Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Тэатр. Музыка

У другой палове XVIII ст. у Магілёве, Полацку, Менску, Віцебску, Гародні даваліся музычна-тэатральныя прадстаўленні. Вучні царкоўнапрыходскіх школ выступалі з чытаннем вершаў, разыгрывалі п'есы, выступалі батлеечнікі.

Унікальнай з'явай беларускага мастацтва другой паловы XVIII ст. былі прыватнаўласніцкія (прыдворныя) тэатры. Яны задавальнялі ў асноўным запыты магнатаў. Але іграла, танцавала і пела на сцэнах гэтых тэатраў моладзь з прыгонных сялян. Для іх былі створаны спецыяльныя школы (напрыклад, у Гародні), у якіх выкладалі вопытныя замежныя педагогі. Многія таленавітыя беларускія акцёры, атрымаўшы прафесійную падрыхтоўку, праславілі свой народ на сцэнах Варшавы, Масквы, Санкт-Пецярбурга. Прыдворныя тэатры ў Нясвіжы, Слоніме, Гародні, Ружанах, Шклове набылі еўрапейскую вядомасць.

Магнацкія тэатры Беларусі ўзніклі на пераломе часоў барока і Асветніцтва, калі з Захаду прыйшла мода на так званыя камедыхаўзы. Першы на Беларусі прыватнаўласніцкі тэатр быў заснаваны ў Нясвіжы. У яго склад уваходзілі драматычная, оперная і балетная трупы. У адрозненне ад іншых прыдворных тэатраў Рэчы Паспалітай нясвіжскі меў свой уласны рэпертуар, які складаўся з 16 польскіх п'ес Ф.У. Радзівіл. Асяродкам тэатральна-музычнага жыцця стаў у 70-я гады слонімскі тэатр гетмана ВКЛ Міхала Казіміра Агінскага (дзядзькі славутага кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага). У 60–80-я гады існаваў тэатр Тызенгаўза ў Гародні. Тэатры былі створаны таксама пры дварах Сапегаў у Ружанах і Дзярэчыне, Радзівілаў у Слуцку, Зорыча ў Шклове, Чарнышова ў Чачэрску, Тышкевічаў у Свіслачы.

З 70-х гадоў у Гародні і Менску рэгулярна паказвалі прадстаўленні польскія прафесійныя (публічныя) антрэпрызы В. Багуслаўскага, Д. Мараўскага і інш.

Адначасова з прыгоннымі і прафесійнымі ў другой палове XVIII ст. працягвалі дзейнічаць тэатры пры манастырскіх калегіумах. Іх рэпертуар складаўся пераважна з лацінскіх трагедый і польскіх камедый. У канцы XVIII ст. школьныя тэатры адміраюць.

Дзейнасць прыгонных і школьных тэатраў актывізавала музычнае жыццё. У многіх гарадах былі добрыя аркестры. У іх рэпертуары былі творы заходнееўрапейскай класікі і мясцовых кампазітараў – М. Агінскага, Я. Голанда, Э. Міхалевіча, Р. Вардоцкага, А. Баброўскага, М. Кавалеўскага і інш.

Прадстаўнік старадаўняга беларускага магнацкага роду, буйны дзяржаўны, грамадска-палітычны і культурны дзеяч Рэчы Паспалітай і Расіі, удзельнік паўстання пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі Міхал Клеафас Агінскі (1765–1833 гг.) з'яўляецца добра вядомым кампазітарам, аўтарам папулярных паланезаў для фартэпіяна (найбольш папулярны яго паланез "Развітанне з Радзімай"), маршаў (у тым ліку "Марш паўстанцаў 1794 г."), вальсаў, мазурак, менуэтаў, рамансаў.

У касцёле і уніяцкай царкве далучаліся да прафесійнай музычнай культуры народныя масы. У час набажэнства там гучалі спевы, іграў арган і інструментальныя капэлы. Неад'емнай часткай жыцця людзей былі царкоўныя і касцёльныя званы.

Архітэктура

У другой палове ХVІІІ ст. на беларускіх землях ствараюцца палацавыя ансамблі, акружаныя паркамі. Палацавыя пабудовы канчаткова пазбаўляюцца абарончых прыстасаванняў і набываюць імпазантныя фасады. Адкрыты двор перад палацам падкрэсліваў яго велічнасць. У інтэр'ерах шырока ўжываюцца дэкаратыўная лепка, паліхромны мармур, паліваная кераміка і фрэскавы жывапіс. Значныя па сваіх мастацкіх вартасцях палацава-паркавыя ансамблі ўзніклі ў Шчорсах, Свяцку, Дзярэчыне, Ружанах, Гомелі, Шклове. Новыя прынцыпы палацавай архітэктуры знайшлі адлюстраванне ў Старым каралеўскім замку ў Гародні пасля яго перабудовы ў канцы XV – 70-х гадах XVII ст. (у 1655 г. замак быў разбураны шведамі). У XVIII ст. у Гародні пабудаваны Новы палац, будынкі медыцынскай і тэатральнай школ, тэатр. Упершыню ў Беларусі вялася тыповая жыллёвая забудова: гарадская ў Гародні і вясковая ў Варанянах Ашмянскага павета. Трэба адзначыць, што ў цэлым тагачасныя беларускія гарады мелі малапрываблівы выгляд: жылыя дамы былі драўляныя, двух-трохпавярховыя будынкі з'яўляліся вялікай рэдкасцю, магнацкія палацы і купецкія асабнякі перамяжоўваліся з убогімі хацінамі рамеснікаў і чэлядзі, якія, крытыя саломай, мала чым адрозніваліся ад сялянскіх хат…

Такім чынам, 30 – 70-я гады XVIII ст. з'явіліся якасна новым этапам у развіцці дойлідства Беларусі. У 60 – 70-я гады ў мураванай, галоўным чынам грамадзянскай архітэктуры зараджаецца новы архітэктурны стыль – класіцызм з яго манументальнасцю формаў, сіметрычнасцю планіроўкі і сінтэзам архітэктурных, жывапісных і скульптурных элементаў. Пэўны час ён суіснуе з формамі позняга барока, а ў першай палове XIX ст. становіцца пануючым архітэктурным стылем у Беларусі.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]