Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Рамяство, гандаль, мануфактурная вытворчасць

Разам з павелічэннем колькасцi насельнiцтва развiвалася i рамесная вытворчасць, промыслы, гандаль, павышалася значэнне гандлёва-прамысловай дзейнасцi ў занятках гараджан. У той жа час важным заняткам насельнiцтва нават буйных гарадоў заставалася сельская гаспадарка. Важнейшай рысай развiцця гарадскога рамяства было тое, што захоўвалася дасягнутая раней таварнасць рамеснiцкай вытворчасцi. Другая важная рыса – заметнае павелiчэнне колькасці рамес­нiкаў, якiя не ўваходзiлi ў цэхавыя арганiзацыi. Яны аб’ядноўвалiся ў брацтвы, пабудаваныя па прафесiйнай прыкмеце.

З ростам таварнасцi рамяства паглыблялася маёмасная дыферэнцыяцыя рамеснiкаў. У цэхах узмацнялася становiшча багатай групы рамеснiкаў. Асобныя майстры займалі пасады цэхмiстраў на працягу доўгага часу, а iншы раз – нават пажыццёва. Расла эксплуатацыя майстрамi вучняў i падмасцер’яў.

Адной з прыкмет эканамічнага жыцця Беларусі ў другой палове XVIII ст. было ажыўленне гандлю. Развіццю гандлю спрыяла палітыка правячых колаў краіны, накіраваная, між іншым, на некаторае ўзмацненне пазіцыі трэцяга саслоўя. Адным з першых мерапрыемстваў, якія паспрыялі развіццю гандлю, было скасаванне прыватных мытняў на тэрыторыі краіны і ўсталяванне ў 1764 г. генеральнага мытнага тарыфу. У 1775 г. былі адменены мытні на граніцах Польшчы і Вялікага княства Літоўскага. Ажыўленню гандлю спрыяла таксама дзейнасць урада па ўладкаванню гандлёвых шляхоў. Найбольш таннымі і зручнымі ў тыя часы былі водныя шляхі, таму менавіта на іх паляпшэйне былі накіраваны першыя дзеянні ўлад. У 1784 г. былі завершаны работы на канале, які злучаў Днепр з Нёманам. Ініцыятыва пабудовы канала і яе фінансаванне належалі Міхалу Казіміру Агінскаму, буйному магнату і палітычнаму дзеячу Рэчы Паспалітай. У гэтым жа годзе закончана будаўніцтва «Каралеўскага» канала паміж Прыпяццю і Бугам. Будаўніцтва гэтых каналаў аблегчыла пастаўку сельскагаспадарчых прадуктаў у цэнтральныя раёны Рэчы Паспалітай, а таксама порты Балтыйскага мора, адкуль яны вывозіліся за мяжу. Пачаліся работы па ўпарадкаванню сухапутных шляхоў. Вялікае значэнне для развіцця гандлёвых сувязей Беларусі мела пабудова двух гасцінцаў праз Палессе. У 1764 г. была праведзена рэформа пошты, якая аблегчыла зносіны паміж рэгіёнамі Рэчы Паспалітай, а ў 1766 г. – метралагічная рэформа.

Для эканомікі Беларусі, як і ўсёй Рэчы Паспалітай, у гэты час яшчэ большае значэнне, чым рост знешнегандлёвых сувязей, мела ажыўленне на ўнутраным рынку. Росту таварна-грашовых адносін спрыялі павелічэнне колькасці насельніцтва, рост яго запатрабаванняў, працэс ачыншавання сялянства, развіццё гарадоў і інш.

Па-ранейшаму галоўную ролю ва ўнутраным гандлі адыгрывалі кірмашы. Большасць з іх былі адна-двухдзённыя, некаторыя дзейнічалі на працягу некалькіх тыдняў. Буйнейшымі былі кірмашы ў Бешанковічах, Зэльве, Любавічах, Астрыне, Свіслачы, Шклове, Нясвіжы. Акрамя прадметаў мясцовай прамысловасці і сельскай гаспадаркі, на буйныя кірмашы прывозілася шмат тавараў з суседніх абласцей і з-за мяжы. Беларускія кірмашы адрозніваліся паміж сабою спецыялізацыяй гандлю: на адных гандлявалі пераважна сельскагаспадарчымі таварамі і прадукцыяй мясцовых промыслаў, на другіх – у асноўным жывёлай, на трэціх – прамысловымі таварамі і прадметамі раскошы. На кірмашах аднаўляліся дагаворы аб арэндзе, заключаліся дагаворы на продаж прадукцыі мануфактур або фальваркаў. Кірмашы служылі сродкам аб'яднання мясцовых рынкаў і спрыялі разбурэнню натуральнай гаспадаркі.

