Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Павіннасці цяглых сялян з валокі паводле "Уставы на валокі" 1557 г.

Як відаць з табліцы, цяглыя сяляне выконвалі вялікі аб'ём павіннасцей. Акрамя таго, яны яшчэ плацілі ваенныя падаткі – сярэбшчыну і пагалоўшчыну, а таксама жарнавое.

Сярэбшчына плацілася грашыма. Яна збіралася па спецыяльнай пастанове сейма. Памеры яе кожны раз устанаўліваліся асобна, бралася яна з валокі, незалежна ад якасці зямлі.

Пагалоўшчына – гэта надзвычайны падатак, які збіраўся таксама па пастанове сейма, і толькі грашыма. Памер яго залежаў ад катэгорыі насельніцтва. Ад пагалоўшчыны вызваляліся: духавенства, шляхта, ваенныя татары, баяры путныя, нявольнікі і грудныя дзеці. У 1566 г. памеры пагалоўшчыны складалі наступныя сумы:

  • самастойныя гаспадары, каморнікі, "суседзі", найміты, наймічкі – 2 грошы;

  • людзі, седзячыя "на волі" – 5 грошаў;

  • агароднікі – 1 грош;

  • чэлядзь нявольная, якая дамы і прысекі свае мае – 5 пенязёў.

Жарнавое – гэта подаць, звязаная з мельніцкім баналітэтам, вялікага князя, феадала. Па закону ўсе жыхары павінны былі малоць зерне толькі ў млынах феадалаў, падданымі якіх яны былі. Калі хто малоў зерне на сваіх жорнах, то павінен быў плаціць па аднаму пенязю ў тыдзень, ці 10 грошаў і 4 пенязі ў год.

Выкананне павіннасцей строга рэгламентавалася. Яны павінны былі выконвацца ў поўным аб'ёме і ў вызначаныя тэрміны. За невыкананне іх прадугледжваліся суровыя меры пакарання. Паншчына, напрыклад, заказвалася за тыдзень наперад, і вызначалася, каму і ў які дзень выходзіць і якую работу выконваць. За невыхад на паншчыну першы раз прадугледжваўся штраф у памеры адзін грош, другі раз – бічаванне ля слупа з абавязковай адпрацоўкай прапушчаных дзён.

Работа пачыналася з усходам сонца, а заканчвалася з яго захадам. Адпачынак летам коннаму работніку прадугледжваўся тры гадзіны, пешаму – 1,5 гадзіны ў тры прыёмы. Талокі, як правіла, прадугледжваліся летам – 4 дні ў год. На іх выходзілі 2–3 чалавекі з надзела на гаспадарскім "хлебе і піве".

Гэтакія павіннасці паводле "Уставы на валокі" 1557 г. ускладваліся на цяглых сялян. Астатніх сялян вялікі князь сяліў на "асадзе".

Асадныя сяляне замест двух дзён паншчыны ў тыдзень і чатырох дзён талок у год павінны былі плаціць у год, у залежнасці ад якасці зямлі, ад 66 да 106 грошаў. Усе астатнія павіннасці яны павінны былі выконваць у такіх самых памерах, як і цяглыя, г. зн. плаціць чынш, даваць авёс, сена, гусей, яйкі і г.д.

У выніку ажыццяўлення рэформы 1557 г. у Вялікім княстве Літоўскім з'явілася яшчэ адна катэгорыя сялян – "агароднікі". У гэтую катэгорыю былі пераведзены сем'і былых "нявольнікаў", з якімі вялікі князь вырашыў "развязацца". Агароднікі пасяляліся спецыяльнымі сёламі па 10–20 двароў паблізу фальваркаў. Яны надзяляліся невялікімі ўчасткамі зямлі па 3, 6, 9 і больш моргаў у залежнасці ад складу сям'і і наяўнасці свабоднай зямлі. З надзела памерам у тры моргі яго ўладальнік павінен быў адпрацаваць у фальварку адзін дзень паншчыны ў тыдзень пешшу. З большага надзела павіннасці прапарцыянальна павялічваліся.

Вось такое землеўпарадкаванне было праведзена ў вялікакняжацкіх уладаннях у выніку ажыццяўлення аграрнай рэформы 1557 г. Спачатку рэформа была праведзена толькі ў вялікакняжацкіх памесцях і толькі ў заходніх ваяводствах. Ва ўсходніх беларускіх ваяводствах яна не праводзілася. Адной з асноўных прычын гэтага з'яўлялася тое, што там былі горшыя ўмовы для развіцця збожжавай гаспадаркі: балоцістыя і пясчаныя глебы, аддаленасць ад балтыйскіх портаў і інш.

Не спрыялі і знешнепалітычныя абставіны. Усходнія ваяводствы былі плацдармам і бліжэйшым тылам доўгай і цяжкай Лівонскай вайны, у ходзе якой беларускае насельніцтва не хавала сваіх сімпатый да Расіі. Хваляваць яго яшчэ больш абеззямеленнем і ўзмацненнем паншчыны было небяспечна. Таму вялікакняжацкая адміністрацыя абмяжоўвалася тут толькі "параўнаннем грунтаў" і "ўстанаўленнем платаў", г. зн. дакладнай рэгістрацыяй сялянскіх дзяржанняў (надзелаў), колькасці дымоў у іх, якасці зямлі, імёнаў гаспадароў, колькасці жывёлы і памераў павіннасцей. Устрымацца ад ажыццяўлення рэформы ва ўсходніх ваяводствах вялікакняжацкую адміністрацыю вымушала і тое, што ў Расіі да гэтага часу яшчэ не ўсталявалася прыгоннае права. Там яно юрыдычна аформілася толькі ў 1649 г.

Адным з галоўных вынікаў аграрнай рэформы Жыгімонта ІІ Аўгуста было прымацаванне сялян да зямлі. Таму рэформу пачалі праводзіць і феадалы ў сваіх памесцях. Якую ж ролю ў запрыгоньванні сялян яна адыграла?

Усе сяляне, якія да рэформы жылі ў вялікакняжацкіх уладаннях і памесцях феадалаў, дзяліліся на дзве катэгорыі – людзей "пахожых" і людзей "непахожых". Непахожымі людзьмі называліся сяляне, якія ўжо трапілі ў асабістую залежнасць ад феадала – закупы, радовічы, закладнікі, удачы, прашчэннікі, ізгоі і інш. Гэтыя катэгорыі асабіста залежных сялян узніклі яшчэ ў перыяд Старажытнарускай дзяржавы. Але яны яшчэ маглі вызваліцца ад "няволі" і стаць свабоднымі, "пахожымі" людзьмі, што неаднаразова агаворвалася ў заканадаўчых актах Вялікага княства Літоўскага.

Асноўная маса сялян у Вялікім княстве Літоўскім першапачаткова была вольнымі "пахожымі" людзьмі, г. зн. асабіста свабоднымі. У адносінах да феадала яны знаходзіліся толькі ў эканамічнай залежнасці, якая зыходзіла з права феадальнай уласнасці на зямлю. Але адной эканамічнай залежнасці для ўзмацнення эксплуатацыі сялян феадалам было недастаткова. Ён імкнуўся распаўсюдзіць сваю ўладу і на самога селяніна, ператварыць яго, як і зямлю, у сваю ўласнасць. Гэта імкненне стала асабліва расці, калі феадалы дамагліся неабмежаванай уласнасці на зямлю. Менавіта з гэтага часу і пачалося інтэнсіўнае наступленне феадалаў на асабістую свабоду сялян.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]