Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Культура

Гiстарычныя ўмовы развiцця культуры беларускага народа. Паланiзацыя шляхты i наступствы гэтага працэса. Пераход справаводства ў ВКЛ на поль­скую мову. Сарматызм як палітычная ідэалогія шляхты ВКЛ. Сарматызацыя каталіцызму. Уплыў сарматызму на культуру Беларусі.

Стан школьнай асветы i выхавання. Езуiцкiя калегiумы. Вi­ленская акадэмiя i яе роля ў распаўсюджваннi навуковых ве­даў. «Вялiкае мастацтва артылерыi» К. Семяновiча. Развiццё фальклору. Тэатр. Iнтэрмедыi. Батлейка. Свецкая i духоўная лiтаратура. Кнiгадрукаванне. Грамадска-палi­тычная думка. Сімяон Полацкi i яго дзейнасць. А. Белабоцкi, К. Лышчынскi, I. Капiевiч, С. Шчука i планы сацыяльна-палiтычных рэформ.

Архiтэктура, скульптура i жывапiс. Стыль барока. Развiццё прыкладнога мастацтва.

Лекцыя 36. КультуРа беларусі ў другой палове XVII – першай палове XVIII ст.

  • Гістарычныя ўмовы культурнага развіцця

  • Грамадска-палітычная думка. Навука

  • Асвета. Кнігадрукаванне

  • Тэатр. Музыка

  • Архітэктура

  • Выяўленчае мастацтва

Гістарычныя ўмовы культурнага развіцця беларускага народа

Развіццё беларускай культуры ў другой палове XVII – XVIII ст. адбывалася ў надзвычай неспрыяльных гістарычных умовах. Гэта быў адзін з самых цяжкіх перыядаў у нашай гісторыі. Беларусь перажывала разам з Рэччу Паспалітай працяглы крызіс. Ён адчуваўся літаральна ва ўсіх сферах палітыкі, гаспадаркі, грамадскай думкі. Уздым часоў Рэнесансу і Рэфармацыі змяніўся заняпадам.

Бясконцыя войны, у якія была ўцягнута Рэч Паспалітая ў другой палове XVI – пачатку XVIII ст., крывавыя сутычкі замежных армій з рознымі канфедэратамі разарылі беларускія землі, прывялі да дэмаграфічнага крызісу, заняпаду гандлю, рамёстваў, сельскай гаспадаркі, знішчылі многія здабыткі матэрыяльнай і духоўнай культуры. Крызіснае становішча Беларусі было таксама абумоўлена свавольствам і міжусобіцамі магнатаў, феадальнай анархіяй, дынастычнымі інтрыгамі, тым станам хаосу, што панаваў у Рэчы Паспалітай. Агульны крызіс феадальнага ладу, узмацненне сацыяльнага прыгнёту, які набываў самыя пачварныя формы, заняпад гарадоў адмоўна адбіліся на культурным жыцці Беларусі.

На беларускіх землях актывізаваліся сілы контррэфармацыі на чале з ордэнам езуітаў. Выконваючы рашэнні Трыдэнцкага сабора, яны жорстка праследавалі праваслаўе і пратэстанцтва. У 1658 г. сойм Рэчы Паспалітай прыняў пастанову аб выгнанні арыян, у 1668 г. пад пагрозай выгнання забараніў пераходзіць з каталіцтва ў іншыя веравызнанні. Ішлі ганенні на брацтвы, брацкія школы і друкарні. 3 даволі шматлікіх брацкіх друкарняў да пачатку XVIII ст. засталася толькі адна ў Магілёве. "Пастырскае пасланне" 1717 г., рашэнні сойма 1733 г. закрывалі праваслаўнай шляхце і духавенству доступ у сенат, сойм, на ваяводскія і павятовыя соймікі, у суды. Праваслаўныя мяшчане не мелі права займаць пасады ў магістраце.

У езуіцкіх колах выношваўся план поўнага знішчэння іншаверцаў. У другой палове XVII ст. быў складзены тайны "Праект аб знішчэння Русі", абнародаваны ў 1717 г. Невядомы аўтар (не выключана, што ім быў езуіт Алойз Кулеша) прапанаваў вытанчаную праграму барацьбы з праваслаўем і уніяцтвам.

З другой паловы XVII ст. каталіцызм пачынае праследаваць таксама уніяцтва, асабліва пашыранае на Беларусі. Уніяты не здзейснілі ўсіх намераў ідэолагаў Берасцейскай уніі, далёка не ўсе сталі вернымі праваднікамі папскай палітыкі на ўсходніх абшарах Еўропы, недалёка адышлі ад праваслаўя. Таму ў другой палове XVII ст. каталіцызм, які з'яўляўся пануючай рэлігіяй у Рэчы Паспалітай, змяніў тактыку ў дачыненні да уніяцтва. Ранейшая паблажлівасць саступіла месца нецярпімасці. Уніятаў пачалі прымусова пераводзіць у каталіцкую веру. Шляхта ў пагоні за прывілеямі масава пераходзіла ў каталіцызм, а уніяцтва станавілася "мужыцкай верай". У пачатку XVIII ст. матэрыяльнае становішча уніяцкага духавенства мала чым адрознівалася ад становішча сялян. У побыце і нават у час набажэнства яно шырока карысталася беларускай мовай.

