Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Smolik_A_I__Kukhto_L_K__Tsobkalo_A_A_Kultur.doc
Скачиваний:
178
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
13.56 Mб
Скачать

7.2. Адметныя рысы старажытнакітайскай культуры

Цывілізацыя і культура кітайскага народа, нягледзячы на катаклізмы, захавала цэласнасць і своеасаблівасць. Яна мела больш рацыянальны, прагматычны характар, у значнай ступені звернуты да каштоўнасцей рэальнага зямнога жыцця. Духоўная культура вызначалася надзвычайнай устойлівасцю, стабільнасцю, кансерватызмам; у яе фарміраванні і развіцці вельмі важную ролю адыгрывалі шматлікія традыцыі, звычаі, абрады, рытуалы і цырымоніі. Па глыбіні эстэтычнага і паэтычнага пранікнення ў быццё прыроды яна бадай не ведае сабе роўных у свеце. Сярод шматлікіх культаў найбольш важнымі і распаўсюджанымі на ўсёй тэрыторыі Кітая былі культ неба і культ продкаў.

Філасофія. Кітайская філасофія ў перыяд свайго ўзнікнення і развіцця не адчувала істотнага ўплыву іншых, некітайскіх, духоўных традыцый. Гэтая цалкам аўтахтонная філасофія ў найбольшай ступені адрозніваецца ад еўрапейскай. Ужо ў V–III стст. да н.э. сфарміраваўся новы тып мыслення, які звязаны з узнікненнем крытычнай філасофіі і тэарэтычнай навуковай думкі. Найбольш вядомымі філосафамі гэтага часу былі Кун-цзы (Канфуцый) і Лао-цзы. Кун-цзы – “настаўнік Кун” (551–479 стст. да н.э.) – вядомы свету як Канфуцый, распрацаваў асноўныя прынцыпы вучэння аб ладзе грамадства і дзяржавы. Ён стаў заснавальнікам рэлігійна-філасофскай канцэпцыі – канфуцыянства. Пасля яго смерці вучні запісалі выказванні Кун-цзы і аб’ядналі іх у кнігу “Луньюй” (“Беседы и суждения”). Лао-цзы з’яўляецца заснавальнікам даасізму.

Асноўнае ў вучэнні Канфуцыя ― сацыяльна-этычны аспект, які абапіраецца на аўтарытэт старажытнасці.

У аснову сацыяльнага ўладкавання было пакладзена маральнае самаўдасканаленне і выкананне нормаў этыкету (“лі”). Канфуцый распрацаваў канцэпцыю ідэальнага чалавека, дзе галоўнае месца адводзілася паняццю “жэнь”, якое азначала гуманнасць, чалавечнасць, любоў да людзей. Канфуцый падзяляе людзей на тры катэгорыі: цзінь-цзы, жэнь і сяо-жэнь.

Цзінь-цзы – высакародны муж, дасканалы чалавек, у якога на першым плане пачуццё абавязку і чалавекалюбства. Сяо-жэнь – маленькі чалавек, або чалавек з маленькай літары. Жэнь – сярэдні чалавек, які патэнцыяльна можа стаць або тым, або другім.

Вялікае значэнне ў вучэнні Канфуцыя займала канцэпцыя “сяо” – сыноўняй пачцівасці, павагі да бацькоў і старэйшых. Канфуцый лічыў “сяо” найбольш эфектыўным метадам кіравання краінай.

Ён патрабаваў вярнуцца да традыцый старажытнасці, каб адрадзіць мараль у грамадстве. Адна з асноўных ячэек грамадства – сям’я, яна павінна будавацца на мудрым кіраўніцтве главы і на сыноўняй павазе да старэйшых усіх астатніх. Дзяржаву філосаф прапаноўваў будаваць па прыкладзе сям’і, і народ павінен паважаць імператара як бацьку і ва ўсім выконваць яго распара­джэнні, а імператар павінен клапаціцца аб народзе. Адначасова імператар, як сын неба, які адчувае сыноўнюю павагу да волі бацькі – неба, будзе раіцца з ім і правільна выконваць усе абрады пакланення вялікаму бажаству. Такім чынам, грамадства будзе будавацца па іерархічным прынцыпе і кожны чалавек зойме сваю сацыяльную нішу. У адпаведнасці з канцэпцыяй Канфуцыя кіраванне дзяржавай і грамадствам асноўваецца на “лі”, правілах, якія набылі функцыю закона. Лі аб’яўлялася вышэйшай праявай жэнь. Правілы ўстанаўлівалі па сутнасці маральна-этычныя асновы жыцця чалавека, грамадства і дзяржавы ў цэлым.

