Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Smolik_A_I__Kukhto_L_K__Tsobkalo_A_A_Kultur.doc
Скачиваний:
178
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
13.56 Mб
Скачать

7. Культура кітая

7.1. Перыядызацыя гісторыі і культуры Кітая

Кітай, або Сярэдняе царства, – краіна, якая раскінулася на прасторах Усходняй і Цэнтральнай Азіі ў басейнах рэк Хуанхэ і Ян-цзы. Тут каля шасці тысяч гадоў назад зарадзілася адна са старажытнейшых цывілізацый, якая аказала ўплыў на развіццё ўсіх народаў, насяляўшых краіны Далёкага Усходу.

Старажытны Кітай

Cтаражытныя плямёны, якія насялялі ўрадлівыя даліны рэк, апрацоўвалі палі, разво­дзілі хатніх жывёл, ведалі многія рамёствы. У агульную культуру Кітая ўнеслі свой уклад шматлікія народы, якія пражывалі на яго тэрыторыі. Сінтэз іх самабытных культур – той унікальны феномен, які называюць кітайскай цывілізацыяй. Толькі з канца III тыс. да н.э. вызначаецца ў гэтым сінтэзе вядучая роля ханьскай народнасці, ад якой утварылася назва кітайскага народа. Назва “хайнцы”, ці “ханьжэнь”, паходзіць ад назвы велізарнай дэспатычнай імперыі эпохі позняй старажытнасці – Хань (202 г. да н.э.).

Гісторыю і культуру Старажытнага Кітая прынята дзяліць на шэраг перыядаў.

Эпоха Шань-Інь была адносна не доўгай (XVI–XII стст. да н.э.). Сваю назву гэты перыяд атрымаў ад імя племені, якое насялала даліну ракі Хуанхэ. Менавіта тады ўтварылася першая кітайская дзяржава, на чале якой стаяў правіцель – ван, які быў адначасова і вярхоўным жрацом. У той час ва ўсіх сферах жыцця жыхароў Кітая адбываліся значныя змены: былі вынайдзены шаўка­прадства, бронзаліцейная справа, іерагліфічнае пісьмо, зарадзі­ліся асновы горадабудаўніцтва.

Наступны перыяд гісторыі Старажытнага Кітая Чжоў займае XI–VIII стст. да н.э. У гэты час адбываецца сакра­лізацыя ўлады, ван быў абвешчаны сынам неба і яго адзіным зямным увасабленнем. У эпоху Чжоў кітайцы знайшлі месцазнаходжанне жалеза, што дазволіла ім перайсці да жалезных прылад працы і палепшыць тэхніку земляробства. Значна пашырыўся круг рамёстваў, якія ўвайшлі ў абіход.

У перыяд Лега (“шматцарстваванне”) VII–VI стст. да н.э. з’яўляецца пісанае дзяржаўнае заканадаўства ўзамен вуснага звычаёвага права. У дадзеную эпоху адбываюцца значныя змены ў сацыяльна-палітычным, эканамічным і духоўным развіцці старажытнакітайскага грамадства.

Паступова ўлада вана аслабла, і ў V ст. да н.э. дзяржава распадаецца на сем дробных дзяржаў, якія на працягу наступных 250 гадоў вялі пастаянныя войны паміж сабой. Таму V–III стст. увайшлі ў гісторыю як эпоха “ваюючых царстваў”. Тым не менш у гэты перыяд працягваюць развівацца больш складаныя рамёствы: ткацкае, лакавае, ювелірнае, керамічнае і інш. Кітайцы наладзілі вытворчасць шоўку, фарфору і нефрыту. Важнае значэнне стаў набываць міжнародны гандаль, росквіт якога звязаны з адкрыццём Вялікага шаўковага шляху ад ханьскай сталіцы Чанані праз Азію на рымскі Усход.

Перыяды Цынь і Хань займаюць адрэзак часу з III ст. да н.э. да II ст. н.э. Гэтая эпоха адметная шматлікімі рэформамі, галоўнай мэтай якіх было пераадоленне дэцэнтралізацыі і раздробленасці. Найбольш паспяхова такія рэформы прыватнаўласніцкіх і рабаў­ладальніцкіх адносін былі праведзены ў царстве Цынь міністрам Шан Янамю.

Першы кітайскі імператар Шы-хуандзі распаўсюдзіў на ўсю імперыю парадкі, устаноўленыя Шан Янамю, што дазволіла аб’яднаць краіну, стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця грамадства ва ўсіх сферах.

Менавіта ў гэтую эпоху ўзнікла магутная цэнтралізаваная дзяржава, было ўстаноўлена адзінае заканадаўства, пачалося будаўніцтва так званай Вялікай кітайскай сцяны для абароны ад нападаў качэўнікаў-варвараў. Яе працягласць складала 4 тыс. кіламетраў. Кітайская імперыя стала адной з найбольш магутных у свеце: колькасць яе насельніцтва дасягала 60 млн., што складала прыблізна пятую частку насельніцтва ўсёй планеты. У пачатку III ст. н.э. кітайская імперыя распалася на некалькі асобных царстваў. Пачынаецца шосты перыяд у гісторыі і культуры Старажытнага Кітая, які доўжыцца да VI ст. н.э. Ён атрымаў назву “трохцарствавання”.

Такім чынам, за тысячагоддзі на тэрыторыі сучаснага Кітая склалася цывілізацыя, якая захавала пераемнасць асноўных традыцый, асобных адметных рыс матэрыяльнай і духоўнай культуры і працягвае існаваць у сучасны перыяд. У той жа час іншыя старажытныя цывілізацыі па розных прычынах і ў розны час зніклі.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]