Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Вялюга2-рэд.doc
Скачиваний:
95
Добавлен:
05.09.2019
Размер:
2.69 Mб
Скачать

2. Арфаэпічныя і марфалагічныя нормы беларускай літаратурнай мовы

2.1. Прадмет і задачы арфаэпіі

Арфаэпія (грэч. оrthos – правільна, epos – слова, мова) – раздзел мо­вазнаўства, у якім вывучаюцца нормы літаратурнага вымаўлення.

Асноўная задача арфаэпіі – выпрацоўка і замацаванне адзіных норм літаратурнага вымаўлення, якія ўключаюць у сябе правілы вымаўлення га­лосных і зычных гукаў, правілы вымаўлення спалучэнняў гукаў у розных пазіцыях, правілы вымаўлення запазычаных слоў.

Развіццё і станаўленне арфаэпічных норм звязана з развіццём і ста­наўленнем беларускай літаратурнай мовы. Адзінства арфаэпічных правіл для ўсіх носьбітаў мовы неабходнае і важнае, бо дапамагае дакладнаму разуменню вуснай мовы і тым самым спрыяе развіццю культуры нацыі.

2.2. Стылі літаратурнага вымаўлення

У залежнасці ад сферы зносін, ад сітуацыі (бытавая, паўсядзённая, афіцыйная), ад мэты маўлення, у залежнасці ад таго, да каго звяртаюцца (да аднаго чалавека ці многіх – на мітынгу, сходзе, лекцыі) і г.д., суразмоў­ца адпаведна выбірае моўныя сродкі. Сукупнасць такіх сродкаў, прызнача­ных для маўлення ў пэўнай сферы зносін, утварае стылі вымаўлення: ня­поўны (ці гутарковы) і поўны (ці афіцыйны, акадэмічны).

У аснове размежавання поўнага і няпоўнага стыляў ляжаць тэмп маў­лення і ўвага прамоўцы да свайго вымаўлення. Так, напрыклад, у звычай­най паўсядзённай гаворцы мы дапускаем больш хуткі тэмп маўлення і менш выразную артыкуляцыю гукаў (кампетэнтнась, радась замест кам­петэнтнасць, радасць – скарачаем спалучэнні гукаў; бяшшумны, смяесся, прыежжы замест бясшумны, смяешся, прыезджы – дапускаем больш поў­ную асіміляцыю зычных; міністар, ансамбаль, кадар замест міністр, ан­самбль, кадр – у словах са спалучэннямі зычных перад санорнымі з’яўля­юцца ўстаўныя галосныя). Такі стыль вымаўлення ўмоўна называецца няпоўным, ці гутарковым.

У афіцыйных абставінах мы вымушаны больш уважліва ставіцца да артыкуляцыі: змяншаем звыклы фанетычны аўтаматызм, запавольваем тэмп маўлення, у сувязі з чым кожны гук вымаўляецца дакладна і выразна (характарыстыка, Аляксандр Аляксандравіч, Марыя Аляксееўна – скара­чэнне гукаў да непазнавальнасці («глытанне», выкідванне) недапушчаль­нае). Такі стыль умоўна называюць поўным, ці афіцыйным (акадэмічным). Абодва стылі з’яўляюцца літаратурнымі.

2.3. Вымаўленне галосных

Беларуская арфаэпія патрабуе выразнага вымаўлення галосных, якое залежыць галоўным чынам ад націску і суседніх гукаў.

Націскныя галосныя (у моцнай пазіцыі) вымаўляюцца выразна: ве­цер, набат, дуброва, ліпеньскі, думкі, дрэва, тысяча, явар. У ненаціскным становішчы (у слабых пазіцыях) галосныя гучаць карацей за націскныя, не­каторыя з іх могуць змяняць сваю якасць, але ў цэлым усе яны вымаўля­юцца даволі выразна: параход, характарыстыка, шырокі, скіраваць, су­стракаешся, украінец.