Прыблізна ў адзін час з Канфуцыем жыў Лао-цзы, заснавальнік даасізму. Але не ўсе замежныя вучоныя згодны з тым, што Лао-цзы – гэта гістарычная асоба, таму што пра жыццё гэтага мудраца мы ведаем толькі з некалькіх дайшоўшых да нас паданняў, якія змяшчаюць шмат міфалагічных звестак. У кароткай біяграфіі Лао-цзы, якая змешчана ў “Гістарычных запісках” Сыма Цяня, ён названы ўраджэнцам царства Чу. Па значэнні і папулярнасці Лао-цзы лічаць другім пасля Канфуцыя філосафам Кітая.

Пяру Лао-цзы прыпісваюць філасофскае вучэнне “Дао Дэ Цзін” (“Кніга пра Дао і Дэ”). Ужо ў назве кнігі закладзены дзве асноўныя катэгорыі дадзенага вучэння. Усё на гэтым свеце ўзнікла ў адпаведнасці з Дао (“шлях”, “метад”), і яно прыдае гэтаму свету гармонію, якая распаўсюджваецца і на грамадства. Спазнаць Дао можна толькі на пачуццёвым узроўні. Дэ (“благодать”, “благодатняя сила”) з’яўляецца тым выражэннем Дао, якое прыдае энергію ўсяму свету, пераўтварае яго.

Дао – гэта першапачатак усяго існага ў свеце, абсалютная заканамернасць быцця, нябачны закон прыроды.

Паводле даасізму, увесь свет лічыцца ўвасабленнем гэтага неспасціжнага, няўлоўнага Дао. Лао-цзы сцвярджаў, што ісцін­нае Дао немагчыма выказаць словамі і спасцігнуць розумам. Кожны чалавек павінен прытрымлівацца свайго Дао, дзеля чаго яму трэба адкінуць усе ўмоўнасці цывілізаванага грамадства і падначальвацца натуральным прыродным рытмам і законам. Сапраўдны даасіст павінен адмовіцца ад актыўнай дзейнасці, прытрымлівацца прынцыпу “у вэй” (надзея). Прыхільнікі да­асізму абавязаны былі рабіць толькі тое, што патрабуе ад іх прырода – падтрымліваць уласную жыццядзейнасць, расплоджвацца, быць раўнадушнымі да багацця, мірской мітусні, славы, а таксама імкнуцца да дасягнення адзінства з прыродай і маральна-духоўнай дасканаласці.

У Старажытным Кітаі вядома філасофскае вучэнне Мэн-цзы (370–289 гг. да н.э.). Асноўным у яго філасофіі была ідэя аб дабры, якая ўласціва ўсёй чалавечай прыродзе. Пачуццё спачування, адзначаў філосаф, – ёсць пачатак чалавечнасці; пачуццё сораму – пачатак абавязковага; пачуццё самаахвярнасці – пачатак дысцыплінаванасці; пачуццё добрага і дрэннага – пачатак розуму.

Рэлігія. Традыцыйныя рэлігіі Кітая заснаваны на ўшанаванні Цянь (неба), Шань-дзі (першага правіцеля) і розных духаў (Шань).

Бог народнасці

Культ продкаў таксама становіцца адной з асноў кітайскай рэлігіі. На­сельнікі Кітая шчыра верылі ў пасмяротнае жыццё, таму яны разам з памер­лымі змяшчалі яго асабістыя рэчы, ежу. У імператарскіх грабніцах разам з гаспадаром нярэдка размяшчалі жывёл і рабоў. Аб’ектамі шанавання і пакланення са старажытных часоў былі ў Кітаі прыродныя з’явы і стыхіі: сонца, месяц, планеты, гром, вецер, мора, возера, горы і інш. Са шматлікіх культаў жывёл і раслін на першым месцы быў міфічны дракон – сімвал звышнатуральнай нябеснай сілы, мудрасці, магутнай і справяд­лівай улады імператара; сімвал урадлівасці, шчасця, бессмярот­насці.

