Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Вялюга2-рэд.doc
Скачиваний:
95
Добавлен:
05.09.2019
Размер:
2.69 Mб
Скачать

5.1. Асаблівасці дапасавання і кіравання ў беларускай мове

Прыназоўнікава-склонавыя канструкцыі не падобныя ў беларускай і рускай мовах, і іх ужыванне выразна выяўляе нацыянальную спецыфіку беларускай мовы.

1. У беларускай мове лічэбнікі два (дзве), абодва (абедзве), тры, ча­тыры звязваюцца з назоўнікам дапасаваннем, а назоўнік мае форму множ­нага ліку: чатыры заводы, абодва браты, два гады. У рускай мове словы ў такіх словазлучэннях звязваюцца кіраваннем, а назоўнікі пры лічэбніках маюць форму роднага склону адзіночнага ліку: четыре завода, оба брата, два года.

2. Дзеясловы ветлівасці дзякаваць, падзякаваць, аддзякаваць, пра­бачыць, выбачаць, дараваць кіруюць назоўнікамі ці займеннікамі ў даваль­ным склоне: дзякаваць выкладчыку, выбачыць сястры. У рускай мове ад­паведныя дзеясловы маюць форму вінавальнага склону: благодарить пре­подавателя, простить сестру.

3. Дзеясловы руху ісці, бегчы, ехаць, плысці, ляцець, выправіць, па­слаць, калі яны маюць мэтавае значэнне, кіруюць вінавальным склонам з прыназоўнікам па: пайсці па хлеб, паслаць па доктара, ехаць па дачку. Назоўнікі грыбы, ягады, кветкі, арэхі ў падобных словазлучэннях ставяцца ў вінавальным склоне з прыназоўнікам у: пайсці ў маліны, выбрацца ў гры­бы, накіраваліся ў суніцы. У рускай мове пры такіх дзеясловах ужываюцца канструкцыі творнага склону з прыназоўнікам за: пойти за хлебом, по­слать за доктором, ехать за дочерью, пойти за малиной, выбраться за грибами, направился за земляникой, отправиться за зерном.

4. Дзеясловы жартаваць, смяяцца, кпіць, здзекавацца, насміхацца, цешыцца, рагатаць, пасмейвацца, дзівіцца кіруюць родным склонам з пры­назоўнікам з: здзекавацца са слабага, пасмейвацца з суседа, кпіць з маў­чуна, насміхацца з няўмекі, здзекавацца з палоннага. У рускай мове вышэй­пералічаныя дзеясловы кіруюць творным склонам з прыназоўнікам над: издеваться над слабым, подтрунивать над соседом, смеяться над самим собой, подсмеиваться над молчуном, подшучивать над неумекой.

5. Дзеясловы маўлення, думкі, пачуцця гаварыць, казаць, думаць, разважаць, распытваць кіруюць вінавальным склонам з прыназоўнікам пра: думаць пра сына, распытваць пра маці, клапаціцца пра дзяцей; у рус­кай мове адпаведна: думать о сыне, расспрашивать о матери, заботить­ся о детях, тосковал о матери.

6. Дзеясловы хварэць, захварэць, перахварэць і прыметнік хворы ў беларускай мове кіруюць вінавальным склонам з прыназоўнікам на: захва­рэць на адзёр, хворы на ангіну, хварэць на коклюш. У рускай мове залежнае слова ў такіх словазлучэннях мае форму творнага склону без прыназоў­ніка: заболеть корью, больной ангиной, болеть коклюшем.

7. Дзеясловы ажаніць, ажаніцца кіруюць творным склонам з прына­зоўнікам з: ажаніцца з Веранікай, ажанілі з нялюбай, ажаніць з ёй. У рус­кай мове пры такіх дзеясловах іменныя часціны мовы ўжываюцца ў форме меснага склону з прыназоўнікам на: жениться на Веронике, женили на немилой, женить на ней.

8. Для беларускай мовы характэрна ўжыванне параўнальных слова­злучэнняў, у якіх галоўнае слова (прыметнік ці прыслоўе) мае форму вы­шэйшай ступені, а залежнае ўжываецца ў вінавальным склоне з прыназоў­нікам за: брат маладзейшы за сястру, яны разумнейшыя за сваіх аднагод­каў, мёд саладзейшы за цукар. У рускай мове такія канструкцыі маюць форму роднага склону без прыназоўніка: брат младше сестры, они умнее своих одногодков, нет ничего страшнее войны, мед слаще сахара.

