Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Вялюга2-рэд.doc
Скачиваний:
93
Добавлен:
05.09.2019
Размер:
2.69 Mб
Скачать

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Установа адукацыі

«Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт»

С. А. ВЯЛЮГА

А. І. ЗЯНЬКО

БЕЛАРУСКАЯ МОВА

(ПРАФЕСІЙНАЯ ЛЕКСІКА)

Вучэбна-метадычны комплекс

для студэнтаў нефілалагічных спецыяльнасцей

Наваполацк

ПДУ

2011

УДК 811.161.3(075.8)

ББК 81.411.3-923я73

В99

Рэкамендаваны да выдання метадычнай камісіяй спартыўна-педагагічнага факультэта ў якасці вучэбна-метадычнага комплексу (пратакол № 3 ад 23.11.2010)

Рэцэнзенты:

старшыня камісіі мовы і літаратуры з методыкамі выкладання УА «ВДУ ім. П. М. Машэрава Полацкі каледж» С. А. БУЛАХ;

ст. выкладчык кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін УА «ПДУ» С. І. КРАСОЎСКІ

В99

Вялюга, С. А.

Беларуская мова (прафесійная лексіка) : вуч.-метад. комплекс для студэнтаў нефілалагічных спецыяльнасцей / С. А. Вялюга, А. І. Зянь­ко. – Наваполацк : ПДУ, 2011. – 264 с.

ISBN 978-985-531-243-8.

Асвятляюцца тэарэтычныя пытанні беларускай мовы, прадугледжаныя праграмай ВНУ для нефілалагічных спецыяльнасцей. Тэарэтычныя звесткі ілю­струюцца прыкладамі з мастацкай, публіцыстычнай і навуковай літаратуры. У канцы кожнага раздзела змешчаны пытанні на праверку засваення структуры бе­ларускай мовы, арфаэпіі і лексікалогіі, марфалогіі і сінтаксісу, стылістыкі і куль­туры маўлення, тэрміналагічнай і прафесійнай лексікі. Значная ўвага ўдзелена характарыстыцы навуковай і афіцыйна-справавой мовы, якая складае асноўную разнавіднасць моўнай і маўленчай дзейнасці спецыяліста.

Прызначаны для выкладчыкаў і студэнтаў нефілалагічных спецыяльнасцей вышэйшых навучальных устаноў; можа быць карысны настаўнікам і вучням ся­рэдніх спецыяльных устаноў, спецыялістам.

УДК 811.161.3(075.8)

ББК 81.411.3-923я73

ISBN 978-985-531-243-8

© Вялюга С. А., Зянько А. І., 2011

© УА«Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт», 2011

УВОДЗІНЫ

Вучэбна-метадычны комплекс «Беларуская мова (прафесійная лексі­ка)» падрыхтаваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі тыповай вучэбнай праграмы для вышэйшых навучальных устаноў і прызначаецца для студэн­таў нефілалагічных спецыяльнасцей, ахоплівае 6 лекцыйных і 28 прак­тычных (семінарскіх) гадзін.

У аснову структурыравання зместу вучэбнага матэрыялу пакладзены прынцып модульнага падыходу.

Характэрнымі асаблівасцямі ВМК з’яўляюцца абноўлены змест, акцэнтаваны на кампетэнтнасным падыходзе да навучання, узмацненне ро­лі самастойнай працы студэнтаў, выкарыстанне сучасных інавацыйных педагагічных тэхналогій, што дапаможа сфарміраваць камунікатыўна раз­вітую асобу, здольную наладжваць зносіны на роднай мове ў прафесійнай сферы, перакладаць і рэферыраваць прафесійна-арыентаваныя і навуковыя тэксты, весці дзелавую дакументацыю, выступаць з навуковымі паведам­леннямі і публічнымі прамовамі.

У вучэбным выданні падаецца (з улікам сучасных дасягненняў мова­знаўства) сістэмны курс беларускай мовы згодна з тыповай вучэбнай пра­грамай для вышэйшых навучальных устаноў, зацверджанай Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь 2 верасня 2008 года, рэгістрацыйны № ТД – СГ.015/тып.