Акрамя дракона, да ліку свяшчэнных жывёл адносіліся птушка фенікс, адзінарог, чарапаха, тыгр, кот, певень, ліса, змяя, малпа, пацук, бык, конь, каза, сабака, свіння і інш.

Кілін – містычная жывёла, якая прыносіць поспех

Кітайцамі ўшаноўваліся таксама дрэвы і расліны – сасна, сліва, гранат, каштан, хрызантэма, лотас.

У дзяржаве існавалі некалькі відаў рэлігійных і грамадскіх культаў: агульнадзяржаўныя культы (неба і зямлі, продкаў, імператара); агульнародныя культы вялікіх родапачынальнікаў трох рэлігій – Канфуцыя, Лао-цзы, Буды; хатнія ці мясцовыя культы.

Галоўнымі традыцыйнымі рэлігіямі ў Кітаі з часоў стара­жытнасці былі канфуцыянства, даасізм і будызм. Паводле канфуцыянства, улада правіцеля абвяшчалася свяшчэннай, дараванай небам, а раздзяленне людзей на вышэйшых і ніжэйшых лічылася ўсеагульным законам справядлівасці. Даволі сухія дактрыны канфуцыянцаў былі мала звернуты да народа. Таму не дзіўна, што даасізм аб’яднаў сілы з народнай рэлігіяй. І будызм, і даасізм адмаўлялі каштоўнасці свету і звярталіся да містычнага боку чалавечай прыроды. Будызм ускладваў надзею на нірвану і вечнае шчасце ў “заходнім раі”.

Вышэйшай мэтай прыхільнікаў даасізму лічылася атрыманне бессмяротнасці з дапамогай магічнай практыкі і складанне “эліксіраў”. Калі гэтая мэта аказвалася недаступнай, то можна было спадзявацца на атрыманне багацця, адкрыўшы сакрэт атрымання золата, або працягнуць жыццё з дапамогай сродкаў менш універсальных, чым эліксір бессмяротнасці.

Будызм з’яўляўся адзіным замежным элементам у кітайскай культуры, які пранік ва ўсе слаі грамадства і стаў неад’емнай часткай нацыянальнай цывілізацыі.

Будысцкі храм у Кітаі

Будызм, да таго часу як прыйшоў у Кітай у I ст. да н.э., быў ужо старой рэлігіяй, якая мела за плячамі чатыры – пяць стагоддзяў гісторыі.

Згодна вучэнню Хінаяны, Гаўтама – адзіны Буда, які вечна спачывае ў нірване, дзе адсутнічаюць спакуса і барацьба. Ён пакінуў чалавецтву простае правіла, па якім кожны можа дасягнуць такога стану.

У гэтым вучэнні няма малітваў, заклінанняў або паднашэнняў. Тут Буда – не Бог, а чалавек, які адкінуў карму граху.

Рэлігія Кітая ніколі не сцвярджала сваёй катэгарычнай выключнасці. Ні Буда, ні Канфуцый, ніхто з даоскіх мудрацоў не мог сказаць: “Няма Бога, акрамя мяне”. Багі існуюць, але пакланенне ім – не лепшы шлях пазбегнуць перараджэнняў. Канфуцый, які шанаваў багоў свайго часу, не абвяшчаў іх адзіна сапраўднымі, магчыма, таму, што іншыя былі яму невядомыя. Для людзей таго часу пакланенне багам азначала выкананне рытуалаў і не звязвалася з ідэямі асабістага выратавання.

Міфалогія. Перамены ў грамадскай свядомасці і адпаведнае іх асэнсаванне адлюстроўваліся ў міфах. Найбольш папулярным у Старажытным Кітаі быў касмаганічны міф аб Паньгу, які быў першапродкам, першым чалавекам на зямлі, прабацькам усяго чалавецтва. Паводле гэтага міфа, спачатку ўвесь Сусвет знаходзіўся ў стане першабытнага хаосу і па форме нагадваў гіганцкае курынае яйка. У ім самазарадзіўся Паньгу, які там доўга спаў, а прачнуўшыся, узяў вялізную сякеру і раскалоў яйка. Усё лёгкае, светлае і чыстае (“Ян”) з яго паднялося наверх і ўтварыла неба, а ўсё цяжкае, цёмнае і бруднае (“Інь”) апусцілася ўніз і ўтварыла зямлю. Такім чынам, Інь – Ян – два палярна супрацьлеглыя пачаткі, якія ляжаць у аснове існавання Сусвету, Космасу, а таксама ўсяго жывога на Зямлі.