9. Для вызначэння адлегласці, прасторы пры словах з колькасным значэннем ужываюцца назоўнікі з прыназоўнікам за: за пяць кіламетраў ад чыгуначнай станцыі, за тры вярсты ад лесу, крокаў за шэсць ад вуліцы. У рускай мове такім словазлучэнням адпавядаюць: километрах в пяти от же­лезнодорожной станции, верстах в трех от леса, в шести шагах от улицы.

10. У беларускай мове дзеясловы і назоўнікі са значэннем дзеяння кі­руюць месным склонам множнага ліку з прыназоўнікам па: хадзіць па ля­сах (палях, балотах), сумаваць па бацьках, вучыліся па вечарах. У рускай мове такія словазлучэнні маюць прыназоўнік по: ходить по лесам (полям, болотам), учились по вечерам, грустить по родителям.

11. Назоўнікі лекцыя, нарысы, адзнака і інш. ужываюцца з назоўніка­мі ў месным склоне з прыназоўнікам па: лекцыя па культуралогіі, нарысы па мастацтве, адзнака па беларускай мове. У рускай мове у такіх кан­струкцыях залежны назоўнік ставіцца ў форме давальнага склону з прына­зоўнікам по: лекция по культурологии, очерки по искусству, оценка по бе­лорусскому языку.

12. У дробавых лічэбніках частка адна, дзве, тры, чатыры ў лічніку дапасуецца да парадкавага лічэбніка ў назоўніку: адна чацвёртая, дзве трэція, тры пятыя, чатыры сёмыя. Калі ў лічніку стаяць лічэбнікі пяць, шэсць, сем і г.д., то яны кіруюць парадкавымі лічэбнікамі назоўніка ў фор­ме роднага склону множнага ліку: пяць шостых, шэсць дзявятых, восем дзясятых.

13. У беларускай мове ў дзеяслоўных словазлучэннях з прыназоўні­кам праз выражаюцца прычынныя адносіны: не прыехаў праз хваробу, спазніўся праз навальніцу. Такі прыназоўнік ужываецца і ў спалучэннях слоў праз смех, праз слёзы, праз зубы (сказаў праз смех, гаварыла праз сон, працадзіў праз зубы), а таксама ў словазлучэннях з аб’ектным значэннем паміж кампанентамі са словамі праходзіць, пранікаць, прабівацца: прабі­вацца праз гушчар, пранікаць праз фортку, праходзіць праз імглу. У рускай мове адпаведна: не приехал из-за болезни, опоздал из-за грозы, сказал сквозь смех, говорила сквозь сон, пробиваться сквозь гущу, проникать сквозь форточку, проходить сквозь мглу.

14. У беларускай мове ўжываюцца словазлучэнні:

1) загадчык кафедры (бібліятэкі), прыйшлі да бабулі, ехаць у млын, пазычыла нажа (сякеры, запалак). У рускай мове адпаведна: заведующий кафедрой (библиотекой), пришли к бабушке, ехать на мельницу, одолжила нож (топор, спички);

2) словазлучэнні бачыў на свае вочы, чуў на свае вушы, хата на пяць пакояў, больш за дзвесце кіламетраў (гектараў, падручнікаў), сабраліся а сямнаццатай гадзіне, пісаць (дасылаць, накіраваць, звяртацца) на адрас. У рускай мове адпаведна: видел своими глазами, слышал своими ушами, дом из пяти комнат, более двухсот километров (гектаров, учебников), со­брались в семнадцать часов (около семнадцати часов), писать (посылать, направлять, обращаться) по адресу;

3) словазлучэнні прыняць да ўвагі, сутыкнуцца тварам у твар, па­добны да бацькі (маці), ён па-за канкурэнцыяй, па аднайменным рамане І. Мележа, па маім меркаванні, заляцацца да дзяўчыны, апеляваць да гра­мадскай думкі. У рускай мове адпаведна: принять во внимание, столк­нуться лицом к лицу, похожий на отца (мать), он вне конкуренции, по од­ноименному роману И. Мележа, по моему суждению, ухаживать за де­вушкой, апеллировать к общественной мысли;

4) колькасна-іменныя словазлучэнні з адваротным парадкам слоў (га­доў пяцьдзясят, чалавек трыццаць, месяцы тры) і спалучэнні лічэбніка з назоўнікам роднага склону з прыназоўнікамі пад, з, за, каля: пад сорак гадоў, каля пятнаццаці старонак, гадзін з восем, далёка за поўнач.