Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Smolik_A_I__Kukhto_L_K__Tsobkalo_A_A_Kultur.doc
Скачиваний:
178
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
13.56 Mб
Скачать

12. Культура новага часу

12.1. Агульная характарыстыка культуры Новага часу

XVII–XVIII стст. – гэта гістарычная эпоха, на працягу якой культура заходнееўрапейскіх краін набыла тую развітую форму, што вылучыла Еўропу з астатняга свету, а еўрапейскую культуру ў асобы тып культуры. У папярэднія эпохі культура Еўропы яшчэ не была "еўрапейскай" у гэтым сэнсе, а ў XXI ст. яна ўжо перастала быць спецыфічна "еўрапейскай", г. зн. асаблівым сацыякультурным светам, аб'ядноўваючым краіны Еўропы (у адрозненне ад іншых).

Контуры новаеўрапейскай культуры сталі вызначацца ў XVII ст. Рэфармацыя была зародкам культуры новага тыпу. Яна праклала дарогу да пераасэнсавання дагматаў хрысціянства. Пратэстантызм самім фактам свайго існавання сцвердзіў магчымасць рознага разумення Свяшчэннага Пісання. Духоўная атмасфера ў грамадстве пачала мяняцца. Манаполія царквы на пасрэдніцтва ў стасунках чалавека з Богам рухнула. У барацьбе з царквой былі закладзены асновы навуковага прыродазнаўства. Знакамітыя мысліцелі Новага часу Ф.Бэкан, Т.Гобс, Р.Дэкарт, Б.Спіноза, Г.Лейбніц і іншыя вызвалілі філасофію ад схаластыкі і павярнулі яе тварам да навукі. Асновай філасофскага пазнання для іх стала не сляпая вера, а розум, які абапіраўся на логіку і факты. Паступова ўся грамадская думка набывала незалежнасць ад рэлігіі.

Еўрапейская культура, назаўжды захаваўшы свае хрысціянскія карані, хрысціянскія каштоўнасці і ідэалы, з цягам часу спарадзіла на іх дух лібералізму і нават атэізму. Хрысціянская рэлігія засталася важнейшым фактарам духоўнага жыцця грамадства, але яе манапольнаму панаванню над усёй культурай прыйшоў канец. Еўрапейская культура стала свецкай.

З Новага часу бярэ пачатак і другая асаблівасць еўрапейскай культуры – яе шматнацыянальнасць, шматмоўнасць. Сярэдневя­ковая латынь саступіла месца нацыянальным мовам, што, з аднаго боку, узбагаціла еўрапейскую культуру традыцыямі і вопытам народнай творчасці, а з другога – зрабіла дасягненні культуры больш даступнымі для народаў Еўропы. Пачаўся падзел нацыянальных культур, што паслужыла базай развіцця агульна­еўрапейскай культуры, адзінай у сваёй разнастайнасці. У краінах Еўропы фарміруюцца арыгінальныя мастацкія школы і літара­турныя плыні, у якіх па-рознаму знаходзяць выражэнне мастацкія стылі таго часу – барока і класіцызм.

Кантакт і ўзаемадзеянне культур – гэта адна з важнейшых умоў культурнага прагрэсу, які вывеў Еўропу ў Новы час на лідзі­руючае месца ў свеце.

