Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Аграрная рэформа Антонія Тызенгаўза

Другая палова XVIII ст. вызначаецца працэсам рэфармавання сельскай гаспадаркі ў дзяржаўных уладаннях ВКЛ – аграрнай рэформай Антонія Тызенгаўза. Мэта новаўвядзенняў з’яўлялася неабходнасць павелічэння даходоў з дзяржаўных зямель для фінансавай стабільнасці краіны.

Неабходнасць рэфармавання каралеўскіх сталовых эканомій (Гарадзенскай, Берасцейскай, Кобрынскай, Магілёўскай і інш.), была выклікана іх гаспадарчым становішчам. Гэтыя дзяржаўныя ўладанні амаль заўсёды знаходзіліся ў трыманні буйных феадалаў. Каралеўскія землі раздаваліся манархам пажыццёва за заслугі перад дзяржавай, на пэўны тэрмін за пазыку грошай, у часовае трыманне на ўмовах выплаты грошай дзяржаве.

Сталовыя эканоміі перадаваліся ў арэнду разам з сялянамі, якія абавязаны былі выконваць на карысць новага гаспадара павіннасці і падаткі, вызначаныя адпаведнымі дакументамі.

Умовы трымання патрабавалі ў адпаведнасці з кантрактам заплаціць пэўную суму грошай. Звычайна гэта была кварта – чацвёртая частка ўсіх атрыманых прыбыткаў. Зразумела, што пры такіх умовах часовы ўласнік мог не клапаціцца аб захаванасці ці перспектывах арандаванай гаспадаркі. Пры гэтым яму не забаранялася перадаваць атрыманыя маёнткі ў субарэнду. Таму трымальнікі часта парушалі «уставы» эканомій, прымушалі сялян плаціць большыя чыншы ці адпрацоўваць большую колькасць дзён на паншчыне і г.д. Да таго ж у арандатары пастаянна затрымлівалі выплату грошай дзяржаве.

Улічваючы гэта, сойм 1764 г. прыняў рашэнне стварыць две Скарбавыя камісіі, якія павінны былі займацца фінансавымі справамі дзяржавы. Ім перадаваліся пад кіраванне каралеўскія эканоміі. А з 1765 г. пачаўся працэс іх рэфармавання.

Кароль даў А. Тызенгаўзу шырокія паўнамоцтвы па кіраўніцтву сталовымі эканоміямі. Сам рэфарматар зыходзіў у сваёй дзейнасці з неабходнасці ўмацавання цэнтральнай улады як фактара ўздыму Рэчы Паспалітай. Падскарбій лічыў, што кароль павенен мець фінансавую незалежнасць ад магнатэрыі і сойма. У гэтым Тызенгаўзу дапамагала т.зв. «каралеўская партыя».

Эканамічная рэформа А. Тызенгаўза была комплекснай і ахоплівала сельскую гаспадарку, прамысловасць і гандаль. Яна прадугледжвала найперш аднаўленне ў эканоміях фальваркаў, выкарыстанне перадавой агратэхнікі (чатырохполле, травасеянне). Атрыманы з сельскай гаспадаркі прыбытак планавалася пусціць на арганізацыю мануфактур. Таксама прадугледжвалася ўладкаваць сухапутныя дарогі і правесці рэгуліроўку руслаў рэк. Неабходна было спыніць перадачу эканомій у арэнду ці трыманне.

Рэформа пачалася з люстрацыі ўсіх дзяржаўных уладанняў і перамеру ворыўнай зямлі. Паколькі падобная рэвізія патрабавала вялікай колькасці спецыялістаў-мернікаў, то было прынята рашэнне стварыць спецыяльную школу для іх падрыхтоўкі.

Сялян каралеўскіх эканомій падзялілі на цяглых, якія выконвалі паншчыну, і зямян, якія плацілі грашовую рэнту. Сялянскі двор атрымліваў чвэрць валокі аселай зямлі – надзел, памер якога не павінен быў памяншацца. Прыёмная зямля (тое, што заставалася пасля размеркавання аселай зямлі) магла разбірацца сялянамі добраахвотна ў любой колькасці пры ўмове выплаты чыншу.

