Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Вялюга2-рэд.doc
Скачиваний:
95
Добавлен:
05.09.2019
Размер:
2.69 Mб
Скачать

8. Прачытайце тэксты, вызначце прыметнікі, параўнайце іх ро­лю ў кожным з тэкстаў.

I. Лес зачароўвае ў любую пару года. Зімой  ён манументальна строгі і адначасова нейкі празрысты, светлы, як усё жывое; вясной – не проста абуджаны, а па-маладзецку ўзрушаны і гарэзлівы, гатовы напрапа­лую кідацца насустрач і вятрам-сухавеям, і дажджам-драбнасеям, і ліўням, што шастаюць, як з вядра; улетку  ён увогуле надзвычай абаяльны, здоль­ны і расчуліць да слёз, і падараваць нават знямогламу сэрцу жаданую бадзёрасць такой крынічнай чысціні і свежасці  ахнеш ад задавальнення; увосень  ён невыказна багаты, бы той баярын, што дзень пры дні мяняе сваё парчовае ўбранне (В. Праскураў).

II. ...На тэрыторыі Беларусі выдзелены два антрапалагічныя тыпы. Беларусы паўночна-заходніх, паўночных і паўночна-ўсходніх раёнаў рэс­публікі маюць сярэдні рост, светлы колер скуры, вачэй, валасоў, сярэдне­шырокі твар з прамой або ўвагнутай спінкай носа і сярэднегустой барадой і належаць да беламорска-балтыйскай расы другога парадку вялікай еўра­пеоіднай расы. Беларусы Палесся маюць больш цёмны колер вачэй і вала­соў, больш прамую спінку носа і належаць да сярэднееўрапейскай расы другога парадку еўрапеоіднай расы (БелСЭ).

9. Прачытайце прыклады пабочных слоў і выразаў і ўстанавіце іх значэнне: 1) ацэнка (выражэнне ўпэўненасці, няўпэўненасці, сумнен­ня, верагоднасці); 2) эмацыянальная ацэнка (задавальненне, незада­вальненне, здзіўленне); 3) крыніца паведамлення; 4) сувязь і парадак думак ці спосаб афармлення думак; 5) выражэнне ветлівасці, прыцяг­ванне ўвагі субяседніка да паведамлення.

Калі ласка, нарэшце, на жаль, відаць, па-першае, такім чынам, згадзі­цеся, аднак, несумненна, верагодна, на шчасце, як паведамлялі, паслухай­це, як відаць, па-другое, здаецца, праўда, адным словам, мусіць, кажуць, вядома, зразумела, спадзяюся, бывала, натуральна, па-мойму, бясспрэчна, наадварот, на маю думку, з аднаго боку, з другога боку, помніцца.

10. Прачытайце тэксты, вызначце ў іх пабочныя словы. Якое значэнне яны маюць і якую ролю выконваюць?

Многа напісана пра вочы, што яны  люстра душы, псіхічнай аргані­зацыі чалавека. Але, можа, нішто не выяўляе чалавека так, як яго хада.

Вось прайшоў нехта, і табе робіцца нядобра ад нейкага адчування, што гэта рушыць цяжкая, упартая, сляпая сіла, якая не знаецца з такімі тонкімі нюансамі душы, як ласка, пяшчота, дабрата, каханне, чуласць, спа­гада. I ўся гэтая трывога толькі ад таго, што прайшоў непрыгожа, няўклюд­на, як кажуць, па-мядзведжы  наскамі ўсярэдзіну.

На жаль, бывае, гэтак ходзяць і жанкі, і нават маладыя дзяўчаты. Дзе ўжо там думаць пра нейкую жаноцкасць.

Хаду таксама трэба выхоўваць. Як інтэлект. А яны звязаны паміж са­бою, я ў гэта веру. Чалавек не мае права быць непрыгожым. I нядобрым (Паводле Я. Скрыгана).

11. Прачытайце тэксты. Прааналізуйце выкарыстаныя ў іх ты­пы сказаў паводле будовы ў залежнасці ад стылю тэкстаў. Якія тыпы простых і складаных сказаў пераважаюць у навуковым стылі?

I. Для кантролю адноснай вільготнасці паветра прымяняюцца псіхро­метры Аўгуста і Асмана. Яны складаюцца з двух звычайных тэрмометраў, толькі ў адным з іх шарык абгорнуты марляй ці батыстам, канец якіх апу­шчаны ў ёмістасць з вадой. Паказанні змочанага тэрмометра будуць ніжэй­шыя, бо частка цяпла ідзе на выпарэнне вады. Па розніцы тэмператур сухо­га і змочанага тэрмометраў, выкарыстоўваючы спецыяльную табліцу, вы­значаюць вільготнасць паветра. Асаблівасцю аспірацыйнага псіхрометра Асмана з’яўляецца тое, што ён забяспечаны спружынным вентылятарам. Вы­парэнне вады ў ім больш пастаяннае, і паказанні будуць больш дакладнымі.

Адносную вільготнасць зручна вымяраць валасяным гігрометрам, які адразу дае вынік у працэнтах. Для запісу паказанняў псіхрометраў выкары­стоўваюцца гігрографы розных марак (Г Круглякова).