Акрамя кірмашоў, значную ролю ў гандлі адыгрывалі ў гэты час штодзённыя таргі, дзе прадаваліся тавары паўсядзённага попыту. Вышэйназваныя формы гандлю былі прыналежнасцю феадальнага спосабу вытворчасці, паколькі сведчылі аб няпэўнасці таварна-грашовых адносін, адсутнасці вялікай таварнай масы, наяўнасці натуральнай гаспадаркі. Больш прагрэсіўны стацыянарны гандаль у гэтыя часы толькі пачынаў разгортвацца і не адыгрываў яшчэ важкай ролі ў эканоміцы.

У знешнім гандлі ў другой палове XVIII ст. не назіралася значных змен у адносінах да прадметаў экспарту і імпарту, хаця іх аб'ёмы павялічыліся. Галоўнымі прадметамі вывазу былі прадукты сельскай гаспадаркі, перш за ўсё збожжа, лён, каноплі, скуры, а таксама лес і лесаматэрыялы. Увозіліся прадметы раскошы, металы, рыба, соль. Пасля першых падзелаў Рэчы Паспалітай пачалася паступовая пераарыентацыя гандлёвых сувязей. Купцы ўсходняй і цэнтральнай частак Беларусі наладжвалі кантакты з расійскімі купцамі. Купцы з Беларусi найбольш часта вялi гандаль на рынках Смаленска, Вялiкiх Лук, Тарапца, Вязьмы, Калугi, Бранска, Дарагабужа i iншых гарадоў. Асартымент тавараў у беларуска-рускiм гандлi быў даволi разнастайны. З Беларусi вывазілі сукно i тканiну, галантарэю, металiчныя вырабы, гарбарны тавар. З Расійскай дзяржавы везлi мяхi, неапрацаваныя скуры, палатно, сярмягi, шапкi, ру­кавiцы, жалеза, рыбу, сала, пяньку, лён, каноплi i г.д.

Напрамкам трывалых гандлёвых сувязей быў беларуска-ўкра­iнскi. Ён быў сканцэнтраваны галоўным чынам ва ўкраiнскiх гарадах Нежыне, Ромне, Старадубе, Сумах. На ўкраiнскi рынак пас­тупалi прадукты сельскай гаспадаркi. Беларускiя купцы вывозiлi туды таксама розныя вiды тканiн, металiчныя вырабы, галантарэю, закупленыя ў польскiх гарадах. Прадметамi iмпарту часцей за ўсё былi соль, табак, рыба.

Важную ролю ў развiццi эканомiкi Беларусi адыгрывалi гандлёвыя сувязi з Прыбалтыкай і Польшчай. Так, Радзiвiлы, Агiнскiя, Сапегi на ўласных суднах вывозiлi ў Гданьск буйныя партыi пянькi, раслiннага масла, збожжа. Адтуль прывозiлi розныя тканiны, вырабы з фарфору, зброю, вострыя прыправы i iншыя каланiяльныя тавары, прадметы раскошы. Шырокiя гандлёвыя сувязi iснавалi таксама з прыбал­тыйскiмi гарадамi Круляўцом i Рыгай.

Адмысловую ролю ў прамысловым развіцці Беларусі ў гэты час пачынаюць адыгрываць мануфактуры. Менавіта мануфактурная вытворчасць з'явілася адметнай рысай прамысловасці. Першыя мануфактуры ўзніклі ў Рэчы Паспалітай яшчэ ў пачатку XVII ст., але толькі ў апошнія дзесяцігоддзі XVIII ст. адкрыццё мануфактур, перш за ўсё магнацкіх і каралеўскіх, набывае масавы характар.

Усяго на Беларусі ў канцы XVIII ст. налічвалася 53 буйныя мануфактуры з 2,4 тыс. рабочых на іх. Найстарэйшай была шкляная "фабрыка" Радзівілаў ва Урэччы, заснаваная ў 1635 г. Тут вырабляўся сталовы посуд, люстры, люстраныя бра. Прадукцыя мануфактуры была вядома далёка за межамі Беларусі. Радзівілам належалі таксама Налібоцкая шкляная мануфактура, фабрыка шаўковых паясоў у Слуцку, Нясвіжская суконная мануфактура.