Юй

Інь – гэта ўсё цёмнае, рэчавае, халоднае, жаночае, пасіўнае, мяк­кае, зямное, вільготнае, інтуітыў­нае, а Ян, наадварот, – усё светлае, духоўнае, гарачае, мужчынскае, актыўнае, цвёрдае, нябеснае, сухое, рацыянальнае. Гэтыя два супрацьлеглыя пачаткі, дасяг­нуўшы свайго апагею, узаемна пераходзяць адзін у аднаго.

У кожным Інь ёсць нейкая частка Ян, а ў кожным Ян у зародкавым стане ўжо існуе Інь. Чаргаванне Інь – Ян вызначае ўсе змены і рытмы, рэгулюе жыццё чалавека, жывёл, раслін і інш. Для нармальнага функцыянавання любой сістэмы неабходна раўнавага паміж Інь і Ян; у адваротным выпадку такая сістэма распадаецца. Сімвалам Інь – Ян з’яўляецца круг з дзвюма часткамі (светлай і цёмнай), у кожнай з якіх пазначана кропка іншага колеру. У кітайскім мастацтве Інь – Ян разглядаецца як галоўны эстэтычны прынцып гармоніі і раўнавагі, як аснова мастацка-вобразнай сістэмы ўсіх відаў мастацтва.

У аснове антрапаганічных уяўленняў кітайцаў – міф аб тым, што людзі ўзніклі з насякомых-паразітаў, якія жылі на целе першачалавека Паньгу. Паводле другой міфалагічнай версіі, першых людзей вылепіла з гліны старажытная багіня – прамаці Нюйва, якая мела выгляд паўжанчыны-паўзмяі.

Ключавымі паняццямі і тэрмінамі кітайскай міфалогіі з’яў­ляюцца Шань-дзі і Цянь. Шань-дзі, паводле міфа, ёсць не толькі вярхоўнае бажаство, але і першапродак. Ён з’яўляўся ў выглядзе жоўтага нябеснага імператара, які кіруе шматлікімі багамі, духамі і вызначае правілы паводзін людзей на зямлі. Кітайскія міфы прыпісваюць яму вынаходніцтва павозкі, лодкі, люстэрка, гліня­нага гаршка для прыгатавання ежы, пісьменнасць, а таксама тое, што ён навучыў людзей музыцы, вырабляў эліксір несмя­ротнасці, напісаў медыцынскі трактат і інш. Шань-дзі ўвасабляў вечнасць і нязменнасць неба, а таксама маральныя законы.

У старажытнакітайскай міфалогіі Цянь (Неба) уяўляецца як вярхоўны дух, найвялікшы правіцель, што дае права зямному ўладару кіраваць краінай, а таксама як вышэйшая боская сіла, што распараджаецца чалавечымі лёсамі.

Старажытныя кітайцы верылі ў тое, што менавіта Неба з’яўляецца пачаткам усіх пачаткаў. Таму кітайцы надзвычай шанавалі Неба, падначальваліся яму, выконвалі яго законы і патрабаванні. Неба лічылася ўвасабленнем мудрасці, справядлі­васці, дабрадзейнасці; яно магло як пакараць, так і своеасаблівым чынам узнагародзіць чалавека.

Адзіным сынам Неба і Зямлі лічыўся імператар, улада якога мела неабмежаваны характар.

Майтрэя

Невыпадкова адна з назваў Кітая – “цянь- ся”, гэта значыць “тое, што знахо­дзіцца пад Небам”, або “Паднябесная імперыя”.

За перыяд тысячагодняга існавання Старажытнага Кітая сфарміраваўся комплекс уяўленняў, які атрымаў назву “культурны этнацэнтрызм”. У яго аснове – уяўленні пра Кітай як пра “Сярэдзіннае царства”, якое знаходзіцца ў цэнтры Сусвету і акружана “варварамі чатырох бакоў свету”.

