Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Тадэвуш Касцюшка

Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка (1746 або 1745 – 1817 гг.) нарадзіўся ў фальварку Марачоўшчына на Берасцейшчыне ў сям’і небагатага беларускага шляхціца, ён заўсёды лічыў сябе па паходжанню літвінам. Першапачатковую адукацыю атрымаў у піярскай школе ў м. Любешава Пінскага павета, у 1765–1769 гг. вучыўся ў Варшаўскім кадэцкім корпусе. Для ўдасканалення ў навуках у 1769 г. Касцюшка выехаў у Францыю, дзе правёў пяць гадоў. У Францыі малады афіцэр апынуўся ў той час, калі ішла рэвалюцыянізацыя грамадства і наспявала Вялікая рэвалюцыя. Знаёмства з перадавой філасофскай і палітычнай думкай, творамі Вальтэра, Русо, Мантэск'е, назіранне за імклівымі палітычнымі падзеямі вельмі моцна паўплывалі на светапогляд Касцюшкі. Вярнуўшыся на радзіму, ён, аднак, не змог знайсці прымянення сваім ведам і вопыту. Цяжкае матэрыяльнае становішча не дазволіла Касцюшку набыць сабе месца афіцэра, якое тады надавалася за акрэсленую плату. Некаторы час ён працаваў хатнім настаўнікам, а потым выехаў за мяжу, спачатку ў Францыю, а ў 1776 г. – у Паўночную Амерыку. У гэты перыяд тут пачыналася Вайна за незалежнасць, і Касцюшка ўступіў у амерыканскую армію ў званні палкоўніка. У арміі паўстанцаў Касцюшка паспяхова выкарыстаў свае веды ваеннага інжынера і талент палкаводца. Перамогі ў бітвах на рацэ Дэлавер і пад Саратогай адбыліся не без яго ўдзелу. За заслугі перад народам Паўночнай Амерыкі ён быў узнагароджаны вышэйшым ордэнам Цынцынаці, а амерыканскі Кангрэс 13 кастрычніка 1778 г. абвясціў Касцюшку генералам брыгады.

У 1784 г. Касцюшка вярнуўся на радзіму, а ў 1789 г. стаў камандзірам брыгады ў польскай арміі. У знак пратэсту супраць пагаднення караля з таргавічанамі ён у 1792 г. пакінуў пасаду і ад'ехаў за мяжу. Вопыт баявога афіцэра, канкрэтныя ўяўленні пра шляхі, па якіх павінна рухацца вызваленчая барацьба народаў Рэчы Паспалітай, дэмакратызм і вера ў перамогу справядлівай справы, арганізацыйны талент – усё гэта вылучыла Касцюшку на ролю кіраўніка паўстанцаў.

Атрымаўшы дыктатарскую ўладу як вышэйшы і адзіны начальнік узброеных сіл, Касцюшка даў абавязацельства, што будзе ўжываць гэтую ўладу толькі на карысць вяртання незалежнасці дзяржавы, абароны, цэласнасці межаў і ўсталявання грамадзянскіх свабод. У першы дзень паўстання Касцюшка выпусціў шэраг адозваў: "Да арміі", "Да грамадзян", "Да жанчын", "Да духавенства", у якіх заклікаў узяцца за зброю ўсіх жыхароў Рэчы Паспалітай ва ўзросце ад 18 да 28 гадоў, абвяшчаў ваеннае становішча ўсіх гарадоў і вёсак. У адозвах дэкларавалася свабода веравызнання.

На працягу тыдня да атрада Касцюшкі далучылася каля 6 тыс. чалавек, з іх больш за 2 тыс. сялян, узброеных косамі і пікамі (касінераў). На чале гэтага войска Касцюшка рушыў на Варшаву. На яго шляху стаялі сілы генерала Дзянісава, таму Касцюшка вымушаны быў збочыць на кружны шлях. Але і тут ён натрапіў на часткі генерала Тормасава (3 тыс. чалавек). Выкарыстаўшы перавагу ў жывой сіле, 4 красавіка 1794 г. Касцюшка разбіў гэты атрад пад Рацлавіцамі. Тут упершыню ў якасці ўдарнай сілы былі выкарыстаны сяляне-касінеры, якія нанеслі неспадзявана моцны ўдар, захапілі 12 рускіх гармат і такім чынам пазбавілі Тормасава перавагі ў артылерыі. У знак удзячнасці сялянам за мужныя паводзіны ў баі Касцюшка надаў афіцэрскі чын кіраўніку касінераў В. Главацкаму, а сам апрануў белую сялянскую кашулю.

Паўстанне пашыралася. 17–18 красавіка паўсталі гараджане Варшавы. Паўстанцы знішчылі расійскі гарнізон, захапілі арсенал. Рускі пасол вымушаны быў збегчы пад ахову прускіх войскаў, якія стаялі непадалёку ад Варшавы. Узяцце Варшавы – найвялікшы поспех паўстання. Менавіта на вуліцах польскай сталіцы праявілася неабходнасць аб'яднання розных сацыяльных слаёў для поспеху вызваленчай барацьбы. Толькі дзякуючы гераічным дзеянням простых гараджан на чале з майстрам-шаўцом Янам Кіліньскім, якія змагаліся поруч з рэгулярнай польскай арміяй на вуліцах Варшавы, паўстанцы перамаглі моцны расійскі гарнізон (7,5 тыс. чалавек), размешчаны ў сталіцы.

Пасля перамогі паўстання ў Варшаве разгарнулася вострая барацьба за ўладу паміж памяркоўнымі і радыкаламі. Была створана Часовая замяшчальная Рада, якая складалася галоўным чынам з прадстаўнікоў памяркоўнага крыла ў нацыянальна-вызваленчым руху. На чале Часовай рады стаў Закшэўскі. Аднак рэальную ўладу ў сталіцы меў якабінскі клуб, вакол якога групаваліся радыкальныя дзеячы: Т. Марушэўскі, К. Канопка і інш. Пад націскам жыхароў сталіцы, якія знаходзіліся пад уплывам якабінцаў, Крымінальны суд вынес прыгавор магнатам-здраднікам – кіраўнікам Таргавіцкай канфедэрацыі. У пачатку мая былі пакараны смерцю чатыры канфедэраты-таргавічане: Ажароўскі, Забела, Анквіч і біскуп Касакоўскі.

Амаль адначасова з паўстаннем у Варшаве быў абвешчаны Акт паўстання Мазавецкага ваяводства, у якім дэкларавалася далучэнне да барацьбы за незалежнасць. Паўстанне падтрымалі таксама Сандамірскае і Люблінскае ваяводствы, Хелмская зямля.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]