Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Вялюга2-рэд.doc
Скачиваний:
95
Добавлен:
05.09.2019
Размер:
2.69 Mб
Скачать

1. Мова і маўленне

1.1. Паняцці «мова», «маўленне», «культура маўлення». Асноўныя камунікатыўныя якасці маўлення

Мова і маўленне – паняцці блізкія, узаемазвязаныя, але розныя. Мова – гэта сістэма сродкаў зносін. Маўленне – рэалізацыя гэтай сістэмы, ці функцыянаванне мовы.

Вуснае і пісьмовае маўленне – формы праяўлення мовы як сродку зносін. Вуснае маўленне адбываецца ва ўмовах непасрэднага кантакту су­размоўцаў, таму значнае месца адводзіцца мелодыцы, тэмпу, тону, тэмбру голаса, паўзе, лагічнаму націску і іншым маўленчым якасцям. Пэўную ро­лю адыгрываюць і нямоўныя сродкі: жэсты, міміка, пэўныя рухі і інш. Усім відам вуснага маўлення ўласціва экспрэсія і эмацыянальнасць.

Пісьмовае маўленне характарызуецца наступнымі асаблівасцямі:

1) адсутнасць агульных для ўдзельнікаў зносін жыццёвых абставін і агульнага жыццёвага вопыту, што на 90 % палягчае ўзаемаразуменне ў раз­моўным маўленні;

2) адсутнасць дапамогі жэстамі, мімікай, інтанацыяй;

3) максімальна ўзбагачаны слоўнік, пераважна за кошт адцягненых паняццяў;

4) максімальна ўскладнены сінтаксіс.

Маўленне носіць індывідуальны характар. Маўленне – гэта двухба­ковая з’ява: гэта працэс (маўленчая дзейнасць) і вынік гэтага працэсу, рэа­лізацыя (тэкст). Да відаў маўленчай дзейнасці адносяцца гаварэнне, слу­ханне, чытанне і пісьмо, а вынікам яе з’яўляецца выказванне і тэкст. Ад­розніваюць унутранае і знешняе маўленне. Афармленне думкі адбываецца без выказвання – гэта ўнутранае маўленне, а з выказваннем – гэта знешняе маўленне. Унутранае маўленне характарызуецца фрагментарнасцю, хутка­сцю мыслення, сцісласцю. Для ўнутранага маўлення не характэрны строгія правілы. Знешняе маўленне можа быць вусным ці пісьмовым, маналагіч­ным ці дыялагічным.

Тэкст – гэта аб’яднаная сэнсавай сувяззю паслядоўнасць знакавых адзінак, асноўнымі якасцямі якой з’яўляюцца звязнасць, цэласнасць і за­кончанасць. У залежнасці ад спосабу перадачы зместу і арганізацыі тэксту адрозніваюць такія тыпы, як апісанне, апавяданне, разважанне.

2. Дакладнасць выказвання і моўныя нормы

Дакладнасць маўлення заключаецца ў адпаведнасці сэнсу слоў, вы­казванняў рэаліям, сітуацыям, у выкарыстанні пэўных слоў з пэўнымі, ула­сцівымі ім значэннямі, якія зафіксаваны ў слоўніках, лінгвістычных давед­ніках. Дакладнасць маўлення асабліва цесна звязана з лексічнай нормай. Патрэбна пэўныя рэаліі называць адпаведнымі ім найменнямі – словамі. Так, А. Е. Супрун пісаў: «Няправільна будзе назваць кракадзіла бегемотам ці веласіпед сахой. З такога словаўжывання будзе вынікаць, што той, хто гаворыць, па-першае, не ведае найменняў для кракадзіла ці веласіпеда, а па-другое, не ведае значэнняў слоў бегемот і саха» [28, с. 78]. Словы ці фразеалагізмы ў сказе павінны рэалізоўвацца з тым значэннем, якое зама­цавала за імі моўная практыка, бо толькі ў такіх умовах выяўляецца ўзае­маразуменне. У адваротным выпадку скажаецца сэнс выказвання, дэзін­фарміруецца адрасат маўлення (слухач, чытач) і з’яўляюцца памылкі се­мантычнага характару.

Дакладнасць маўлення, як мяркуюць мовазнаўцы, забяспечваецца добрым валоданнем прадмета маўлення (гэта пазамоўная ўмова), а таксама 1) веданнем сінанімічных магчымасцей мовы і ўменнем выбраць з сінані­мічнага рада найбольш дакладнае для пэўнага выпадку слова, 2) веданнем і дакладным размежаваннем полісеміі, 3) уменнем размяжоўваць паронімы, а таксама амонімы (гэта лінгвістычныя, ці моўныя, умовы дакладнасці) [17, с. 85].

