Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Вялюга2-рэд.doc
Скачиваний:
95
Добавлен:
05.09.2019
Размер:
2.69 Mб
Скачать

3. Маўленчы этыкет і культура зносін

Тэрмін «культура маўлення» азначае якасць маўлення і навуку аб якасці маўлення. Спынім увагу на першым значэнні тэрміна, паколькі носьбіт мовы павінен імкнуцца да высокай культуры маўлення, пад якой разумеецца ўменне правільна, дакладна, выразна перадаваць свае думкі сродкамі мовы. Ва ўсякім разе імкненне да валодання мовай павінна праходзіць праз усё наша жыццё і нават «ператварыцца ў звычку, якая павінна стаць арганічнай» [7, с. 4].

Паняцце «культура» ўключае і культуру ўзаемаадносін, культуру маўленчых паводзін, якая з’яўляецца састаўной часткай агульнай культу­ры. Чым вышэйшы ўзровень культуры чалавека, тым вышэйшая культура маўленчых паводзін. Маўленчыя паводзіны звязаны з сітуацыяй маўлення, з роляй, якую выконвае носьбіт мовы, бо, напрыклад, адзін і той жа сту­дэнт па-рознаму паводзіць сябе ў маўленчай сітуацыі з аднакурснікамі, з выкладчыкам, з дэканам, на экзаменах і на вуліцы.

Правілы маўленчых паводзін рэгулююцца моўным этыкетам. Моўны этыкет – абумоўленая традыцыямі, нормамі маралі сістэма моўных фор­мул (добры дзень, дазвольце, прашу, калі ласка і інш. – выклічнікі моўнага этыкету), якія прымяняюцца з мэтай устанавіць і падтрымаць кантакт з су­бяседнікам. Моўныя нормы праяўляюцца ў сітуацыях прывітання, разві­тання, удзячнасці, адабрэння, спачування, віншавання, звароту, просьбы, парады, загаду і г.д. У формулах моўнага этыкету, якія выкарыстоўвае ча­лавек, адлюстроўваецца ўзровень яго адукацыі, выхаванасці, культуры, маўленчага асяроддзя.

Моўны этыкет – неабходная частка культуры маўленчых паводзін кожнага носьбіта мовы. Самыя агульныя правілы прымянення формул моўнага этыкету – ветлівасць, добразычлівасць, спагадлівасць, дабрата, па­вага да старэйшых, жанчын і дзяцей, справядлівасць і г.д.

Асноўнымі кампанентамі культуры маўлення з’яўляюцца правіль­насць, дакладнасць, лагічнасць, чыстата, выразнасць, дарэчнасць [2].

Правільнасць маўлення прадугледжвае захоўванне носьбітамі мовы норм літаратурнай мовы, што забяспечвае адзінства моўных сродкаў і ўза­емаразуменне паміж тымі, хто вядзе гаворку. Вось чаму адна з асноўных задач навучання ў школе заключаецца ў тым, каб кожны авалодаў літара­турнымі нормамі беларускай мовы, а ў ВНУ удасканальваў бы іх. Гэта прадвызначыла правільнасць як галоўную камунікатыўную якасць, пры ад­сутнасці якой не могуць «спрацаваць» іншыя камунікатыўныя якасці: да­кладнасць, лагічнасць, дарэчнасць і г.д. [9, с. 41].

Пачатак нарміравання беларускай мовы быў пакладзены Б. Тарашке­вічам. Як пісаў першы старшыня Інбелкульта С. Некрашэвіч, «Да выхаду ў свет у 1918 годзе «Беларускай граматыкі для школ» Б. Тарашкевіча ў нас цвёрда ўстаноўленага правапісу не было… да таго ж у 1926 годзе ўзніка­юць ужо досыць вялікія незадавальненні правапісам Тарашкевіча» [24, с. 8]. У 1933 годзе быў прыняты першы афіцыйны дакумент – «Правапіс бела­рускай мовы», які быў удасканалены і часткова зменены ў 1957 г. Менавіта апошні варыянт, афіцыйна выдадзены ў 1959 г. як «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», з’яўляўся да 1 верасня 2010 г. асноўным даведні­кам па пытаннях арфаграфіі і пунктуацыі.