У XVIII ст. у еўрапейскай культуры прыметна ўзмацніўся свецкі пачатак. Важную ролю ў культуры эпохі Асветніцтва пачала адыгрываць філасофія. І гэта зразумела, бо сама ідэалогія Асветніцтва была распрацавана менавіта філосафамі-асветнікамі. Надзвычай хутка пачала развівацца навука, якая разам з філасофіяй лічылася найлепшым увасабленнем магчымасцей чалавечага розуму. Асноўнымі стылямі мастацкай культуры па-ранейшаму заставаліся барока і класіцызм. Аднак узніклі і новыя стылі ў мастацтве – ракако і сентыменталізм. У эпоху Асвет­ніцтва мастацтва стала (у параўнанні з папярэднім перыядам) менш глыбокім і ўзвышаным і ў той жа час, наадварот, больш лёгкім, вытанчаным, павярхоўным. У мастацкай культуры ўзмац­нілася своеасаблівая цяга да геданізму, пачуццёвага задавальнення. Мастацтва XVIII ст. стала больш заангажыраваным, бо пачало ўсё актыўней умешвацца ў працэсы грамадска-палітычнага жыцця. Сярод усіх відаў культуры на першыя месцы выйшлі філасофія, музыка і тэатр, якія нават адцяснілі на другі план выяўленчае мастацтва.

У XIX ст. еўрапейская культура Новага часу ўступае ў перыяд спеласці. У большасці краін Еўропы ўсталёўваецца капіталіс­тычная сістэма гаспадарання з уласцівымі ёй формамі экана­мічных і палітычных адносін. Буйная машынная вытворчасць патрабуе вялікай колькасці кваліфікаваных інжынераў і рабочых. Таму развіваецца сетка школ, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. Агульнаадукацыйны і культурны ўзровень мас хутка павышаецца. Пісьменнасць становіцца агульнай культурнай нормай. Паскараюцца тэмпы тэхнічнага прагрэсу.

Навука XIX ст. выступае як класічная сістэма ведаў, асноўныя ідэі і прынцыпы якой лічацца канчаткова ўсталяваўшыміся ісцінамі. Падмуркам гэтай сітэмы з'яўляюцца матэматыка і механіка. Вялікіх поспехаў дасягае прыродазнаўства. У біялогіі ўзнікаюць клетачная тэорыя, тэорыя эвалюцыі. З'яўляецца эксперыментальная псіхалогія. Публікуюцца працы па агульнай гісторыі, мастацтвазнаўстве, гісторыі філасофіі, культуры.

У мастацкай культуры адным з галоўных кірункаў становіцца рэалізм. Поспехам карыстаецца жанр рамана, які дазваляе шырока і шматаспектна адлюстраваць рэчаіснасць. У выяўленчым мастацтве рэлігійная тэматыка адыходзіць на другі план. Атрым­ліваюць распаўсюджванне рамантыка-гераічныя палотны, партрэты і пейзажны жывапіс, сцэны з народнага жыцця, бытавы жанр, сатырычная графіка, гістарычны сюжэт.

Аднак ужо ў сярэдзіне XIX ст. адчуваюцца прыметы крызісу еўрапейскай культуры. Філасофскія працы Шапенгаўэра, К'ерке­гора і іншых мысліцеляў прасякнуты духам ірацыяналізму і песімістычным настроем думак. Фарміруецца так званая буржуазная культура, якая ў мастацтве бачыць сферу карыснага ўкладання і разглядае мастацкія творы толькі як прадметы раскошы і прэстыжнага спажывання.

Расчараванне ў ідэалах, страта веры ў вечныя жыццёвыя каштоўнасці, адыход ад агульназначымых сацыяльных, маральных, эстэтычных арыенціраў усё больш адчуваецца ў еўрапейскай культуры апошняй трэці XIX ст. Атрымлівае росквіт салонны жывапіс, узнікае прымітывізм, выходзіць на сцэну імпрэсіянізм. Ва ўсіх формах мастацкай творчасці набывае папулярнасць сімва­лізм, які напаўняе творы таемным містычным сэнсам. З 1880-х гг. у моду ўваходзіць тэрмін “дэкадэнс”. Яго прыхільнікі разважаюць аб заняпадзе культуры, нораваў, дэградацыі мастацтва, бяс­сілі чалавека перад змрочнымі ракавымі сіламі, якія кіруюць лёсам. У грамадстве распаўсюджваецца настрой стомленасці, песі­мізму, адчаю, адчуванне надыходзячай сацыякультурнай дэструк­цыі і заняпаду культуры.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]