Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Вялюга2-рэд.doc
Скачиваний:
95
Добавлен:
05.09.2019
Размер:
2.69 Mб
Скачать

2.5. Адхіленні ад норм літаратурнага вымаўлення і іх прычыны

Правільнае літаратурнае вымаўленне – паказчык агульнай культуры чалавека. Аднак і па радыё, і па тэлебачанні, і ў паўсядзённым жыцці да­волі часта парушаюцца вымаўленчыя нормы. Л. У. Шчэрба вельмі слушна падкрэсліваў, што «памылкі ў вымаўленні нічым не лепшыя за памылкі, напрыклад, у родзе назоўнікаў, у склоне і г.д., а часам бываюць нават горшыя за іх, бо перашкаджаюць ажыццяўленню асноўнай мэты мовы – камунікацыі, г.зн. узаемаразумення».

Прычынамі парушэння норм літаратурнага маўлення з’яўляюцца:

1. Уплыў дыялектнай мовы, калі людзі захоўваюць асаблівасці мяс­цовай гаворкі: капаніца, начніца, з[і]мля, р[і]ка, бур[я]к, халодна, мамо, тато, збожа, камінэ, насене, вядзець, пішыць.

2. Уплыў рускай мовы: 1) вымаўленне [г] выбухнога на месцы фры­катыўнага [г] (г[г]орад, г[г]ерой, аг[г]арод); 2) вымаўленне [ч] як [ч’] (ч[ч’]ай, ч[ч’]орны, ч[ч’]асты); 3) вымаўленне гукаў [л], [в], [ф] на месцы губна-губ­нога [ў] (траў[в]ка, воў[л]к, кроў[ф’]); 4) вымаўленне двух асобных гукаў [д] і [ж], [д] і [з] на месцы афрыкат (дажд[д]ж[ж]ы, ксянд[д]з[з]ы); 5) вымаўленне гукаў [шш] замест [шч] (шч[ ]асце).

3. Уплыў арфаграфіі: гарадскі, змена, іскры, не вывучыў, без страху, бясшумна замест гара[ц]кі, [з’]мена, []скры, [на] вывучыў, [бас] страху, бя[ш]шумна і інш.

Завяршаючы размову пра адхіленні ад норм літаратурнага вымаўлен­ня, нагадаем слушнае выказванне англійскага лінгвіста Г. Суіта: «Пакуль мы не ведаем, як сапраўды гаворым, мы не можам адказаць на пытанне, як мы павінны гаварыць».

2.6. Марфалагічныя асаблівасці навуковых тэкстаў

У навуковых тэкстах выкарыстоўваюцца ўсе, за выключэннем вы­клічнікаў, часціны мовы. Аналіз ужывання слоў – самастойных часцін мовы і іх форм – паказвае перавагу адных часцін мовы над другімі.

У навуковых тэкстах (у параўнанні з размоўным, публіцыстычным і мастацкім стылямі) менш ужывальныя дзеясловы, пры гэтым большасць дзеясловаў ужываюцца ў форме 3-й асобы цяперашняга часу, паколькі абазначаюць не дынамічны стан у момант маўлення, а цяперашні час, пастаянны, надчасавы:

Цукар, харчовы прадукт з цукровых буракоў або цукровага трысня­гу, складаецца з цукрозы.

Тэхналагічны працэс вырабу Ц. з цукровых буракоў (маюць 17 – 20 % цукрозы): буракі мыюць і разразаюць на тонкую стружку; на дыфузійных апаратах з яе атрымліваюць дыфузійны сок, які апрацоўваюць нягашанай вапнай (дэфекцыя) і вуглякіслым газам (сатырацыя); потым сок фільтру­юць, насычаюць сярністым газам (сульфітацыя), выпарваюць і атрымлі­ваюць утфель – цукр. сіроп, сумесь крышталікаў цукрозы і міжкрышталь­нага сіропу. Крышталікі аддзяляюцца на цэнтрыфугах, прамываюцца і вы­сушваюцца, атрымліваецца цукар-пясок (БелСЭ).

Для навуковых тэкстаў характэрна ўжыванне аддзеяслоўных назоўні­каў на -анне (-янне), -энне (-енне), -ка, -цыя, -цце з абстрактным значэннем: гаварэнне, маўленне, прасейванне, ачыстка, змешванне, растварэнне, філь­трацыя, дабаўленне, падрыхтоўка, пашырэнне, пераўзбраенне, распаўсю­джанне, паступленне, рэалізацыя, размеркаванне, фінансаванне, укладанне.