Мова развіваецца, мяняецца, адлюстроўваючы змены ў жыцці гра­мадства, таму пастаянна перавыдаюцца акадэмічныя граматыкі, слоўнікі, адзначаючы пэўныя змены адносна правіл правапісу, норм вымаўлення і інш. Па гэтай прычыне ўзнікла неабходнасць падрыхтоўкі праекта новай рэдак­цыі «Правіл». Дзяржаўная камісія пасля неаднаразовага абмеркавання пад­рыхтавала праект новай рэдакцыі «Правіл» і распрацавала праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». Закон Рэспублікі Беларусь «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуа­цыі» быў прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублі­кі Беларусь 24 чэрвеня 2008 года, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыя­нальнага сходу Рэспублікі Беларусь 28 чэрвеня 2008 года і падпісаны Прэ­зідэнтам Рэспублікі Беларусь 23 ліпеня 2008 года. Гэты закон уступіў у дзеянне з 1 верасня 2010 года.

Часам у мове адзначаецца варыянтнасць, якая з’яўляецца натураль­най з’явай існавання моўнай нормы. Так, суіснуюць бялесы – бялёсы, вуглі (вуглёў) – вугалі (вугалёў), дзіця – дзіцё, коньмі – канямі, лазіна – лазіна́, лапушны – лапушысты, ласіца – ласіха, лента – стужка, мачаха – мачыха, навако́л – наво́кал, пагніць – пагнісьці, ра́ніцай – раніцо́й і інш. Але не ўсе варыянты дапушчальныя ў маўленні, многія з іх з’яўляюцца адхіленнямі ад літаратурнай нормы, напрыклад, можна дагаво́р, кіламе́тр, але нельга до́гавар, кіло́метр, бо апошнія памылковыя. Для выбару правільных варыянтаў, адпаведных норме літаратурнай мовы, лепш за ўсё карыстацца слоўнікамі, даведнікамі1.

Правільнасць маўлення выяўляецца ў разнастайнасці літаратурных норм, сярод якіх выдзяляюцца:

арфаэпічныя нормы, якія патрабуюць аднастайнага вымаўлення гу­каў, іх спалучэнняў, слоў, выказванняў. Так, гукі [ч], [р] заўсёды цвёрдыя; гукі [м], [п] перад мяккімі зычнымі і ў канцы слоў выступаюць толькі цвёрдымі: восе[м]дзесят, насы[п]це, восе[м], голу[п]; гукі [з], [с] перад усі­мі мяккімі, акрамя [г’], [к’], [х’], ва ўласных словах вымаўляюцца мякка: [с’н’]ег, [c’м’]ех, [с’в’]яціць, шэ[с’ц’], [з’л’]іццё, ку[з’н’]я, [з’дз’]ей[с’н’]іць, [з’б’]іць; прыназоўнікі на д, б, з вымаўляюцца разам у спалучэнні з наступ­ным словам і ў адпаведнасці з правілам: перад глухім – глухі ( над [т] хатай, аб [п] хлебе), з [с] хаты), перад звонкім – звонкі (над братам, аб дарозе, з бяды) і інш.;

акцэнталагічныя нормы ўстанаўліваюць месца націску ў слове і спа­лучэнні слоў, бо націск можа быць рознамясцовым у розных словах (до́бры, дабрэ́ць, дабрыня́), нават у розных формах аднаго і таго ж слова (рука́ру́кі, рукі́);

арфаграфічныя нормы ўстанаўліваюць адзінства напісання слоў, іх частак, напрыклад, пэўныя прыметнікі з суфіксам -ск- у залежнасці ад апошняй літары ўтваральнай асновы могуць падпадаць пад розныя правілы напісання (параўн.: Адэса + ск = адэскі, сусед + ск = суседскі, Баранавічы + ск = баранавіцкі, Хойнікі + ск = хойніцкі, студэнт + ск = студэнцкі, купец + ск = купецкі);

лексічныя нормы рэгулююць правільнасць выбару слова для пэўнага кантэксту. Напрыклад, з рада сінанімічных слоў: перапынак, паўза, антракт – чалавек выбірае адно, якое найбольш дакладна адпавядае кантэксту, спалу­чаецца з іншымі; нельга спалучаць рознастылёвыя словы тыпу: мадам за­раўла; нядобра ўжываць русізмы тыпу: недахват вільгаці, абучэнне мола­дзі, бо па-беларуску правільна недахоп вільгаці, навучанне моладзі і г.д.;