Націскныя галосныя [о], [э] не пад націскам пасля цвердых зычных вымаўляюцца як выразны гук [а] (фанетычны закон акання): жалуды, нар­матывы, баксёр, рачны, зарачанскі, цагляны, драўляны. У некаторых сло­вах (у спалучэннях ро, ло, рэ) ненаціскны галосны [о] змяняецца на [ы]: кроўкрывавіць, глотказаглынуць, дровыдрывотня, хрэстхрысціць.

Ненаціскное [о] захоўваецца толькі ў выклічніках ого, о-го-го. Нена­ціскны гук [э] у большасці запазычаных слоў захоўваецца (аканне не рас­паўсюджваецца) і вымаўляецца выразна: тэлецэнтр, экс-чэмпіен, дэсант, дэлегат, ігрэк.

Галосныя гукі [о], [э] пасля мяккіх зычных у першым складзе перад націскам пераходзяць у гук [а] (фанетычны закон якання): ляснік, кляновы, вясёлы, вядро, лядовы, зялёны.

На месцы спрадвечнага (этымалагічнага) [а] незалежна ад месца на­ціску вымаўляецца выразны гук [а]: св[а]ткаваць, мес[а]ц, ц[а]жкаваты, дзес[а]ць, Прып[а]ць, []зыкаты.

Закон якання распаўсюджваецца на часціцу не і прыназоўнік без: [н’а] быў, [н’а] ведаў, [б’ас] страху, але: [н’э] прыехаў, [б’эс] перспектывы (на пісьме, аднак, захоўваецца літара е).

Галосныя [і], [ы], [у] не пад націскам змяняюцца нязначна: бруснічнік, світанне, адчыніць, узвышацца, музыка. Але ў моўнай плыні іх вымаўленне залежыць і ад становішча ў слове. Так, націскны [і] у пачатку слова, пасля галоснага, пасля апострафа і мяккага знака, пасля ў (нескладо­вага) вымаўляецца як [ji]: [ji]хні, кра[ji]на, аб[ji]нець, салаў[ji]ны, Іль[ji]ч.

Ненаціскны гук [i] у пачатку слова змяняецца на [й], калі папярэдняе слова заканчваецца на галосны (цацкі [й] цукеркі, сястра [й] брат), і на [ы], калі на зычны (брат [ы]шоў, сын [ы] брат).

Пасля цвёрдых зычных (апрача [г], [к], [х]) на стыку частак склада­ных слоў, прыстаўкі і кораня вымаўляецца гук [ы]: без[ы]ніцыятыўны, спад[ы]лба, борт[ы]нжынер, але: Наваполацк [і] Полацк, смех [і] грэх.

Галосны [у] пасля галоснага вымаўляецца як [ў]: а[ў]торак, мы [ў]вайшлі [ў] двор, кіну[ў]. Закон змянення [у] на [ў] у пазіцыі пасля га­лосных распаўсюджваецца і на ўласныя назвы (на пісьме не абазначаецца): Дубоўка [ў]ладзімір, рака [ў]шача, а таксама на словы іншамоўнага пахо­джання: а[ў]кцыён, ла[ў]рэат, ва [ў]ніверсітэце.

У словах іншамоўнага паходжання вымаўленне галосных мае сваю спецыфіку: многія запазычаныя словы не падпарадкоўваюцца аканню і яканню. Напрыклад, у большасці запазычанняў пасля цвердых зычных захоўваецца ненаціскное [э]: ордэн, дэсант, рэдактар, экзэмпляр. Толькі ў некаторых словах, якія запазычаны даўно, [э] змяніўся на [а]: літаратура, характар, адрас, майстар і інш. У асобных словах вымаўляецца [ы]: інжынер, канцылярыя, рысора, цырымонія. Захоўваецца [э] і ў першым складзе перад націскам пасля мяккіх зычных (яканне адсутнічае): педаль, секунда, семестр, легенда, генерал. Выключэнне складаюць даўнія запазы­чанні, на якія яканне распаўсюдзілася, з вымаўленнем [а]: янот, яўрэй, яфрэйтар, каляндар, дзяжурны і інш.

Перад пачатковым [і] не развіваецца прыстаўны [j]: імперыя, імпарт, Індыя, інверсія.