Асаблівую ролю дакладнасць адыгрывае ў афіцыйна-справавым і на­вуковым стылях, дзе важнае значэнне надаецца выкладу думак, меркаван­няў, дзе, як правіла, адназначная лексіка, дакладна вызначаныя паняцці.

Лагічнасць маўлення цесна звязана з дакладнасцю, аднак лагічнасць найбольш праяўляецца ў сінтаксісе маўлення, якое будуецца як паслядоў­нае, несупярэчлівае выказванне, дзе часткі звязаны паміж сабой. У сказе важна правільна, лагічна спалучаць адно слова з другім, каб яны не супярэ­чылі адно аднаму, правільна выбіраць парадак слоў. Напрыклад, звычайна суб’ект дзеяння знаходзіцца на першым месцы, займеннік ужываецца па­сля бліжэйшага да яго назоўніка ў той самай форме ліку і роду (Даглядчыкі так кормяць бычкоў, каб кожны з іх да восені дасягнуў 300 кг), бо ў адва­ротным выпадку ўзнікае непаразуменне і нават кур’ёз (параўн.: Бычкоў так кормяць даглядчыкі, каб да восені кожны з іх дасягнуў 300 кг).

Сказы павінны быць звязаны паміж сабой, таму значную ролю ады­грываюць сродкі сувязі паміж сказамі, часткамі тэксту. Гэтым тлумачыцца патрабаванне да структуры лагічнай думкі і лагічнага яе развіцця. Так, на­прыклад, выступленне, даклад, артыкул звычайна будуюцца па лагічнай схеме, яны маюць пастаянную структуру: 1) уступ, 2) асноўная частка, 3) вывады, ці заключэнне. Такой кампазіцыйнай будовай вызначаецца най­перш навуковы тэкст, бо мэта вучонага  даказаць, абгрунтаваўшы, пэў­ную з’яву, прывесці чытача (слухача) да яе разумення.

Дарэчнасць цесна звязана з дакладнасцю і лагічнасцю, паколькі моўныя сродкі павінны адпавядаць тэме, сітуацыі, мэце выказвання, стылю маўлення, адрасату, нават часу, умовам праяўлення маўленчай дзейнасці. Так, у афіцыйна-справавым ці навуковым стылях недарэчным будзе ўжы­ванне, напрыклад, прастамоўных, размоўных слоў, а ў сяброўскай гутарцы, наадварот, канцылярскіх штампаў, выразаў. Па-рознаму будзе весціся раз­мова, пісацца тэкст у залежнасці ад таго, у якіх адносінах знаходзяцца адрасант і адрасат (сацыяльны статус, узроставы паказчык, прычына зно­сін, месца і час і інш).

Чыстата маўлення забяспечваецца адсутнасцю ў маўленні дыялект­ных слоў, прастамоўных лексем і выразаў, паразітычных гукаў і слоў, жар­ганізмаў, плеаназмаў і таўталогіі, без патрэбы ўжытых канцылярызмаў, іншамоўных слоў, русізмаў, шматкампанентных скарачэнняў і абрэвіятур.

Адмаўленне ад ужывання ў маўленні пералічаных груп моўных адзі­нак у пэўных выпадках звязана са стылем. Так, у пэўным сацыяльным ася­роддзі непажадана выкарыстоўваць дыялектныя словы тыпу: шáры, быд­та, адылі, рыжышча, але ў мастацкім творы, напрыклад «Палескай хро­ніцы» І. Мележа, з пэўнымі стылістычнымі мэтамі ўжываюццца дыялек­тызмы. Канцылярызмы як трафарэтныя, устойлівыя выразы тыпу прыцяг­нуць да адказнасці, прыняць да ўвагі, згодна з пастановай і інш. з’яўляюц­ца нарматыўнымі для афіцыйна-справавога стылю, дапушчальнымі ў яка­сці стылістычнага прыёму ў творы мастацкай літаратуры, але ў іншых сты­лях проста недапушчальныя, у сувязі з чым К. Крапіва адзначаў, што «кан­цылярызмы больш за ўсё псуюць нашу літаратурную мову, і ім трэба аб’я­віць бязлітасную вайну» [12, с. 163].

Што датычыць прастамоўных слоў і выразаў, жарганізмаў (на халяву, перці напралом, скапыціцца, дрыхнуць, дамушнік, макрушнік), то іх ужы­ванне абмежавана пэўнай сацыяльнай, узроставай ці прафесійнай прына­лежнасцю, але ў любым выпадку яны не ўпрыгожваюць маўленне, не ро­бяць гонару асобе.

