Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Smolik_A_I__Kukhto_L_K__Tsobkalo_A_A_Kultur.doc
Скачиваний:
178
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
13.56 Mб
Скачать

2.3. Помнікі першабытнай культуры на тэрыторыі Беларусі

На тэрыторыі Беларусі артэфакты культуры вядомы з позняга палеаліту. На шэрагу стаянак першабытнага чалавека знойдзены скульптуркі жанчын і птушак з біўняў мамантаў, выкананыя ў стылі наіўнага рэалізму, пласціны з біўняў, упрыгожаныя арнаментам. На познепалеалітычных стаянках трапляюцца разнастайныя ўпрыгожанні – падвескі з ракавінак і зубоў жывёл, пацеркі з фрагментаў трубчатых касцей і вапняковых трубачак марскіх чарвякоў. Большасць палеалітычных знаходак старажытнага мастацтва звязаны з першабытным культам плоднасці і паляўнічай магіяй.

У познім палеаліце складваюцца зачаткі архітэктуры, з’яў­ляюцца нізкія купалападобныя жытлы, умацаваныя ў аснове буйнымі касцямі маманта, з доўгачасовымі агнішчамі-кастрыш­чамі.

У неаліце з далейшым развіццём збіральніцтва, палявання і рыбалоўства, з зараджэннем земляробства і жывёлагадоўлі сацыяльнае і духоўнае жыццё старажытнага чалавека ўскладнілася, што знайшло адлюстраванне і ў культуры.

Прадметы эпохi бронзы

II–I тыс. да н.э.

Змяя. Канец III – пачатак

II тыс. да н.э.

На неалітычных стаянках Беларусі, заселеных пераважна паляўнічымі, рыбаловамі і збіральнікамі, сустракаюцца арнамента­ваныя касцяныя вырабы, упрыгожанні з косці, зубоў, бурштыну, дробныя пластычныя выявы людзей, жывёл і птушак з дрэва, рога і косці.

У неаліце ўпершыню на тэрыторыі Беларусі паявіліся бурштынавыя ўпрыгожанні – кроплепадобныя, пальчыкавыя, сякерападобныя, асіметрычныя падвескі, масіўныя трапецапа­добныя падвескі і кольцы, круглыя, прамавугольныя і двайныя круглыя гузікі, цыліндрычныя пацеркі. У гэты час ужо існавала адносна развітое мастацтва. Значнае месца ў ім займалі антрапаморфныя і зааморфныя выявы, прадстаўленыя гравіроўкай і дробнай плас­тыкай.

У Беларусі знойдзены самыя старажытныя музычныя інстру­менты – абломкі птушыных трубчатых касцей з шэрагам прасві­раваных адтулін.

Характэрнай асаблівасцю неаліту з’яўляецца вынаходства глінянага посуду. Ужо самыя архаічныя неалітычныя пасудзіны былі аздоблены глыбокімі круглымі ямкамі пад краем венчыка, якія дапаўняліся гарызантальнымі паясамі грабеньчатых адбіткаў, насечак або наколаў. Пазней арнаментацыя керамікі ўсклад­нілася.

Бердыж уяўляе групу археалагічных помнікаў каля вёскі Бердыж Чачэрскага раёна. Там знаходзіцца паселішча эпохі верхняга палеаліту, адно з самых старажытных на тэрыторыі Беларусі. У ім выяўлены рэшткі чатырох жытлаў і пяці гаспадарчых ям, у будаўніцтве якіх выкарыстаны чарапы, буйныя плоскія і трубчас­тыя косці маманта і іншых жывёл. На паселішчы знойдзены крамянёвыя наканечнікі коп’яў з бакавой выемкай, бакавыя, сярэдзінныя і вуглавыя разцы, нажы касцёнкаўскага тыпу, нажы-кінжалы, скрабкі, пласцінкі з прытупленым рэтушшу краем, вастрыі тыпу гравет, рэтушоры, адбойнікі, нуклеусы, прылады сякерападобных формаў і іншае, а таксама пласціны з біўня маманта з геаметрычным арнаментам, характэрныя для помнікаў касцёнкаўска-вілендорфскай культуры. Узрост паселішча 27–25 тыс. гадоў.

