Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Smolik_A_I__Kukhto_L_K__Tsobkalo_A_A_Kultur.doc
Скачиваний:
178
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
13.56 Mб
Скачать

10.2. Субкультуры Сярэднявечча

Сярэднявечная культура фарміруецца на аснове натуральнай гаспадаркі абмежаванага свету сельскага маёнтка, неразвітасці таварна-грашовых адносін. У далейшым асновай культуры ўсё больш становяцца гарадское асяроддзе, бюргерства, рамесная цэхавая прамысловасць, гандаль, грашовая гаспадарка.

Сацыяльная культура Сярэднявечча выступае перш за ўсё як строга вызначанае ўзаемадзеянне сацыяльных груп, заснаванае на спалучэнні праў на зямлю з месцам у грамадстве (іерархія). Адносіны сеньёра і васала будуюцца на аснове дагавораў, сямейных сувязей, асабістай вернасці, адданасці і заступніцтва. Гэтыя адносіны і ўтвараюць грамадства. З узнікненнем цэнтралізаваных дзяржаў афармляюцца саслоўі, якія складаюць структуру сярэднявечнага грамадства, – духавенства, дваранства і астатнія жыхары, што пазней атрымалі назву “трэцяе саслоўе”, “народ”.

Сярэднявечча ўвабрала традыцыі і звычаі некалькіх культурных платформаў, сярод якіх выдзяляюцца антычная субкультура, хрысціянства, германска-варварская субкультура, рыцарская субкультура, бюргерская субкультура, сялянская нізавая субкультура.

Антычная субкультура. Сярэднявечная культура захавала некаторыя формы, створаныя Антычнасцю (перш за ўсё Рымам). Напрыклад, сярэднявечная адукацыя працягвала будавацца як і познеантычная сістэма “сямі свабодных мастацтваў”: спачатку вывучалі граматыку, рыторыку і дыялектыку, потым геаметрыю, арыфметыку, музыку, астраномію.

Германа-варварская субкультура. Пасля захопу Імперыі Гер­манскімі плямёнамі Рымская царква сутыкнулася з неабходнасцю звароту ў хрысціянства варварскіх народаў, свядомасць якіх была больш архаічнай.

Для варварскіх плямён каштоўнымі былі гераічныя паводзіны, паколькі германскія плямёны жылі за кошт вайны і рабаванняў, ваенная справа заўсёды лічылася тут у вышэйшай ступені годным заняткам.

Васальныя адносіны ў сярэднявечнай культуры таксама маюць вытокі ў жыцці германскіх плямён. Служэнне ў германскім свеце не было служэннем абшчыне-дзяржаве, як у Антычнасці, яно было служэннем правадыру-індывіду.

Бюргерская субкультура была прадстаўлена не так яскрава, як культура рыцарская. З самага пачатку яна не была дамінуючай. Першапачаткова, у перыяд культурнага ліхалецця і ў ранняе Сярэднявечча, цэнтрамі культуры заставаліся манастыры, храмы і епіскапскія рэзідэнцыі. Да пачатку Высокага Сярэднявечча ўсё большую ролю ў культуры пачынаюць іграць замкі. У замках каралёў і ўладальных князёў засноўваўся двор. Акрамя рыцараў і вяльможных жанчын яны прыцягвалі ўвагу адукаваных людзей і іншых саслоўяў. Прыблізна ў гэты ж час пачынаецца ажыўленне гарадскога жыцця.

Павялічваліся гарады і насельніцтва ў гарадах, дзе ішло інтэнсіўнае будаўніцтва. Але ўсё-такі ў гэты час бюргерства не стала вядучай сілай культуры Сярэднявечча, паколькі горад не мог моцна ўплываць на культуру. Так і заставаліся два полюсы: духавенства і рыцарства. Бюргерская ж культура была ў цяні. Нягледзячы на растучы дабрабыт бюргераў, багацце і ўздзеянне гарадскога патрыцыяту, бюргер так і не дасягнуў значнасці гараджаніна-грамадзяніна.

Сялянская нізавая субкультура. Сялянскай субкультуры было ўласціва вельмі глыбокае і рэзкае выяўленне супярэчнасцей. На верхнім полюсе яна пераадолела язычніцтва, ёй адкрылася рэальнасць непараўнальна больш высокага ўзроўню, чым антычнай культуры. На другім жа, ніжэйшым полюсе сярэднявечная культура заставалася ці спусцілася ніжэй сваёй папярэдніцы. Аднак “верх” і “ніз” сярэднявечнай культуры не толькі не складалі яе полюсы і несумяшчальныя ўзроўні, але і ўзаемадзейнічалі. Гэтая культура была ўласцівая не толькі сялянству, але бюргерству і нават рыцарству.