Да буйных мануфактурных прадпрыемстваў належаў таксама жалезаробчы завод І. Храптовіча ў м. Вішнева Ашмянскага павета (цяпер – Валожынскі раён), заснаваны ў 1780 г. на беразе Бярэзіны. Мануфактура складалася з доменнай печы, кузніцы, плавільні. За тыдзень выраблялі 95 ц жалеза. Гэтыя мануфактуры выпускалі шматлікую і разнастайную прадукцыю, мелі пастаянную сувязь з рынкам. Даволі значнымі былі іншыя вотчынныя мануфактуры: фаянсавыя заводы Радзівілаў у Свержані і Агінскіх у Целяханах, шкляныя мануфактуры Салагуба ў м. Ілля на Міншчыне, суконныя мануфактуры Сапегі ў Ружанах і інш. Часцей за ўсё на пачатку дзейнасці мануфактур тут працавалі замежныя, наёмныя майстры, потым – мясцовыя з прыгонных. Колькасць рабочых на мануфактурах складала ад 20 да 70 чалавек. Практыкавалася здача мануфактур у арэнду мяшчанам, купцам або найбольш заможным майстрам.

Своеасаблівай рысай развіцця прамысловасці Беларусі былі каралеўскія мануфактуры, заснаваныя графам А. Тызенгаўзам у Гарадзенскім старостве. У Гародні і яе прыгарадзе Ласосна ў другой палове 60-х гадоў былі адкрыты 17 мануфактур – люстраная, габеленавая, карункавая, карэтна-экіпажная, суконная, панчошная, па вырабу ігральных картаў і інш., на якіх вырабляліся, галоўным чынам, прадметы раскошы. Генеральным дырэктарам з’яўляўся Якаў Бекю. На гэтых мануфактурах працавала 70 запрошаных замежных майстроў, а таксама прыгонныя. Сыравіна прывозілася з-за мяжы, што абумовіла высокія цэны на прадукцыю гэтых прадпрыемстваў. Прадукцыя гарадзенскіх мануфактур не мела попыту на ўнутраным рынку, і таму большасць з іх была закрыта ў пачатку 80-х гадоў.

Асноўная літаратура

1. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т.3. Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (XVIIXVIII ст.) / Ю.Бохан, В.Голубеў, У.Емельянчык і інш. – Мн., 2004.

2. Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 1. / Пад рэд. Я.К.Новіка, Г.С.Марцуля. – Мн., 1998.

3. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 1. – Мн., 1994.

4. Гісторыя сялянства Беларусі: У 3 т. Т.1. Гісторыя сялянства Беларусі ад старажытнасці да 1861 года / Анішчанка Я.К., Галенчанка Г.Я., Голубеў В.Ф. і інш. – Мн., 1997.

5. Анішчанка, Я.К. Беларусь у часы Кацярыны ІІ / Я.К.Анішчанка. – Мн., 1998.

6. Анішчанка, Я.К. Інкарпарацыя: Літоўская правінцыя ў падзелах Рэчы Паспалітай / Я.К.Анішчанка. – Мн., 2003.

7. Голубеў, В.Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі XVIXVIII ст. / В.Ф.Голубеў. – Мн., 1992.

8. Грицкевич, А.П. Социальная борьба горожан Белоруссии (XVI – XVIII в.) / А.П.Грицкевич. – Мн., 1975.

9. Игнатенко, А.П. Ремесленное производство в городах Белоруссии в ХVІ – ХVIII в. / А.П.Игнатенко. – Мн., 1963.

10. Кітурка, І.Ф. Дзяржаўныя ўладанні на землях Беларусі ў другой палове XVIIXVIII ст.: палітыка гаспадарчага аднаўлення / І.Ф.Кітурка. – Гродна, 2003.

11. Лойка, П.А. Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі. Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове XVI – XVIII ст. / П.А.Лойка. ― Мн., 1991.

12. Мелешко, В.И. Классовая борьба в белорусской деревне во второй половине ХVII – XVIII в. / В.Н.Мелешко. – Мн., 1992.

13. Магнатское хозяйство Белоруссии во второй половине XVIII в. – Мн., 1974.

14. Юхо, Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі: Вучэб. дапам. / Я.А.Юхо. – Мн., 1992.

15. Козловский, П.Г. Землевладение и землепользование в Белоруссии в XVIII – первой половине XIX в. / П.Г.Козловский. – Мн., 1982.

16. Лютый, А.М. Генезис капитализма в промышленности Белоруссии (вторая половина ХVIII – первая половина XIX в.) / А.М.Лютый. – Мн., 1991.

17. Романовский, Ц.Т. Развитие мануфактурной промышленности в Белоруссии (вторая половина XIX в.) / Ц.Т.Романовский. – Мн., 1966.

18. Похилевич, Д.Л. Крестьяне Белоруссии и Литвы в XVI - XVIII в. / Д.Л.Похилевич. – Львов, 1957.

19. Эканамічная гісторыя Беларусі: Вучэб. дапам. / В.І.Галубовіч, Р.І.Ермашкевіч, Г.П.Бушчык і інш. – Мн., 1995.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]