Побач знаходзіцца і паселішча эпохі неаліту і бронзавага веку. На ім знойдзены крамянёвыя нуклеусы, пласціны, адшчэпы, скрэблы, ромбападобны наканечнік стралы, фрагменты ляпной керамікі эпохі неаліту і бронзавага веку. Гэтыя помнікі першабытнай культуры даследавалі К.М.Палікарповіч, С.М.Замятнін, У.Дз.Будзько, А.Г.Калечыц і інш.

Белая Сарока паселішча эпохі мезаліту (VIII–V тыс. да н.э.) каля в. Белая Сарока Нараўлянскага раёна.

Тут знойдзены 123 крамянёвыя прылады працы (нажы са скошаным канцом, скрабкі, скоблі, разцы, рэтушоры, праколкі, свярдзёлкі), тронкавыя і вербалістыя наканечнікі стрэл свідэрскай і постсвідэрскай культуры, 27 мікралітычных пласцін з прытупленым рэтушшу краем, 600 апрацаваных крамянёў (нуклеусы, трапецыі, прамавугольнікі), рэшткі чатырох вогнішчаў.

Адкрыў помнік і даследаваў У.Ф.Ісаенка.

Добры Бор стаянка каля в. Добры Бор Баранавіцкага раёна. Тут выяўлены 12 вогнішчаў круглай і авальнай формы, 5 ям (з іх 3, магчыма, былі паўзямлянкамі). Сярод 900 знойдзеных крамянёвых прылад працы і нуклеусаў – трохвугольныя наканечнікі стрэл, масіўныя лістападобныя наканечнікі коп’яў, нажы, разнастайныя скрабкі, разцы, праколкі, цёслы, сякеры. Знойдзены таксама шліфаваныя каменныя сякеры з прасвідраванымі адтулінамі, шліфавальныя пліткі, адбойнікі. Сярод керамікі каля 2 тыс. абломкаў посуду: вастрадонных гаршкоў са шчыльнымі пад- ш­трыхаванымі сценкамі, арнаментаванымі наколамі, насечкамі, пракрэсленымі рыскамі, адбіткамі лінейнага штампа, якія адносяцца да позняга неаліту.

Да бронзавага веку адносяцца абломкі пласкадонных гаршкоў з прафіляванымі сценкамі, арнаментаванымі наразнымі рыскамі, шнуравымі адбіткамі, наколкамі.

Журавель археалагічны помнік каля вёскі Журавель Чэрыкаўскага раёна. Тут знаходзілася стаянка сожскай культуры позняга мезаліту (VIII –VI тыс. да н.э.), дзе выяўлены вогнішча і майстэрня пачатковай апрацоўкі крэменю: знойдзены больш за 6 тыс. адзінак крамянёвага інвентару, у тым ліку 290 прылад працы. Помнік даследавалі В.Ф.Капыцін і К.М.Палікарповіч.

Крывіна паселішча позняга неаліту і бронзавага веку, знаходзілася непадалёку ад вёскі Галоўск Сенненскага раёна. Тут выяўлены рэшткі жытлаў памерам 3–3,5 х 4–4,5 м з жэрдак, дах якіх абапіраўся на тоўстыя слупы. У жытлах і паміж імі раз­мяшчаліся вогнішчы дыяметрам 0,4–0,5 м, глыбінёй 0,2 –0,3 м, абкладзеныя камянямі, і ямы ад вогнішчаў. Знойдзены рагавыя, касцяныя і крамянёвыя прылады працы, фрагменты кругла- і вастрадонных гаршкоў, арнаментаваных насечкамі, наколамі, грабеньчатымі і іншымі ўзорамі, бурштынавыя і касцяныя падвескі, пранізкі, гузікі.