Тэарэтычныя палажэнні ілюструюцца матэрыялам, узятым з твораў беларускай мастацкай, навуковай і публіцыстычнай літаратуры. У сувязі з існаваннем беларуска-рускага двухмоўя канцэнтруецца ўвага на спецы­фічных асаблівасцях беларускай мовы, развіваюцца здольнасці студэнтаў па прымяненні ведаў на практыцы:

– авалоданне прафесійна-арыентаваным вусным і пісьмовым маўленнем;

– авалоданне бытавым маўленчым этыкетам;

– авалоданне навыкам напісання разнастайных службовых дакументаў.

З мэтай фарміравання сучасных сацыяльна-асобасных і сацыяльна-прафесійных кампетэнцый выпускніка ВНУ ў практычныя заняткі ўключа­юцца элементы рэдагавання, асновы перакладу і прамоўніцкага майстэрст­ва, камунікатыўныя тэхналогіі (дыскусія, прэс-канферэнцыя, вучэбныя дэ­баты), метад кейсаў (аналіз сітуацыі), гульнявыя тэхналогіі.

Для дыягностыкі кампетэнцыі, выяўлення дасягненняў на прамежка­вым і выніковым этапах (залік, экзамен) выкарыстоўваецца рэйтынгавая сістэма ацэнкі вучэбнай і навукова-даследчай дзейнасці студэнтаў (выка­нанне кантрольных работ, тэстаў і тэставых заданняў, падрыхтоўка вусных паведамленняў і пісьмовых рэфератаў па вызначанай тэматыцы, удзел у навукова-даследчай дзейнасці і інш.).

Модуль I. Беларуская мова і яе месца ў сістэме агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей

Дадзены раздзел у вучэбнай праграме курса дае магчымасць сістэма­тызаваць і паглыбіць веды студэнтаў аб месцы курса ў сістэме сацыяльна-гуманітарных навук і яго сувязі з іншымі дысцыплінамі.

Схема блок-сістэмы модуля

Тэма заняткаў

Тып заняткаў

Форма

заняткаў

Колькасць

гадзін

1. Беларуская нацыяналь­ная мова і яе месца ў су­часным грамадстве.

Метад кейсаў (аналіз сітуацый)

Лекцыя з эле­ментамі гутаркі

2

2. Сучасная беларуская мова.

Камбінаваны з папя­рэднім кантролем

Практыкум

2

1. Беларуская нацыянальная мова і яе месца ў сучасным грамадстве

1.1. Уводзіны ў дысцыпліну «Беларуская мова (прафесійная лексіка)»

«Беларуская мова (прафесійная лексіка)» – дысцыпліна, якая дапама­гае выхоўваць любоў і павагу да духоўнай і інтэлектуальнай спадчыны бе­ларускага народа, пашыраць і ўзбагачаць прафесійны лексічны запас бу­дучых спецыялістаў, выпрацаваць уменне практычнага карыстання тэр­міналогіяй і прафесійнай лексікай па абранай спецыяльнасці, што будзе спрыяць фарміраванню камунікатыўна развітай асобы, якая зможа пра­вільна ўспрымаць інфармацыю на беларускай мове, а таксама дакладна і асэн­савана выказваць любую думку, павышаючы грамадскі прэстыж беларускай літаратурнай мовы як мовы тытульнай нацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Праграма курса «Беларуская мова (прафесійная лексіка)» цесна звя­зана з іншымі дысцыплінамі – гісторыяй літаратурнай мовы, лексікалогіяй, стылістыкай і культурай маўлення. Таму асноўнымі мэтамі сацыяльна-гу­манітарнай падрыхтоўкі з’яўляюцца фарміраванне і развіццё сацыяльна-асобасных і сацыяльна-прафесійных кампетэнцый выпускнікоў ВНУ.