Павіннасці з асноўнага надзела вызначаліся ў залежнасці ад якасці зямлі і агульнага стану «дыма». Таму зямля дзялілася на добрую, сярэднюю, дрэнную і вельмі дрэнную, а сяляне — на багатых, заможных, сярэдніх і ўбогіх.

Цяглыя сяляне павінны былі адпрацаваць два дні паншчыны на тыдзень, выйсці ўсёй сям’ёй на чатыры талокі штогод. Кожны гаспадар, незалежна ад колькасці зямлі, адбываў старажоўства, начную варту, а таксама падводную павіннасць. На гэты час ён вызваляўся ад паншчыны. Захоўваліся шарваркі (ад 8 да 24-х дзён).

З грашовых падаткаў за цяглымі сялянамі замацоўваліся падарожчына (калі не было патрэбы ў выкананні падводнай павіннасці), чынш за прынятую зямлю, падымнае, плата за свабоду бязмытнага гандлю. Спаганялася і натуральная даніна: мядовая, грыбная, хлебнае дзякла, «пража». Зразумела, што цяглыя сяляне колькасна дамінавалі і складалі 90 % і болей.

Зямяне вызваляліся ад штотыднёвай паншчыны, гвалтаў, старажоўства, начной варты і г.д. Яны былі абавязаны выходзіць на шарваркі, але маглі замест работы заплаціць па 24 гроша за кожны дзень. Галоўным з іх падаткам з’яўляўся чынш (да 80 злотых у год з чвэрці валокі).

Таксама ў каралеўскіх эканоміях існавалі такія катэгорыі сялян як «афіцыянты», «кантрактныя слугі», «новыя», «асочнікі» і «стральцы».

Усё насельніцтва эканомій, уключаючы дробную шляхту і яўрэеў) павінна было ўносіць натуральныя і грашовыя выплаты ў т.зв. «камунальныя магазіны» і «камунальныя касы», стварэнне якіх таксама прадугледжвалася рэформай А. Тызенгаўза. У «камунальныя магазіны» узносы рабіліся збожжам, якое прызначалася на выпадак агульнага неўраджаю, для дапамогі збяднелым ці пацярпелым ад стыхійных бедстваў і інш. Выплаты ў «камунальныя касы» з кожнай сялянскай валокі павінны былі ісці на добраўпарадкаванне вёсак, утрыманне доктара і г.д. Відавочна, што дзяржава перакладвала клопат аб бяднейшых сялянах на сялянскую грамаду. Абшчына адказвала не толькі за выкананне павіннасцей, але і дабрабыт сялянства.

А. Тызенгаўз правёў рэгламентацыю сялянскага жыцця ў эканоміях. Забаранялася прымацьу сваіх хатах бадзяг, гультаёў, заразных хворых людзей і злачынцаў. Сяляне павінны былі аберагаць сваю жывёлу ад эпізаотыі, гандляваць толькі ў дзяржаўных мястэчках, тушыць лясныя пажары. Агаворваўся знешні выгляд сялянскіх сядзіб, садовыя дрэвы каля іх і многае іншае. Парушэнні караліся штрафамі.

Рэформа павялічыла колькасць цяглых гаспадарак і затрымала працэс дыферэнцыяцыі сялянства. Нават можна сцвярджаць аб «асераднячванні» вёскі. Спыніліся злоўжыванні з боку арандатараў і трымальнікаў. Адпаведна павялічыліся прыбыткі ад сталовых эканомій. Толькі за 1765 – 1777 гг. кароль атрымліваў штогод больш за 1,5 млн злотых. Але павелічэнне грашовых збораў найперш было вынікам увядзення дадатковых павіннасцей на сялян, якія ў сваёй большасці не прынялі рэформу.

З правалам рэформы скончылася кар’ера А. Тызенгаўза. У 1777 г. яго лішылі пасады адміністратара каралеўскіх эканомій. Ён перайшоў у разрад іх трымальніка за выплату ў скарб штогод 1 566 000 злотых. Аднак у 1780 г. Тызенгаўз быў канчаткова адлучаны ад кіравання эканоміямі. Адбыўся судовы працэс, у выніку якога былы падскарбій быў абвінавачаны ў фінанасавых злоўжываннях.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]