Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Лекцыя 40. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у другой палове хvііі ст.

  • Развіццё фальварковай і сялянскай гаспадаркі

  • Аграрная рэформа Антонія Тызенгаўза

  • Гарады і гарадское насельніцтва

  • Рамяство, гандаль, мануфактурная вытворчасць

Развіццё фальварковай і сялянскай гаспадаркі

Другая палова XVIII ст. характарызуецца значнымі зменамі як у эканамічным, так і ў палітычным жыцці Беларусі. Рэч Паспалітая, у склад якой у гэты перыяд уваходзілі беларускія землі, пачала паступова выходзіць з эканамічнага заняпаду, выкліканага паласой войнаў, паўстанняў, эпідэмій, што цягнулася больш за стагоддзе. Але неспрыяльнае палітычнае становішча як у самой краіне, так і вакол яе, урэшце рэшт прывяло да знікнення гэтай краіны з палітычнай карты Еўропы.

У другой палове XVIII ст. у эканоміцы і сацыяльным жыцці Беларусі пачалі акрэслівацца рысы новых эканамічных адносін. Узнікненне мануфактур, выкарыстанне наёмнай працы, развіццё гандлю і іншыя прыкметы новага ў эканоміцы і сацыяльным развіцці былі выкліканы не толькі логікай папярэдняга развіцця Рэчы Паспалітай, але таксама прыкладам еўрапейскіх краін, дзе капіталістычныя адносіны ўжо набіралі моц, а тэхнічная рэвалюцыя паступова станавілася рэчаіснасцю. Падкрэслім, што праявы новага эканамічнага і сацыяльнага ладу яшчэ не ўплывалі рашучым чынам на стан эканомікі. Панаванне феадальных адносін, сярэдневяковая тэхніка і тэхналогія па-ранейшаму былі характэрнай прыкметай эпохі.

У другой палове XVIII ст. на беларускіх землях захоўвалася буйное феадальнае землеўладанне латыфундыяльнага тыпу. 16 магнацкім сем’ям належала 30 % сялян. Акрамя сваіх маёнткаў Радзівілы, Пацы, Сапегі, Храптовічы мелі ў арэндзе дзяржаўныя ўладанні і карысталіся прыбыткамі з іх.

Пашырэнне таварна-грашовых адносін садзейнічала ўмацаванню феадальнай гаспадаркі, асноўнай формай якой з’яўляўся фальварак. Гэта было абумоўлена ростам цэн на збожжа за мяжой. Напрыклад, у 1750 – 1795 гг. у Гданьску і Круляўцы цэны на жыта ўзраслі ў 4,5 — 5 разоў, на пшаніцу - у 3 — 4 разы, на авёс і ячмень - у 2 — 2,5 разы. Вытворчасць збожжа прыносіла землеўладальнікам вялікі прыбытак. Таму яны былі зацікаўлены ў пашырэнні плошчы панскай ворнай зямлі. Фальварак традыцыйна дамінаваў і на прыватнаўласніцкіх, і на дзяржаўных землях (у апошняй чвэрці XVIII 80 % зямлі належала прыватным уладальнікам, а 20 % - дзяржаве і царкве).

Другая палова XVIII ст. характарызуецца пашырэннем фальваркаў ва ўсходняй частцы беларускіх зямель. Але тут яны былі скіраваны на ўнутранае спажыванне, а не на продаж.

Важнейшай галіной сельскагаспадарчай вытворчасці ў феадальных уладаннях на большасці беларускіх зямель было земляробства. Ва ўсіх рэгіёнах Беларусі пануючай сістэмай земляробства з'яўлялася трохполле. Аднак у асобных маёнтках, напрыклад, Шчорсах Іахіма Храптовіча, назіралася ўжо развітая сістэма шматпольнага севазвароту.

Феадалы вырошчвалі зерневыя, бабовыя і тэхнічныя культуры. Больш за палову плошчы пасеваў на сярэдзіну XVIII ст. у заходніх і цэнтральных раёнах Беларусі займала азімае жыта. Але ў апошняй чвэрці стагоддзя яго пацясніў авёс, які ўжо дамінаваў ва ўсходняй частцы беларускіх зямель. Таксама сталі больш сеяць ячменю і грэчкі. Што датычыць яравога жыта, пшаніцы, ільну, каноплі, то іх пасевы ў фальварках былі нязначныя. Дарэчы жорсткай рэгламентацыі ў структуры пасеваў на фальварковых палетках не існавала. Кожны землеўладальнік зыходзіў з прынцыпу мэтазгоднасці і прыбытковасці.

