Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Вайна за “польскую спадчыну”

Каб прадухіліць вяртанне С. Ляшчынскага на трон Рэчы Паспалітай, Аўгуст II неаднаразова спрабаваў знішчыць яго рукамі наёмных забойцаў. Аднак чатыры замахі не далі вынікаў. У апошнія гады свайго жыцця Аўгуст II рыхтаваў глебу для абрання пасля сябе каралём Фрыдрыха-Аўгуста – свайго адзінага законнага сына. Але супраць выступілі ўплывовыя магнацкія роды Патоцкіх, Любамірскіх, Вішнявецкіх. Для подкупу зацікаўленых асоб расійскі ўрад выдаткаваў значную суму грошай. У выніку гэтага надзвычайныя соймы, скліканыя каралём у Гародні і Варшаве, апазіцыя сарвала, нават не дапусціўшы выбрання маршалка. Пэўныя спадзяванні ў караля і яго прыхільнікаў звязваліся з надзвычайным соймам, які быў прызначаны на пачатак 1733 г. Але хвароба і раптоўная смерць Аўгуста II у лютым 1733 г. перашкодзіла гэтым планам.

Пасля смерці манарха ў краіне разгарнулася барацьба за ўладу паміж магнацкімі групоўкамі. Бескаралеўе суправаджалася ўмяшаннем з боку замежных краін. Гэта перарасло ва ўзброеную барацьбу і вылілася ў так званую вайну за "польскую спадчыну" 1733 - 1739 гг.

Сярод прэтэндэнтаў на карону Рэчы Паспалітай рэальныя шансы мелі толькі двое - былы кароль С. Ляшчынскі, кандыдатуру якога адстойвала Францыя, і сын Аўгуста II саксонскі курфюрст Фрыдрых-Аўгуст, якога падтрымалі Расія і Аўстрыя. Яшчэ ў 1732 г. у Берліне быў падпісаны паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй так званы трактат "трох чорных арлоў", паводле якога яны абавязваліся захоўваць існуючы лад Рэчы Паспалітай і садзейнічаць абранню на трон кандыдата, які б задаволіў іх усіх.

Напярэдадні элекцыйнага сойма саксонскі курфюрст адмовіўся ад габсбургскай спадчыны і прызнаў за расійскімі манархамі імператарскі тытул, паабяцаўшы садзейнічаць вырашэнню пытання аб Курляндскім герцагстве на карысць Расіі. За гэта Аўстрыя і Расія згаджаліся падтрымаць кандыдатуру Фрыдрыха-Аўгуста і гарантавалі яму дапамогу.

Прымас Фёдар Патоцкі, з’яўляючыся праціўнікам Расіі і Саксоніі, прапанаваў выключыць кандыдатуру замежніка. Яго падтрымала большая частка шляхты. Таму 12 верасня 1733 г. на элекцыйным сейме ў Варшаве каралём быў абраны Ляшчынскі. Прыхільнікі саксонскага курфюрста (6 тыс. чалавек) пераправіліся на правым бераг Віслы і разабралі мост. Яны чакалі падыходу расійскага войска. Зразумела, што кандыдатура цесця французскага караля (у 1725 г. С. Ляшчынскі выдаў замуж сваю дачку Марыю за Людовіка XV) на троне Рэчы Паспалітай не задаволіла Расію і Аўстрыю. У межы Рэчы Паспалітай было ўведзена 45-тысячнае расійскае войска на чале з генералам П.Ласі і 10-тысячная саксонская армія. Праз тры тыдні 5 кастрычніка 1733 г. пазнанскі біскуп Гозій ля в. Камень абвясціў каралём Фрыдрыха-Аўгуста. 17 студзеня 1734 г. ён каранаваўся і стаў каралём Рэчы Паспалітай пад імем Аўгуст III.

С.Ляшчынскі разам са сваімі паплечнікамі пакінуў сталіцу і накіраваўся ў Гданьск, дзе разлічваў на дапамогу Францыі. У студзені 1734 г. расійскія войскі фельдмаршала Мініха занялі Торунь, а ў лютым пачалі аблогу Гданьска. Францыя спрабавала дапамагчы Ляшчынскаму. У красавіку 1734 г. у Балтыйскае мора ўвайшла французская эскадра ў складзе 11 караблёў. Недалёка ад Гданьска быў высаджаны дэсант, але прабіцца да гарнізона ён не змог. У маі новы французскі дэсант (каля 2 тыс.) атакаваў расійскія пазіцыі. Адначасова зрабіў вылазку і гданьскі гарнізон. Аднак расійскія войскі і на гэты раз адбілі атакі. У гэты час да Гданьска з Кранштата падышла расійская эскадра, якая значна пераўзыходзіла французскае злучэнне. Гэта прымусіла французскія караблі пакінуць Балтыку, а французскі дэсант быў захоплены ў палон і адпраўлены ў Пецярбург. 7 ліпеня 1734 г. Гданьск капітуляваў. С.Ляшчынскі, пераапрануўшыся простым селянінам, збег у Прусію.