Пры дзеясловах-выказніках выкарыстоўваюцца займеннікі з адцягне­на-абагульненым значэннем: ён, яна, яно, яны, мы. Займеннік я не выкары­стоўваецца ў навуковых тэкстах, ён апускаецца або замяняецца займенні­кам мы (так званае «аўтарскае мы» або «мы сціпласці» – выкарыстоўваец­ца лектарамі, выкладчыкамі ў навучальных установах).

У тэкстах навуковага стылю выкарыстоўваюцца прыметнікі як сро­дак пераважна класіфікацыйны, яны маюць інфармацыйны характар. На­прыклад: Выдзяляюцца тыпы сказаў: простыя (аднасастаўныя і двухса­стаўныя), простыя ўскладненыя, складаныя (складаназлучаныя, складана­залежныя, бяззлучнікавыя складаныя сказы, сказы з рознымі відамі сувязі).

Шырока ўжываюцца прыметнікі, якія ўваходзяць у склад устойлівых тэрміналагічных спалучэнняў: бюджэтнае фінансаванне, валютныя апе­рацыі, дэмаграфічная сітуацыя, занальныя цэны, знешні гандаль, падатко­выя льготы (экан.); абстрактная лексіка, артыкуляцыйная база, безасабо­вы сказ, зваротны займеннік, злодзейскія жаргоны, галасавыя звязкі, дзяр­жаўная мова, камунікатыўная функцыя (лінгв.); джэнтльменскае пагад­ненне, дзяржаўная манаполія, дзяржаўны кантроль, трацейскі суд, прэ­зумпцыя невінаватасці, дыпламатычны імунітэт, дыпламатычная неда­тыкальнасць, давераная асоба (юрыд.).

Формы ступеней параўнання прыметнікаў і прыслоўяў вызначаюцца ў беларускай мове досыць значнымі стылістычнымі магчымасцямі. Прос­тыя формы прыметнікаў і прыслоўяў як стылістычна нейтральны сродак ужываюцца ва ўсіх стылях. Простыя формы вышэйшай ступені параўнання амаль не ўласцівы для навуковых тэкстаў, а аналітычныя формы (склада­ныя) вызначаюцца кніжнасцю і ўжывальнасцю ў навуковых тэкстах: больш свабодны, менш значны, больш выразна, менш актуальна і інш.

Дзеепрыметнікі як асобая форма дзеяслова ў беларускай мове знач­на абмежаваны ва ўсіх стылях мовы ў параўнанні з рускай мовай. Так, на­прыклад, дзеепрыметнікі незалежнага стану цяперашнага часу з суфіксамі -уч- (-юч-), -ач- (-яч-) і прошлага часу з суфіксамі -ш-, -ўш- лічацца ненар­матыўнымі, паколькі яны аманімічныя адпаведным дзеепрыслоўям, параўн.: адыходзячы (аўтобус) – адыходзячы (разгаварыліся), зелянеючы (лес) – зелянеючы (выдзяляўся), павесялеўшы (хлопец) – павесялеўшы (загаварыў).

Аналіз навуковых тэкстаў і асобных тэрміналагічных слоўнікаў, на жаль, сведчыць аб адсутнасці абмежаванняў ва ўжыванні адзначаных дзее­прыметнікаў: бягучы продаж, аргументуючая рэклама, вядучы прэзента­цыі, інтрыгуючы загаловак, лідзіруючае становішча, падмацоўваючая рэк­лама, пульсуючы графік, стрымліваючыя фактары канкурэнцыі, упраўля­ючы па гандлі (сродках) і інш.

Дзеепрыметнікі залежнага стану цяперашняга часу з суфіксамі -ем-, -ім- абмежаваныя ва ўжыванні (не характэрны для беларускай мовы), ад­нак падаюцца ў некаторых тэрміналагічных слоўніках: кантралюемы та­вар, кіруемая вертыкальная маркетынгавая сістэма, кіруемая канкурэн­цыя, неканверсуемая валюта, плануемы паказчык для рынку, свабодна канверсуемая валюта і інш. Адзначаюцца ўтвораныя ад дзеепрыметнікаў на -уч- (-юч-) марфолага-сінтаксічным спосабам прыметнікі ў тэрмінах тыпу бягучае планаванне, бягучы рамонт, бягучы рахунак, бягучы продаж, бягучы кошт, вядучы прэзентацыі і інш.

Выкарыстанне нехарактэрных для беларускай мовы форм дзеясловаў у навуковых тэкстах не адпавядае норме, разбурае лад мовы.