1.2. Мова і соцыум. Беларуская нацыянальная мова і яе формы Мова і соцыум

Паводле Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. М. Р. Судніка і М. Н. Крыўко), мова вызначаецца як:

1. Сродак чалавечых зносін і выказвання думкі з уласцівымі яму фанетыка-граматычным ладам і лексічным фондам. Беларуская мова. Класічныя мовы. 2. Сукупнасць унармаваных сродкаў выражэння славес­най творчасці, уласцівых індывідуальнай манеры пісьменніка; стыль. Мова Янкі Купалы. Літаратурная мова. 3. Здольнасць гаварыць. У хворага адня­ло мову. 4. Сістэма знакаў, гукаў, сігналаў, якія перадаюць інфармацыю. Мова лічбаў. Мова формул. 5. Асаблівасць маўлення, манера гаварыць. Дзі­цячая мова. 6. Тое, што тлумачыць сабой што-небудзь, паясняе. Мова фак­таў (жывая мова, эзопаўская мова, індаеўрапейскія мовы, знайсці агуль­ную мову і інш.).

«Народ выражае сябе найпаўней і найдакладней у мове сваёй, – пісаў у XIX ст. вядомы рускі лінгвіст I. Сразнеўскі, – народ і мову нельга ўявіць адно без аднаго». Калі грамадства параўнаць з жывым арганізмам, то мову можна назваць нервовай сістэмай, якая наладжвае ў арганізме сувязі паміж яго клеткамі. Але мова – гэта не толькі сродак, з дапамогай якога людзі на­ладжваюць сувязі, абменьваюцца інфармацыяй, яна – своеасаблівае люс­тэрка жыцця і працы народа, яго грамадскага і культурнага развіцця. Мова адлюстроўвае жыццёвы вопыт народа, асаблівасці яго мыслення і псіхікі, маральна-этычныя і эстэтычныя нормы.

З пакалення ў пакаленне беларускі народ замацоўваў у слове сваё ба­чанне свету, свой вопыт яго пазнання, ад эпохі да эпохі ён выпрацоўваў разнастайныя сродкі перадачы думак, пачуццяў. Прыродныя ўмовы і геа­графія краіны, узровень народнай гаспадаркі і кантакты з іншымі народамі, характар грамадскай думкі, культуры, мастацтва – усе больш ці менш знач­ныя асаблівасці жыцця нашага народа адлюстраваліся ў мове.

Моўная культура беларускага народа надзвычай багатая і самабыт­ная. Яна ўвасоблена ў поўных чароўнага хараства песнях, у афарбаваных міфічнасцю легендах, паданнях і дасціпных, мудрых прыказках, у адмы­словых загадках і магічна-таямнічых замовах, у трапных выслоўях і даска­налых па форме і мастацкіх якасцях казках, у творах мастацкай, навуковай літаратуры і г.д. Гэтыя моўныя скарбы раскрываюць гісторыю народа, сведчаць пра яго сацыяльны інтэлект, далучаюць да маральных, эстэтыч­ных каштоўнасцей, створаных народам за стагоддзі, дапамагаюць зразу­мець яго філасофію, мастацкія вобразы, авалодаць сакрэтамі яго моватвор­чай дзейнасці. Захоўваючы духоўную спадчыну народа, замацоўваючы ў слове ўсё тое, што прынята называць культурай, мова яднае нашчадкаў і продкаў, звязвае мінулае з сучаснасцю і будучыняй.

Мова – гэта адна з найважнейшых прымет нацыі, падмурак этнічнага самаўсведамлення народа. Так, паводле перапісу 2009 г., 60 % усяго на­сельніцтва Беларусі лічаць сваёй роднай мовай беларускую. Гэта азначае, што этнічная функцыя (быць сімвалам нацыі, кансалідаваць народ і адроз­ніваць яго ад іншых этнасаў) пераважае ў беларускай мове над камуніка­тыўнай. У сілу пэўных гістарычных, сацыяльных і геапалітычных прычын беларуская мова не стала пакуль асноўным і адзіным сродкам камунікацыі ў нашай рэспубліцы. Для большасці жыхароў Беларусі гэтую ролю вы­конвае руская мова.