Русаковічы група стаянак каменнага і бронзавага вякоў каля вёскі Русаковічы Стаўбцоўскага раёна. На стаянцы эпохі неаліту знойдзены крамянёвыя прылады працы і фрагменты вастрадонных гаршкоў, арнаментаваных пераважна грабеньчатымі адбіт­камі. Трапляюцца таксама правільна агранёныя пласцінкі, канцавыя скрабкі, аднапляцовачныя нуклеусы, крамянёвыя прылады і кераміка трох этапаў нёманскай культуры і бронзавага веку, арнаментаваная адбіткам шнура і лінейным штампам, баразёнкамі. Выяўлены гаспадарчыя ямы, большасць з якіх бронзавага веку.

Раманавічы археалагічны помнік каля вёскі Раманавічы Гомельскага раёна. Найбольш старажытныя знаходкі паселішча адносяцца да фінальнага палеаліту, ёсць мезалітычныя і неалі­тычныя рэчы, матэрыялы ранняга і сярэдняга бронзавага веку, жалезнага веку. Знойдзены рэшткі вогнішчаў, больш за 30 тыс. вырабаў з крэменю (скрабкі, сякеры, скоблі, сярпы, наканечнікі стрэл, укладышавыя прылады тыпу “пік” і іншае), кераміка ляпная (з грабеньчатым арнаментам, з адбіткамі шнура, лінейнага штампа, насечкамі, нарэзкамі і іншае) і ганчарная.

Скема паселішча эпохі неаліту, бронзавага і ранняга жалезнага вякоў каля вёскі Мікольчыцы Мядзельскага раёна, на берагавым узвышшы р. Скема. У культурных напластаваннях сустракаюцца матэрыялы шнуравой керамікі культуры. Да канца бронзавага і пачатку ранняга жалезнага веку адносяцца знаходкі культур штрыхаванай керамікі і мілаградскай. Даследаваў стаянку М.М.Чарняўскі.

Тайманава комплекс археалагічных помнікаў каля вёскі Тайманава Быхаўскага раёна на правым беразе Дняпра. Тут знаходзілася стаянка позняга мезаліту (VI тыс. да н.э.). На яе тэрыторыі знойдзены наканечнікі стрэл, скрабкі, разцы, праколкі, рэтушаваныя пласціны і адшчэпы постсвідэрскай культуры. Даследаваў дадзены помнік Л.Д.Побаль.

Глыбаўка – паселішча позняга мезаліту (VI–V тыс. да н.э.) каля вёскі Глыбаўка Веткаўскага раёна. На яго тэрыторыі выяўлены 5 паўзямлянкавых жытлаў, 17 вогнішчаў і 14 гаспадарчых ям. Круглыя і авальныя жытлы паглыблены ў мацярык да 0,5 м. Вогнішчы адкрытага тыпу знаходзіліся ў цэнтры ці каля сцяны жытла. Знойдзены каля 33 тыс. вырабаў з крэменю: адна-, двух- і шматпляцовачныя нуклеусы, адшчэпы, пласціны, скрабкі, вялікія скрэблы, скоблі, вуглавыя і бакавыя разцы, вастрыі, свярдзёлкі, 2 дрэнна апрацаваныя цяслы, наканечнікі стрэл з пласцін з рэтушаваным дзяржаннем, мікраліты, сякучыя прылады. Даследавала А.Г.Калечыц.

