Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Вялюга2-рэд.doc
Скачиваний:
95
Добавлен:
05.09.2019
Размер:
2.69 Mб
Скачать

Правілы пераносу слоў

1. З аднаго радка на другі слова пераносіцца па складах. Адна літара, хоць яна і ўтварае склад, не пераносіцца і не пакідаецца: без-да-па-мож-ны, ар-мія, бя-ро-за, але: унія, алея, ідэя.

2. Пры пераносе літары й, ў, ь, а таксама апостраф не аддзяляюцца ад папярэдняй літары: прай-сці, праў-дзівы, пад’-езд, пісь-меннік. Але калі ў складаным слове другая частка пачынаецца з ў, то гэтае ў пішацца з другой часткай: слова-ўтварэнне, збожжа-ўборачны.

3. Літары дж, дз не раздзяляюцца, калі абазначаюць адзін гук: гля-дзець, са-джанцы, дрож-джы, ра-дзіма. Спалучэнні прыставачнай д з каранёвымі ж, з пры пераносе раздзяляюцца: пад-зямелле, ад-звінець, ад-жаць, пад-жылкі.

4. У складаных словах кожная частка пераносіцца згодна з правіламі пераносу асобных слоў: се-на-ўбор-ка, збож-жа-зда-ча, ма-шы-на-бу-даў-ні-чы, ста-га-до-вы.

5. Пры пераносе нельга:

1) пераносіць прозвішчы, пакідаючы ў канцы папярэдняга радка іні­цыялы або іншыя ўмоўныя скарачэнні, якія адносяцца да прозвішчаў: А. А. Куляшоў, В. І. Дунін-Марцінкевіч, акад. Карскі, праф. Гугнін;

2) адрываць скарочаныя назвы ад тых лічбаў, да якіх яны адносяцца: 1945 г., ХХІ ст., 25 м, 5 кг;

3) адрываць ад лічбаў нарашчэнні склонавых канчаткаў: 8-га сака­віка, 7-га, 25-му;

4) раздзяляць умоўныя графічныя скарачэнні тыпу і г.д., і інш., г.зн., і пад., стст., т.зв.;

5) разбіваць абрэвіятуры, якія складаюцца з пачатковых літар або са спалучэнняў літар і лічбаў, а таксама графічныя скарачэнні слоў і выразаў: ПДУ, ЮНЕСКА, НАТА, ДАІ, ТУ-154, ЗІЛ-131.

6. Не пераносяцца на наступны радок знакі прыпынку.

7. Не пераносіцца на наступны радок злучок (дэфіс), які супадае са знакам пераносу (пры гэтым знак пераносу не ставіцца).

8. Калі ў сярэдзіне слова паміж галоснымі маецца спалучэнне зыч­ных, то пераносіцца на наступны радок або ўсё гэтае спалучэнне, або лю­бая яго частка: ся-стра, сяс-тра, сяст-ра; ма-ста-цтва, мас-тац-тва, мас-тацт-ва; ра-скрыць, рас-крыць, раск-рыць; бя-скрыўдна, бяс-крыўдна, бяск-рыўдна; двац-цаць, два-ццаць, калос-се, кало-ссе; мыц-ца, мы-цца.

Правілы скарочанага напісання слоў

Графічныя скарачэнні бываюць агульнапрынятыя (не патрабуюць тлу­мачэння) і ўмоўныя, што сустракаюцца ў спецыяльнай літаратуры і стано­вяцца зразумелымі пры наяўнасці спіса скарачэнняў.

Да агульнапрынятых адносяцца скарачэнні, якія ўжываюцца на пісьме:

1) пры абазначэнні лічбамі: 2010 г. (2010 год), 30-я гг. (30-я гады), ХХІ ст. (ХХІ стагоддзе), X XI стст. (X  XI cтагоддзі), I – II стст. (I – II cтагоддзі), 2 тыс. г. да н.э. (2 тысячы год да нашай эры), 247 с. (247 ста­ронак), с. 25 (старонка 25);

2) пры спасылках: гл. с. 117 (глядзі старонку 117), напр. (напрыклад), параўн. (параўнай), т. 3 (том 3);

3) пасля пералічэння: і г.д. (і гэтак далей), інш. (іншае), г.зн. (гэта значыць);

4) пры стандартных скарочаных абазначэннях метрычных адзінак, якія пішуцца без кропак: м (метр), кг (кілаграм), км (кіламетр), га (гектар), т (тона), л (літр), см (сантыметр), ц (цэнтнер) і інш. Скарачэнні фізічных адзінак вымярэння, абазначаных у сучасных ДАСТах, пішуцца з вялікай літары: В (вольт), А (ампер), Дж (джоўль);

5) у іншых выпадках: праф. (прафесар), с/с (сельскі савет), в. а. (вы­конваючы абавязкі), в. (вёска), г. (горад), вобл. (вобласць), воз. (возера), гр. (грамадзянін), дац. (дацэнт), заг. (загадчык), нам. (намеснік), зб. (збор­нік), н. ст. (новы стыль), ст. ст. (стары стыль), т.зв. (так званы).

Ёсць пэўныя патрабаванні, якіх трэба прытрымлівацца пры графіч­ных скарачэннях.

1. Пры графічных скарачэннях ставіцца кропка і захоўваюцца тыя ж знакі і пачатковыя літары, якія ўласцівы поўнаму напісанню: с.-д. (сацыял-дэмакрат), Д.-Б.к. (Днепра-Бугскі канал), В.-Д.к. (Волга-Данскі канал), к.ф.-м.н. (кандыдат фізіка-матэматычных навук), В.Д.-М. (Вінцэнт Дунін-Мар­цінкевіч).

2. Пры спалучэнні дзвюх аднолькавых зычных скарачэнне робіцца пасля першай зычнай, а пры збегу розных зычных – пасля апошняй зыч­най: мяк. зычны (мяккі зычны), насен. фонд (насенны фонд), ваен. (ваен­ны), лінгв. (лінгвістыка), гіст. (гісторыя), бухг. (бухгалтэрыя).

3. Скарочаныя літарныя абазначэнні складаных слоў пішуцца праз злучок: скл.-зал. (складаназалежны), с.-г. (сельскагаспадарчы), ст.-сл. (ста­раславянскі), ст.-бел. (старабеларускі), а таксама графічныя скарачэнні на­зоўнікаў, калі бярэцца першая і апошняя або дзве першыя і дзве апошнія літары: К-с (Колас), з-д (завод), ун-т (універсітэт), в-аў (востраў), р-н (раён), п-аў (паўвостраў).

4. Словы скарачаюцца на зычную літару перад галоснай. Не робяцца скарачэнні на галосную, на й, ў, ь і на апошнюю літару ў слове.