Наконт іншамоўных слоў, колькасць і роля якіх даволі значная ў моўнай сістэме, варта адзначыць, што іх ужыванне без патрэбы  гэта не­даравальная абыякавасць да роднай мовы (чао, ад’ю, о’кей). Русізмы, аса­бліва ў СМІ,  сведчанне няўважлівасці, моўнай неахайнасці альбо звычкі думаць па-руску, калі пры перакладзе трапляюцца такія словы, як мір (свет), учот (улік), пабег (парасткі), вучэнне (вучоба) і інш.

Выкарыстанне слоў-паразітаў (так сказаць, гэта самае, э-э-э, бра­ток, ага, гм) у любых стылях літаратурнай мовы лічыцца парушэннем нор­мы, абыякавасцю да маўлення, а ў пэўнай меры і сведчаннем нізкага ўзроўню агульнай культуры чалавека.

Багацце маўлення выяўляецца ў разнастайнасці выкарыстання моў­ных сродкаў і адсутнасці ці вельмі рэдкім паўтарэнні слоў і выразаў. Вы­ключныя магчымасці ў пазбяганні паўтораў маюць сінонімы, якія дапама­гаюць выказаць думку вобразна, цікава, неаднастайна, перадаць адценні і выразіць адносіны. Так, паняцце «многа» выражаецца з дапамогай 66 роз­ных сінонімаў, якія выкарыстоўваюцца ў залежнасці ад сітуацыі маўлення, напрыклад: многа, шмат, багата, нямала, безліч, процьма, парадкам, гі­бель, лес, мора, аж цёмна, дай божа, як грыбоў, хоць адбаўляй, да гібелі і інш.; а паняцце «недахоп» мае 31 сінонім, напрыклад: хіба, брак, няспраў­насць, дэфект, загана, вада, агрэх, пахіба, памарка, слабы бок, слабая мясціна, цёмны бок, ахілесава пята і інш.

Дакладна выказаць думку, а слухачу (чытачу) адэкватна ўспрыняць яе дапамагае валоданне мнагазначнымі словамі, іх магчымасцямі семан­тычнага вар’іравання ў кантэксце. Разнастаіць маўленне дапамагаюць роз­ныя прыёмы яго сінтаксічнай арганізацыі.

Багацце лексічных запасаў беларускай мовы часткова адлюстравана ў слоўніках, паколькі няма такога слоўніка, які б зафіксаваў усе словы мо­вы. Гэта звязана з тым, што колькасць слоў пастаянна павялічваецца: пры­ходзяць словы з жывых народных гаворак, з іншых моў, пашыраецца се­мантыка вядомых слоў, утвараюцца новыя словы, асабліва тэрміны, абрэ­віятуры, што з’яўляецца вынікам развіцця грамадства, навукі, тэхнікі, культуры, мастацтва. Чалавек валодае толькі пэўнай часткай слоў, напрык­лад, лексічны запас Пушкіна налічвае 21 197 слоў, у набытку Коласа  каля 37 000 слоў. Гэта складае, паводле спецыяльных лінгвістычных даследа­ванняў, каля 10 – 15 % агульнаўжывальнай лексікі. Вось чаму трэба імк­нуцца авалодваць як мага большай колькасцю слоў і актыўна іх выкарыс­тоўваць, бо багацце маўлення вызначаецца найперш частатой і разнастай­насцю ўжывання слоў, словазлучэнняў. Пры адсутнасці патрэбнага слова, пры абмежаванасці моўных сродкаў назіраецца выкарыстанне паўтораў, слоў-паразітаў, што сведчыць пра няўменне думаць, пра нізкія інтэлекту­альныя здольнасці асобы.

Выразнасць маўлення вызначаецца і дасягаецца спалучэннем коль­касці, якасці ўжывання моўных сродкаў: да месца трапны сінонім, эпітэт, метафара, фразеалагізм, параўнанне, прыказка, прымаўка, перыфраза і інш. Уменне карыстацца самымі звычайнымі словамі, сінтаксічнай арганізацы­яй тэксту – гэта таксама сродкі ўзмацнення выразнасці.

Выразнасць як камунікатыўная якасць маўлення найбольш характэр­на для мастацкага, публіцыстычнага стыляў, менш для гутарковага. У на­вуковым і афіцыйна-справавым стылях сродкі выразнасці маўлення тычацца асобных жанраў, дзе патрабуецца зацікавіць, прыцягнуць увагу, даць ацэн­ку. Таму лекцыя, дыспут, рэцэнзія, вуснае выступленне характарызуюцца выкарыстаннем розных вобразна-выяўленчых сродкаў мовы (фанетычных, лексічных, марфалагічных, фразеалагічных, сінтаксічных), што паляпшае ўспрыманне інфармацыі. Пры гэтым яны вызначаюцца самастойнасцю мы­слення аўтара, яго цікавасцю да пытання і кантактам з аўдыторыяй.