Выбары 1733 г. абвастрылі ўнутрыпалітычнага становішча ў Рэчы Паспалітай і паклалі пачатак грамадзянскай вайны. Вясной 1734 г. шляхта ВКЛ абвясціла стварэнне канфедэрацыі на чале Марцінам Агінскім і Аляксандрам Пацеем, каб абараніць караля С. Ляшчынскага. Восенню 1734 г. была абвешчана падобная канфедэрацыя і ў Кароне (у Дзікове), якую ўзначаліў Адам Тарла.

Мястэчка Карэлічы стала месцам збору канфедэратаў у ВКЛ. Адтуль меркавалася пачаць паход на дапамогу абложанаму ў Гданьску каралю. Капітуляцыя Гданьска ў ліпені 1734 г. не спыніла іх. У лістападзе яны занялі Берасце, дзе да іх далучыліся харугвы валынскага ваяводы Міхала Патоцкага. Аднак асабістыя амбіцыі магнатаў, іх прага да ўлады перакрэслілі ўсе намаганні канфедэратаў. У пачатку 1735 г. узніклі супярэчнасці паміж М. Агінскім і А. Тарлам з-за лідэрства. У хуткім часе канфедэраты былі разбіты расійскімі і саксонскімі войскамі. У ліпені 1736 г. адбыўся надзвычайны пацыфікацыйны сойм. На ім была зацверджана ўлада Аўгуста III і абвешчана амністыя ўдзельнікам канфедэрацый.

Вайна за "польскую спадчыну" скончылася падпісаннем у лістападзе 1738 г. Венскага міру паміж Аўстрыяй і Францыяй, да якога ў 1739 г. далучыліся Расія і Рэч Паспалітая. Францыя прызнала Аўгуста III каралём Рэчы Паспалітай. С. Ляшчынскі адмовіўся ад трона і атрымаў у пажыццёвае валоданне Латарынгію.

У выніку вайна за "польскую спадчьгау" 1733 - 1739 гг. пры непасрэднай ваеннай і дыпламатычнай падтрымцы Расіі і Аўстрыі на троне Рэчы Паспалітай замацаваўся саксонскі курфюрст Аўгуст III. Уплыў на Рэч Паспалітую суседніх дзяржаў, асабліва Расіі, значна павялічыўся. Расія фактычна ўзяла пад свой пратэктарат як знешнюю, так і ўнутраную палітыку шляхецкай рэспублікі.

Асноўная літаратура

1. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 3. Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (XVIIXVIII стст.) / Ю.Бохан, В.Голубеў, У.Емельянчык і інш. – Мн, 2004.

2. Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 1/ Пад рэд. Я.К.Новіка, Г.С.Марцуля. – Мн., 1998.

3. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч.1. – Мн, 1994.

4. Артамонов, В.А. Россия и Речь Посполитая после Полтавской победы (1709 – 1714) / В.А.Артомонов. – М., 1990.

5. Грабеньский, Вл. История польского народа / Вл. Грабеньский. – Мн., 2006.

6. История Северной войны, 1700 – 1721 гг. – М., 1987.

7. Котлярчук, А. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў / А.Котлярчук. – Мн., 2002.

8. Пашкевіч, У.І. ВКЛ у Паўночнай вайне (1700 – 1721 гг.) / У.І.Пашкевіч // Беларускі гістарычны часопіс. – 1995. – №1.

9. Пашкевіч, У. Паўночная вайна 1700 – 1721 гг. / У.Пашкевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 5 / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. : Г.П.Пашкоў і інш. – Мн., 1999.

10. Сагановіч, Г. Нарыс гісторыі Беларусі са старажытнасці да канца XVIII стагоддзя / Г.Сагановіч. – Мн., 2001.

11. Снапкоўскі, У.Е. Гісторыя знешняй палітыкі Беларусі: Вучэб. дапам. У 2 ч. Ч. 1. – Мн., 2003.

12. Тарле, Е.В. Северная война и шведское нашествие на Россию / Е.В.Тарле. – М., 1958.

13. Шутой, В.Е. Северная война (1700 – 1721) / В.Е.Шутой. – М., 1970.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]