Важнай галіной фальварковай гаспадаркі з’яўлялася жывёлагадоўля. Яна была найбольш пашырана ў тых рэгіёнах Беларусі, дзе існавалі лепшыя прыродна-кліматычныя і эканамічныя ўмовы: Паўднёва-Заходняя Беларусь (Давыд-Гарадок, Лахва, Манкевічы), Сярэдняе Падзвінне (Друя). Больш жывёлы ўтрымлівалі таксама ў маёнтках з развітай зерневай вытворчасцю (маёнткі Клецк і Чарнаўчыцы Радзівілаў, Паставы Тызенгаўза, Высокае Сапегаў).

Асаблівая ўвага надавалася развядзенню рабочай жывёлы. Для заходніх і цэнтральных раёнаў Беларусі асноўнай цяглавай сілай з’яўляліся валы, для ўсходніх – коні. Але ў другой палове XVIII ст. рабочыя коні сустракаюцца і ў магнацкіх маёнтках на захадзе - у Нясвіжы, Ружанах, Дзярэчыне. Племянныя конныя заводы былі арганізаваны ў Нягневічах, Карэлічах, Ліпічна, Цімкавічах, Смядыні, Высокім, Маладзечне, Залессі і інш.

У другой палове XVIII ст. інтэнсіўна развівалася агародніцтва. Пашырыўся асартымент агародных культур за кошт фасолі, сельдэрэя, пастарнаку, маку, трускалак. З 80-х гг. з’явілася бульба. За яе вырошчванне прызначаліся прэміі. Можна было атрымаць да 20 злотых.

Галоўную ролю ў панскай гаспадарцы, асабліва на ўсходзе Беларусі адыгрывалі промыслы. Першае месца сярод іх займала вінакурэнне. Прычым права «прапінацыі», дадзенае выключна шляхце, садзейнічала паўсюднаму пашырэнню вытворчасці спірту і гарэлкі. Бровары былі амаль у кожным фальварку буйнога ўладання.

Другім відам прадпрыемстваў па перапрацоўцы зерня з’яўляліся млыны. Правы на іх будаўніцтва і прыбытак ад дзейнасці належалі выключна землеўладальнікам. Таму шляхта імкнулася максімальна павялічваць іх колькасць.

Да прамысловых прадпрыемстваў, якія таксама выкарыстоўвалі сельскагаспадарчую сыравіну, адносіліся алейні (маслабойні) і фолюшы (сукнавальні).

Асобная роля належала лясным промыслам. На беларускіх землях нарыхтоўвалі таварны лес, выраблялі лесаматэрыялы і прадукты перапрацоўкі дрэва. Сюды можна аднесці будны (паташны) промысел.

Запасы балотнай руды па ўсёй тэрыторыі Беларусі дазвалялі арганізоўваць рудні – прадпрыемствы па здабычы жалеза. Дзейнічалі ў гаспадарках буйных землеўладальнікаў і на дзяржаўных землях і прадпрыемствы па вытворчасці шкла (шкляныя гуты), а таксама цагельні.

Як жа ажыццяўлялася кіраванне фальваркамі? Магнаты дзялілі свае ўладанні на графствы, а дзяржаўныя землі падзяляліся на эканоміі ці губерні. Імі кіравалі генеральныя аканомы ці губернатары. Пры іх дзейнічалі галоўныя канцылярыі, у склад якіх уваходзілі розныя спецыялісты і ўраднікі.

Графствы, эканоміі падзяляліся на «ключы» або староствы. Ключ уключаў ад аднаго да некалькіх фальваркаў. Кіраваў фальваркам аканом. Яму дапамагала сельская адміністрацыя: войт, падвойт, лаўнікі, дзесятнікі.