Пісьменнасць. Кітайцамі ў старажыт­насці былі вынайдзены іерагліфічнае пісь­мо і адукацыя. Самыя раннія надпісы са знойдзеных у “Вялікім горадзе Шан” былі зроблены на касцях жывёл, а таксама на бронзавых рытуальных пасудзінах. Пачынаючы з перыяду Шань-Інь (XVI–XII стст. да н.э.), для нанясення іерогліфаў выкары­стоўвалі доўгія драўляныя і бамбукавыя план­кі. У эпоху Чжоў (XII–III стст. да н.э.) такі спосаб пісьма атрымаў агульнае распаўсюджанне. Пісалі вертыкальна, зверху ўніз. Шырыня планкі была разлічана толькі на адзін іерогліф. Калі планкі разам – атрымлівалася кніга, якую можна было скруціць.

Шырокае распаўсюджанне пісьма прывяло да неабходнасці уніфікаваць напісанне. На рубяжы IX–VIII стст. да н.э. кітайскія іерогліфы былі ўпершыню кадыфікаваны прыдворным гіста­рыёграфам Шы Чжоў. Да канца перыяду Хань канчаткова склалася графічная сістэма кітайскага пісьма, якая існуе зараз.

З сярэдзіны I тыс. да н.э. у якасці матэрыялу для пісьма пачалі выкарыстоўваць шоўк, але з-за дарагавізны ён не стаў агульнадаступным. У многім дзякуючы гэтаму ў II–I стст. да н.э. з’явілася папера – адно з самых значных дасягненняў кітайскай цыві­лізацыі. Аднак не адразу танная папера пацясніла іншыя матэрыялы. Прадстаўнікі вышэйшых класаў яшчэ ў перыяд дынастыі Хань выкарыстоўвалі бамбук і шоўк.

Пачатак афіцыйнай сістэме адукацыі ў імператарскім Кітаі быў пакладзены ў III ст. да н.э. У гэты час з’яўляецца першы тлумачальны слоўнік, складзены Сей Шэнем. У ім было змешчана тлумачэнне амаль на 10 тыс. іерогліфаў. Тады ж было ўведзена адзінае для ўсёй краіны пісьмо, якое пазней стала асновай кітайскай пісьменнасці.

У 136 г. да н.э. быў створаны Іайсю – універсітэт – першая вышэйшая школа ў Кітаі. Першая ВНУ складалася з пяці кафедраў у адпаведнасці з пяццю кананічнымі кнігамі канфуцыянства. Кафедры ўзначальвалі бошы – дактары.

Канфуцыем была заснавана ўласная школа, праз якую прайшло да 3 тыс. навучэнцаў. Сярод асноўных педагагічных прыёмаў у гэтай школе былі дыялог настаўніка з вучнямі, класіфікацыя і параўнанне розных фактаў і з’яў, перайманне найлепшых узораў.

Заснавальнікам гістарычнай навукі ў Кітаі лічаць Сыма Цяня (145 – каля 87 г. да н.э.), пяру якога належыць праца “Запісы тайшы”. Яго гістарычныя запіскі ўключаюць апісанні перыядаў царствавання, храналагічныя табліцы кіраванняў, шэраг геаграфіч­ных і гаспадарчых даных, біяграфіі вышэйшых асоб, нарысы аб суседніх народах, жыццяпісы ўплывовых асоб.

Значнымі былі тэхнічныя дасягненні кітайцаў. Так, ужо ў I ст. н.э. імі быў сканструяваны сейсмограф, створаны нябесны глобус з апісаннем больш за 2500 зорак, магнітны компас. Кітайцы таксама вынайшлі порах, які спачатку выкарыстоўвалі падчас забаўляльных мерапрыемстваў і толькі значна пазней прымянілі яго ў ваеннай справе.

У пачатку II ст. н.э. яны вынайшлі спосаб вырабу таннай паперы з валокнаў драўніны, прычым трымалі гэта ў строгім сакрэце шмат стагоддзяў. Кітайцы першымі авалодалі тэхнікай плаўкі, шырока выкарыстоўвалі тачкі для перавозкі цяжкіх грузаў. У старажытнасці ў Кітаі ўзнікла кнігадрукаванне – прыблізна ў II ст. н.э., тады як у Еўропе гэта адбылося толькі ў XV ст.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]