Напярэдадні падзелаў Рэчы Паспалітай 70 % жыхароў Беларусі складалі уніяты, 15 % – католікі, 6 % – праваслаўныя, 7 % – іудзеі, 2 % – пратэстанты. Самай масавай верай было уніяцтва. Яго сацыяльную базу складала сялянства, 80 % якога былі уніятамі. Моцны ўплыў меў касцёл. Ён спрабаваў заняць пануючае становішча ў духоўным жыцці грамадства. У другой палове XVII – першай палове XVIIІ ст. адбываецца амаль суцэльная клерыкалізацыя культуры, падпарадкаванне ўсіх яе бакоў рэлігіі. Манаполію на адукацыю і навуку захапіла царква. Навучальныя ўстановы каталіцкіх манаскіх ордэнаў, галоўным чынам езуіцкія калегіумы, становяцца асноўным тыпам школ, праграмы іх звузіліся і закасцянелі. У аснове навучання былі тэалогія, схаластычная філасофія і лацінская мова. Езуіцкая школа выхоўвала вучняў у духу пагарды да ўсяго зямнога, ім унушаліся ўяўленні аб дзеянні звышнатуральных сіл у свеце, аб дасканаласці існуючага ладу і непатрэбнасці любых пераўтварэнняў.

Пануючы клас Рэчы Паспалітай загразнуў у саслоўным эгаізме і рэтраградстве. Нізкім быў узровень адукаванасці ў краіне. Паводле даных А.А. Біралы, у пачатку XVIII ст. сярод магнатаў і багатай шляхты было 28 % непісьменных, сярэдняй шляхты – каля 40 %, дробнай шляхты – 92 % і мяшчан – 44 %. Сярод сялян была, відаць, суцэльная непісьменнасць.

Калі ў Заходняй Еўропе ў XVII і першай палове XVIII ст. працягвалася хуткае памнажэнне заваёў эпохі Адраджэння і назіраўся значны прагрэс ва ўсіх галінах ведаў, а ў суседняй Расіі ў часы Пятра I рабіліся рашучыя захады па пераадоленню тэхнічнай і культурнай адсталасці краіны, то ў Рэчы Паспалітай, якая ўступіла ў паласу эканамічнага заняпаду і палітычнага крызісу, бліскучыя дасягненні навукі і культуры былых стагоддзяў былі шмат у чым страчаны. Навуковыя веды аб'яўляліся грахоўнымі і несумяшчальнымі з прыхільнасцю да хрысціянства. Рэлігійны фанатызм набыў страшэнныя памеры. На мяжы XVII і XVIII стст. у многіх месцах адбыліся працэсы над так званымі ведзьмакамі вядзьмаркамі. Панізіўся ў параўнанні з Рэнесансам узровень адукацыі. Кніжны рынак быў наводнены клерыкальнай літаратурай на лацінскай і польскай мовах.

Агульны крызіс, які ахапіў тагачасную Рэч Паспалітую, закрануў усе сферы ідэалогіі. Інтэлектуальнае жыццё Беларусі нібы пайшло назад, Забываліся і свядома знішчаліся здабыткі часоў Рэнесансу і Рэфармацыі. Другая палова XVII – першая палова XVIII ст. былі часам глыбокага заняпаду грамадска-палітычнай і філасофскай думкі Беларусі. Яе развіццё рэзка замарудзілася. У філасофіі непадзельна панаваў ідэалістычны напрамак.

Ідэі контррэфармацыі зрабілі выразны ўплыў на беларускае мастацтва другой паловы XVII – пачатку XVIII ст. Праўда, у гэтай галіне духоўнага жыцця іх увядзенне не было такім адмоўным, як у сферы грамадскай думкі. Справа ў тым, што ў адрозненне ад Рэфармацыі, контррэфармацыя імкнулася да пышнасці і пампезнасці, да ўздзеяння на пачуцці веруючых сінтэзам розных відаў мастацтва – архітэктуры, жывапісу, скульптуры, музыкі, публічных тэатралізаваных відовішчаў. У час урачыстых набажэнстваў, тэатралізаваных шэсцяў і прадстаўленняў усё было падпарадкавана адзінай мэце – запаланіць зрок і слых чалавека, схіліць яго думкі да марнасці зямнога жыцця і радасці нябеснага.

