляюць адзінства прыродна-касмічных і чалавечых пачаткаў.

Культура ранняга і позняга Сярэднявечча, заснаваная на хрысціянскай дактрыне, уяўляе хрысціянска-рэлігійны тып культуры.

Калі мы гаворым пра універсальна-гарманічны тып культуры, то маем на ўвазе культуру эпохі Адраджэння, якая сцвярджала ідэалы гуманізму і тытанізму чалавечага духу.

Пратэстанцка-рэфармісцкі тып звязаны з культурай, якая адлюстравала ідэі пратэстантызму, апазіцыйнага рэлігійна-рэфар-мі­с­цкага руху супраць кансерватыўна-дэспатычнай ідэалогіі ката­ліцызму. Пратэстантызм дэмакратызаваў царкоўныя традыцыі, Рэфармацыя заклала асновы вальнадумства і прававой дзяржавы.

Рацыянальна-нарматыўны тып уласцівы культуры, якая строга падпарадкавалася і рэгламентавалася пануючай ідэалогіяй абса­лютызму. Гэтая культура пераважна рацыянальная і нарма­тыўная.

Да крытыка-асветніцкага тыпу належыць культура, якая абвясціла ў якасці прыярытэтных высокія маральна-асветніцкія, дэмакратычныя ідэалы.

Рамантычна-утапічны тып культуры характарызуе сістэма светаўспрымання, што ўзнікла ў выніку расчаравання вынікамі буржуазных рэвалюцый у Еўропе, якія не апраўдалі асветніцкіх ідэй дасканаласці чалавека і грамадства.

Індывідуальна-прагматычны тып культуры звязаны з сістэмай каштоўнасцей, якая склалася ў эпоху буржуазных адносін, калі дамінуючымі становяцца інстытут прыватнай уласнасці, прагматычныя інтарэсы чалавека, асабістая ініцыятыва, прадпрымальнасць і мэтанакіраванасць у прымнажэнні матэрыяльных даброт.

Дэмакратычна-тэхнатронны тып культуры ўключае сучас­ную культуру высокаразвітых цывілізацый, якая характарызуецца як пазітыўна-дэмакратычным, так і негатыўным уплывам тэхнікі. Навукова-тэхнічны прагрэс садзейнічае пашырэнню сацыякультурнага поля. Разам з тым развіццё гэтага працэсу ўзмацняецца дыктатам тэхнікі над духоўным.

Да таталітарна-бюракратычнага тыпу культуры належыць пераважна афіцыйная культура, якая падпарадкоўваецца строгім устаноўкам пануючай ідэалогіі.

Такім чынам, тыпавая характарыстыка аб’ядноўвае элементы паводле агульнага для іх прынцыпу ў адну групу, але ў той жа час менавіта тыпавая характарыстыка адрознівае гэтае мноства ад іншых груп. Значыць, тып культуры гэта падабенства, агульнасць, тое, што аб’ядноўвае культурныя адзінкі ў адно мноства і адрознівае гэта мноства культур ад іншых. А метад навуковага пазнання, з дапамогай якога ўся разнастайнасць культур упарад­коўваецца, класіфікуецца, групуецца ў розныя тыпы (мноствы, групы) культур, называецца тыпалагізацыяй. Як навуковы метад, што выкарыстоўваецца ў культуралогіі, тыпалагізацыя ёсць расчляненне сацыякультурных аб’ектаў і іх групоўка па некаторых агульных прыметах, стварэнне некаторай ідэалізава­най тыпала­гічнай мадэлі культуры ці тыпу. Вынікам тыпалагі­зацыі з’яўля­ецца тыпалогія культуры, пад якой неабходна разумець сістэму вылучаных тыпаў культуры. На падставе сказанага культуролагі вызначаюць тыпалагізацыю культур як метад культурна-гіста­рычнага аналізу і тыпалогію як сістэму вылучаных тыпавых мадэляў культуры.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]