Такім чынам, высветліўшы асноўныя прыметы і агульную характарыстыку культуры першабытнага грамадства, можна прый­сці да наступных высноў:

  • першабытная культура сфарміравала такое светаўспры­манне, якое заснавана на ідэях гармоніі чалавека і прыроды, магчымасці магічнага ўздзеяння на навакольны свет (космас);

  • асновай жыцця першабытнага грамадства з’яўляўся міф;

  • міфы розных народаў падобныя па сваіх сюжэтах і ідэях, што пацвярджае гіпотэзу старажытнага адзінства чалавецтва;

  • першабытнае мастацтва не з’яўляецца прымітыўным, а, магчыма, недаступным “разуменню” сучаснага чалавека ў сувязі з тым, што яно заснавана на сімвалах, ідэях, прынцыпах першабытнай ментальнасці;

  • першабытнае грамадства, яго культура не з’яўляюцца перыядам далёкага мінулага, светаадчуванне сучаснага чалавека збліжае яго з нашымі далёкімі продкамі праз міф, фальклор і архетыпы.

Заданні

1. Падбярыце артэфакты першабытнай культуры, знойдзеныя як у Беларусі, так і ў іншых краінах; прапануйце іх да ўключэння ў электронны варыянт дапаможніка.

2. Вызначце асноўныя ўяўленні (вераванні), на якіх будуецца светапогляд першабытнага чалавека.

3. Вылучыце з вучэбнага дапаможніка Т.І.Шамякінай “Міфа­логія Беларусі” інфармацыю на тэму: “Міф і яго месца ў першабытнай культуры”, падрыхтуйце электронную прэзентацыю.

4. Стварыце электронную прэзентацыю "Стаянкі першабытнага чалавека на тэрыторыі Беларусі".

5. Падбярыце помнікі першабытнай культуры перыяду неаліту на тэрыторыі Беларусі, выявіце іх асаблівасці, прапануйце да ўключэння ў камп’ютэрны варыянт дапаможніка.

Літаратура

1. Борзова, Е.П. История мировой культуры: учеб. пособие для вузов искусств и культуры / Е.П.Борзова; Санкт-Петербург. гос. ун-т культуры и искусств. – СПб.: Лань, 2001. – 669 с.

2. Быстрова, А.Н. Мир культуры. Основы культурологии: учеб. пособие / А.Н.Быстрова. – М.: Маркетинг; Новосибирск: ЮКЭА, 2000. – 678 с.

3. Говард, М. Сучасная культурная антрапалогія / нав. рэд. П.Церанковіч; пер. з англ.: I.Карнікаў [і інш.]. – Мн.: Тэхналогія, 1995. – 478 с.

4. История религий: учебник для вузов: в 2 т. / под общ. ред. Н.Н.Яблокова. – 2-е изд., испр. и доп. – М.: Высш. шк., 2004. – Т.2.

5. Культурология: теория и история культуры: учеб. пособие / И.Е.Ширшов [и др.]; под общ. ред. И.Е.Ширшова. – Мн.: БГЭУ, 2004. – 543 с.

6. Малюга, Ю.А. Культурология: учеб. пособие / Ю.А.Малюга. – 2-е изд., доп. и испр. – М.: Инфра-М, 1998. – 278 с.

7. Першиц, А.И. История первобытного общества: учебник для ист. фак. вузов / А.И.Першиц [ и др.]. – 3-е изд., перераб. и доп. – М.: Высш. шк., 1982. – 223 с.

8. Полищук, В.С. Культурология: учеб. пособие для вузов / В.С.Полищук. –М.: Гардарики, 1998. – 444 с.

9. Редегер, Д.Г. История Древнего мира: учеб. пособие для пед. ин-тов / Д.Г.Редегер, Е.А.Черкасова; под ред. Ю.Г.Крушкол. – М.: Просвещение,1970. – 271 с.

10. Рогинский, Я.Я. Об истоках возникновения искусства / Я.Я.Рогинский. – М.: Изд-во МГУ, 1982. – 32 с.

11. Тайлор, Э.Б. Первобытная культура / предисл. и примеч. А.П.Першина; пер с англ. – М.: Политиздат, 1989. – 572 с.

12. Тайлор, Э.Б. Миф и обряд в первобытной культуре / Эдуард Бернетт Тайлор; пер. с англ. Д.А.Корончевского. – Смоленск: Русич, 2000. – 623 с.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]