II. Кветкі заўсёды былі цудоўным падарункам. Нішто так хораша не выяўляе дружбу і добрыя пачуцці, як яны. Але патрэбна ўмець дарыць кветкі. Існуюць правілы, якіх, па магчымасці, патрэбна прытрымлівацца.

Палявыя, лясныя, лугавыя кветкі недарэчна выглядаюць на святочным ці ўрачыстым прыёме, тут патрэбны гваздзікі, ружы, архідэі, гладыёлусы.

Букет не павінен быць бедным, але і не надта вялікім, абавязкова з няцотнай колькасцю кветак  3, 5, 7 і г.д.

Перш чым уручыць кветкі, іх патрэбна вызваліць ад паперы. Насіць кветкі заўсёды апушчанымі ўніз, закручанымі ў паперу, каб закрыць іх ад пылу, сонца, марозу, цяпла рук. Раскруціць кветкі патрэбна ў вестыбюлі, у пярэдняй ці перад дзвярыма кватэры. Паперу, у якую быў закручаны букет, палажыце на стол у пярэдняй ці, у крайнім выпадку, у сваю кішэню. Цэла­фан не здымаюць.

Уручаючы кветкі, трымайце іх у левай руцэ, каб правая была вольная для прывітання. Перадача букета суправаджаецца некалькімі цёплымі сло­вамі і лёгкім паклонам.

Калі кветкі прыносіць запрошаная пара, то мужчына ўручае іх гаспа­дыні дома. Гэта робіцца нават і ў тым выпадку, калі пара запрошана на дзень нараджэння гаспадара дома. Апошняму падносяць толькі падарунак.

Малады чалавек пры наведванні дома бацькоў нявесты ці дзяўчыны, да якой заляцаецца, прыносіць два букеты: спачатку ўручае кветкі маці, за­тым – дачцэ. Букеты павінны быць рознымі (Паводле Рэйгарда Хена).

III. Тэарэтычная геаграфія, навуковы напрамак у геаграфіі, які выву­чае ў абагуленым, галоўным чынам абстрактным, фармалізаваным аспекце геасістэмы (і іх структуры), геаграфічную прастору, геаграфічнае поле лю­бых геаграфічных аб’ектаў (прыродных, грамадскіх, прыродна-грамадскіх) рознага іерархічнага ўзроўню ў іх дынаміцы і непарыўнай сувязі, а таксама шляхі мадэлявання геасістэм, асноўныя віды мадэляў і іх характарыстыкі. Тэарэтычная геаграфія даследуе паняційна-тэрміналагічны апарат геагра­фіі і лагічныя асновы прымянення агульнанавуковай метадалогіі (сістэмна­га падыходу, матэматычных метадаў, тэорыі інфармацыі і іншыя) у геагра­фічных навуках. Па змесце тэарэтычная геаграфія значна вузейшая за тэо­рыю геаграфіі, якая, па сутнасці, не што іншае, як сукупнасць тэорый усіх прыватных навуковых дысцыплін, што ўтвараюць сістэму геаграфічных навук. Утвораная ў 2-й палове XX ст. як навуковы напрамак тэарэтычная геаграфія знаходзіцца ў стадыі станаўлення (Геаграфічны энцыклапедыч­ны слоўнік).

12. Вызначце ў тэкстах розных стыляў аднародныя члены сказа і параўнайце спосаб іх падачы. Якая асаблівасць ужывання і афармлен­ня аднародных членаў сказа ў навуковых тэкстах?

I. Птушкі  самы шматлікі клас наземных пазваночных (каля 8600 сучасных відаў). Асноўныя рысы знешняй і ўнутранай будовы птушак сведчаць пра іх выдатную прыстасаванасць да палёту. Абцякальная форма цела, пёравае покрыва, ператварэнне пярэдніх канечнасцей у крылы, вялі­кія моцныя грудныя мышцы, трывалыя і лёгкія косці, своеасаблівы меха­нізм дыхання, паветраныя мяшкі і многія іншыя асаблівасці не толькі абу­моўліваюць магчымасць палёту, але і самі з’яўляюцца вынікам адваротнага ўздзеяння паветранага асяроддзя на арганізм птушкі.

Птушкі як прагрэсіўная галіна рэптылій, у адрозненне ад апошніх, ма­юць значна больш высокі ўзровень развіцця нервовай сістэмы і органаў па­чуццяў, а значыць, і больш разнастайныя і складаныя прыстасавальныя па­водзіны. Тэмпература цела высокая (да 42 і нават 45° С) і пастаянная, што звя­зана з інтэнсіўным абменам рэчываў і больш дасканалай тэрмарэгуляцыяй.

Пер’е птушкі дыферэнцыравана ў залежнасці ад прызначэння (по­крыўнае, махавое, рулявое і г.д.). Разнастайнасць яго афарбоўкі дасягаецца спалучэннем пігментаў – ліпахромаў (чырвоны, жоўты, зялёны) і мелані­наў (чорны, буры, шэры) – і асаблівай мікраскапічнай будовы тканак пяра – іх аптычнай актыўнасцю.

Птушкі бяруць здабычу дзюбай, будова якой залежыць ад спосабу кармлення. Будова ног у многіх вызначаецца спосабам жыцця (А. Дарафееў).