Рыцарская субкультура. Воінскае саслоўе з’яўлялася неабходным кампанентам як антычнай, так і германскай культуры. Але там воін быў толькі наймітам, ён служыў свайму гаспадару ці правадыру. На працягу ўсяго ранняга Сярэднявечча воін стана­віўся то абаронцай пры набегах варварскіх плямён, то правад­ніком феадальнай раздробленасці, то апускаўся да ролі разбой­ніка. На гэтым фоне царква ў ХІ ст. пачынае распрацоўваць ідэю праведнай хрысціянскай вайны і воіна-хрысціяніна, які павінен быў выратаваць веру. У ІХ ст. можна гаварыць пра з’яўленне прафесійнага слоя воінаў, які складаўся, як правіла, са свабодных і дастаткова заможных людзей, што маглі сабе дазволіць набыць дарагую амуніцыю і каня. Доўгі час рыцарства заставалася справай асабістага выбару. Рыцарства не было эканамічным класам, не супадала з феадальнай арыстакра­тыяй. Яно не набыло юрыдычны статус, не атаясамлівалася з васалітэтам (адзінокія вандроўныя рыцары). Існавалі таксама несвабодныя рыцары – міністэрыялы. Такім чынам, даволі рана ў асяроддзі рыцарства адбылася дыферэнцыяцыя. Але адзіны вобраз жыцця адрозніваў іх ад астатніх слаёў грамадства, што дае магчымасць гаварыць пра фарміраванне ў Х–ХІ стст. рыцарскай субкультуры, у аснове якой – дух салдацкага брацтва і тавары­ства, калі сеньёр – не гаспадар і суддзя, а старшы сярод роўных.

Рыцарства стварыла сваю паэзію ў асобе трубадураў, трувэраў, мінезінгераў; рыцарскія раманы – вялікія паэтычныя творы, новыя вершаваныя жанры: серэнада, пастарэла, альба, сірвента.

Асноўным матывам рыцарскіх раманаў было станаўленне сапраўднага рыцара, дзеля чаго яму прыходзілася пераадольваць шматлікія выпрабаванні, змагацца з разнастайнымі ворагамі і страшыдламі. Найбольш знакамітымі ўзорамі лічыліся раман “Трыстан і Ізольда” (ХІІ ст.), цыкл раманаў пра легендарнага караля брытаў V–VI ст. Артура, які гераічна змагаўся з англаса­к­самі за незалежнасць Англіі, а таксама раман “Парсіфаль”. Эпічны твор-раман “Трыстан і Ізольда” склаўся на аснове старажытных легенд і паданняў (найперш кельцкіх) і быў вельмі папулярным у Cярэдневякоўі. У гэтым рамане расказваецца пра каханне адважнага рыцара Трыстана да прыгожай маладой прынцэсы Ізольды, прычым любоўныя пачуцці галоўных герояў былі нават мацней за смерць. У рамане “Парсіфаль” галоўны герой – адважны рыцар Парсіфаль – гераічна змагаецца з ворагамі і адпраў­ляецца на пошукі цудадзейнай чашы Грааля; у рэшце рэшт менавіта тут развіваецца пакланенне цудоўнай даме, якое садзей­нічала няхай і ідэалізаванай, але ўсё-такі ўзвышанай ролі жанчыны ў культуры, а таксама спарадзіла новыя адносіны да любові як сінтэзу духоўнага і прыроднага.

Хрысціянства. Агульныя каштоўнасныя асновы Сярэднявечча былі звязаны з хрысціянствам. Дакладныя сферы грамадскага жыцця суадносіліся з царкоўнай ідэалогіяй.

Хрысціянства выступае светапогляднай асновай Сярэднявечча, накладвае адбітак на ўсе сферы духоўнага і матэрыяльнага жыцця. У цэнтры сістэмы каштоўнасцей Сярэднявечча абсалютным цэнтрам з’яўляецца Бог.

Хрысціянства прыносіць у сярэднявечную культуру новы вобраз чалавека. З аднаго боку, чалавек – вобраз і падабенства Бога, а з другога боку – у чалавеку жыве ганебны пачатак, ён схільны да д’ябальскіх навяванняў.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]