марфалагічныя нормы патрабуюць адзінства ва ўтварэнні і ўжыван­ні словаформ. Напрыклад, у беларускай мове назоўнікі дроб, запіс, медаль, накіп, насып, палын, сабака, стэп, цень, шынель мужчынскага роду, таму спалучэнні з іншымі словамі адметныя ў параўнанні з рускай мовай, дзе гэ­тыя назоўнікі жаночага роду, параўн. бел.: цікавы запіс, залаты медаль, шырокі стэп, цень рухаўся, сабака пабег і руск.: интересная запись, золо­тая медаль, широкая степь, тень двигалась, собака побежала і інш.;

сінтаксічныя нормы вызначаюць межы спалучальнасці слоў, рэгу­лююць правільнае спалучэнне слоў у словазлучэнні і сказе, якое грунту­ецца як на законах каардынацыі, дапасавання, кіравання, прымыкання, так і на сінтаксічных здольнасцях пэўных лексем. Напрыклад, каардынацыя дзейніка і выказніка не дазваляе выкарыстоўваць у ролі дзейніка зборны назоўнік з выказнікам-дзеясловам у форме множнага ліку тыпу: Студэнц­тва стараюцца здаць экзамены, бо правільна: Студэнты стараюцца здаць экзамены; дзеясловы ветлівасці (дзякаваць, падзякаваць, аддзякаваць, праба­чыць, выбачыць, дараваць) кіруюць назоўнікамі ў форме давальнага склону (дзякаваць сябру, аддзякаваць дзядзьку, прабачыць сястры), а ў рускай мо­ве адпаведныя дзеясловы кіруюць назоўнікамі ў форме вінавальнага скло­ну (благодарить друга, отблагодарить дядю, извинить сестру) і інш.

Авалодаць літаратурнай нормай мовы яшчэ, зразумела, не азначае ўмець добра пісаць і добра гаварыць. Але толькі валодаючы літаратурнай нормай, можна павышаць культуру маўлення, дбаць не толькі пра прыго­жае, але і правільнае маўленне.

4. МАТЭРЫЯЛЫ ДА ПРАКТЫЧНЫХ ЗАНЯТКАЎ

4.1. Матэрыялы да стылістычнага практыкума па тэме

«Мова і маўленне»

Пытанні для абмеркавання і падрыхтоўкі да заліку

1. У якіх слоўніках і якім чынам перадаецца стылістычная афарбоўка лексічных сродкаў беларускай мовы?

2. Чаму нейтральныя сродкі агульнай стылістычнай сістэмы менш важныя, чым стылістычна афарбаваныя?

3. Чаму словы афіцыйна-справавога стылю называюцца «канцыля­рызмамі»?

4. У якіх стылях мовы пераважна ўжываюцца словы з высокай сты­лістычнай афарбоўкай? зніжанай афарбоўкай?

5. Якія функцыянальныя стылі абслугоўваюць навуковая тэрмінало­гія і грамадска-палітычная тэрміналогія?

6. Аб якім жанравым абмежаванні сведчыць паметка «паэтычнае»?

7. Ці ўплывае эмацыянальна-экспрэсіўная афарбоўка слова на яго прыналежнасць да пэўнага функцыянальнага стылю?

8. Ці могуць словаўтваральныя сродкі мовы ўдзельнічаць у фарміра­ванні эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі слова?

9. Якія вы ведаеце станоўчыя і адмоўныя адценні эмацыянальна-экс­прэсіўнай афарбоўкі слова?

10. Як з пункту погляду стылістычнай нормы растлумачыць той факт, што паметак аб станоўчай экспрэсіі слова ў слоўніках менш, чым паметак аб адмоўнай экспрэсіі?

11. Ці абсалютным з’яўляецца статус нейтральных слоў? Дакажыце на прыкладах.

12. Што такое стылістычная норма як разнавіднасць літаратурнай нормы?

13. На прыкладах пакажыце адрозненне стылістычнай памылкі ад стылістычнага недахопу.

14. Чаму граматычныя парушэнні заўсёды кваліфікуюцца як памыл­кі, а сярод стылістычных парушэнняў вылучаюць памылкі і недахопы?

15. Ці ўсе сказы з дапушчанымі памылкамі можна адрэдагаваць? Які характар памылак не пакідае магчымасці рэдагавання?

16. Якая роля СМІ і мастацкай літаратуры ў замацаванні і развіцці стылістычных норм?