Эканамічная дзейнасць ажыццяўлялася на падставе інструкцый. Яны патрабавалі неабходнасць укаранення найноўшых метадаў вядзення гаспадаркі, акрэслівалі абавязкі асобных ураднікаў, парадак справаздачнасці, збору падаткаў і г.д.

Кантралявалі выкананне інструкцый рэвізоры (люстратары, камісары). Яны ацэньвалі ўзровень гаспадарання, давалі прапановы па яго паляпшэнню, занатоўвалі скаргі прыгонных на адміністрацыю. Нярэдка дзейнасць рэвізораў паляпшала эканамічны стан маёнткаў.

Аднаўленне сялянскай гаспадаркі ішло маруднымі тэмпамі, але ўжо ў 60-70-я гг. колькасць ворнай зямлі і рабочай жывёлы ў сялян дасягнула ўзроўню пачатку стагоддзя. У сярэднім сялянскі надзел налічваў у гэтыя часы 0,5 валокі ворыва.

Традыцыйна сяляне падзяляліся на чыншавікоў (галоўная павіннасць – грашовы чынш) і паншчыннікаў (галоўная павіннасць – адпрацоўка на панскіх палетках). Вылучалася праслоўка сялян-агароднікаў, якія мелі невялікія па памерам надзелы і выконвалі службу ў маёнтку. Неабходна назваць і катэгорыю сялян-слуг. Яны неслі воінскую, кур’ерскую, гаспадарча-адміністрацыйную службы. Сярод іх вылучаліся зямяне, баяры, леснікі, асочнікі, бортнікі, ніжэйшая вясковая адміністрацыя (цівуны, сотнікі, старцы, войты). Да слуг прымыкалі сельскія рамеснікі. Невялікай колькасцю была прадстаўлена група беззямельных сялян (кутнікі, бабылі).

К канцу XVIII ст. паступова знікае група сялян-агароднікаў па прычыне павелічэння іх надзелаў і паляпшэння маёмаснага стану. У катэгорыю чыншавых сялян перайшля заможныя сяляне – баяры і зямяне. Сціралілася розніца паміж паншчыннікамі і чыншавікамі, паколькі ў большасці маёнткаў выкарыстоўваліся дзве формы феадальнай рэнты.

Узрасла маёмасная дыферэнцыяцыя сялянства. У канцы XVIII ст. нават землеўладальнікі падзялялі сваіх падданых на тры (багатыя, сярэднія, бедныя), а то і чатыры (багатыя, заможныя, сярэднія, бедныя) катэгорыі.

Развіццю сялянскай гаспадаркі перашкаджаў рост феадальных павіннасцей. У другой палове стагоддзя ў параўнанні з пачаткам XVIII ст. іх памер павялічыўся ў 1,5 разы.Становішча селяніна пагаршалася арэнднай сістэмай, якая даволі часта практыкавалася ў маёнтках магнатаў і дзяржавы. Арандатар максімальна эксплуатаваў як землі маёнтка, так і падначаленых яму сялян. Даволі частымі былі неўраджаі.

Сялянства, як і раней, не мела ніякіх правоў. Спецыяльнай пастановай сойма ў 1768 г. за забойства селяніна прадугледжвалася пакаранне смерцю. Але гібель сялян ад пабояў феадалаў была дастаткова распаўсюджанай з’явай. Цяжкае становішча прыгонных неаднаразова прыводзіла да хваляванняў, якія часам перарасталі ў сялянскія паўстанні. Буйныя выступленні сялян адбываліся ў 50–70-я гады ў Слонімскім і Ялаўскім староствах, Берасцейскай эканоміі. Яны былі выкліканы ўвядзеннем новых павіннасцей і павелічэннем памеру паншчыны. Толькі з дапамогай войска ўлады здолелі падавіць гэтыя хваляванні. Узброенае выступленне сялян супраць узмацнення эксплуатацыі выбухнула ў канцы 70-х гадоў у Любоніцкім і Стаўлішчанскім староствах Рэчыцкага павета. Узначаліў паўстанне селянін з вёскі Стаўлішча Павел Лагойка. Гэтае выступленне было падаўлена таксама з дапамогай сілы. Лагойка і яго паплечнікі былі схоплены і пакараны смерцю.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]