Пануючым мастацкім напрамкам (стылем) эпохі контррэфармацыі было пышнае і вытанчанае барока. Як мастацкі напрамак, што нарадзіўся на скрыжаванні рэнесансных і сярэдневяковых традыцый, барока значна шырэй за контррэфармацыю. Яно развівалася не толькі ў каталіцкім, але і ў пратэстанцкім, праваслаўным, уніяцкім асяроддзях. Эстэтыка барока – значны крок наперад у развіцці тагачаснага мастацтва. Барока, упершыню з'явіўшыся ў раманскай Еўропе на хвалі контррэфармацыі, было адмаўленнем рэнесансу і зваротам да сярэднявечча з яго набожнасцю і забабоннасцю, адмаўленнем "бацькоўскай" стадыі ў развіцці культуры і зваротам да "дзедаўскай". У адрозненне ад Рэнесансу, які абвяшчаў антрапацэнтрызм, лічыў чалавека і яго розум мерай усіх рэчаў, тэацэнтрычнае барока падпарадкоўвала чалавека догмам рэлігіі. Рэнесансу быў уласцівы рацыяналістычны погляд на свет, барока – гэта ідэалізм, містыка, схаластыка. Калі рэнесансная літаратура асноўнай сваёй мэтай абвяшчала павучанне, зварочвалася да розуму, то літаратура барока імкнулася ўздзейнічаць на пачуцці, усхваляваць чытача, выклікаць у яго патрэбны эфект. У цэлым эстэтыка барока з'яўляецца ідэалістычнай.

У розных краінах, у тым ліку ў Вялікім княстве Літоўскім, агульнаеўрапейскія тэндэнцыі барока лёгка ўваходзілі ў кантакт з мясцовымі, чыста народнымі традыцыямі. Гэта надавала творам непаўторнасць, нацыянальную адметнасць. Найбольш поўна барока праявілася ў манументальнай архітэктуры Беларусі.

У другой палове XVII – XVIII ст. узраслі касмапалітычныя тэндэнцыі ў культуры, носьбітамі якіх былі тыя ж каталіцкія ордэны. Буйная і сярэдняя шляхта масава дэнацыяналізавалася, прымала разам з каталіцызмам польскую мову і польскую культуру. Соймавымі пастановамі 1696–1697 гг. завяршылася паступовае выцясненне беларускай мовы з дзяржаўнага справаводства і афіцыйнага ўжытку. Паланізацыя адцягвала ад беларускай культуры значныя разумовыя сілы. "Руская" мова ўжывалася пераважна ў сферах хатняга жыцця, а таксама ў літаратуры – у сатырычных і парадыйных творах, дзе трэба было выклікаць камічны эфект. Становішча ўскладнялася яшчэ і тым, што польская мова блізкая да беларускай. У тагачаснай Беларусі яе разумелі без перакладчыка, яна не ўспрымалася як чужая (у якасці чужой мовы выступала, хутчэй, лаціна). Беларуска-польская моўная блізкасць істотна замаруджвала развіццё новай беларускай літаратуры ў той час, калі старажытаая беларуская літаратура апынулася ў стане крызісу. Кніжная мова старажытнага пісьменства ўсё больш адрывалася ад жывой гутарковай мовы, набліжалася да стараславяншчыны і таму станавілася незразумелай шырокаму чытачу. Пачаўся "крызіс" "рускай" мовы, шмат у чым адзінай для беларускай і ўкраінскай літаратур.

Тагачаснае літаратурнае жыццё Беларусі мела полілінгвістычны характар. Мала хто тады пісаў на пагарджанай і апалячанай "беларусчыне". Пісалі на польскай, лацінскай, стараславянскай мовах. Таму гэта спадчына, заснаваная часта на мясцовым матэрыяле, належыць адначасова дзвюм або нават і тром суседнім літаратурам. У параўнанні з часамі барока літаратура Беларусі эпохі Асветніцтва мела яшчэ больш яскрава выражаны полілінгвістычны характар. Беларускія творы займалі ў ёй далёка не вядучае месца. Асноўнай літаратурнай мовай Беларусі з'яўлялася тады польская. У Беларусі пісаліся творы і выдаваліся кніжкі таксама на стараславянскай, лацінскай, яўрэйскай, нямецкай, французскай мовах, у рукапісныя зборнікі ўключаліся тэксты на ўкраінскай, літоўскай, татарскай мовах.

Паралельна з культурай правячых вярхоў развівалася культура нізоў – сялянства, збяднелай шляхты, гараджан. Толькі народныя масы, як казаў М. Багдановіч, захоўвалі элементарныя асновы сваёй калісьці багатай нацыянальнай культуры.

Мастацкая свядомасць народа праяўлялася найперш у фальклоры, а таксама часткова ў творах пісьмовай літаратуры, выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога і тэатральнага мастацтва. З нізоў трэцяга саслоўя паходзіць большасць беларускай інтэлігенцыі таго часу – вандроўныя бурсакі і семінарысты, выйшаўшыя з іх дзякі, настаўнікі (бакалаўры), дробныя чыноўнікі.

Ва ўмовах адсутнасці дзяржаўнасці Беларусі, дэнацыяналізацыі значнай часткі мясцовай інтэлігенцыі вялікую культурна-гістарычную місію ўзяло на сябе запрыгоненае і бяспраўнае сялянства, якое зберагло нацыянальныя традыцыі і мову. Менавіта вёска менш за усё паддалася культурна-моўнай асіміляцыі. Сацыяльная база беларускамоўнай культуры звузілася тады да сялянства, гарадскіх нізоў, уніяцкага святарства, часткі дробнай і сярэдняй шляхты, якія не паддаліся прымусовай паланізацыі. Яе носьбітам у сакральнай сферы засталося уніяцкае духавенства.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]